Перайсьці да зьместу

Леанарда да Вінчы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леанарда да Вінчы
Меркаваны аўтапартрэт Ленарда да Вінчы
Імя пры нараджэньні Леанарда дзі Сэр П’ера да Вінчы
Дата нараджэньня 15 красавіка 1452[1][2][3][…]
Месца нараджэньня Вінчы, Флярэнтыйская рэспубліка
Дата сьмерці 2 траўня 1519[1][2][3][…] (67 гадоў)
Месца сьмерці Амбуаз, Францыя
Прычына сьмерці кровазьліцьцё ў мозаг[d]
Месца пахаваньня
Занятак мастацтва, архітэктура, музыка, пісьменства, інжынэр, вынаходнік, анатом і скульптар
Навуковая сфэра рэнэсансная архітэктура[d], сцэнаграфія[d], інжынэрная справа, фізыялёгія і малярства
Месца працы
Жанры партрэт, рэлігійны жывапіс[d][5] і рэлігійнае мастацтва[d]
Плынь Высокі Рэнэсанс[d][5] і Адраджэньне
Працы Мона Ліза, Таемная Вячэра
Подпіс Выява аўтографу

Леанарда дзі Сэр П’ера да Вінчы (па-італьянску: Leonardo di ser Piero da Vinci; 15 красавіка 1452, Вінчы, Флярэнтыйская рэспубліка — 2 траўня 1519, Амбуаз, Францыя) — выбітны італьянскі мастак, архітэктар, музыка, пісьменьнік, інжынэр, вынаходнік, анатом і скульптар. Тытан Адраджэньня. Нарадзіўся і вырас каля мястэчка Вінчы, Італія, сын натарыюса сэр П’ера і сялянкі Кацярыны. У яго не было прозьвішча ў сучасным сэнсе, бо «да Вінчы» абазначае проста «зь мястэчка Вінчы». Поўнае імя па нараджэньні было «Леанарда дзі сэр П’ера да Вінчы», што абазначала «Леанарда, сын спадара П’ера зь Вінчы».

Леанарда часта апісваюць як своеасаблівага архетыпа чалавека Рэнэсансу, бясконца цікаўнага і адначасова надзвычай таленавітага вынаходніка. Леанарда прызнаны адным з самых выбітных мастакоў усіх часоў і, магчыма, адным з самых шматбакова адораных людзей у гісторыі. Перш за ўсё Леанарда вядомы як мастак. Дзьве ягоныя працы, «Мона Ліза» і «Таемная Вячэра», займаюць выбітнае становішча ў сусьветным жывапісы. Першы твор — партрэт, які бадай больш за ўсё капіяваўся, другі — рэлігійны твор, напэўна самы вядомы ў сьвеце. Іхняй папулярнасьці можа пярэчыць, напэўна, толькі «Стварэньне Адама» Мікелянджэлё. Яшчэ адным непаўторным творам зьяўляецца малюнак «Віртувіянскага чалавека».

Леанарда-інжынэр прапанаваў ідэі, якія далёка апярэдзілі свой час, напрыклад, канцэпцыя арнітаптэра, танка, выкарыстаньне сканцэнтраванай сілы сонечнага сьвятла, калькулятар, рудымэнтарная тэорыя тэктанічных пліт, карабель з падвоеным дном (па-ангельску: double hull) і шмат што яшчэ. Толькі вобмаль Леанардавых задумак набылі ўвасабленьне за ягоным жыцьцём. Некаторыя дробныя вынаходкі сталі часткай тэхналягічнай рэвалюцыі, але ніхто ня ведаў пра аўтарства Леанарда. Прыкладам ёсьць аўтаматычны варштат дзеля каркаснага намотваньня (катушак) і прылада дзеля спраўджаньня трываласьці расьцягненьня дроту.

Леанарда дасканала вывучаў анатомію, будаўнічую мэханіку, оптыку, займаўся дасьледаваньнем уласьцівасьцяў вады. З усяго зробленага Леанардам да нас дайш��о толькі каля 15 адсоткаў, у тым ліку запісныя кніжкі з малюнкамі, навуковымі графікамі і заўвагамі.

Дом, у якім жыў Леанарда ў дзяцінстве.

Леанарда да Вінчы нарадзіўся ў паселішчы Анкіяна блізу невялікага мястэчка Вінчы, недалёка ад Флярэнцыі. Хлопчыка назвалі Леанарда, яго хрысьціў бацька П’ера ды Барталямэо. Ягонымі бацькамі былі 25-гадовы натарыюс П’ера і ягоная каханая, сялянка Кацярына. Першыя гады жыцьця Леанарда правёў разам з маці. Ягоны бацька неўзабаве ажаніўся з заможнай і шляхетнай дзяўчынай, але гэты шлюб апынуўся бязьдзетным, і П’ера забраў свайго трохгадовага сына на выхаваньне. Разлучаны з маці Леанарда ўсё жыцьцё спрабаваў узнавіць ейны вобраз у сваіх шэдэўрах. Жыў ён у гэты час у дзеда. У Італіі таго часу да байструкоў ставіліся амаль як да законных нашчадкаў. Многія ўплывовыя людзі места Вінчы прынялі ўдзел у далейшым лёсе Леанарда.

Калі Леанарда было 13 гадоў, ягоная мачыха памерла пры родах. Бацька ажаніўся паўторна — і зноўку неўзабаве застаўся ўдаўцом. Ён пражыў 77 гадоў, быў чатыры разы жанаты і меў 12 дзяцей. Бацька спрабаваў далучыць Леанарда да сямейнай прафэсіі, але беспасьпяхова, бо сын не цікавіўся законамі грамадзтва. У сярэдзіне 1460-х гадоў сям’я Леанарда пераехала ў Флярэнцыю, якая на той час была цэнтрам хрысьціянскай гуманістычнай думкі і культуры[6]. Прыкладна ва ўзросьце 14 гадоў[7] ён стаў студыйным хлопчыкам у майстэрні Андрэа дэль Вэрок’ё, які быў выбітным флярэнтыйскім жывапісцам і скульптарам свайго часу[6]. Прыкладна гэтым часам памёр майстар Вэрок’ё вялікі скульптар Данатэльлё. У 17 гадоў Леанарда стаў вучнем і заставаўся навучацца сем гадоў[8]. Сярод іншых вядомых мастакоў, якія навучаліся ў майстэрні або былі зьвязаныя зь ёй ёсьць Дамэніка Гірляндаё, П’етра Пэруджына, Сандра Батычэльлі і Лярэнца дзі Крэдзі. Леанарда атрымаў як тэарэтычную падрыхтоўку, гэтак і авалодаў шырокім спэктрам тэхнічных навычкаў[9], як то рысунак, хімію, мэталюргію, мэталаапрацоўку, ліцьцё гіпсу, апрацоўку скуры, мэханіку і дрэва, а таксама мастацкія навычкі маляваньня, жывапісу, лепцы і мадэляваньня. Большая частка жывапісу ў майстэрні Вэрок’ё стваралася ягонымі памочнікамі. Паводле словаў Вазары, Леанарда дапамагаў Вэрок’ё зь ягоным «Хрышчэньнем Хрыста», намаляваўшы маладога анёла, які трымае вопратку Ісуса, настолькі дасканала, што майстар студыі нават адклаў пэндзаль і больш ніколі не маляваў. Аднак гэтая гісторыя ёсьць няспраўджанай[10]. Леанарда, магчыма, быў узорам дзеля дзьвюх работ Вэрок’ё, як то бронзавай статуі «Давіда» ў Барджэльлё і арханёла Рафаэля ў творы «Тобіяс і анёл»[10].

У сваім «Жыцьцяпісе найбольш знакамітых жывапісцаў, разьбяроў і дойлідаў» Вазары распавядае, што неяк адзін знаёмы селянін папрасіў бацьку Леанарда знайсьці мастака, каб той расьпісаў круглы драўляны шчыт. П’ера аддаў шчыт свайму сыну. Леанарда вырашыў адлюстраваць галаву гаргоны Мэдузы, а каб малюнак пачвары вырабляў на гледачоў належнае ўражаньне, ён выкарыстаў у якасьці натуры яшчарак, зьмей, конікаў, гусеніц, нетапыроў ды іншых вусякоў, спалучаючы іхныя вобразы па-рознаму, ён стварыў пачвару вельмі агідную і страшэнную.

У 1472 годзе, маючы толькі 20 гадоў ад нараджэньня, хлопец кваліфікацыю майстра ў гільдыі мастакоў і дактароў мэдыцыны. Леанарда працягнуў жыць і працаваць разам з Вэрок’ё[11]. Самая раньняй вядомай працай Леанарда ёсьць малюнак даліны ракі Арно, які ён зрабіў пяром і тушшу ў 1473 годзе[12]. Паводле зьвестак Вазары, малады Леанарда быў першым, хто прапанаваў зрабіць раку Арно суднаходным, злучаючы паміж сабой Флярэнцыю і Пізу[13]. У студзені 1478 году Леанарда атрымаў замову на росьпіс алтарнай карціны капліцы сьвятога Бэрнара ў Палацца Вэк’ё[14], што сьведчыць аб ягонай незалежнасьці ад майстэрні Вэрок’ё.

«Мона Ліза» ёсьць адным з самых вядомых твораў мастака.

Як сьцьвярджаецца, у 1480 годзе Леанарда жыў у Мэдычы і часта працаваў у садзе плошчы Сан-Марка ў Флярэнцыі, дзе ладзіліся сустрэчы нэаплятонаўскай акадэміі мастакоў, паэтаў і філёзафаў, зарганізаваныя Мэдычы[10]. У сакавіку 1481 году Вінчы атрымаў замову ад манахаў касьцёлу Сан-Даната ў Скапэта на стварэньне карціны «Пакланеньне вешчуноў»[15]. Аднак, замова гэтак і не была выкананая, праз тое, што Леанарда прапанаваў свае паслугі мілянскаму герцагу Лядавіку Сфорцу. Леанарда даслаў яму ліст, у якім апісваў розныя рэчы, якіх ён мог дасягнуць у галіне тэхнікі і распрацоўкі зброі, і згадваў, што, між іншым, можа маляваць[16]. Падчас візыту да герцага Леанарда ўзяў з сабой срэбны струнны інструмэнт — ці то лютню, ці то ліру — у выглядзе конскай галавы[16]. Разам з Альбэрці, Леанарда наведаў дом Мэдычы і праз іх пазнаёміўся з шэрагам выбітных філёзафаў-гуманістаў, як то прыхільнік нэаплятанізму Марсыліё Фічына, аўтар камэнтароў да клясычных твораў Крыстафора Ляндына ды настаўнік грэцкае мовы і перакладнік Арыстотэлевых тэкстаў Ян Аргіропуляс. Таксама з плятонаўскай акадэміяй Мэдычы быў зьвязаны сучасьнік Леанарда, бліскучы малады паэт і філёзаф Піка дэльля Мірандоля[17]. У 1482 годзе Лярэнца Мэдычы адправіў Леанарда амбасадарам да Лядавіка Сфорцы, які кіраваў Мілянам паміж 1479 і 1499 гадамі[17][10]. Як мастак стаў вядомы ў 1470-я гады, дзякуюы карцінам «Дабравешчаньне», «Мадонна Бэнуа» і іншым.

Леанарда працаваў у Міляне з 1482 да 1499 году, дзе вакол яго склалася групоўка вучняў і пасьлядоўнікаў, як то Лямбардзкая школа. Тамака ён на замову намаляваў «Мадонну ў скалах» і «Тайную вячэру» дзеля манастыра Санта-Марыя-дэльле-Грацые. Увесну 1485 году Леанарда выправіўся ў Вугоршчыну ад імя Сфорцы, каб сустрэцца з каралём Мацеем Корвіным, а таксама быў прыцягнуты да маляваньня Мадонны[18]. Леанарда браў удзел у многіх іншых праектах Сфорцы, у тым ліку ў падрыхтоўцы пляцовак і конкурсаў на асаблівыя выпадкі, а таксама на Сфорцаву замову ён маляваў і майстраваў драўляную мадэлю, дзеля распрацоўкі купалу да Мілянскай катэдры[19] і мадэлю велізарнага коннага помніка Франчэскі Сфорцы, Лядавікава папярэдніка. Леанарда ўжо скончыў быў мадэлю каня і зрабіў быў падрабязныя пляны ягонага ліцьця, але ў лістападзе 1494 году, Лядавіка аддаў бронзу свайму швагеру Эрколе I д’Эстэ, каб той вырабіў гармату дзеля абароны гораду ад францускага караля Карла VIII. Вядома, што Леанарда і ягоныя памочнікі на замову мілянскага герцага размалявалі адну з заляў замку Сфорцаў.

Калі Лядавіка Сфорца быў зрынуты францускімі сіламі ў 1500 годзе, Леанарда быў вымушаны бегчы зь Міляну ў Вэнэцыю, у суправаджэньні свайго памочніка і сябра матэматыка Люкі Пачолі[20]. У Вэнэцыі, Леанарда працаваў вайсковым архітэктарам і інжынэрам, распрацоўваючы мэтады абароны гораду ад марскога нападу. Па ягоным вяртаньні ў Флярэнцыю ў 1500 годзе, ён і ягоная сям’я былі гасьцямі ў манастыры, і нават майстар быў забясьпечаны майстэрняй, дзе, паводле словаў Вазары, Леанарда стварыў накід карціны «Нявініцца і дзіцяці з сьвятой Ганнай і сьвятым Янам Хрысьціцелем», які настолькі захапляла, што мужчыны і жанчыны сьцякаліся, каб пабачыць на ўласныя вочы гэты твор, як быццам яны зьбіраліся на ўрачысты фэстываль. У Чэзэне ў 1502 годзе Леанарда паступіў на службу да Чэзарэ Борджыі, сына папы Аляксандра VI, выконваючы абавязкі вайсковага архітэктара і інжынэра. Разам з сваім заступнікам майстар часта вандраваў па Італіі[20]. Леанарда стварыў мапу цытадэлі Борджыя, плян гораду Імаля, каб заваяваць давер свайго заступнікі. Убачыўшы гэта, Чэзарэ наняў Леанарда ў якасьці свайго галоўнага вайсковага інжынэра і архітэктара. Пазьней у тым жа годзе Леанарда распрацаваў яшчэ адную мапу дзеля свайго заступніка, гэтым разам мапу даліны Валь-дзі-К’яна. Да таго ж, як архітэктар ён выступіў у ролі праектоўніка пабудовы дамбы ад мора да Флярэнцыі, каб забясьпечыць вадой канал на працягу ўсіх паравінаў году. Леанарда пакінуў службу Борджыі і вярнуўся ў Флярэнцыю ў пачатку 1503 году[21], дзе 18 кастрычніка зноў далучыўся да гільдыі Сьвятога Лукі. У гэты ж месяц Леанарда пачаў працаваць над партрэтам Лізы дэль Джаконды, мадэлькай дзеля карціна «Мона Ліза»[22][23], над якой аўтар працягваў працаваць аж да сваіх апошніх гадоў. У студзені 1504 году Леанарда ўваходзіў у склад камітэту, які павінен быў рэкамэндаваць найлепшае масца разьмяшчэньня статуі «Давід» працы Мікелянджэлё[24]. У наступны час Леанарда два гады правёў ў Флярэнцыі, малюючы фрэску «Бітва пры Ангіяры»[20], якая месьцілася насупраць твора Мікелянджэлё «Бітва пры Кашыне».

  1. ^ а б BeWeB
  2. ^ а б Marani P. LEONARDO da Vinci // Dizionario Biografico degli Italiani (італ.) — 2005. — Vol. 64.
  3. ^ а б https://data.bnf.fr/ark:/12148/cb11912491s
  4. ^ http://mini-site.louvre.fr/trimestriel/2019/léonard_de_vinci/6/
  5. ^ а б Heydenreich L. H. Leonardo da Vinci // Encyclopædia Britannica (анг.)
  6. ^ а б Rosci 1977. С. 13.
  7. ^ Wallace 1972. С. 11.
  8. ^ Bacci, Mina (1978) [1963]. «The Great Artists: Da Vinci». Translated by Tanguy, J. New York: Funk & Wagnalls.
  9. ^ Rosci 1977. С. 27.
  10. ^ а б в г Ottino della Chiesa 1985. С. 83.
  11. ^ Wallace 1972. С. 13.
  12. ^ Polidoro, Massimo (2019). «The Mind of Leonardo da Vinci, Part 1». Skeptical Inquirer. Center for Inquiry. 43 (2): 30—31.
  13. ^ Wallace 1972. С. 15.
  14. ^ Clark, Kenneth; Kemp, Martin (26 November 2015). «Leonardo da Vinci» (Newition ed.). United Kingdom: Penguin. — С. 45. — ISBN 978-0-14-198237-3.
  15. ^ Wasserman 1975. С. 77—78.
  16. ^ а б Wallace 1972. С. 53—54.
  17. ^ а б Rosci 1977. С. 9—20.
  18. ^ Franz-Joachim Verspohl (200). «Michelangelo Buonarroti und Leonardo Da Vinci: Republikanischer Alltag und Künstlerkonkurrenz in Florenz zwischen 1501 und 1505». Wallstein Verlag. — С. 151.
  19. ^ Wallace 1972. С. 79.
  20. ^ а б в Ottino della Chiesa 1985. С. 85.
  21. ^ Wallace 1972. С. 124.
  22. ^ «Mona Lisa — Heidelberg discovery confirms identity». University of Heidelberg.
  23. ^ Delieuvin, Vincent (15 January 2008). «Télématin». Journal Télévisé. France 2 Télévision.
  24. ^ Coughlan, Robert (1966). «The World of Michelangelo: 1475–1564». Time-Life Books. — С. 90

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]