Перайсьці да зьместу

Адраджэньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Вітрувіянскі чалавек» Леанарда да Вінчы

Адраджэ́ньне, ці Рэнэса́нс (па-француску: Renaissance, па-італьянску: Rinascimento) — эпоха ў гісторыі культуры Эўропы, якая прыйшла на зьмену культуры Сярэднявечча й папярэднічала культуры новага часу. Прыкладнымі храналягічныя рамкамі эпохі зьяўляюцца пачатак XIV — апошняя чвэрць XVI стагодзьдзя. У той жа час, фармавацца эпоха пачала ў XIII стагодзьдзі, што было акрэсьлена асобным тэрмінам — протарэнэсанс.

Як культурны рух, ён ахоплівае росквіт лацінскай і народнай літаратуры. У палітыцы Рэнэсанс спрыяў разьвіцьцю канвэнцыяў дыпляматыі, гэтак і ў навуцы больш шырокаму выкарыстаньню мэтаду назіраньня. Гісторыкі часьцяком спрачаюцца наконт ідэі, што гэты пэрыяд быў інтэлектуальнай трансфармацыяй і мостам паміж Сярэднявеччам і сучаснасьцю. Не зважаючы на тое, што ў часы Рэнэсансу назіраліся новыя падыходы й узрушэньні ў сацыяльнай сфэры й палітыцы, бадай, Адраджэньне перш за ўсё вядома сваімі мастацкімі творамі, такімі, як працы Леанарда да Вінчы й Мікелянджэлё[1][2].

Паводле самага распаўсюджаннага меркаваньня Рэнэсанс пачаўся ў Флярэнцыі, Італія, у XIV стагодзьдзі[3]. Розныя тэорыі прапанавалі для тлумачэньня ягонага паходжаньня й характарыстык, асаблівую сацыяльную, грамадзянскую й палітычную структуру Флярэнцыі, арыентуючыся на розных фактарах. Адным з галоўных фактараў сталася заступніцтва сям’і Мэдычы, якая мела вялізны ўплыў у гэтым італьянскім месцы[4]. Таксама пачатку Рэнэсансу спрыяла міграцыя грэцкіх навукоўцаў, якія прывозілі з сабой розныя тэксты й веды ў Італію, пасьля заваёвы Канстантынопалю туркамі-асманамі[5].

Адметная рыса эпохі Адраджэньня — сьвецкі характар культуры й ейны антрапацэнтрызм, то бок цікавасьць, у першую чаргу, да чалавека й ягонай дзейнасьці. Зьяўляецца цікавасьць да антычнай культуры, адбываецца ейнае «адраджэньне» — гэтак і зьявіўся тэрмін.

Эпоха Адраджэньня ставіла перад сабой дзьве задачы: падпадрадкаваць усе сілы прыроды розуму чалавека і ліквідаваць фэўдалізм. Першую задачу пасьпяхова вырашылі навукоўцы і мысьляры, другую — палітычныя дзеячы[6].

У XV стагодзьдзі Рэнэсанс пачаў распаўсюджвацца зь вялікай хуткасьцю з Флярэнцыі, першапачаткова па астатняй частцы Італіі, і, неўзабаве, даўшоў да астатняй часткі Эўропы. Вынаходніцтва друкаванага станка нямецкім друкаром Ёганам Гутэнбэргам дазволіла хутчэй перадаваць новыя ідэі. З распаўсюдам, ідэі Адраджэньня зьмяняліся, адаптуючыся да мясцовай культуры.

У Ангельшчыне Элізабэцінская эпоха азнаменавала пачатак ангельскага Адраджэньня, што зьвязана з працамі пісьменьнікаў Ўільяма Шэксьпіра, Крыстафэра Марла, Эдмунда Спэнсэра, сэра Томаса Мора, Фрэнсіса Бэкана, сэра Філіпа Сыдні, Джона Мілтана, а таксама выбітных мастакоў, архітэктараў, як то Ініга Джонзам, які прынёс італьянскую архітэктуру ў Ангельшчыну, і кампазытараў, як то Томас Таліс, Джон Тавэрнэр і Ўільям Бэрд.

У 1495 годзе італьянскі Рэнэсанс пачаў пранікаць у Францыю, што было зьвязана з уварваньнем караля Францыі Карла VIII у Італію. Фактарам, які спрыяў распаўсюджваньню сэкулярызму была няздольнасьць Царквы процістаяць распаўсюду ў Эўропе чорнай сьмерці. Францішак I запрасіў да свайго двару шматлікіх італьянскіх мастакоў, у тым ліку Леанарда да Вінчы, і будаваў багатыя палацы за вялікія грошы. Такія пісьменьнікі, як Франсуа Рабле, П’ер дэ Рансар, Жаашэн дзю Бэле й Мішэль дэ Мантэнь, мастакі, як то Жан Клюэ й музыкі, як то Жан Мутон таксама працавалі ў духу Адраджэньня.

Вялікае княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Францішак Скарына — усходнеславянскі першадрукар

На тэрыторыю Беларусі Адраджэньне прыйшло ў XVI стагодзьдзі й панавала да першай паловы XVII стагодзьдзя.

Перадумовамі станаўленьня й разьвіцьця культуры Адраджэньня на беларускіх землях сталі ўзаемасувязі Вялікага Княства Літоўскага з краінамі Заходняй Эўропы, адносна дэмакратычны лад жыцьця, рост гарадоў, завяршэньне працэсу фармаваньня беларускага этнасу й старабеларускай мовы. Тыповыя рысы рэнэсансавай культуры (гуманізм, свабодалюбства, патрыятызм, антыдагматычнасьць) выразна праявіліся ў культурна-асьветніцкай, творчай дзейнасьці Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Міколы Гусоўскага, Сімяона Полацка��а ды іншых. Расквітнела летапісаньне, заняпала жыційная літаратура, былі створаны хронікі, гістарыяграфічныя творы, на старабеларускую мову перакладаліся ўзоры сьвецкай прозы. Пашырэньню рэнэсансавых ідэяў паспрыяла ўзьнікненьне й хуткае разьвіцьцё мясцовага друкарства ў Берасьці, Нясьвіжы, Лоску, Любчы, Бялынічах, Ашмянах, Цяпіне.

Літаратура перастала быць ананімнай, цэлая плеяда літаратараў, публіцыстаў (Мялеці Сматрыцкі, Андрэй Волян, Афанасі Філіповіч, Андрэй Рымша, Лаўрэнці й Стафан Зізані, Іпаці Пацей і іншыя) гучна заявіла пра сябе творамі высокага мастацкага й эстэтычнага ўзроўню, напісанымі на старабеларускай, лацінскай і польскай мовах. Зьявіліся прафэсійныя паэты, атрымала разьвіцьцё мэмуарная літаратура.

Пасьпяхова разьвівалася архітэктура, што знайшло адлюстраваньне ў будаўніцтве шматлікіх ратушаў, храмаў, палацаў, шпіталяў, дамоў цэхавых брацтваў ды іншых. Спачатку рэнэсансавыя рысы спалучаліся з элемэнтамі готыкі (Мірскі замак, Мураванкаўская Царква Раства Багародзіцы). У XVI — сярэдзіне XVII стагодзьдзя рысы Адраджэньня праявіліся й у выяўленчым мастацтве, якое спалучала заходнеэўрапейскія традыцыі, асаблівасьці бізантыйскай мастацкай спадчыны й адметныя рысы творчасьці мясцовых мастакоў. Пашырыўся жанр партрэту, у якім праявілася рэнэсансавае разуменьне асобы чалавека. Фармаваўся жанравы й батальны жывапіс. У беларускім іканапісе ўзьнікла наватарская плынь, што выявілася ва ўвядзеньні ў сюжэтную канву побытавых і этнаграфічных дэталяў. У беларускім мастацтве першай паловы XVII стагодзьдзя формы Адраджэньня суіснавалі з рысамі маньерызму, але паступова пачалі саступаць віднае месца стылістыцы барока.

  1. ^ BBC Science and Nature, Leonardo da Vinci
  2. ^ BBC History, Michelangelo
  3. ^ Burke, P., The European Renaissance: Centre and Peripheries 1998
  4. ^ Strathern, Paul The Medici: Godfathers of the Renaissance (2003)
  5. ^ Har, Michael H. History of Libraries in the Western World, Scarecrow Press Incorporate, 1999, ISBN 0-8108-3724-2
  6. ^ Федарцова Т. М. Гісторыя сучаснай літаратуры. Класіцызм. Барока. Асветніцтва. — Мінск: БДТУ, 2008. — С. 3. — ISBN 978-985-434-729-5

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]