Дом губернатара (Мінск)
Славутасць | |
Дом губернатара | |
---|---|
| |
53°54′11″ пн. ш. 27°33′18″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Дата заснавання | 1699 |
Дата пабудовы | 1699 год |
Асноўныя даты | |
1699 — будаўніцтва |
|
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000235 |
Стан | значна перабудаваны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом губерна́тара, або буды́нак езуі́цкай шко́лы — будынак у Мінску на плошчы Свабоды, 7. Уваходзіў комплекс Мінскага езуіцкага калегіума. У будынку месціцца Рэспубліканскі музыкальны каледж.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудаваны ў 1699 годзе (паводле іншых звестак у 1769—1970-я гады) як езуіцкая школа ў складзе комплексу Менскага езуіцкага калегіума. У часе Паўночнай вайны (1700—1721) тут спыняліся расійскі імператар Пётр I, украінскі гетман Іван Мазепа, шведскі кароль Карл XII[1].
У 1770 годзе быў рэканструяваны — уваход у яго быў пазначаны квадратнай у плане вежай з купалам. З 1773 года, пасля забароны ордэна езуітаў у будынку размешчана свецкая шасцігадовая школа. Пасля перабудовы школы ў стылі класіцызм паводле праекта Фёдара Крамера ў 1799—1917 гадах — дом губернатара. Пры перабудове будынак страціў архітэктурны дэкор XVIII ст., у тым ліку і вежу з купалам.
У часе вайны 1812 года, у 1812 годзе тут спыняўся французскі маршал Луі Нікаля Даву. У 1821—1822 гадах у яго бібліятэцы працаваў расійскі дзекабрыст Мікіта Мураўёў, які напісаў у Мінску першы варыянт канстытуцыі будучай Расійскай дзяржавы («Паўночная праўда»)[1].
Уначы 28 чэрвеня 1905 года ў губернатарскі дом была кінутая бомба, пацярпелі казак і гарадавы. З 1910 года тут часова месцілася губернатарская канцылярыя і губернская ўстанова па забеспячэнні праваслаўнага духавенства. У 1914 годзе на другім паверсе адкрыўся вайсковы шпіталь, які ўзначальваў старшы лекар Сяргей Урванцоў. 22 кастрычніка таго ж года шпіталь наведаў расійскі імператар Мікалай II, ён раздаваў параненым Георгіеўскія крыжы[1].
З 20 лютага 1918 года ў будынку месціўся Народны сакратарыят БНР на чале з Язэпам Варонкам[1]. Тут была прынятая Першая Устаўная грамата БНР. 25 лютага нямецкія жаўнеры знялі з будынка беларускі сцяг і канфіскавалі грашовыя сродкі. Нямецкая адміністрацыя забрала будынак на патрэбы сваёй музычнай вайсковай каманды.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў будынку ў студзені 1919 года размяшчаўся Часовы рабочы-сялянскі савецкі ўрад Беларусі на чале са Змітром Жылуновічам (Цішка Гартны)[1]. З лютага 1919 да 1933 года тут месціліся Прэзідыум ЦВК БССР, Саўнаркам і іншыя дзяржаўныя ўстановы БССР, пасля Другой сусветнай вайны — музычная школа. У 1968 годзе зробленая апошняя значная перабудова паводле праекта архітэктара I. Левіна: зроблена прыбудова з боку дваровага фасада і надбудова верхняга паверха, перароблены фасады.
Улетку 2019 года пачалася рэканструкцыя з рэстаўрацый будынка, якая прадугледжвае аднаўленне галоўнага фасада ў выглядзе, блізкім да гістарычнага, з захаваннем савецкай надбудовы. 2 жніўня 2020 года будынак адкрыўся пасля рэстаўрацыі[2].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Будынак уяўляў сабой прамавугольнае ў плане, двухпавярховае, накрытае вальмавым дахам збудаванне. Яго галоўны фасад быў вылучаны квадратнай у плане вежай, завершанай купалам.
У наш час перабудаваны да непазнавальнасці. Цяпер будынак чатырохпавярховы, галоўны фасад вырашаны плоскасна, пазбаўлены дэкору, чляніцца прамавугольнымі аконнымі праёмамі, на верхнім паверсе значна большымі па велічыні. Уваход аформлены строгім парталам.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
На карціне Напалеона Орды, 1870—1877 г.
-
18 сакавіка 1918 г.
-
Дом Саветаў, 1919 г.
-
1932 г.
Зноскі
- ↑ а б в г д Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — С. 196—197. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-01-0729-9.
- ↑ realty.tut.by(недаступная спасылка)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом губернатара (Мінск)
- Дом губернатара (Мінск) на сайце Глобус Беларусі (руск.)