Беларуская Народная Рэспубліка
Часткова-прызнаная дзяржава (1918 – 1919) Урад у выгнанні (з 1919) | |||||
Беларуская Народная Рэспубліка | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Гімн: Мы выйдзем шчыльнымі радамі | |||||
|
|||||
25 сакавіка 1918 — 1919
|
|||||
Сталіца | |||||
Афіцыйная мова | беларуская | ||||
Форма кіравання | парламенцкая рэспубліка і Савецкая рэспубліка | ||||
Старшыня Рады БНР | |||||
• 1918 | Янка Серада | ||||
• 1918 – 1919 | Язэп Лёсік | ||||
• 1919 | Пятро Крачэўскі | ||||
Гісторыя | |||||
• 9 сакавіка 1918 | Абвяшчэнне БНР | ||||
• 25 сакавіка 1918 | Абвяшчэнне незалежнасці БНР | ||||
• 1919 | Ліквідацыя БНР, стварэнне Рады БНР у выгнанні | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Белару́ская Наро́дная Рэспу́бліка (скарочана БНР) — дзяржава, абвешчаная на тэрыторыі Беларусі 9 сакавіка 1918 года. Незалежнасць БНР абвешчана раніцай 25 сакавіка 1918 года.
Дзяржаўная мова: беларуская (з 28.4.1918). Атрыбуты дзяржаўнасці: Часовая канстытуцыя БНР (11.10.1918), пячатка БНР (з 28.4.1918), сцяг і герб (з чэрвеня 1918). Былі выпушчаны пашпарты грамадзян БНР (лета 1918).
Галоўным кіраўнічым органам была Рада БНР, выканаўчы орган Народны Сакратарыят, з 11 кастрычніка 1918 года перайменаваны ў Раду Народных Міністраў БНР. Месца пасяджэнняў урада: Менск, Гродна (са снежня 1918).
У выніку недастатковага ўзроўню арганізаванасці, недахопу грошай, узброеных фарміраванняў і міжнароднай падтрымкі і прызнання дзяржаўныя органы БНР былі ліквідаваны, самараспушчаны альбо эмігравалі за мяжу.
Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі святкуецца як Дзень Волі.
Гісторыя БНР
[правіць | правіць зыходнік]Перадумовы абвяшчэння БНР
[правіць | правіць зыходнік]Лозунг БНР упершыню прагучаў у 1917, у прыватнасці на Усебеларускім з’ездзе (кангрэсе) у Мінску. Незалежніцкія настроі ў беларускім руху ў значнай ступені былі выкліканы палітыкай Часовага ўрада Расіі, які не хацеў лічыцца з патрабаваннямі беларускіх арганізацый аб наданні Беларусі статуса аўтаноміі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, а таксама палітыкай Савета Народных Камісараў Расіі, які вёў перагаворы з Германіяй аб лёсе Беларусі без удзелу ў іх прадстаўнікоў беларускага народу. Незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся пасля разгону Усебеларускага з’езду і пасля таго, як З-і Усерасійскі з’езд Саветаў (студзень 1918) ухваліў гэты разгон.
Ва ўмовах, калі бальшавікі паводле Брэсцкага міру перадавалі беларускія землі Германіі, часткай дзеячаў беларускага нацыянальнага руху было прапанавана абвясціць поўную незалежнасць Беларусі.
Стварэнне БНР
[правіць | правіць зыходнік]Калі ў ходзе І сусветнай вайны, пасля падпісання Брэсцкага міру, Чырвоная Армія і Аблвыканкамзах пакінулі Мінск, а германскія войскі яшчэ не ўступілі, група дзеячаў беларускага нацыянальнага руху зрабіла спробу ўзяць на сябе ўладу. Познім вечарам 19 лютага Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда скончыў сваё апошняе нелегальнае пасяджэнне, апрацаваўшы Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі. Крыху раней адбылося надзвычайнае пасяджэнне Выканкома ЦБВР, на якім было прынята рашэнне:[1]
Па-прычыне абсалютна выразнага памкнення Народнага Камісарыяту Заходняй вобласці ўцякчы на ўсход і па-прычыне набліжэння немцаў і верагоднасці анархіі ў горадзе — узяць на сябе ахову парадку і бяспекі ў Мінску, а калі спатрэбіцца, то і ва ўсёй Беларусі, а таксама прапанаваць Выканкому Рады 1-га Усебеларускага з'езда выканаць волю з'езда і ўзяць уладу ў свае рукі. |
Выканкам Рады Усебеларускага кангрэса 21 лютага 1918 звярнуўся да народа Беларусі з 1-ай Устаўной граматай, у якой аб’явіў сябе ўладай у Беларусі. Часовым выканаўча-распарадчым органам стаў створаны ім Народны сакратарыят на чале з Я. Варонкам. У яго склад увайшлі: П. Крачэўскі, А. Смоліч, П. Бадунова, А. Карач, Т. Грыб, К. Езавітаў, І. Серада і інш. Разлік быў на тое, што германскаму камандаванню прыйдзецца прыняць як дадзенае беларускае нацыянальнае ўтварэнне.
9 сакавіка 1918 адбылося першае ўрачыстае пасяджэнне Выканаўчага камітэта Рады кангрэса. У яго склад былі запрошаны прадстаўнікі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, меншавікоў, ЕС і СС, Паалей-Цыёна і інш. Агульная колькасць членаў Выканкама была даведзена да 71 чалавека. Пасяджэнне прыняло Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь была аб’яўлена народнай рэспублікай. Выканаўчы камітэт быў перайменаваны ў Раду БНР, абраны Прэзідыум Рады на чале з I. Серадой. У межах Беларусі былі абвешчаны свабоды: слова, друку, сходаў, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, права на аўтаномію, раўнапраўе моў усіх нацыянальнасцей Беларусі. Права прыватнай уласнасці на зямлю скасоўвалася паводле сёмага пункту граматы («У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права ўласнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым‚ што самі на ёй працуюць»)[2]. Гэта азначала, што ўся зямля канфіскоўвалася ва ўласнікаў (галоўным чынам, у сярэдніх і буйных маянткоўцаў) без грашовай кампенсацыі і павінна была з дзяржаўнага зямельнага фонду перадавацца бясплатна — толькі тым, хто яе апрацоўваў сам непасрэдна «за плугам» (галоўным чынам, былым сялянам[3]). Патрабаванне працаваць на зямлі самому непасрэдна (як умовы атрымання зямлі з дзяржаўнага зямельнага фонду) аўтаматычна прадвызначала тое, што асоба магла атрымаць участак зямлі толькі невялікага памеру — у залежнасці ад фізічных магчымасцей асобы. І зямля перадавалася з дзяржаўнага фонду не пажыццёва, а на час працаздольнасці асобы: калі па старасці асоба ўжо не магла апрацоўваць зямлю непасрэдна, то зямля вярталася ў дзяржаўны зямельны фонд, бо асоба не магла яе перадаць па спадчыне нашчадкам, здаць у арэнду ці прадаць. Былыя маянткоўцы, якія не згаджаліся працаваць на зямлі непасрэдна «за плугам», зямлю не атрымлівалі. Лясы, воды і нетры паводле Другой Устаўной граматы таксама аб’яўляліся ўласнасцю БНР. Паўсюдна ўстанаўліваўся 8-гадзінны працоўны дзень. БНР пачала стварацца як сацыялістычная дзяржава[2].
Сацыяльна склад Рады БНР быў неаднародны. Галоўную ролю ў ёй ажыццяўлялі сярэднія слаі нацыянальнай інтэлігенцыі, у партыйных адносінах Рада складалася з прадстаўнікоў розных нацыянальных сацыялістычных партый (БСГ, ЕС і СС, Паалей-Цыён, Бунд), а таксама рускіх эсэраў і меншавікоў. Усе гэтыя партыі адхілялі Кастрычніцкую рэвалюцыю, але не ўсе падтрымлівалі аддзяленне Беларусі ад Расіі і ўтварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы. Рускія эсэры, меншавікі і яўрэйскія сацыялістычныя партыі выказаліся за знаходжанне Беларусі ў складзе Расіі. Яўрэйскія партыі асцерагаліся, што ў беларускай нацыянальнай дзяржаве на першы план выйдзе беларуская буржуазія. Рускія эсэры стаялі на пазіцыі «адзінай і непадзельнай» Расіі. Толькі БСГ паслядоўна патрабавала самавызначэння Беларусі.
Рада БНР на пасяджэнні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 пасля дзесяцігадзінных спрэчак нязначнай большасцю галасоў прыняла пастанову Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвясціла незалежнасць Беларусі — на тэрыторыі, дзе жыве і мае колькасную перавагу беларускі народ: «Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часьці суседніх губерняў, заселеныя беларусамі». У пратаколе адзначалася, што атмасфера ў час пасяджэння была «наэлектрызавана». Супраць аддзялення Беларусі ад Савецкай Расіі галасавалі дэпутаты гарадской, земскай і бундаўскай фракцый. Ад галасавання ўстрымаліся прадстаўнікі Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі, Паалей-Цыёна і сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Земская фракцыя выйшла з Рады БНР і адазвала сваіх прадстаўнікоў з Народнага сакратарыята. Трэцяй Устаўнай граматай ад 25 сакавіка 1918 БНР абвяшчалася «незалежнай і вольнай дзяржавай».
У пачатку свайго ўтварэння БНР не знайшла падтрымкі шырокіх народных мас. Прычын таму многа. Яна была створана ў вельмі неспрыяльных умовах і існавала пад акупацыяй. Акупацыйны рэжым быў супраць нацыянальных імкненняў, нацыянальных органаў улады абвешчанай дзяржавы. І народам ён успрымаўся як варожы. Але Рада вымушана была калі не супрацоўнічаць з ім, то быць для яго лаяльнай. У працэсе стварэння БНР шырокія народныя масы ўдзелу не прымалі. Вядома, што I Усебеларускі з’езд даверыў абранаму ім Савету з’езда падрыхтаваць і склікаць Беларускі Устаноўчы сход, а затым II Усебеларускі з’езд, на якім абвясціць будучую беларускую дзяржаву. Фактычна выйшла, што БНР абвясціў нават не Савет з’езда, а створаны ім орган — Выканаўчы камітэт Рады Кангрэса, які потым кааптаваў у свой склад 28 прадстаўнікоў нацыянальных груп.
БНР дабіваецца міжнароднага прызнання
[правіць | правіць зыходнік]Народны сакратарыят дамагаўся міжнароднага прызнання БНР. З гэтай мэтай у чэрвені 1918 дэлегацыя на чале з Р. Скірмунтам наведала Кіеў. Урад Украінскай Народнай Рэспублікі прызнаў БНР. 18 красавіка 1918 з Кіева дэлегацыя БНР адправіла радыётэлеграмы ўрадам усіх краін і Савецкай Расіі з пераказам сутнасці падзей, якія адбыліся ў Беларусі, і паведамленні аб тым, што з моманту абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці беларускі народ не прызнае тых пунктаў Брэсцкага дагавора ад 3 сакавіка 1918, якія датычылі яго тэрытарыяльных інтарэсаў.
Летам 1918 дэлегацыя БНР выязджала ў Маскву, але не была прынята народным камісарам РСФСР. Дыпламатычныя місіі былі таксама накіраваны ў Варшаву, Берлін, Берн, Капенгаген. Консульства БНР было адчынена ў Літве.
Мэтай ураду БНР было таксама прызнанне беларускай дзяржавы Германіяй і стварэнне з яе дазволу ўласных узброеных сіл і паліцыі. Але дэмарш урада БНР да Германіі быў без вынікаў. Улада Варонкі, паводле яго прызнання, пачала змяншацца і была абмежавана толькі нацыянальным прадстаўніцтвам пры нямецкай акупацыйнай адміністрацыі і некаторымі другараднымі функцыямі. На пасланыя ў Берлін тры граматы БНР рэйхсканцлер паведаміў Народнаму сакратарыяту, што Берлін разглядае Беларусь як частку Савецкай Расіі, што, згодна Брэсцкаму дагавору, Германія не магла без урада Леніна прызнаць зноў беларускую дзяржаву.
Нягледзячы на адмову кайзераўскага ўрада прызнаць БНР, кансерватыўныя сілы Рады БНР працягвалі дамагацца арыентацыі на Германію. Іх падтрымлівалі буйныя землеўладальнікі. У лісце ўраду Германіі яны пісалі: калі б нямецкія войскі не акупавалі наш край, мы рассталіся б з маёнткамі і жыццём. «Жывём надзеяй, што міжнародны трактат адарве нас ад Расіі і злучыць з Літвой пад абаронай Германіі». У процівагу Радзе БНР, якую германскае камандаванне лічыла сацыялістычнай, у Мінску ўтварылася Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Р. Скірмунтам, П. Алексюком, В. Гадлеўскім, Т. Вернікоўскім і інш. Узаемаразумення з БНП шукала правае крыло БСГ, зацікаўленае ў паляпшэнні адносін з германскім камандаваннем. Неўзабаве Рада БНР прыняла ў свой склад БНП.
Значных поспехаў БНР дасягнула ў развіцці асветы і культуры. Паводле розных падлікаў, працавалі ад 150 да 350 школ. Падрыхтоўка настаўнікаў вялася ў Свіслацкай семінарыі і Мінскім педінстытуце. У красавіку 1918 была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, якая неўзабаве пераўтварылася ў Беларускую кансерваторыю. У красавіку 1918 створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Беларускага ўніверсітэта ў Мінску, у якую ўвайшлі А. Смоліч, М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі і інш. Па ініцыятыве І. Луцкевіча ў 1918 была створана першая беларуская навуковая ўстанова — Беларускае навуковае таварыства ў Вільні. Выдаваліся беларускія кнігі, часопісы і газеты.
Германскія акупацыйныя ўлады, з аднаго боку, не перашкаджалі культурна-асветніцкай дзейнасці БНР, а з другога — ухіляліся ад афіцыйнага прызнання яе. Шэраг членаў Рады і Народнага сакратарыяту БНР, якія спрабавалі дамагчыся падтрымкі ўрада Германіі, звярнуліся да германскага імператара з тэлеграмай, у якой дзякавалі за вызваленне Беларусі, прасілі дапамагчы ў стварэнні яе дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй.
Палітычны крызіс БНР
[правіць | правіць зыходнік]Выданне 3-яй Устаўнай граматы і пасылка тэлеграмы імператару Германіі выклікалі ў БНР палітычны крызіс. Са складу Рады выйшлі гарадская група, прадстаўнікі Бунда, Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная партыя. БСГ раскалолася. Утварыліся новыя партыі: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПСФ), Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР).
Лідарамі БСДП былі А. Смоліч, Б. Тарашкевіч, Я. Лёсік, А. Прушынскі, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Луцкевіч, І. Луцкевіч. Яе праграма прадугледжвала рэфармісцкае пераўтварэнне капіталістычнага ладу грамадства ў сацыялістычны. Задача нацыяналізацыі прамысловасці не ставілася. Зямлю меркавалася перадаць сялянам для арганізацыі на ёй дробных працоўных гаспадарак. Памешчыкам мелася на ўвазе захаваць разумную норму карыстання зямлёй. Высоўвалася патрабаванне аб’яднання ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў у незалежнай БНР.
Кіруючае ядро БПСФ склалі Я. Варонка, А. Цвікевіч, К. Езавітаў, В. Захарка, А. Аўсянік, П. Крачэўскі, І. Серада. З заявы партыі выцякала, што ў аснову яе светапогляду і тактыкі былі пакладзены інтарэсы і імкненні працоўнага люду. Партыя патрабавала канфіскацыі буйных землеўладанняў і стварэння на гэтай падставе «беларускага нацыянальнага зямельнага фонду», росту прамысловай вытворчасці і паступовай перадачы яе ў рукі народа. Працягваючы лінію БСГ, яна ставіла сваёй задачай вызваленне беларускага народа ад нацыянальнага прыгнёту шляхам стварэння сусветнай федэрацыі, у якой беларуская дэмакратычная рэспубліка павінна стаць састаўной адзінкай.
БСДП і БПСФ на першае месца ставілі нацыянальнае пытанне і толькі пасля яго рашэння разлічвалі прыступіць да сацыяльных пераўтварэнняў. Абедзве партыі былі нешматлікімі, іх сацыяльнай базай была беларуская інтэлігенцыя.
Арганізатарамі БПСР былі Т. Грыб, П. Бадунова, Я. Трафімаў, Я. Мамонька, А. Маркевіч, В. Русак, М. Шыла, Н. Козіч і інш. Яе сацыяльнай базай з’яўлялася беларуская інтэлігенцыя і сялянства. БПСР прэтэндавала на авангардную ролю ў беларускім руху. Патрабаванні яе зводзіліся да ўстанаўлення «дыктатуры працоўных», сацыялізацыі зямлі, кааперыравання сялянства, незалежнай беларускай рэспублікі ў этнаграфічных межах. Пры станоўчых адносінах да акта 25 сакавіка 1918 аб абвяшчэнні незалежнасці БНР яна настойвала на яе «юрыдычным прызнанні» Усебеларускім Устаноўчым з’ездам. Члены БПСР Т. Грыб, П. Бадунова, А. Карач выйшлі са складу Народнага Сакратарыята, але разам з членамі Рады БНР М. Пашковічам, Н. Козічам, М. Шыла, Я. Мамонькам і інш. заставаліся ў Радзе, як непрымірымая апазіцыя. Пасля адстаўкі І. Серады і А. Смоліча члены Народнага Сакратарыята, якія засталіся, склалі свае паўнамоцтвы.
У Радзе БНР месцы гарадской групы занялі прадстаўнікі культурных, прафесіянальных і навуковых беларускіх арганізацый, ад Бунда, СС і ЕС — Мінскай яўрэйскай абшчыны. У выніку Рада стала кааліцыйным органам з перавагай кансерватыўных сіл. Фарміраванне новага складу Народнага сакратарыята было даручана Р. Скірмунту. У сваёй заяве на пасяджэнні Рады 9 ліпеня 1918 апошні паведаміў, што будзе працаваць «у цесным кантакце з акупантамі. Ярмо акупацыі хоць і цяжкае, але з ім неабходна мірыцца, як з непазбежным злом». Яго перагаворы з прадстаўнікамі партый, якія працягваліся амаль 2 месяцы, не прывялі да станоўчага выніку. Палітычны крызіс паглыбляўся. Не знайшоў з яго выйсця і І. Серада, які пасля правалу місіі Скірмунта спрабаваў сфарміраваць урад. Левае крыло Рады, якое раней выступала супраць Варонкі, змяніла сваю пазіцыю і аб’ядналася з цэнтрам, які называлі «фракцыяй былых міністраў». Новай фракцыі належала большасць месцаў у Радзе. Яна ўзняла пытанне аб накіраванні дэлегацый у Маскву і Берлін.
Пасля падпісання Савецкай Расіяй і Германіяй 27 жніўня 1918 дадатковага дагавора, згодна якому германская армія вызваляла тэрыторыю Беларусі да р. Бярэзіны, надзеі БНР на ўмацаванне сваёй улады з дапамогай Германіі пачалі згасаць. Радзе БНР трэба было думаць, як абараніцца ад савецкай улады.
Рада БНР накіравала шэраг дэлегацый у Германію, Швейцарыю, ЗША, на Міжсаюзніцкую нараду ў Ясах. Аднак яна не знайшла падтрымкі. Англія, Францыя і ЗША палічылі за лепшае не прызнаваць БНР, каб мець вароты для ўварвання ў Савецкую Расію.
11 кастрычніка Рада БНР зацвердзіла Часовую канстытуцыю БНР.
У мэтах умацавання свайго становішча Рада БНР 9 кастрычніка 1918 прыняла пастанову аб павелічэнні свайго складу да больш як 100 дэлегатаў за кошт прыцягнення прадстаўнікоў праваслаўнага і каталіцкага духавенства, а некалькі пазней Народны сакратарыят быў пераўтвораны ў Раду народных міністраў.
Рэвалюцыя ў Германіі змяніла адносіны немцаў да БНР. Іх погляды былі накіраваны да падзей унутры Германіі. У Еўропе з-за германскай рэвалюцыі складалася новая палітычная сітуацыя.
Тым часам У. Ленін шукаў магчымасці скарыстаць дадзеныя абставіны ў інтарэсах Савецкай Расіі. Ён меркаваў, што сярод сацыял-дэмакратаў можна будзе знайсці саюзнікаў. А. Луцкевіч, які ўзначальваў Раду народных міністраў БНР, быў запрошаны ў Маскву для перагавораў аб удзеле сацыял-дэмакратаў у Беларускім савецкім урадзе, які меркавалася стварыць пасля вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі.
Ведаючы аб нежаданні Германіі вырашаць беларускае пытанне без удзелу Савецкага ўрада і ўлічваючы нетрываласць пазіцыі БНР, А. Луцкевіч прыйшоў да высновы аб неабходнасці паездкі ў Маскву. У лістападзе 1918 ён прыбыў для перагавораў. У гэты ж час у Маскву прыязджаў і Т. Грыб каб наладзіць кантакт з камуністычным цэнтрам. Для наладжвання сувязей з Белнацкомам у Маскву ў розны час прыязджалі А. Карач, Я. Мамонька і інш.
Маскоўскія перагаворы А. Луцкевіча з урадам РСФСР не былі завершаны. Было ўмоўлена, што яго бліжэйшыя саратнікі па партыі — члены Прэзідыума Рады БНР і міністры — пасля адыходу нямецкіх акупантаў з Мінска застануцца ў горадзе, каб завяршыць пачатыя ў Маскве перагаворы. Аднак калі 10 снежня 1918 Чырвоная Армія ўступіла ў Мінск, у горадзе ўжо не было членаў Рады БНР, за выключэннем прадстаўнікоў сацыял-дэмакратаў: старшыні Рады Я. Лёсіка, членаў Рады А. Уласава, А. Смоліча, В. Іваноўскага, А. Прушынскага і інш. У Мінску не застаўся і А. Луцкевіч, які ў апошні час выехаў у Вільню.
У абставінах адыходу германскіх войск Рада народных міністраў БНР у 4-ай Грамаце ад 29 лістапада 1918 заклікала беларускі народ да захавання парадку, які ўстанавіла Рада БНР. Была зроблена спроба стварэння палітычнага цэнтра без Рады, на базе земстваў, сацыялістычных партый, прафесійных арганізацый і фарміравання на гэтай падставе органаў краявой улады. Але кіраўнікі гэтых арганізацый не змаглі вырашыць пытанне аб уладзе. Прадстаўнікі левых арганізацый тым часам схіліліся да сумеснай работы з савецкай уладай.
10 снежня бальшавікі займаюць Мінск. Выпраўляючыся ў Вільню, Рада і ўрад БНР выдалі 5-ую Грамату. У ёй беларускі народ заклікаўся да выступлення супраць савецкай улады, да абароны БНР, да «усеагульнага грамадзянскага шчасця» і стварэння на месцах «беларускіх Саветаў», якія павінны падпарадкоўвацца Радзе БНР. Але ўмоў для гэтага не было.
У далейшым большасць беларускіх дзеячаў вярнуліся ў БССР. Аднак надзеі іх не апраўдаліся. Яны сталі аднымі з першых ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Некаторыя: А. Луцкевіч, С. Рак-Міхайлоускі і інш., знаходзячыся ў Заходняй Беларусі, актыўна змагаліся за яе ўз’яднанне з БССР. А такія, як Я. Варонка, П. Крачэўскі, Я. Мамонька, Т. Грыб і інш., засталіся на ранейшых пазіцыях і працягвалі дзейнасць на эміграцыі.
Структуры БНР у выгнанні
[правіць | правіць зыходнік]У снежні 1918 года Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а затым (у выніку наступлення Чырвонай Арміі і дзейнасці польскіх ваенізаваных фарміраванняў) у Гродна. Гэты горад у той час быў уключаны ў склад новастворанай Літоўскай Дзяржавы, а сталіцай БНР лічыўся да верасня 1919. Пад эгідаю ўрада БНР знаходзіліся некаторыя мясцовыя арганізацыі, быў наладжаны выпуск 5 беларускіх газет. Урад БНР у гэты час вёў барацьбу супраць прэтэнзій Польскай дзяржавы на беларускія тэрыторыі, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, паспяхова прайшлі перагаворы з урадам УНР аб пазыцы для ўрада А. Луцкевіча.
У сувязі з дзеяннямі польскіх легіянераў 20 сакавіка 1919 года ўрад БНР выехаў у Берлін. Тут была дэзавуіравана рэзалюцыя «Усебеларускага з’езда», які нібыты адбыўся ў Навагрудку, аб далучэнні Беларусі да Польшчы. У маі 1919 ад старшыні мірнай канферэнцыі быў атрыманы дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж.
На пачатку чэрвеня 1919 ўрадавая дэлегацыя БНР прыбыла ў Парыж. Дэлегацыя разам з прадстаўнікамі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і інш. дабівалася прызнання іх дзяржаў поўнапраўнымі суб’ектамі міжнародных адносін.
Тым часам у красавіку 1919 Войска Польскае заняло Вільню і Гродна, на пачатку жніўня быў заняты Мінск. 19 верасня А. Смоліч і Я. Лёсік накіравалі ліст кіраўніку Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскаму, у якім прасілі аднавіць дзейнасць структур БНР. Увосень 1919 доўгі час у Варшаве знаходзіўся А. Луцкевіч, які дабіваўся прызнання Польскай дзяржавай самастойнасці Беларусі.
1 снежня 1919 А. Луцкевіч, В. Захарка, П. Крачэўскі і інш. члены ўрада БНР пераехалі ў Мінск. 13 снежня адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую Раду БНР і Народную Раду БНР. Іх старшынямі сталі адпаведна сацыял-дэмакрат Я. Лёсік і сацыяліст-федэраліст П. Крачэўскі. Таксама былі створаны два ўрады БНР. Найвышэйшая Рада на чале кабінета пакінула А. Луцкевіча, Народная Рада прызнала кіраўніком кабінета В. Ластоўскага. Польскія ўлады хутка распарадзіліся аб разгоне Народнай Рады, арыштавалі В. Ластоўскага, П. Бадунову, Я. Мамоньку. Убачыўшы, што польскі ўрад не прызнае права Беларусі на дзяржаўную самастойнасць, 28 лютага 1920 А. Луцкевіч пакінуў пасаду старшыні Рады народных міністраў. Раней, у студзені, ў Берлін выехалі старшыня Народнай Рады П. Крачэўскі і яго памочнік В. Захарка. Толькі ў маі змаглі выехаць у Рыгу В. Ластоўскі, П. Бадунова, Т. Грыб, Я. Мамонька.
У сакавіку 1920 кіраўніцтва Польшчы пачало перагаворы з Найвышэйшаю Радаю БНР, польская камісія адхіліла большасць прапаноў Найвышэйшай Рады, аднак выдзеліла пэўныя сродкі на патрэбы беларускай школы і культуры. Ва ўмовах савецка-польскай вайны дзеячы БНР шукалі падтрымку як з польскага, так і з савкецкага боку. Аднак, калі ў ліпені савецкія войскі ўступілі ў Мінск, а ўрад РСФСР заключыў дагавор з Літвою, паводле якога значная частка беларускіх зямель перадавалася ў яе склад, гэта выклікала пратэст і Найвышэйшай і Народнай Рады. Надзея на тое, што БНР будзе прызнана Савецкай Расіяй знікла.
У той час калі савецкі і польскі бакі абмяркоўвалі ў Рызе без удзелу прадстаўнікоў беларускага народу ўмовы мірнага дагавору, у Рызе адбылася палітычная канферэнцыя, на якой было вырашана стварыць вакол урада В. Ластоўскага адзіны нацыянальны блок. Народная Рада БНР прызнавалася адзіным прадстаўніком беларускага народа і стала называцца Радаю БНР. Тым часам урад Латвіі на падставе дагавора з РСФСР ад 11 жніўня 1920 прапанаваў Радзе і ўраду Ластоўскага пакінуць тэрыторыю дзяржавы. 11 лістапада быў заключаны дагавор паміж БНР і Літоўскай Рэспублікай аб узаемным прызнанні, аб супрацоўніцтве і супольнай барацьбе за вызваленне беларускіх і літоўскіх зямель з-пад польскай акупацыі. Рада БНР і ўрад Ластоўскага пераехалі ў сталіцу Літвы Каўнас. У гэты час урад БНР спрабаваў сарваць савецка-польскія перагаворы ў Рызе, шукаючы падтрымкі ў розных еўрапейскіх краінах. Адзінае, што далі гэтыя намаганні, тое, што Парыжская мірная канферэнцыя паставіла Польшчы ў абавязак паважаць правы нацыянальных меншасцей. 18 сакавіка 1921 быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор.
У канцы сакавіка 1921 ў Празе прайшла нацыянальна-палітычная нарада, удзел у якой прынялі 37 прадстаўнікоў беларускіх партый і арганізацый з Заходняй Беларусі, Літвы, Чэхаславакіі, Германіі — Першая Усебеларуская канферэнцыя. Канферэнцыя пацвердзіла акт 25 сакавіка 1918, прызнала Раду БНР як адзіны законны орган улады на Беларусі.
Урад БНР не спыняў дзейнасці на міжнароднай арэне. 27 красавіка 1922 на Генуэзскую міжнародную канферэнцыю па эканамічных і фінансавых пытаннях прыбылі В. Ластоўскі і міністр замежных спраў А. Цвікевіч. Старшыні канферэнцыі была ўручана нота аб прызнанні ўрадам БНР Вільні як сталіцы Літвы і згодзе на ўключэнне Сярэдняй Літвы ў склад Літоўскай дзяржавы ў якасці аўтаноміі. Мемарандум з просьбаю паставіць пытанне аб прызнанні БНР быў заслуханы на паседжанні палітычнай камісіі канферэнцыі, аднак пасля дэмаршу дэлегацыі РСФСР беларускае пытанне ў парадак дня канферэнцыі пастаўлена не было.
Нота Ластоўскага і Цвікевіча 20 мая 1922 была асуджана ўрадам БНР. В. Ластоўскі падаў у адстаўку, але яна не была прынята. Затым Ластоўскі хацеў склікаць у Дзвінску нацыянальную нараду, аднак Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі выступіў супраць. Пачаўся ўрадавы крызіс. 11 кастрычніка 1922 была створана Дзяржаўная калегія з членаў Прэзідыума Рады БНР і некаторых міністраў. 20 красавіка 1923 В. Ластоўскі і дзя��жаўны пісар Дуж-Душэўскі заявілі аб выхадзе з Дзяржаўнай калегіі.
23 жніўня 1923 сход беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў, які адбыўся ў Каўнасе, пратэставаў супраць антыбеларускай палітыкі літоўскага ўрада, а таксама негатыўна ацаніў дзейнасць В. Ластоўскага і К. Дуж-Душэўскага і інш. Быў сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з А. Цвікевічам. Палітыка літоўскага ўрада неўзабаве прывяла да таго, што 1 лістапада 1923 Прэзідыум Рады і ўрад БНР выехалі з Каўнаса ў Прагу (кіраўнік урада Цвікевіч застаўся ў Літве).
У снежні 1923 сябры замежнага бюро ЦК БПС-Р П. Бадунова, Я. Мамонька (яны з’яўляліся таксама сябрамі Прэзідыума Рады БНР і Т. Грыб выказаліся супраць прызначэння А. Цвікевіча на пасаду Старшыні Рады Міністраў БНР. У адносінах да ўрада Прэзідыум Рады БНР раскалоўся на дзве часткі.
Тым часам палітыка беларусізацыі, якая праводзілася ў БССР і абвешчаная амністыя праціўнікам савецкай улады ў гады грамадзянскай вайны спрыяла таму, што сярод дзеячаў БНР раслі прасавецкія настроі, якія ўзмацніліся пасля ўзбуйнення БССР.
А. Цвікевіч не хаваў свайго намеру пераехаць у Мінск. Праз савецкіх агентаў было дамоўлена, што перад вяртаннем ён збярэ канферэнцыю, якая прызнае Мінск адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. 12-16 студзеня 1925 года Другая Усебеларуская канферэнцыя адбылася ў Берліне. Патрэбная Мінску рэзалюцыя была прынята. А. Цвікевіч і сябры яго ўрада пераехалі ў Мінск.[4]
Прэзідыум Рады БНР не прызнаў рашэння канферэнцыі і застаўся верны акту 25 сакавіка 1918. Хоць пасля члены Прэзідыума П. Бадунова і Я. Мамонька таксама пераехалі ў БССР, Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі і яго намеснік В. Захарка не прызналі Савецкую Беларусь. Дзяржаўная пячатка і дзяржаўны архіў БНР засталіся ў іх.
Пасля смерці П. Крачэўскага (8 сакавіка 1928) яго функцыі выконваў В. Захарка. Пасля акупацыі Чэхіі нацысцкай Германіяй з ініцыятывы германскага боку ў 1939 адбыліся перамовы прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў Рэйху з В. Захаркам. Апошні адхіліў прапанову нацыстаў аб супрацоўніцтве. Перад смерцю Захарка перадаў пячатку і дзяржаўны архіў М. Абрамчыку, які выконваў функцыі Старшыні Рады БНР да 1970. У 1970 эміграцыйная Рада БНР абрала на яго месца В. Жук-Грышкевіча, а ў 1982 — Я. Сажыча. З 1997 Раду БНР у эміграцыі ўзначальвае І. Сурвіла.
Органы ўлады БНР
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя БНР
[правіць | правіць зыходнік]Абвешчаная тэрыторыя
[правіць | правіць зыходнік]БНР была абвешчана «на землях, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ»[5]. У склад БНР уключаліся: Магілёўшчына, беларуская частка Міншчыны, Гродзеншчына (з гарадамі Гродна і Беласток), Віленшчына, Смаленшчына[6], Чарнігаўшчына і сумежныя часткі суседніх губерняў, заселеных беларусамі (меліся на ўвазе Сувалкаўская і Ковенская губерні[7]).
-
Гістарычныя межы рассялення беларусаў
-
Тэрыторыі, на якіх была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка на падставе «этнічнага крытэрыя» (як гэта разумелася палітыкамі і ідэолагамі БНР) — паводле прац М. Доўнар-Запольскага
-
Межы Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), аб'яўленыя 25 сакавіка 1918 г., і этнічная тэрыторыя беларусаў на падставе прац М. Доўнар-Запольскага і Я. Карскага
-
Паштовая марка БНР, 10 грошаў
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Планавалася падзяліць тэрыторыю БНР на ваяводствы — Навагрудскае, Берасцейскае, Гродзенскае, Менскае, Віленскае, Полацкае, Віцебскае, Смаленскае і Мсціслаўскае, якія ў сваю чаргу дзяліліся б на паветы.
Міжнародныя адносіны
[правіць | правіць зыходнік]Беларускі гісторык Анатоль Сідарэвіч сцвярджае, што дэ-юрэ БНР у 1918—1920 гг. прызналі Літва[8], Латвія[9], Эстонія[10], Чэхаславакія[крыніца?] і Фінляндыя[11].
БНР мела консульствы ў Кіеве (ген.) і Адэсе з 1918 г., аднак не атрымала афіцыйнага прызнання ні ад Рады УНР, ні ад Украінскай дзяржавы гетмана Скарападскага[12]. Фактычныя адносіны падтрымліваліся з Германіяй, Балгарыяй, Турцыяй і Польшчай[13]. Дзейнічала Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі.
Польскі гісторык Дарота Міхалюк указвае, што дэ-факта (фактычна) толькі Фінляндыя прызнала БНР, а афіцыйна дэ-юрэ (юрыдычна) ніводная дзяржава не прызнала БНР, у тым ліку дзяржавы-пераможцы ў Першай сусветнай вайне (Вялікабрытанія, Францыя, ЗША), менавіта якія вызначалі новы расклад сіл у Еўропе[14].
Беларускі гісторык Алесь Смалянчук указвае, што дэ-юрэ (юрыдычна, афіцыйна) ніводная дзяржава не прызнала БНР як дзяржаву, а толькі проста завязвалі адносіны з прадстаўнікамі БНР[12].
Нямецкі даследчык Е. Энгельгарт адзначае, што Германія па розных прычынах не прызнала беларускага ўрада, і таму ён быў вымушаны абмежавацца прадстаўніцтвам беларускага народа ў нацыянальных і культурных пытаннях[15]. Рычард Пайпс робіць выснову, што немцы не збіраліся падтрымаць абвешчаную Радай БНР незалежнасць, таму што разглядалі Беларусь як крыніцу таннай сыравіны і рабочай сілы[16].
Украінская Народная Рэспубліка
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку студзеня 1918 года Беларуская Цэнтральная Рада па тэлеграфе звязалася з Генеральным Сакратарыятам Украінскай Народнай Рэспублікі з просьбай каб ён узяў на сябе абавязацельства абароны інтарэсаў Беларусі на мірных перамовах у Брэсце.[17]
19 красавіка 1918 года ў Кіеве адбылося першае афіцыйнае паседжанне прадстаўнікоў Украінскай Цэнтральнай Рады і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. З боку Украінскай Народнай Рэспублікі былі Ліхнякевіч, Свідзерскі, Пятроўскі, з боку Беларускай Народнай Рэспублікі Цвікевіч, Рак-Міхалоўскі. Паседжанне адкрыў Ліхнякевіч, які ад УЦР вітаў дэлегацыю БНР. На паседжанні абмяркоўвалася правядзенне межаў паміж Украінскай Народнай Рэспублікай і Беларускай Народнай Рэспублікай.[18]
20 красавіка адбылося другое паседжанне прадстаўнікоў урада УНР і БНР па пытанні размежавання межаў. Кіраўніком паседжання быў Цвікевіч.[19]
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыкі Уладзімір Ладысеў і Пётр Брыгадзін характарызуюць БНР так: «Разглядаць БНР як сфарміраваўшуюся беларускую нацыянальную дзяржаву няма аб’ектыўнай навуковай высновы. Але нельга таксама пагадзіцца з тымі навукоўцамі, якія не лічаць БНР рэальным фактам. Беларуская Народная Рэспубліка была дзяржаўным утварэннем у стадыі фарміравання. Яна функцыяніравала ў спецыфічных умовах акупацыі. Да дзяржаўнасці беларускія нацыянальныя дзеячы не дайшлі, аднак ад самой ідэі да яе ажыццяўлення прайшлі значны шлях. <…> Неаспрэчным з’яўляецца тое, што самім фактам утварэння БНР пытанне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці было пастаўлена ў плоскасць практычнай рэалізацыі»[20].
Гісторык Дарота Міхалюк, ацэньваючы БНР як праект дзяржаўнасці Беларусі, адзначыла: «У 1918—1919 гг., калі адбываліся змены на палітычнай карце Усходняй Еўропы, перамагла канцэпцыя левага крыла беларускіх сацыялістаў. <…> У дзяржаўнай палітыцы беларускія лідары левага крыла адкінулі дэмакратызацыю жыцця і не здолелі выбудаваць настолькі шырокай сацыяльнай платформы, каб ідэя беларускай дзяржаўнасці ахапіла ўсе грамадскія пласты. У выніку ідэя БНР адрасавалася ніжэйшым пластам з сацыялістычнымі настроямі, вышэйшыя ж пласты і прадстаўнікі іншага светапогляду былі выключаныя, з-за чаго яны не бачылі неабходнасці падтрымліваць дзяржаву такога характару»[21]. І дадае, што абвяшчэнне БНР і пагроза, што яна ўвойдзе ў сферу ўплыву Польшчы, схіліла бальшавікоў да стварэння буфернай дзяржавы — БССР[22].
Уладзімір Ляхоўскі выказваецца, што БНР — гэта палітычныя структуры, генетычна звязаныя з Усебеларускім з’ездам 1917 года, якія паставілі сабе мэтай абвяшчэнне і замацаванне незалежнасці Беларусі — на шляху суверэнізацыі ў 1917—1918 гг. народаў Беларусі[23]. Ляхоўскі лічыць, што абвяшчэнне пад уплывам братоў Івана і Антона Луцкевічаў незалежнасці БНР менавіта 25 сакавіка 1918 г. было стратэгічнай памылкай, бо (у адрозненне ад абвяшчэння незалежнасці Літвы актам 26 лютага 1918 г., які кансалідаваў літоўскі нацыянальны рух — усе літоўскія палітычныя партыі і суполкі[24]) акт 25 сакавіка прывёў не да кансалідацыі беларускіх палітычных груповак, а да расколу[25]. Ляхоўскі сцвярджае, што сярод дзеячоў БНР не было дасведчаных палітыкаў (многім з якіх не было і 30 гадоў узросту), што маглі б аналізаваць новую геапалітычную рэальнасць[26]. На думку Ляхоўскага, калі б абвяшчэнне незалежнасці БНР адбылося ў жніўні 1918 г. (калі была падпісана дадатковая дамова паміж Германіяй і савецкай Расіяй і стала тады зразумела, што тэрыторыя Беларусі ў канцы 1918 г. адыдзе да савецкай Расіі), то ясна, што прыхільнікаў незалежнасці Беларусі было б значна болей сярод прадстаўнікоў мясцовых самаўрадаў, нацыянальных меншасцяў, мінскай гарадской думы, мінскай земскай управы і не было б такога палітычнага расколу[27]. У той жа час Ляхоўскі ўхваляе тагачасную пазіцыю Мітрафана Доўнар-Запольскага, які лічыў, што акт 25 сакавіка абвешчаны і з гэтага трэба зыходзіць, а не займацца яго крытыкаваннем. Ляхоўскі таксама дадае, што такія працэсы і з’явы як беларуская выдавецкая справа, беларуская школьная справа, беларускія кааператывы і тэатральныя гурткі, хоры, мінскія беларускамоўныя газеты не фінансаваліся ў тыя часы ўрадам БНР, які на тое не меў грошай[28]. Ляхоўскі заўважае, што трэба разумець, што беларускі нацыянальны рух у тыя часы быў шырэйшы за БНР, бо беларускія культурныя праекты ў тыя часы падтрымліваліся прыватнымі асобамі, грамадскімі суполкамі і фондамі (напрыклад, у снежні 1917 г. першыя дзесяць мінскіх беларускамоўных школ атрымлівалі грошы ад мінскай гарадской думы)[28].
На думку Захара Шыбекі, толькі пад аховай 10-й нямецкай арміі, якую прывялі ў Мінск і Мінскую губерню мясцовыя кансерватыўныя каталіцкія і польскамоўныя маянткоўцы, удалося разгарнуць стварэнне рэальных элементаў уладных структур БНР — Рады, мясцовых рад у паветах (выбарных органаў БНР) — і выдаваць пашпарты БНР, займацца міжнароднай дзейнасцю, адкрываць беларускамоўныя школы і выдаваць газеты, аднавіць дзейнасць царквы і касцёла, акрамя стварэння ўласнага войска і паліцыі БНР, што не дазвалялі немцы[29]. Шыбека лічыць, што без нямецкіх гарантый ва ўмовах незацікаўленнасці і захопніцкіх намераў бліжэйшых суседзяў (Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы) наўрад ці ўдалося зрабіць такі феномен як БНР — важны досвед стварэння беларускай дзяржаўнасці ў XX ст., што стала ўзорным і сімвалічным на наступныя гады[30].
Гісторык і палітолаг Андрэй Казакевіч лічыць, што не след крытыкаваць дзеячоў беларускага Адраджэння пачатку XX ст. за сацыялістычны ўхіл і не след лічыць гэта за памылку, бо некаторыя рэчы ў тыя часы проста па-іншаму нельга было рабіць: беларусы былі сялянскім народам і вызначаліся паводле беларускай мовы і этнічнай (народнай) культуры, а для ліберальна-кансерватыўнай праграмы (якая была ў краёўцаў) не было сацыяльнай базы[31]. Казакевіч адхіляе варыянт мабілізацыі беларусаў у пачатку XX ст. без негамагеннасці ў моўных і культурных адносінах, а ў той жа час сам адзначае: «Беларускае нацыятварэнне — гэта не тое, што рабіла адна партыя ці рух. <…> А на ўзроўні культуры ды грамадства ўсё было яшчэ складаней. Засяроджванне ўвагі на нейкім вузкім сегменце, высоўванне яго менавіта як адзінага выразніка працэсу — гэта проста няправільна. <…> Не варта перабольшваць уніфікаванасць і кансалідаванасць сучасных нацый увогуле»[31].
Гісторык Алег Латышонак ацэньвае праект дзяржаўнасці і шанцы БНР так: «Думаю, што калі б былі іншыя людзі, не сацыялісты, то было б больш шанцаў на тое, каб стварыць дзяржаву. Для мяне было ясна, што гэтыя людзі не нацыяналісты і не дзяржаўнікі, калі яны вышэй ставілі сацыяльную рэвалюцыю, прычым невядома, ад імя каго яны гаварылі, таму што народ быў большасцю кансерватыўны і манархічны. <…> Усе гэтыя ідэі Беларускай Сацыялістычнай Грамады яшчэ да Першай сусветнай вайны — гэта жах! Забраць у людзей зямлю, пасля даваць яе ў арэнду, ніякай прыватнай маёмасці — гэта кашмар, да ніякага беларускага селяніна з такой праграмай не можна было ісці…»[32].
Паводле Аляксандра Кавалені, факт абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасць яе Рады — гэта была першая спроба не толькі прадэклараваць, але і ажыццявіць практычныя захады ўтварэння беларускай дзяржаўнасці, што мае вялікае гістарычнае значэнне. Абвяшчэнне БНР аказала значны ўплыў на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, стала важным крокам далейшага дзяржаватворчага працэсу[33].
Ігар Марзалюк мяркуе: «Нельга толькі стваральн��каў БНР лічыць правапераемнікамі ідэй 1-га Усебеларускага з’езда. Яшчэ больш, дэмакратычнага мандата і легітымнай правапераемнасці з Усебеларускім з’ездам Рада БНР на самай справе не мела, бо Усебеларускі з’езд ніколі патрабаванняў незалежнасці не агучваў. Легітымным пераемнікам і прадаўжальнікам ідэй Усебеларускага з’езда быў Белнацкам. Ад пачатку 1918 года ў беларускім руху існавалі і сапернічалі дзве плыні — „белнацкамаўцы“ і „бэнээраўцы“»[34]. Ігар Марзалюк таксама дадае: «Кожная з гэтых плыняў адмаўляла іншую, абвінавачваючы ў здрадзе беларускай справе і беларускаму народу. Аб’ектыўна ж — і тыя, і другія працавалі на карысць Беларусі, імкнуліся да стварэння беларускай дзяржаўнасці. Дарэчы, і тыя, і другія былі прадстаўнікамі розных партый сацыялістычнага кірунку»[35].
Алесь Белы ацэньвае, што нельга лічыць Беларускую Народную Рэспубліку (БНР) гістарычнай альтэрнатывай беларускаму савецкаму праекту (БССР): факт таго, што пасля 1926 года большасць з айцоў-заснавальнікаў БНР улілася ў БССР-аўскі праект, сведчыць пра тое, што рэальнай альтэрнатывы паміж імі не было[36]. Алесь Белы таксама не лічыць, што былі нейкія ідэалы БНР, да якіх цяпер можна было б вярнуцца[36].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Варта. — 1918. — № 1. — С. 36.
- ↑ а б Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 197.
- ↑ Лютаўская рэвалюцыя (1917) у Расійскай Імперыі скасавала падзел грамадства на саслоўі, у тым ліку і сялянскае саслоўе.
- ↑ ЭГБ ў 6 т. Т. 1. С. 390
- ↑ Трэцяя Устаўная грамата Рады БНР
- ↑ На выдадзенай у 1918 г. карце БНР у яе склад было ўключана таксама правабярэжжа Верхняй Волгі
- ↑ ЭГБ, т. 6, кн. І, с. 537
- ↑ Консульства БНР з 1918 г., дагавор аб узаемным прызнанні 11.11.1920.
- ↑ Дыпл. адносіны разарваныя і ўрад БНР выдалены з тэрыторыі Латвіі пасля Слуцкага паўстання і патрабавання РСФСР у адпаведнасці з Маскоўскім дагаворам[удакладніць: камент.]
- ↑ Сидоревич: Деятели БНР были демократами, поэтому их и не любит власть (руск.)
- ↑ ФІНЛЯНДЫЯ ПРЫЗНАЛА БЕЛАРУСКУЮ НАРОДНУЮ РЭСПУБЛІКУ — 28.12.1919
- ↑ а б Як і чаму БНР не змагла дабіцца міжнароднага прызнаньня — расказвае прафэсар Смалянчук Архівавана 7 лютага 2018.
- ↑ А. Сідарэвіч. БНР // ЭГБ Т.1, С.384-389.Доўнар Т. І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. — Мн.: Амалфея, 2007. — 400 с. ISBN 978-985-441-621-2 С.193.
- ↑ Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — С.442-443.
- ↑ Engelhardt, E. von. Weissruthenien: Völk und Reich. — Berlin — Amsterdam — Prag — Wien, 1943. — S. 108—109.
- ↑ Pipes, R. The formation of the Soviet Union> Communism and nationalism. — Cambridge (Mass.), 1964. — P. 151.
- ↑ Народна Воля № 4, 06.01.1918 Ст. 2
- ↑ Нова Рада, №64, 21.04.1918 Ст. 3
- ↑ Нова Рада, №65, 22.04.1918 Ст. 3
- ↑ Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці… С. 46.
- ↑ Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг… С. 444.
- ↑ Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг… С. 445.
- ↑ Пафас і трагедыю БНР абмяркоўваем з гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім 1-2-ая хвіліны
- ↑ Пафас і трагедыю БНР абмяркоўваем з гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім 13-ая хвіліны
- ↑ Пафас і трагедыю БНР абмяркоўваем з гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім 13 і 18-ая хвіліна
- ↑ Пафас і трагедыю БНР абмяркоўваем з гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім 10-11-ая хвіліны
- ↑ Пафас і трагедыю БНР абмяркоўваем з гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім 18-19-ая хвіліны
- ↑ а б Пафас і трагедыю БНР абмяркоўваем з гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім 27-28-ая хвіліны
- ↑ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі… С. 202—205.
- ↑ Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі… С. 206, 209.
- ↑ а б Шырокія канцэпцыі не спрацуюць, будучыня — з фрагментаў і кампрамісаў(недаступная спасылка)
- ↑ А.Латышонак: «Калі б БНР стваралі не сацыялісты, было б больш шанцаў»; Леварадыкальная БНР у 1918 г. ня мела шанцу Архівавана 5 сакавіка 2021. // Літва. Голас монархіста. — 2008. — № 24. — С. 4—5.
- ↑ zviazda.by
- ↑ У газеце «Звязда» адбыўся «круглы стол» аб БНР
- ↑ Ігар Марзалюк: Пераемнікам ідэй Усебеларускага з’езда быў Белнацкам
- ↑ а б Вышиванке не нужна письменная традиция Архівавана 10 ліпеня 2021.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі: у 2-х кн. / Уклад. С. Шупа. — Вільня; Нью-Ёрк; Менск; Прага, 1998. — У 2 т.
- Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасці. Да 100-годдзю абвяшчэння. Гістарычны нарыс / А. А. Каваленя, В. У. Даніловіч, В. Г. Мазец. — Мінск: Беларуская навука, 2018. — 157 с.
- Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
- Латышонак, А. Жаўнеры БНР. — 3-е выд., перапрацаванае. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. ISBN 978-5-00076-003-1
- Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — 496 с.
- Павлова, Т. Я. К вопросу о границах БНР: Международные отношения / Т. Я. Павлова // Белорусский журнал международного права и международных отношений. — 1999. — № 1.
- Сідарэвіч, А. Беларуская Народная Рэспубліка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Сідарэвіч, А. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Сідарэвіч, А. Урады БНР і кабінэт Рамана Скірмунта // ARCHE Пачатак. — 2008. — № 4.
- Шупа, С. Падарожжа ў БНР. Архіўны раман. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2018. 282 с. + 56 c. укладка: іл. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) ISBN 978-0-929849-30-0
- Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская Народная Рэспубліка ў Вікіцытатніку | |
Беларуская Народная Рэспубліка на Вікісховішчы |
- Афіцыйны сайт Рады БНР
- Старонка праекту «Грамадзянства БНР» Архівавана 27 сакавіка 2008.
- Вопыт і ўрокі гісторыі: БНР як нацыянальная форма беларускай дзяржаўнасці(недаступная спасылка) Звязда 26 сакавіка 2013
- Андрэй Вашкевіч, Андрэй Чарнякевіч — 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага свята) Архівавана 10 жніўня 2010.
- Нумар часопіса «ARCHE», прысвечаны БНР Архівавана 2 чэрвеня 2009.
- Гімн БНР
- Пра зацвярджэнне сімвалаў БНР(недаступная спасылка)
- Дарота Міхалюк Самае галоўнае — што беларусы змагаліся за ўласную незалежнасць нароўні з іншымі народамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Архівавана 29 кастрычніка 2017. // tut.by
- Дарота Міхалюк «Адна з галоўных прычын слабасці БНР — недахоп салідарнасці» // gazetaby.com
- Дарота Міхалюк: Я лічу БНР спробай утварэння дзяржавы // eurobelarus.info
- Вадим Гигин. Поклонникам «Дня Воли» и БНР Архівавана 11 сакавіка 2018. // rumol.org
- Леварадыкальная БНР у 1918 г. ня мела шанцу Архівавана 5 сакавіка 2021. // Літва. Голас монархіста. — 2008. — № 24. — С. 4—5.
- Андрэй Казакевіч. Шырокія канцэпцыі не спрацуюць, будучыня — з фрагментаў і кампрамісаў(недаступная спасылка) // zautra.by
- Карта Беларускай Народнай Рэспублікі // imago.by