Расонскі раён
Расонскі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Віцебская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Расоны | ||||
Дата ўтварэння |
17 ліпеня 1924, 6 студзеня 1965 |
||||
Дата скасавання | 25 снежня 1962 | ||||
Кіраўнік | Уладзімір Уладзіміравіч Быкаў[d] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 69,77 %, руская 29,49 % Размаўляюць дома: беларуская 42,44 %, руская 54,16 %[1] |
||||
Насельніцтва (2009) |
11 514 чал.[1] (21-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 5,97 чал./км² (21-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 89,41 %, рускія — 8,97 %, іншыя — 1,62 %[1] |
||||
Плошча |
1 926,87[2] (9-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора • Найвышэйшы пункт |
224,1 м |
||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Расо́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — гарадскі пасёлак Расоны.
Раён размешчаны на поўначы Віцебскай вобласці. Мяжуе з Верхнядзвінскім і Полацкім раёнамі Віцебскай вобласці, Невельскім і Себежскім раёнамі Пскоўскай вобласці Расіі.
У раён уваходзяць 127 населеных пунктаў. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Клясціцкі, Краснапольскі, Сакалішчанскі, Янкавіцкі.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Паверхня Расонскага раёна пераважна плоская, забалочаная, з асобнымі ўчасткамі марэнных град. Большая частка раёна знаходзіцца ў межах Полацкай нізіны, на ўсходзе — Нешчардаўскага ўзвышша. Нахіл паверхні з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Найвышэйшы пункт — гара Гваздзіха, 224 м (знаходзіцца на захад ад в. Забор’е)[3], найбольш нізкая адзнака (112 м) — урэз р. Дрыса пры сутоку з Нішчай. Глыбіня расчлянення рэльефу на ўсходзе да 30 м/км², на Полацкай нізіне да 2,5 м/км².
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Латвійскай седлавіны. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага, сожскага і дняпроўскага зледзяненняў магутнасцю ад 25 да 70 м; ніжэй дэвонскія да 350—400 м, на 3 кембрыйскія да 100 м і ардовікскія да 30 м, паўсюдна верхнепратэразойскія (венд) да 250—300 м адклады. Пароды крышт. фундамента на глыбіні 600—700 м ніжэй узроўню мора. Вядомы радовішчы торфу, глін і суглінкаў, пясчана-жвіровага матэрыялу.
Глебы сельгасугоддзяў (у %): дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (0,1), дзярнова-падзолістыя глебы (55,4), дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (19,6), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8), поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя (2,2), тарфяна-балотныя глебы 10,9; паводле механічнага складу глебы пераважна сугліністыя (50,7) і супясчаныя (30,6).
Сярэдняя тэмпература паветра ў студзені −7,5, ліпені +17,4 °C. Выпадае 583 мм ападкаў за год. Вегетатыўны перыяд складае 182 сутак.
Найбольшая рака — Дрыса з прытокамі Свольна, Нішча, Нешчарда. Іншыя рэкі: рака Звёрынка. На тэрыторыі раёна шмат азёр. Найбольшымі з’яўляюцца Нешчарда, Усвечча, Валоба, Белае, Сіньша, Шэвіна, Расона, Дрысы, Межава, Межна. Іншыя азёры: возера Вядзета, возера Межна, возера Глыбочына.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Полацкай акругі БССР. Цэнтр — станцыя Расоны. 20 жніўня 1924 года падзелены на 10 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Дзмітраўскі, Клясціцкі, Мілавідскі, Парэцкі, Руднянскі, Сакалішчанскі, Сяляўшчынскі, Юхавіцкі. 4 жніўня 1927 года да раёна далучаны Круцікаўскі, Паповалуцкі, Старадворскі, Тродавіцкі, Чырванаборскі, Шнітаўскі сельсаветы скасаванага Краснапольскага раёна. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. У 1931 годзе цэнтр раёна перанесены ў вёску Станіславова, Паповалуцкі сельсавет перайменаваны ў Заборскі. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе адноўленай Полацкай акругі, з 20 лютага 1938 года — у складзе Віцебскай вобласці. У 1939 годзе цэнтр раёна перанесены ў вёску Расоны. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Віцебскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Круцікаўскі, Руднянскі, Старадворскі, Тродавіцкі, Шнітаўскі сельсаветы, утвораны Дудчынскі і Шуляцінскі сельсаветы, Мілавідскі сельсавет перайменаваны ў Раўнапольскі. 16 верасня 1957 года скасаваны Дзмітраўскі сельсавет. 14 сакавіка 1958 года Расоны атрымалі статус гарадскога пасёлка. 7 красавіка 1958 года скасаваны Альбрэхтаўскі сельсавет. 4 чэрвеня 1962 года Шуляцінскі сельсавет перайменаваны ў Тродавіцкі. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Расоны, Гарбачэўскі, Дудчынскі, Заборскі, Парэцкі, Сяляўшчынскі, Тродавіцкі і Чырванаборскі сельсаветы перададзены Полацкаму раёну, Клясціцкі, Раўнапольскі, Сакалішчанскі і Юхавіцкі сельсаветы — Верхнядзвінскаму раёну.
6 студзеня 1965 года Расонскі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Расоны, Гарбачэўскі, Заборскі, Парэцкі, Сяляўшчынскі, Тродавіцкі, Чырванаборскі сельсаветы Полацкага раёна, Клясціцкі, Раўнапольскі, Сакалішчанскі і Юхавіцкі сельсаветы Верхнядзвінскага раёна. 2 жніўня 1966 года Тродавіцкі сельсавет перайменаваны ў Краснапольскі, 14 ліпеня 1967 года Сяляўшчынскі сельсавет — у Янкавіцкі, 7 чэрвеня 1968 года Чырванаборскі сельсавет — у Дварышчанскі, 19 красавіка 1973 года Парэцкі сельсавет — у Бірузоўскі. На 1 студзеня 1974 года ў складзе раёна 10 сельсаветаў, 173 населеныя пункты, плошча тэрыторыі — 1,9 тыс. км²[4]. 3 лістапада 1983 года Раўнапольскі сельсавет перайменаваны ў Марачкоўскі. 20 кастрычніка 1995 года Расонскі раён і гарадскі пасёлак Расоны аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 16 лютага 1996 года Бірузоўскі сельсавет перайменаваны ў Альбрэхтаўскі. 4 красавіка 2004 года скасаваны Дварышчанскі, Заборскі, Марачкоўскі і Юхавіцкі сельсаветы[5]. 1 ліпеня 2021 года ў склад Верхнядзвінскага раёна перададзены хутар Дабраплёсаўскі[6][7].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1995 — 15,4 тыс. чал.[8]
- 1999 — 15,1 тыс. чал.
- 2006 — 12,1 тыс. чал.
- 2009 — 11,5 тыс. чал.
Пераважаюць сельскія жыхары.
Гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]Буйнейшыя прадпрыемствы:
- «Каапнарыхтпрам», ЧУП
- Обальскі керамічны завод, расонскі філіял, КПУП
- Расонскі камбінат прамысловых тавараў, КУВП
- Расонскі лясгас, ДЛГУ
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Па тэрыторыі Расонскага раёна праходзяць аўтамабільныя дарогі Полацк—Апочка (Расія), Дзісна—Невель (Расія), Полацк—Расоны і інш.
У паданнях і літаратуры
[правіць | правіць зыходнік]«Гара Рагнеды» знаходзіцца на паўвостраве Перавоз паміж вусцем ракі Ушчы пры яе ўпадзенні ў возера Дрысы і вытокам ракі Дрысы. Паводле народнага падання, тут быў забіты князь Рагвалод ударам каменнага молата, а потым тут жа пахавана княгіня Рагнеда. Паводле звестак А. Кіркора і А. Семянтоўскага, і на самой гары, і ў возеры Дрысе ў XIX ст. часта знаходзілі каменныя молаты і паліцы, што таксама можа сведчыць пра існаванне тут старажытнага скандынаў��кага пасялення і культу Тора.
Расонскі раён вядомы з нарысу ў творы Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Тут адбываюцца падзеі некаторых апавяданняў са зборніка.
Старшыні Расонскага райвыканкама
[правіць | правіць зыходнік]Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Ян Баршчэўскі - беларускі і польскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.
- Генадзь Бураўкін (1936) — паэт, дзяржаўны дзеяч Беларусі (нарадзіўся ў в. Шуляціна, цяпер в. Тродавічы).
- Мікалай Матукоўскі (1929—2001) — драматург (нарадзіўся ў в. Калюціна).
- Хася Прусліна (1901, в. Гарбачова — 1972) — дзяячка мінскага падполля, узначальвала атрад супраціву нацыстам у яўрэйскім гета.
- Станіслаў Шантыр (каля 1763 — пасля 1846) — мемуарыст, гісторык рэлігіі.
- Аляксандр Кірылавіч Шэлепень (1918, вёска Забор’е — 1964) — Герой Савецкага Саюза.
- Аляксандр Шлюбскі (1897, Межава — 1941?) — рэпрэсаваны беларускі этнограф, фалькларыст, бібліёграф, літаратуразнаўца
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 4 сакавіка 2016. (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Горные вершины равнинной Беларуси / В. Э. Пасанен, Е. А. Дикусар, В. Е. Подлисских. — Минск: ГУ «Республиканский учебно-методический центр физического воспитания населения», 2014. — С. 150
- ↑ Белорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.). — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 59. — 248 с. — 10 000 экз.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
- ↑ Указ Президента Республики Беларусь от 5 апреля 2021 г. № 136 Об административно-территориальном устройстве Витебской, Гомельской и Могилевской областей
- ↑ Впервые границы всех областей и их районов на Публичной кадастровой карте(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 лютага 2024. Праверана 26 лютага 2023.
- ↑ Беларусь 1995.
- ↑ Працоўная слава Расоншчыны // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раена / Гал. рэд. Б. І. Сачанка і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мінск: БелЭн, 1994. — 557, [1] с.: іл. — С. 534. — ISBN 5-85700-118-8.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Расонскі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 624—625. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / гал. рэд. Б. І. Сачанка [і інш.]. — Мн., 1994. — 558 с.
- Расонскі раён // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — С. 366—367. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.