Перайсці да зместу

Полацкая нізіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Полацкая нізіна (2001)
Полацкая нізіна (1977)

Полацкая нізіна знаходзіцца на поўначы Беларусі, займае значную частку Віцебскай вобласці, заходзіць на тэрыторыю Літвы і Латвіі. Паўднёва-заходняя яе частка ўздоўж ракі Дзісна называецца Дзісненская нізіна. Працягласць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход складае да 200 км, з поўначы на поўдзень — ад 40 да 80 км. Вышыня — 130—140 м, у краявых частках — да 160 м.

Для заходняй часткі характэрны плоскахвалісты і спадзістахвалісты рэльеф з рэшткамі марэннай раўніны, камавымі і марэннымі ўзгоркамі, озамі. Усходняя частка адрозніваецца плоскахвалістай і плоскай паверхняй з выдмамі, эолавымі градамі, катлавінамі.

Нізіна ўтварылася на месцы прыледавікровага вадаёма, які існаваў у час адступання апошняга ледавіка паазерскага зледзянення (18—20 тыс. гадоў назад). На дне вадаёма намнажаліся азёрна-ледавіковыя адклады — пяскі, галька, стужкавыя гліны. Пасля таго як Заходняя Дзвіна прарвала Балтыйскую граду (на тэрыторыі Латвіі, на ўчастку КраславаДаўгаўпілс), вялізны вадаём быў спушчаны ў Балтыйскае мора.

Буйнейшыя рэкі: Заходняя Дзвіна з прытокамі Вужыца, Росіца, Свольна, Дрыса, Палата, Обаль (справа), Дзісна (злева). Найбуйнейшыя азёры: Богінскае, Ельня.

Лясістасць 34 % (пераважаюць хваёвыя і ялова-хваёвыя лясы). У міжрэччы Дрысы і Палаты, на паўднёвай ускраіне возера Лісна бары чаргуюцца з верхавымі балотамі, парослымі нізкарослай хвояй, ельнікам, беразняком, зараснікамі вольхі. Дубровы захаваліся на правым беразе ракі Дзісна, у вярхоўях рэчак Маснічына і Бярозаўка. Найбуйнейшыя масівы верхавых балот — Ельня, Обаль-2, Стрэчна, нізінных — Дабееўскі Мох, Сосніца-Дражбітка, Судзіна. Шырока распаўсюджаныя лугі.