Перайсці да зместу

Баклажан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Баклажан
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Solanum melongena L.

Сінонімы
  • Solanum esculentum Dunal
  • Solanum melongena var. depressum L.
  • Solanum melongena var. esculentum (Dunal) Nees
  • Solanum melongena var. serpentinum L.[3]

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  30554
NCBI  4081
EOL  581188
GRIN  t:101312
IPNI  77909-3
TPL  tro-29600121

Баклажан[4] (Solanum melongena) — агароднінная расліна сямейства паслёнавых.

Шматгадовая (у культуры аднагадовая) расліна з круглым зялёным або фіялетавым сцяблом, часам укрытым камячкамі або рэдкімі калючкамі. Вышыня ад 20 см да 1 м. Лісце простае, авальнае, зялёнае з фіялетавым адценнем. Кветкі фіялетавыя, пазушныя, адзіночныя або ў гронках. Плады — ягады, грушападобныя, круглыя або цыліндрычныя, фіялетавыя, жоўтыя з карычневымі палосамі, зялёныя, белыя; завязваюцца ў месцах разгалінавання. Каранёвая сістэма дрэнна прыжываецца, але вельмі развітая.

Плады ў фазе тэхнічнай спеласці маюць у сабе 6—11 % сухога рэчыва, 2,5—4 % цукроў з перавагай глюкозы, 0,1—0,4 % алеяў, 0,6—1,4 % бялкоў, 1—2 % клятчаткі, 0,5 % пекцінавых рэчываў, а таксама тыямін (B1), нікацінавую кіслату (вітамін PP), руцін (вітамін P), аскарбінавую кіслату (вітамін C). Асабліва каштоўныя тым, што маюць у сабе солі фосфару, кальцыю, магнію, жалеза і іншых элементаў, важных для арганізма чалавека. Гаркату баклажану надае саланін, колькасць якога павялічваецца пры паспяванні.

Распаўсюджанне

[правіць | правіць зыходнік]

Цепла- і вільгацелюбівая расліна. Дзікарослы баклажан вядомы ў Індыі, дзе ўведзены ў культуру да нашай эры. У Еўропе разводзілі пераважна як лекавую расліну, з XVIII ст. спажываюць у ежу. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках; на Беларусі найбольш у паўднёвых раёнах.

Плады спажываюць смажаныя, сушаныя, салёныя, з іх гатуюць соўсы. Са свежых баклажанаў у тэхнічнай спеласці робяць ікру, іх фаршыруюць.

Спажыванне баклажанаў зніжае колькасць халестэрыну ў крыві, стымулюе халестэрымавы абмен унутры печані. Такі ж эфект дае парашок з пладоў. Сок з вараных і сырых пладоў, парашок з лісця маюць антыбіятычныя ўласцівасці і дапамагаюць пры падагры і атэрасклерозе.[5]

Баклажан святло-, вільгаце- і цеплалюбівы. Ад рэзкіх ваганняў тэмпературы і недахопу вільгаці ў глебе затрымліваецца рост, ападаюць бутоны, кветкі і завязь, прыпыняецца плоданашэнне, павялічваюцца гарката і выродлівасць. Глеба павінна быць урадлівая, добра дрэнажаваная, слабакіслая або нейтральная. Лепшыя папярэднікі — капуста і агурок.

Баклажаны вырошчваюць расадным спосабам. Насенне прарастае пры тэмпературы 25—30 °C, такая ж тэмпература неабходна для росту і развіцця расліны ў маладым узросце. Расаду высаджваюць у грунт ва ўзросце 50—60 дзён на адлегласці 70 см па 2 расліны ў гняздо. Паліванні праводзяць 8—10 разоў за вегетацыю. У перыяд цвіцення расліны падкормліваюць вадкімі ўгнаеннямі. Калі расліна дасягае вышыні 25—30 см, у яе адшчыпваюць верхавінкавыя пункты росту, што спрыяе лепшаму галінаванню, і пакідаюць 3—4 бакавыя парасткі. Пры паліванмі неабходна кіравацца прынцыпам «лепш менш, але часцей». Каб атрымаць буйныя плады, пакідаюць іх на расліне 5—6. Астатнія кветкі абрываюць. Убіраюць плады, калі яны пачынаюць бурэць. Іх зразаюць з пладаножкай даўжынёй 2—3 см. Калі спазніцца з уборкай, плады грубеюць і горкнуць.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Solanum melongena на сайте The Plant List
  4. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 123. — 160 с. — 2 350 экз.
  5. Энцыклапедыя сельскага гаспадара. Мн., 1993.