Перайсьці да зьместу

Вікіпэдыя:Нэўтральны пункт гледжаньня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Скарачэньне:
ВП:НПГ

Нэўтральны пункт гледжаньня (НПГ) — адзін з фундамэнтальных прынцыпаў фундацыі Вікімэдыя і кутні камень Вікіпэдыі. Усе яе артыкулы і іншы энцыкляпэдычны зьмест павінны стварацца з нэўтральнага пункту гледжаньня, аб’ектыўна і непрадузята прадстаўляючы ўсе значныя меркаваньні, наколькі магчыма, без прыняцьця аднаго зь іх, надрукаваныя ў вартых даверу крыніцах. Паводле Джымі Ўэйлза, гэты прынцып зьяўляецца абсалютным і безапэляцыйным[a].

Нэўтральны пункт гледжаньня — адно з трох асноўных правілаў стварэньня артыкулаў Вікіпэдыі. Іншыя два — гэта Магчымасьць праверкі і Недапушчальнасьць арыгінальных дасьледаваньняў. Разам гэтыя тры правілы вызначаюць прымальныя для артыкулаў Вікіпэдыі тып і якасьць матэрыялаў. Яны дапаўняюць адно аднаго, таму ня могуць разглядацца паасобку, і ўдзельнікам варта азнаёміцца з кожным зь іх. Прынцыпы, на якіх будуюцца гэтыя правілы, нельга парушаць іншымі правіламі або дамоўленасьцю ўдзельнікаў. Матэрыял на старонках гэтых правілаў можа рэдагавацца толькі ў мэтах ўдакладненьня і паляпшэньня разуменьня гэтых прынцыпаў.

Тлумачэньне нэўтральнага пункту гледжаньня

[рэдагаваць крыніцу]

Нэўтральны пункт гледжаньня

[рэдагаваць крыніцу]

Нэўтральны пункт гледжаньня па пэўнай тэме ўлічвае рознабаковыя меркаваньні, якія могуць быць спраўджаныя ў надзейных крыніцах. Правіла патрабуе, каб у выпадку наяўнасьці канфліктных ці проста некалькіх адрозных меркаваньняў кожнае зь іх было прадстаўленае справядліва. Ніводнаму зь меркаваньняў нельга надаваць большую вагу або падаваць як абсалютную «ісьціну». Неабходна імкнуцца, каб усе значныя апублікаваныя меркаваньні былі даступныя чытачу. Гэтак жа сама нельга падаваць самае папулярнае меркаваньне або свайго роду кампазыцыю зь меркаваньняў як правільнае, а іншыя прыніжаць. Чытач павінен мець магчымасьць сам зрабіць высновы.

Нэўтральны пункт гледжаньня ня можа сымпатызаваць альбо станавіцца ў апазыцыю да тэмы, якую ён апісвае: ён ані падтрымлівае, ані асуджае разнастайныя меркаваньні па гэтай тэме. Але як вынікае з назвы, нэўтральны пункт гледжаньня ўсё ж зьяўляецца пунктам гледжаньня, а не ягонай адсутнасьцю. Зьмест артыкула мусіць пэўна апісваць, прадстаўляць і характарызаваць меркаваньні ў межах тэмы, але без схіленьня ў бок таго ці іншага зь іх. Артыкулы мусяць прыводзіць абгрунтаваньні хто якім чынам мяркуе і чаму, а таксама які з пунктаў гледжаньня зьяўляецца найбольш пашыраным. Пры ўсім гэтым выдаленьне зьместу артыкула з спасылкай на тое, што ён не зьяўляецца нэўтральным, не падпадае пад дзеяньне гэтага правіла.

Перадузятасьць

[рэдагаваць крыніцу]

НПГ патрабуе, каб меркаваньні былі прадстаўленыя непрадузята. Усе аўтары і крыніцы маюць нейкую ступень суб’ектыўнасьці (іншымі словамі, усе аўтары і крыніцы маюць пэўны пункт гледжаньня) — для нас важна скамбінаваць іх разам так, каб стварыць нэўтральны артыкул. Аб’ектыўным выкладаньнем можна лічыць шчырае, аналітычнае апісаньне ўсіх значных меркаваньняў па тэме, уключна зь іхнімі доказамі й абгрунтаваньнямі. Калі заўважаны перакос у бок пэўнага пункту гледжаньня, артыкул мусіць быць выпраўлены[b].

Простыя фармулёўкі

[рэдагаваць крыніцу]

Прыводзьце факты, у тым ліку і факты пра погляды, але не станавіцеся на бок саміх поглядаў. Пад «фактам» разумеецца «пэўная інфармацыя, якая не выклікае сур’ёзных спрэчак». Напрыклад, тое, што існуе плянэта Марс — гэта факт. Што Плятон быў філёзафам — таксама факт. Нікому ня прыйдзе ў галаву гэта аспрэчваць. Таму мы можам прыводзіць колькі заўгодна падобных фактаў.

Пад ацэнкай ці меркаваньнем, зь іншага боку, разумеецца «прадмет, які ёсьць аб’ектам спрэчак». Існуе даволі шмат выказваньняў, якія зьяўляюцца ацэнкамі ці меркаваньнямі. Што красьці кепска — гэта ацэнка. Што «The Beatles» былі найвялікшым гуртом усіх часоў — гэта меркаваньне. Што ЗША ёсьць адзінай краінай у сьвеце, якая выкарыстала ядзерную зброю ў вайсковых мэтах — факт. Ці варта было ЗША скідаць ядзерныя бомбы на Хірасіму й Нагасакі альбо трэба было ўстрымацца ад гэтага — ацэнка, меркаваньне. Не заўсёды, аднак, зразумела, ці павінна пэўная дыскусія ўспрымацца сур’ёзна і дадавацца ў артыкул, могуць быць гранічныя выпадкі[b].

Прыводзячы меркаваньне, трэба адносіць да яго аўтара і, пры неабходнасьці, зьвяртаць увагу на той факт, што гэтае меркаваньне мае тая ці іншая крыніца альбо чалавек. Напрыклад, замест сьцьверджаньня «The Beatles былі найвялікшым гуртом ўсіх часоў», лепш спаслацца на аўтара гэтага меркаваньня, напрыклад: «Паводле часопісу Rolling Stone, The Beatles былі найвялікшым гуртом усіх часоў», і ўставіць спасылку на крыніцу, дзе яно ўтрымліваецца. Можна зьмясьціць і сьцьверджаньне «Большасьць жыхароў Лівэрпулу лічаць, што The Beatles былі найвялікшым гуртом усіх часоў» у тым выпадку, калі пазначаецца спасылка на вынікі адпаведнага апытаньня. Гэтаксама сьцьверджаньне «шмат якія песьні The Beatles увайшлі ў гіт-парады Вялікабрытаніі» таксама можа лёгка быць пацьверджана фактамі. У выказваньні «Бітлз — найлепшы гурт у сьвеце» мы дадаем уласную думку; у перафразаваных фармулёўках мы падмацоўваем той факт, што існуюць такія меркаваньні, спасылкамі на надзейныя крыніцы.

Недастаткова, аднак, абгрунтоўваць меркаваньне выразамі кшталту «некаторыя лічаць ...», што называецца «спасылацца на масы»[c]. Надзейная крыніца, якая сьцьвярджае, што пэўная група мае нейкае меркаваньне, мусіць утрымліваць зьвесткі пра тое, колькі дакладна людзей так лічаць, ці якая катэгорыя людзей так лічыць. Акрамя таго, звычайна паўстаюць пытаньні адносна таго, як варта трактаваць падобныя выказваньні. Каб праўдзіва прадставіць усе пераважныя погляды на прадмет спрэчкі, часам неабходна зьвярнуць увагу на тлумачэньне пэўнай думкі, ці прывесьці розныя яе фармулёўкі, адносячы іх да пэўнай групы.

Збалянсаваны выбар крыніцаў таксама зьяўляецца важным аспэктам пры стварэньні нэўтральных артыкулаў. Прыводзячы факты, на якіх грунтуецца пэўнае меркаваньне, неабходна прывесьці і факты, на якіх грунтуюцца іншыя меркаваньні, каб чытач мог уласна ацаніць праўдападобнасьць усіх канкурыруючых пунктаў гледжаньня. Рабіць гэта трэба без намёкаў на тое, якое зь меркаваньняў «больш слушнае». Таксама важна пазначыць, хто мае тыя ці іншыя пункты гледжаньня, і прывесьці пашыраныя цытаты, якія іх раскрываюць.

Глядзіце таксама #Няхай факты гавораць самі за сябе ў гэтым артыкуле.

Дасягненьне нэўтральнасьці

[рэдагаваць крыніцу]

Найменьне артыкулаў

[рэдагаваць крыніцу]

Усякі артыкул Вікіпэдыі мусіць мець дакладную і адметную назву[d]. Назвы артыкулаў таксама павінны адпавядаць правілу нэўтральнасьці. Калі існуюць розныя варыянты назваў артыкула, гэтыя погляды павінны быць раскрытыя ў зьмесьце артыкула і падмацаваныя спасылкамі з надзейных крыніцаў. Ні ў якім іншым выпадку альтэрнатыўныя назвы артыкула не павінны ўжывацца рэдактарамі Вікіпэдыі дзеля вырашэньня спрэчак, якія тычацца розных пунктаў гледжаньня. Ня ёсьць выйсьцем і ўжываньне падвойных назваў ці пералічэньняў у назьве артыкула: Пляскатая Зямля/Круглая Зямля ці Пляскатая Зямля (Круглая Зямля)[e].

Часам ужо сама назва артыкула можа выклікаць спрэчкі ды рознагалосьсі. Асабліва гэта датычыцца апісальных найменьняў, якія прадузята выражаюць стаўленьне да тэмы артыкула. Вельмі важна назваць артыкул нэўтральна, каб гэта задала слушны нэўтральны кірунак усяму артыкулу. Менавіта з гэтай прычыны назвы энцыкляпэдычных артыкулаў мусяць мець найвышэйшую ступень нэўтральнасьці. Назва можа абагульняць матэрыял артыкула з дапамогай менш экспрэсіўных словаў або ахопліваць больш шырокую тэму, каб падкрэсьліць нэўтральнае стаўленьне да тэмы апавяданьня, напрыклад, «Стаўленьне грамадзтва да наркотыкаў» замест «Крытыка наркотыкаў». Нэўтральныя назвы заахвочваюць да ўдзелу людзей з рознымі пунктамі гледжаньня, а таксама вымушаюць да больш адказнага падыходу пры напісаньні артыкула.

Ужываньне ўласных імён у назвах артыкулаў таксама можа выклікаць спрэчкі вакол слушнасьці выбару таго ці іншага варыянту. У такім разе варта спыніцца на найбольш ужыванай назьве, якая выкарыстоўваецца ў крыніцах, вартых даверу.

Структура артыкулаў

[рэдагаваць крыніцу]

У некаторых выпадках таксама варта зьвяртаць увагу на ўнутраную пабудову артыкула. Не існуе адмысловых абмежаваньняў што да ягонай структуры, але часам прытрымлівацца пэўнае пабудовы артыкула варта, каб пазьбегнуць перакосу ў бок аднаго пункту гледжаньня і празьмернае вагі.

Пры стварэньні нэўтральнага артыкула трэба пазьбягаць:

  • вылучэньня тэксту ці іншага зьместу ў асобныя блёкі ці сэкцыі, створаныя толькі паводле пэўнага пункту гледжаньня[f];
  • аздабленьня артыкула, загалоўкаў, зносак ці іншых элемэнтаў артыкула «на карысьць» пэўнага пункта гледжаньня;
  • выкарыстаньня іншых структурных альбо стылёвых аспэктаў, што ўскладняюць незаангажаванаму чытачу праўдзіва і адэкватна ўспрымаць надзейнасьць і аўтарытэтнасьць усіх выкладзеных меркаваньняў[g].

Празьмерная вага

[рэдагаваць крыніцу]

Нэўтральнасьць патрабуе, каб ў артыкуле былі прапарцыянальна прэзэнтаваныя ўсе значныя пункты гледжаньня, апублікаваныя ў надзейных крыніцах. Аднак, пры іх апісаньні, нельга надаваць менш пашыраным зь іх больш ці столькі ж увагі, колькі і больш пашыраным. Пункты гледжаньня, якія карыстаюцца мізэрнай папулярнасьцю, увогуле ня варта ўлічваць у артыкулах, за выключэньнем артыкулаў, якія менавіта ім і прысьвечаны. Напрыклад, артыкул пра Зямлю ня ўзгадвае пра сучасную падтрымку тэорыі «пляскатай Зямлі» з прычыны нізкай пашыранасьці гэтага меркаваньня.

Вікіпэдыя павінна прадстаўляць пэўныя погляды прапарцыянальна іх пашыранасьці ў надзейных крыніцах па тэме, і гэта тычыцца ня толькі самога тэксту, але й выяваў, вонкавых спасылак, катэгорыяў і іншага матэрыялу. Заўважце, што празьмерная вага пэўнаму аспэкту ці меркаваньню па тэме можа быць нададзеная рознымі шляхамі, уключна, але не абмежавана, глыбінёй дэталізацыі, аб’ёмам тэксту, пазыцыяніраваньнем у тэксьце артыкула, а таксама чароднасьцю.

Рэдкія, не пашыраныя меркаваньні могуць быць прадстаўленыя ў артыкулах, што адмыслова ім прысьвечаныя. Але гэтыя артыкулы не павінныя выглядаць спробай стварыць паралельны погляд на прадмет, адрозны ад погляду большасьці, і ў гэтым выпадку варта падаць спасылкі на артыкул, што зьмяшчае найбольш пашыраныя пункты гледжаньня па дадзенай тэматыцы.

Паводле Джымі Ўэйлза, перафразавана з гэтага запісу ў верасьні 2003:
  • Калі пункт гледжаньня найбольш пашыраны, гэта павінна лёгка спраўджвацца спасылкамі на даступныя крыніцы;
  • Калі пункт гледжаньня пашыраны меней, не павінна выклікаць цяжкасьці назваць яго вядомых прадстаўнікоў;
  • Калі пункт гледжаньня падтрыманы вельмі нязначнай меншасьцю, ён не павінен адлюстроўвацца ў Вікіпэдыі, незалежна ад таго, ці праўда гэта, ці можаце вы яго спраўдзіць, за выняткам хіба што зьмяшчэньня ў дапаможным артыкуле.

Такім чынам, калі вы можаце даказаць нешта, што мае вельмі абмежаваную падтрымку ці ня мае прыхільнікаў увогуле, дык у Вікіпэдыі гэтаму няма месца. Калі ж гэты доказ быў абмеркаваны і зьмешчаны дзе-небудзь яшчэ, можна падаць на яго спасылку (глядзіце: Вікіпэдыя:Недапушчальнасьць арыгінальных дасьледаваньняў і Вікіпэдыя:Магчымасьць праверкі).

Не забывайцеся, што вызначаючы вагу таго ці іншага пункту гледжаньня, мы прытрымліваемся пашыранасьці гэтых поглядаў у надзейных крыніцах, а не між удзельнікаў Вікіпэдыі.

Неабходны складнік: добрае дасьледаваньне

[рэдагаваць крыніцу]

Непаразуменьняў у поглядах на нэўтральнасьць можна пазьбегнуць дзякуючы практыцы дакладных і непрадузятых дасьледаваньняў усіх магчымых аўтарытэтных крыніцаў. Гэта могуць быць кнігі ў бібліятэцы, артыкулы ў часопісах, а таксама адпаведныя вэб-рэсурсы. Невялічкая чарнавая праца можа зьберагчы шмат часу пры магчымых пазьнейшых абмеркаваньнях.

НПГ узважвае існуючыя пункты гледжаньня суадносна зь іхнай пашыранасьцю. Аднак, калі аўтарытэтныя крыніцы супярэчаць адна адной, і прыблізна аднолькава прадстаўлены, задачаю нэўтральнасьці ёсьць збалянсаванае зьмяшчэньне канкурыруючых поглядаў на старонцы артыкула. Для гэтага неабходна апісаць супрацьлеглыя меркаваньні ў адпаведнасьці з рэспэктабэльнасьцю крыніцаў, аддаючы перавагу такім зь іх, якія прывялі найбольш збалянсаваны падыход у апісаньні існуючых спрэчных поглядаў.

Бесстароньняе апавяданьне

[рэдагаваць крыніцу]

Вікіпэдыя апісвае дыскусію і, адпаведна, не ўступае ў дыскусію. Нэўтральнае апісваньне дыскусіі вымагае прэзэнтаваньня розных пунктаў гледжаньня ў непрадузятым стылі. Нават калі артыкул утрымлівае апісаньне ўсіх фактаў па тэме, перадузятасьць можа выражацца ў ім падборкай адмысловых фактаў, іхняй прэзэнтацыяй ці разьмяшчэньнем. Нэўтральныя артыкулы ствараюцца ў стылі, які прадугледжвае непрадузятую, дакладную і прапарцыйную прэзэнтацыю ўсіх прадстаўленых у артыкуле пазыцыяў.

Тон артыкулаў у Вікіпэдыі мусіць быць нэўтральным, такім, што ані сьцьвярджае, ані абвяргае пэўны пункт гледжаньня. Пажадана для гэтага не цытаваць удзельнікаў спрэчкі, а падсумоўваць дыскусію і прэзэнтаваць аргумэнты бакоў у непрадузятым стылі.

Ацэньваючы творчасьць

[рэдагаваць крыніцу]

Выказваньне эстэтычнага захапленьня — асаблівы выпадак. Артыкулы пра мастацтва, мастакоў, і іншыя артыкулы пра творчасьць (напрыклад, пра музыкаў, актораў, кнігі і г. д.) маюць тэндэнцыю да кіданьня ў эмоцыі. Такім праявам ня месца ў энцыкляпэдыі; нехта можа не пагадзіцца, напрыклад, што вось гэты чалавек ёсьць найвялікшым гітарыстам у гісторыі. Але, несумненна, важна адзначыць, як некаторыя творцы ці іхнія творы былі ўспрынятыя публікай альбо мастацтвазнаўцамі. Падаваць рознабаковыя сучасныя ацэнкі мастацкіх твораў пажадана з цытатамі альбо спасылаючыся на вядомых асобаў. Напрыклад, тое, што Шэксьпіра лічаць адным з найвялікшых англамоўных аўтараў, — гэта тое, пра што варта сказаць у энцыкляпэдыі. Грамадзкая і навуковая крытыка творцы ці твора, грунтоўна дасьледаваная і лёгка правяраемая, дапамагае ацаніць тэматыку па заслугах, павялічвае дакладнасьць артыкула; а вось асабістыя думкі асобных удзельнікаў Вікіпэдыі — наадварот.

Спрэчкі вакол нэўтральнасьці і іх разьвязаньне

[рэдагаваць крыніцу]

Нэўтральнасьць і Правяральнасьць

[рэдагаваць крыніцу]

Найбольш частым тыпам спрэчак зьяўляецца выпадак, калі рэдактар заяўляе, што нейкі факт мае спасылку на крыніцу, можа быць спраўджаным, а таму мае права быць зьмешчаным у артыкуле.

У гэтым выпадку важна ўлічваць, што правяральнасьць і нэўтральнасьць зусім розныя паняцьці. Сьцьверджаньне, якое і можа быць спраўджаным, і ўзятае з надзейных крыніц тым ня менш можа: 1. падаваць толькі адно зь некалькіх меркаваньняў; 2. выражацца словамі занадта ўзьнёслымі ці занадта адмоўнымі, чым дапушчальна для нэўтральнага падыходу; 3. рабіць занадта вялікі ці занадта маленькі акцэнт на нейкім факце.

Такім чынам, правяральнасьць і нэўтральнасьць — гэта крытэры, якія павінны ўжывацца ў поўнай меры і незалежна адзін ад аднаго пры стварэньні энцыкляпэдычнага зьместу.

Разгалінаваньне меркаваньняў

[рэдагаваць крыніцу]

Разгалінаваньне меркаваньняў — гэта спроба пазьбегнуць патрабаваньня нэўтральнасьці шляхам стварэньня артыкула па пэўнай тэме, пра якую ўжо распавядаецца ў іншым артыкуле, часьцяком для пазьбяганьня ці наадварот падкрэсьліваньня нэгатыўнага ці пазытыўнага стаўленьня да прадмету выкладаньня. Такія дзеяньні не прымальны. Як правіла ўсе меркаваньні і факты па пэўнай тэме павінны падавацца ў межах аднаго артыкула (пра выключэньні глядзіце асноўны артыкул).

Няхай факты гавораць самі за сябе

[рэдагаваць крыніцу]

Неабходна супрацьстаяць спакусе клеймаваньня і павучэньня — чытачам хутчэй за ўсё не спадабаецца навязваньне пэўнай думкі ці адносінаў да факта. Няхай факты самі гавораць за сябе, і няхай чытачы самі вырашаюць, як да іх ставіцца.

Адносьце сьцьверджаньні да іх аўтараў і прыводзьце доказы

[рэдагаваць крыніцу]

Часам патэнцыяльна перадузятыя сьцьверджаньні могуць быць пададзеныя нэўтральна шляхам прыпісваньня іхнім аўтарам ці шляхам пацьвярджэньня іх фактамі.

Напрыклад, сьцьверджаньне «Майк Коўл зьяўляецца найлепшым хакеістам» хутчэй за ўсё зьяўляецца нечым уласным меркаваньнем. Адзін з шляхоў зрабіць яго падыходзячым для Вікіпэдыі — гэта зьмяніць на сьцьверджаньне кшталту «Хакейнымі здольнасьцямі Майка Коўла захапляюцца такія хакейныя спэцыялісты як Джо Боб і Джэк Прынглз», калі гэта можа быць спраўджана. Ідэя — адносіць сьцьверджаньне да яго аўтара, які лічыцца спэцыялістам у адпаведнай галіне, замест таго, каб наўпрост падаваць гэтае сьцьверджаньне як факт.

Іншы падыход — гэта пацьвердзіць сьцьверджаньне фактамі: «Па выніках сэзонаў НХЛ 2003—2006 гадоў ў Майка Коўла найлепшая выніковасьць». Замест расплывістага слова «найлепшы», гэтае сьцьверджаньне паказвае, у чым жа дадзены гулец пераўзышоў іншых.

Часам прыходзіць спакуса перарабіць перадузятае меркаваньне з выкарыстаньнем няпэўных словаў: «Шмат хто думае, што Майк Коўл зьяўляецца найлепшым хакеістам». Аднак да сьцьверджаньняў такога кшталту відавочна можна апэляваць наступным чынам: «Так, шмат хто так думае, але толькі аматары», «А шмат — гэта колькі?», «Я думаю толькі некаторыя так лічаць».

Праз прыпісваньне сьцьверджаньняў спэцыялістам у нейкай сфэры ці праз аргумэнтацыю фактамі, на якіх сьцьверджаньні грунтуюцца, можна пазьбегнуць спрэчак вакол нэўтральнасьці.

  1. ^ «Тым ня менш, некаторыя рэчы зьяўляюцца абсалютнымі і безапэляцыйнымі, напрыклад, НПГ» ў сьцьверджаньні Джымі Ўэйлза ў лістападзе 2003(анг.)
  2. ^ а б Глядзіце падрабязьней сэкцыю Празьмерная вага ў гэтым артыкуле
  3. ^ Глядзіце таксама Вікіпэдыя:Пазьбягайце няпэўных словаў, Вікіпэдыя:Пазьбягайце ўзьнёслых словаў
  4. ^ Аднак дапускаецца ўжываць перанакіраваньні ў выпадках, калі для тэрміну існуюць розныя бясспрэчныя сынонімы і варыяцыі
  5. ^ Глядзіце таксама: Выбар паміж альтэрнатыўнымі назвамі
  6. ^ Разьдзелы артыкулаў, што апавядаюць пра крытыку, альбо разьдзелы «за і супраць» — найбольш тыповыя прыклады. У такіх выпадках даволі цяжка сысьціся ў паразуменьні, што і ў якім аб’ёме варта туды ўлучаць
  7. ^ Часта прыведзеныя спасылкі выглядаюць больш як «спрэчкі», а зьмест структураваны бы «падсумаваньне вынікаў»