Перайсці да зместу

Вільнюскі ўніверсітэт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вільнюскі ўніверсітэт
літ.: Vilniaus universitetas[1]
Выява лагатыпа
Заснаваны 1579
Рэктар Рымвідас Пятраўскас
Студэнты 23 517[2]
Краіна
Размяшчэнне
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Дружбы народаў
Сайт vu.lt (літ.)(англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Віленскі ўніверсітэт, таксама Вільнюскі ўніверсітэт[4] — найбуйнейшая вышэйшая навучальная ўстанова сучаснай Літоўскай Рэспублікі ў Вільнюсе, адна з найстарэйшых ВНУ Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, буйны навуковы цэнтр.

Універсітэт складаюць 12 факультэтаў, 8 інстытутаў, найстарэйшая ў Літве бібліятэка, 3 універсітэцкія шпіталі, астранамічная абсерваторыя, батанічны сад, вылічальны цэнтр і касцёл Святога Яна.

На 1 студзеня 2005 года ў Вільнюскім універсітэце навучалася 22 618 студэнтаў, з якіх 15 789 на дзённым аддзяленні, 6 829 на завочным і вячэрнім. Універсітэт займае некалькі будынкаў і комплексаў будынкаў у розных раёнах Вільнюса і Каўнаса. У Ансамблі Вільнюскага ўніверсітэта ў гістарычным цэнтры горада месцяцца адміністрацыя, бібліятэка, гістарычны, філалагічны і філасофскі факультэты.

Віленскі езуіцкі калегіум

[правіць | правіць зыходнік]
Віленскі каталіцкі біскуп Валяр’ян Пратасевіч.

На аснове парафіяльнай школы езуіты 27 верасня 1570 года заснавалі ў Вільні калегіум, разлічаны на 160 навучэнцаў. Адзін з галоўных заснавальнікаў езуіцкага калегіума віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч.

Віленская акадэмія

[правіць | правіць зыходнік]

7 ліпеня 1578 года ў Львове Стэфанам Баторыем быў выданы першы прывілей, які надаваў калегіуму такія самыя правы, што мелі акадэміі і ўніверсітэты, але без вялікай або малой пячаткі Вялікага Княства Літоўскага прывілей не меў сілы, у той час вялікай пячаткай распараджаўся канцлер Мікалай Радзівіл Руды, кальвініст па веравызнанні. 1 красавіка 1579 года Стэфанам Баторыем быў выдадзены другі прывілей, згодна з якім езуіцкі калегіум мусіў пераўтварыцца ў акадэмію (лац.: Almae Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu), а кароль і вялікі князь прызначаў дзеля гэтага адпаведныя сродкі. Канцлер зноў адмовіўся прыкладаць вялікую пячатку, але Стэфан Баторый упэўніў, таксама кальвініста, падканцлера Астафія Валовіча прыкласці да прывілея малую пячатку і тым самым надаць яму юрыдычную моц. Ужо 30 кастрычніка 1579 года Папа Рыгор XIII сваёй булай зацвердзіў гэты прывілей.

Мовай выкладання ў акадэміі была лаціна, як тады было прынята ў Еўропе, а выкладчыкі паходзілі з розных частак Рэчы Паспалітай. Першым рэктарам стаў Пётр Скарга. Акадэмія першапачаткова складалася з двух факультэтаў — філасофскага і тэалагічнага. У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў прывілей на заснаванне медыцынскага і юрыдычнага факультэтаў — у тым жа годзе юрыдычны факультэт быў створаны.

У 1735—1737 гадах пасаду рэктара займаў Кароль Бартольд.

Віленская акадэмія была адзінай вышэйшай школай у Вялікім Княстве Літоўскім. Да найбольш вядомых вучоных, звязаных з гэтым перыядам вучэльні, належаць Мацей Сарбеўскі — паэт, які пісаў па-польску і па-лацінску, Войцех Віюк-Каяловіч — гісторык, Марцін Сміглецкі — аўтар папулярнага па ўсёй Еўропе падручніка логікі. Акадэмія была важным цэнтрам контррэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. У XVIII стагоддзі ў акадэміі распрацаваныя правілы літоўскай мовы і ўпершыню распачаты друк на ёй у межах Вялікага Княства Літоўскага. У 1753 годзе адкрытая абсерваторыя, а пры ёй — фізічны і астранамічны факультэты.

У 1773 годзе Ордэн езуітаў быў скасаваны, а акадэмія перайшла ва ўладанне дзяржавы.

Галоўная школа Вялікага княства Літоўскага

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля скасавання Ордэна іезуітаў (1773) Віленская акадэмія ў 1781 ператвараецца ў Галоўную школу Вялікага княства Літоўскага (лац.: Schola Princips Magni Ducatus Lithuaniae) — свецкую вучэльню, рэфармаваную Адукацыйнай камісіяй. Пачынаецца выкладанне па-польску і па-літоўску на некаторых факультэтах — літэратуры і гісторыі Польшчы і Літвы, прыродных і матэматычных навук. Афіцыйна школа па-ранейшаму называецца по-лацінску «Academia et Universitas Vilnensis», толькі без азначэння «Societatis Jesu». Але менавіта ў гэты час яе сталі часцей называць універсітэтам, а не акадэміяй як раней. Гэты перыяд час пэўнага росквіту навучальнай установы, хаця пры нацыянальна-культурным заняпадзе ў ВКЛ школа і была паланізаваная. У той жа час школа мела найлепшы ў Рэчы Паспалітай медыцынскі факультэт, створаны прыехаўшым з Вены Ёганам Петэрам Франкам.

Галоўная віленская школа

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пераіменавая на Галоўную віленскую школу (руск.: Главная виленская школа) і на нейкі час страціла свой былы статус і веліч.

Імператарскі Віленскі ўніверсітэт

[правіць | правіць зыходнік]
Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта і касцёл Св. Янаў (1840-1850-я)

Падпісаным 4 (16) красавіка 1803 года імператарам Расійскай імперыі Аляксандрам I актам Галоўная віленская школа пераўтворана ў Імператарскім Віленскім універсітэтам і робіцца цэнтрам адукацыі для васьмі губерняў — Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Валынскай, Падольскай, Кіеўскай.

Ганаровым апекуном і патронам універсітэта становіцца князь Адам Чартарыйскі. Некаторы час, да паўстання 1830—1831 гг., універсітэт зазнае час росквіту. Да найбольш вядомых вучоных гэтага часу, звязаных з універсітэтам, належаць Ян Снядэцкі, Анджэй Снядэцкі, Іаахім Лялевель, Міхал Ачапоўскі, Сімонас Даўкантас, Іозеф Франк. Вучыліся тут Адам Міцкевіч, Юліуш Славацкі. Колькасць студэнтаў узрасла ад 290 у 1804 да 1321 у 1830. У 1823 годзе вучэльня стала найбуйнейшай у Расіі і Еўропе, пераважаючы па колькасці студэнтаў Оксфардскі ўніверсітэт.

Складаўся з 4 факультэтаў — фізіка-матэматычны, медыцынскі, маральна-палітычны (з багаслоўем), літаратурны з мастацтвамі. Было 32 кафедры, выкладалася 55 прадметаў. Універсітэту належалі: батанічны сад, анатамічны музей, клініка, фізічная і хімічная лабараторыі, бібліятэка на 60000 тамоў.

Тут дзейнічалі тайныя студэнцкія арганізацыі філарэтаў, філаматаў. У 1823 годзе па справе аб прыналежнасці да іх былі арыштаваныя і пасля доўгатэрміновага трымання за кратамі высланыя ў розныя гарады Расіі дзясяткі навучэнцаў, сярод якіх і Адам Міцкевіч. Адам Чартарыйскі быў адхілены ад універсітэта, яго месца заняў Мікалай Навасільцаў (1768—1838). Пасля гэтага паступова ўвадзілася руская мова.

У розны час тут вучыліся літаратар і калекцыянер Аляксандр Жыркевіч (1857—1927), польскі дзяржаўны дзеяч Юзаф Пілсудскі (1867—1935), савецкі дзяржаўны дзеяч Фелікс Дзяржынскі (1877—1926), акцёр Васіль Качалаў (1875—1948), мастак Мсціслаў Дабужынскі (1875—1957), літо��скі кампазітар Канстанцінас Галкаускас (1875—1963), тэарэтык літаратуры Міхаіл Бахцін (1895—1975).

З-за непасрэднай ці ўскоснай падтрымкі шматлікімі студэнтамі і выкладчыкамі паўстання 1831 года рэскрыптам Мікалая I 1 мая 1832 года ўніверсітэт цалкам скасоўваецца. Медыцынскі і тэалагічны факультэты ператвараюцца ў Медыка-хірургічную акадэмію, якая потым перадаецца Кіеўскаму ўніверсітэту Св. Уладзіміра і ў каталіцкую Духоўную акадэмію, з часам пераведзеную ў Санкт-Пецярбург).

З 1855 у будынках універсітэта знаходзіцца Музей старажытнасцей, потым Публічная бібліятэка, архіў, а таксама дзве мужчынскія гімназіі.

Універсітэт Стэфана Баторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Па ўказе Юзафа Пілсудскага ад 28 жніўня 1919 года ў Вільні быў заснаваны ўніверсітэт. 11 кастрычніка 1919 года адбылося ўрачыстае адкрыццё ўніверсітэта Стэфана Баторыя (польск.: Uniwersytet Stefana Batorego w Wilnie) на месцы былога Віленскага ўніверсітэта. Мовай выкладання ў міжваенны перыяд была выключна польская, таму ўніверсітэт успрымаўся як фарпост польскасці на шматэтнічным усходзе Другой Рэчы Паспалітай (т.зв. «Крэсы ўсходнія»)[5]. Універсітэт не быў цэнтральным у Другой Рэчы Паспалітай; найбольш славіўся факультэт польскай філалогіі — менавіта ён даў жыццё паэтычнай групе «Жагарыстаў», да якой належаў і Чэслаў Мілаш. Між тым, некаторыя польскія дзеячы (Балеслаў Ліманоўскі) выступалі за роўную мажлівасць навучэння па-польску, па-беларуску і па-літоўску.

Пасля перадачы восенню 1939 года Вільні Літоўскай Рэспубліцы ўніверсітэт быў на кароткі час літуанізаваны. Яго назва была змененая на Vilniaus Universitetas, а літоўская мова ўпершыню была абвешчана адзінай афіцыйнай мовай выкладання. Аднак літоўскамоўнай прафесуры папросту не хапала, таму нейкі час з універсітэтам па-ранейшаму супрацоўнічалі польскія выкладчыкі, такім чынам польская мова заставалася ва ўжытку. Польскія традыцыі ўніверсітэта Стэфана Баторыя пераняў Торуньскі ўніверсітэт Мікалая Каперніка, які стваралі былыя прафесары з Вільні. Туды ж, у Торунь, трапіла і большасць архіваў міжваеннага часу.

Сучасны ўніверсітэт

[правіць | правіць зыходнік]
Вялікі двор універсітэта сёння
Касцёл Св. Янаў і званніца сёння
Універсітэцкая абсерваторыя
Памятны звон у Вільнюскім універсітэце
Схема галоўных карпусоў Вільнюскага ўніверсітэта

У 1940 годзе Літоўская Рэспубліка была далучаная да СССР, а ўніверсітэт рэфармаваны на ўзор савецкіх вышэйшых школ. Большасць польскіх і літоўскіх прафесараў звольнена. Падчас Другой сусветнай вайны (19431944) быў закрыты. З восені 1944 дзейнічаў як ВНУ савецкага тыпу — Вільнюскі дзяржаўны ўніверсітэт, з 1955 да 1989 імя дзеяча камуністычнага руху Вінцаса Міцкявічуса-Капсукаса. У 1971 Вільнюскі дзяржаўны ўніверсітэт імя В. Капсукаса быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга; у 1979 «за заслугі ў падрыхтоўцы спецыялістаў для народнай гаспадаркі, дасягненні ў галіне навуковых вынаходніцтваў і ў сувязі з 400-годдзем з дня заснавання» — ордэнам Дружбы народаў. Тады ўніверсітэт быў тыповай правінцыйнай савецкай ВНУ. Галоўнай мовай выкладання стала руская, а па-літоўску выкладалася ў асноўным толькі адпаведная філалогія. Аднак паколькі ўніверсітэт меў рэспубліканскі статус, ён павялічыўся да памераў вялікага ўніверсітэта з дастатковай колькасцю факультэтаў, на якіх навучалася больш за 5000 студэнтаў (гэтая лічба ўвесь час павялічвалася).

Вільнюскі ўніверсітэт на 1-літавай памятнай манеце (2004) адбітай ў гонар яго 425-годдзя

Прынятым ў 1990 годзе Статутам універсітэта зацверджана яго аўтаномія, а пасля набыцця Літоўскай Рэспублікай незалежнасці ўніверсітэт ізноў літуанізаваны — вярнуліся парадкі 1939 года з тагачаснай назвай і літоўскай мовай выкладання.

  • Прыродных навук
  • Гісторыі
  • Каўнаскі гуманітарны
  • Камунікацыі
  • Матэматыкі і інфарматыкі
  • Медыцыны
  • Права
  • Фізікі
  • Філалогіі
  • Філасофіі
  • Хіміі
  • Эканомікі
  • Замежных моў
  • Міжнародных зносін і палітычных навук
  • Даследванняў навакольнага асяроддзя
  • Даследванняў рэлігіі
  • Міжнародны цэнтр эканомікі і менеджмента ведаў
Дзверы ў бібліятэку з бронзавымі выявамі першай кнігі на літоўскай мове

Бібліятэка Вільнюскага ўніверсітэта — найстарэйшая і адна з самых буйных у Літве. Гісторыю ўніверсітэцкай бібліятэкі прынята вясці ад бібліятэкі езуіцкага калегіуму, якая па тэстаменце вялікага князя Жыгімонта Аўгуста атрымала пасля яго смерці (7 ліпеня 1572) вялікую колькасць кніг з яго прыватнай бібліяэткі.

У фондах бібліятэкі больш за 5,3 мільёнаў асобнікаў, сярод іх 178.306 выданых у XV — XVIII стст., звыш 250.000 рукапісных дакументаў (найстарэйшыя — з XIII ст.). Такім чынам, бібліятэка Вільнюскага ўніверсітэта з’яўляецца найбуйнейшай бібліятэкай Літоўскай Рэспублікі. У бібліятэцы больш за 27.000 чытачоў.

Ганаровыя доктары

[правіць | правіць зыходнік]
  • Ян Сафарэвіч (1916—1993), дзейны акадэмік Польскай Акадэміі навук, прафесар Кракаўскага Ягелонскага Універсітэта (1979)
  • Здэнэк Чэшка, член-карэспандэнт Акадэміі навук Чэхіі, рэктар Пражскага Карлавага Універсітэта (1979)
  • Вэрнэр Шэлер, прафесар (Германія) (1979)
  • Валдас Вальдэмарас Адамкус, адміністратар Агенцтва абароны навакольнага асяроддзя ЗША па пятым рэгіёне (1989)
  • Чэслаў Олех, дырэктар Міжнароднага матэматычнага цэнтра Стэфана Банаха, дзейны акадэмік Польскай Акадэміі навук, прафесар Варшаўскага Універсітэта (1989)
  • Хрысціян Вінтор, прафесар універсітэта Франкфурта-на-Майне (Германія) (1989)
  • Марцінас Ічас, прафесар, універсітэт Нью-Ёрка (1992)
  • Уладзімір Тапароў, прафесар, Інстытут славяназнаўстава і балканістыкі Расійскай Акадэміі Навук (1994)
  • Вацлаў Гавел, прэзідэнт Чэхіі (1996)
  • Юліюш Бардах, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта (1997)
  • Збігнеў Бжазінскі, урадавы прафесар (ЗША) (1998)
  • Эдуард Любімскі, прафесар Маскоўскага Дзяржаўнага Універсітэта (2000)
  • Юрый Сцяпанаў, прафесар, Расійская Акадэмія Навук (2002)
  • Аляксандр Кваснеўскі, Прэзідэнт Польшчы (2005)
  • Ігар Новікаў, расійскі астраном, дырэктар Інстытута тэарэтычнай астрафізікі ў Капенгагене (2005)
  • Уладзімір Скулачоў, расійскі біяхімік, акадэмік Расійскай Акадэміі Навук, дырэктар Інстытута фізіка-хімічнай біялогіі ў Маскве (2005)
  • Васіліяс Скоўрыс, кіраўнік Суда правасуддзя Еўрапейскіх суполак (2005)
  • П’етра Умберта Дыні, італьянскі балтыст, прафесар Пізанскага ўніверсітэта (2005)

Вядомыя выпускнікі

[правіць | правіць зыходнік]
  1. https://web.archive.org/web/20200923154928/https://www.lmba.lt/apie-lmba/nariai
  2. https://www.vu.lt/en/about-vu/facts-and-figures
  3. Directory of Open Access Journals — 2003.
  4. Варянты напісання ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Т.4., Мн., 1997, С.168 і 176, Напісанне Віленскі ўніверсітэт у БЭ прыярытэтнае.
  5. A. Srebrakowski, Uniwersytet Stefana Batorego w Wilnie 1919—1939 Архівавана 16 ліпеня 2020., Aleksander Srebrakowski, Litwa i Litwini na USB Архівавана 16 ліпеня 2020., Aleksander Srebrakowski, Białoruś i Białorusini na Uniwersytecie Stefana Batorego w Wilnie Архівавана 16 ліпеня 2020.
  • Kviečia Vilniaus universitetas 2006. Vilniaus universiteto leidykla, 2005
  • Z dziejów Almae Matris Vilnensis. Księge pamiętkowa ku czei 400 lecia założenia i 75 lecia wskrzesienia Uniwersitetu Wilenskiego. Kraków: 1996.