Езуіты
Езуіты (ад лац. Jesus — Езус, Ісус) — манахі каталіцкага манаскага «Таварыства Езуса» (Societas Jesu), заснаванага ў 1534 годзе іспанскім дваранінам Ігнатам Лаёлам і зацверджанага ў 1540 годзе папай Паўлам III. Пачатковай мэтай стварэння Ордэна езуітаў была барацьба з Рэфармацыяй і ерасямі, распаўсюджванне веры Хрыстовай праз выхаванне моладзі. Арганізацыя яго грунтавалася на прынцыпах адзінаначалля (кіраўнік Ордэна называўся генералам), строгага цэнтралізму, безумоўнага падпарадкавання і жалезнай дысцыпліны. Слоўная пропаведзь спалучалася з дабрачыннай дзейнасцю: наладжваннем прытулкаў для сіротаў, бясплатных сталовак і г.д.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У аснову дзейнасці ордэна была пакладзена тэорыя прабабілізму (праўдападабенства), распрацаваная ў XVII стагоддзі ідэолагамі ордэна Г. Бузенбаўмам і Лігуэрам. Сутнасць гэтай тэорыі заключалась ў тым, што любому грахоўнаму, амаральнаму ўчынку (ашуканству, згвалтаванню, здрадзе і г. д.) можна было, атрымаўшы дазвол ад Бога праз свайго духоўнага кіраўніка па ордэну, надаць дабрадзейны сэнс. Адсюль і дэвіз — «Мэта апраўдвае сродкі», і тыя дзеянні, учынкі, якія выклікалі абурэнне грамадскасці і прывялі да патрабаванняў забароны дзейнасці ордэна езуітаў у еўрапейскіх краінах.
Адным з асноўных спосабаў дасягнення сваіх мэтаў Ордэн лічыў выхаванне моладзі ў духу пабожнасці і веры праз сетку калегіумаў і акадэмій. Езуіцкія школы былі аднымі з найлепшых у Еўропе. Там, як правіла, вучыліся дзеці багатых і знакамітых людзей, якіх вабіла высокая якасць выкладання, новая і мэтазгодная арганізацыя школьнае справы. Езуіты першымі падзялілі ўсю масу навучэнцаў на класы (паводле ступені падрыхтоўкі) і распрацавалі праграмы паслядоўнага вывучэння прадметаў. Яны стварылі цудоўныя школьныя будынкі, увялі добрае абсталяванне навучальнымі дапаможнікамі, умела чаргавалі заняткі з адпачынкам, пазбягаючы ператамлення навучэнцаў, вялікую ўвагу звярталі на фізічнае развіццё. Асновай выкладання ў езуіцкіх калегіумах і акадэміях былі гуманітарныя навукі, перадусім класічныя мовы, філасофія і «вянец навук» — тэалогія. Праграмы навучання, складзеныя ў 1584 годзе, у часы генерала К. Аквавівы, былі тады аднымі з найлепшых і не пераглядаліся аж да сярэдзіны XVIII стагоддзя.
Высокі ўзровень навучання і перадавая методыка выкладання прынеслі вялікую папулярнасць езуітам. Шматлікія ахвяраванні бацькоў і дабрадзеяў зрабілі Ордэн адным з найбуйнейшых уладальнікаў у Еўропе. Ва ўмовах росту рацыяналізму і секулярызацыі мыслення яго маёмасць стала прывабным «кавалкам» для шмат якіх заходнееўрапейскіх манархаў. У 1759 годзе дзейнасць ордэна была забаронена ў Партугаліі, у 1764 годзе — у Францыі, у 1767 годзе — у Іспаніі, і на Сіцыліі[8]. Было вядома, што Папа Клімент XIII збіраецца 3 лютага 1769 года аб’явіць рашэнне аб роспуску ордэна езуітаў, але ў ноч перад гэтым ён раптоўна памёр. Папа Клімент XIV, нягледзячы на актыўныя захады з боку езуітаў пераканаць новага Папу ў адсутнасці сур’ёзных падстаў для такога рашэння усё ж падпісаў 21 ліпеня 1773 года булу аб забароне дзейнасці «Таварыства Ісуса». У Беларусі ён праіснаваў да 1820 года (рэзідэнцыя генерала была ў Полацку), да забароны яго расійскім урадам.
Паля вяртання ў Рым Папы Пія VII з-пад французскага арышту, ён адразу выдаў булу аб аднаўленні дзейнасці ордэна езуітаў.
У цяперашнім часе Ордэн езуітаў дзейнічае ў Злучаных Штатах Амерыкі, Іспаніі, Партугаліі і некаторых іншых краінах.
На Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Беларусі езуіты з’явіліся ў Вільні ў 1569 годзе; у 1570 годзе быў закладзены Віленскі езуіцкі калегіум, пераўтвораны ў 1579 годзе ў акадэмію (універсітэт). У 1581 годзе быў адчынены калегіум у Полацку, у 1584 годзе — у Нясвіжы. Да сярэдзіны XVII стагоддзя езуіты стварылі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага шырокую сетку навучальных устаноў і амаль поўнасцю засяродзілі ў сваіх руках сярэднюю і вышэйшую адукацыю. З езуіцкіх школаў выйшаў шэраг знакамітых вучоных, грамадскіх дзеячаў і пісьменнікаў. Дзякуючы ім у Беларусі да 1820 года існавала развітая сістэма еўрапейскай адукацыі (каля 10 вышэйшых гуманітарных школаў, з іх дзве акадэміі і 7 гімназіяў), якая была адхіленая пасля далучэння Беларусі да Расіі.
У гады першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) члены «Таварыства Ісуса» ў гэты час валодалі 550 тыс. гектараў зямлі і 47 610 сялянамі[9].
У Расіі
[правіць | правіць зыходнік]Пранікненне езуітаў у Маскоўскую дзяржаву пачалося пры Іване Грозным[10]. У 1719 годзе указам імператара Пятра I дзейнасць езуітаў на тэрыторыі імперыі была забаронена. Прадпісвалася «всех иезуитов с их служителями выслать немедленно изо всех городов и земель Российских»[11]. Пасля 1779 года Расія была адзінай дзяржавай, на тэрыторыі якой була Папы Клімента XIV не мела моцы. Разам з тым, адносіны Кацярыны II да езуітаў былі даволі няпростымі. У «Наказе генера-губернаторам Псковской и Могилевской губерний об организации управления в присоединенных от Польши землях» яна падкрэслівала: «Вы за сими наипаче недреманно смотреть имеете, яко за коварнейшими из всех прочих латинских орденов…». У 1775 годзе, яна напіша пра езуітаў наступнае: «Надо сознаться, что эти мошенники — отличные люди. Нигде еще не смогли устроить что-нибудь подобное их школам…»[12]. А падчас наведвання ў 1780 годзе Полацка яна запіша ў свой дзённік: "Я была у них нынче утром, слушала «Тебе Бога хвалим» и посетила их дома. Там полное веселие. Вчера, въезжая сюда, я была поражена великолепием их представительности. Все остальные католические ордена свиньи в сравнении с ними. Одно только, что эти люди не пляшут. К нам они пожаловали изо всех стран. Ей-ей покладные люди[13]. Пасля 1780 года, калі езуіты атрымалі афіцыйны дазвол на права навіцыяту (прыёму ў ордэн новых членаў) і абранне генерала ордэна, яго роля паступова ўзрастае, а цэнтрам збору езуітаў свету становіцца Полацк.
На мяжы стагоддзяў езуіты робяць спробу пашырыць свой уплыў на ўсю Расійскую імперыю. Былі створаны навучальныя ўстановы у Астрахані, Адэсе, Рызе, таварыствы ў Казані, Маскве, Варонежы, Тамбове, Саратаве, Харкаве і іншых гарадах. Ордэн рабіў спробы перанесці цэнтр сваёй дзейнасці ў Санкт-Пецярбург: у красавіку 1801 года — адкрываецца езуіцкае вучылішча, а ў 1803 годзе — калегіум (інстытут)[14], рэктарам якога прызначаецца былы прафесар Полацкага калегіума, генерал ордэна з 1802 года Г. Грубер. Пажар 1805 года, у вогнішчы якога загінула не толькі рэзідэнцыя езуітаў, але і сам Г. Грубер, знізіў магчымасць пашырэння ўплыву ордэна ў сталіцы.
Пасля вяртання Папы Пія VII у Рым і аднаўлення ордэна езуітаў, ён страчвае ролю сродка па ўмацаванні манархічнага ладу ў Расійскай імперыі. У 1815 годзе езуіты былі абвінавачаны ў росце даўгоў, і ім было забаронена ў далейшым наведваць Маскву і Санкт-Пецярбург і загадага, «…снабдя на дорогу теплой одеждою, расадить по саням, и под надзором полиции отправить в Полоцк»[15]. Адначасова былі зачынены пецярбургскія ўстановы езуітаў. У 1817 годзе кіраўнікі ўсіх езуіцкіх навучальных устаноў, якія падпарадкоўваліся акадэміі, як і рэктар самой акадэміі, былі абвінавачаны (і не без падстаў) Міністэрствам духоўных спраў і народнай адукацыі ў тым, што выкладчыкі падчас вучэбнага працэсу імкнуцца пераканаць юнакоў праваслаўнай і іншых веравызнанняў прыняць каталіцтва. Як вынік — чарговы ўказ Аляксандра I, у адпаведнасці з якім бацькі юнакоў іншых веравызнанняў, акрамя каталіцкага, былі вымушаны ў чэрвені—ліпені гэтага ж году забраць сваіх дзяцей. У 11 езуіцкіх навучальных установах імперыі такіх дзяцей аказалася 160 чал., у т. л. Полацкай акадэміі — 3, у Полацкім вучылішчы — 7, у Магілёўскім — 10, у Адэскім — 31, у Астраханскім — 13, у Віцебскім — 6, у Раманаўскім — 12[16].
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнасць ордэна прыцягнула скрайнія ацэнкі. Станоўчыя сцвярджаюць, што наватарскія, энергічныя дзеянні Ордэна сталі сапраўдным выратаваннем для каталіцкай царквы ў час надзвычай небяспечнага для яе крызісу 1-й палове XVI ст. і ў час пазнейшай царкоўнай рэформы; наватарскія падыходы езуітаў да адукацыі і да дактрынальных пытанняў заклалі падмурак для далейшай дзейнасці ўсяе Каталіцкае царквы[17]. Адмоўныя асноўваюцца на нетыповай для каталіцкіх ордэнаў таямнічасці «Таварыста Ісуса», яго магутнасці і сталым, маштабным умяшанні ў свецкія справы; паведамляецца, што слова «езуіт» стала назоўным і сімвалізуе ва ўсіх еўрапейскіх мовах крывадушнасць, падступнасць, хітрасць[18]. Езуітам таксама прыпісваюць следаванне прынцыпу «мэта апраўдвае сродкі»[19].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ https://www.odis.be/lnk/OR_997
- ↑ Brûlart de Sillery, Noël, Brulart de Sillery, Noël, Sillery, Noël Brulart de // Répertoire du patrimoine culturel du Québec - Fiche de l'élément Праверана 23 снежня 2018.
- ↑ http://www.archiefbank.be/dlnk/AE_9838
- ↑ http://www.archiefbank.be/dlnk/AE_9839
- ↑ https://gc36.org/fr/cg36-nouveau-pere-general/
- ↑ https://www.odis.be/lnk/OR_49146
- ↑ https://www.odis.be/lnk/OR_49279
- ↑ Великович, Л. Н. Черная гвардия Ватикана / Л. Н. Великович. — 2-е изд., доп. — М.: Мысль, 1985. — 271 с., 8 л. ил. — С. 44.
- ↑ Блинова, Т. Б. Иезуиты в Белоруссии / Т. Б. Блинова. — Минск: Беларусь, 1990. — 108,[2] с. — С. 97. — ISBN 5-338-00476-3.
- ↑ Великович, Л. Н. Черная гвардия Ватикана… — С. 41; Шышыгіна-Патоцкая, К. Я. Чорная дама Нясвіжскага замка. — Мінск: Полымя, 1992. — 36 с.: іл. — С. 28. — ISBN 5-345-00684-9.
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 517. — А. 2.
- ↑ Белоруссия в эпоху феодализма: сб. документов и материалов: в 3 т. / АН БССР, Ин-т истории, Архивное управление МВД БССР. Т. 3: Воссоединение Белоруссии с Россией и ее экономическое развитие в конце XVIII — первой половине XIX века (1772—1860). — Минск: Изд-во Академии наук БССР, 1961. — 625 с. — С. 27; Жлутко, А. Езуіты на Беларусі: пошукі праўды // З гісторыяй на «Вы». Вып. II. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 131.
- ↑ Арлоў, У. А. Таямніцы полацкай гісторыі / У. А. Арлоў; Рэд. Э. Н. Гнеўка; Маст. Г. І. Мацур. — Мінск: Беларусь, 1994. — 462,[2] с.: іл. — С. 294.
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 198. — Л. 76.
- ↑ Зорин, Н. Минувшее и настоящее г. Полоцка: Краткий исторический очерк / Н. Зорин. — Полоцк: тип. Х. В. Клячко, 1910. — 36 с. — С. 20; РДГА. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 517. — Л. 4, 7.
- ↑ РДГА. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 198. — Л. 167, 172—174 адв.
- ↑ Леонард Хольц Офм. История христанского монашества. — СПб : Изд-во Святого Креста, 1993. — 424 с. — Leonard Holtz. Geschichte des Christlichen Ordenslebens. Benziger Verlag AG Zuerich, 1986 [2-е выд., дап., 1991]. ISBN 83-228-0214-V С.209—211.
- ↑ Каталіцкі часопіс «Энфармасьён каталік інтэрнасьяналь» паводле паведамлення ў Л. Н. Великович. Чёрная гвардия Ватикана. — 2-е выд., дап. — М. : Мысль, 1985. — 271 с.; 8 л. ил.
- ↑ Іван Саверчанка, Зміцер Санько. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Мінск, 1999
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шайкоў, В. Полацкая езуіцкая акадэмія (1812—1820 гг.) / В. Шайкоў // Беларускі гістарычны часопіс. — 1995. — № 4. — С. 73—82.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Езуіты
- Езуіты ў Беларусі
- Езуіты ў Расіі Архівавана 23 жніўня 2008.
- Езуіты на Украіне