Шахцёр Салігорск
Шахцёр Салігорск | |||||
Поўная назва | Футбольны клюб «Шахцёр Салігорск» | ||||
---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 1961 | ||||
Горад | Салігорск, Беларусь | ||||
Стадыён |
«Будаўнік» Умяшчальнасьць: 4200 | ||||
Дырэктар | Дзьмітры Агееў | ||||
Галоўны трэнэр | |||||
Чэмпіянат | Найвышэйшая ліга | ||||
· 2024 | 16 месца (паніжэньне) | ||||
| |||||
Афіцыйны сайт |
«Шахцёр» — беларускі футбольны клюб з Салігорску, заснаваны ў 1961 годзе.
Трохразовы чэмпіён Беларусі (2005, 2020, 2021), трохразовы ўладальнік Кубка Беларусі (2004, 2014, 2019). «Шахцёр» разам зь менскім «Дынама» й клюбам «Дынама» (Берасьце) зьяўляюцца адзінымі клюбамі краіны, які ніколі не выляталі з Найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі й гулялі ў ёй ад самага стварэньня ў 1992 годзе. Акрамя таго, салігорскі клюб валодае нацыянальным рэкордам паводле колькасьці матчаў без паразаў у хатніх сустрэчах запар, ня зьведваючы паразаў на стадыёне «Будаўнік» са жніўня 2000 году па кастрычнік 2004 году, што склала ў агульным рахунку 60 матчаў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Амаль адразу са стварэньнем працоўнага паселішча Новастаробінск на рэгулярнай аснове праходзілі футбольныя спаборніцтвы сярод працоўных калектываў. Увосень 1961 году была створана зборная паселішча, якая ў першым жа матчы разграміла каманду раённага цэнтру, гораду Старобін, зь лікам 5:0. Пасьля чаго было прынятае рашэньне аб стварэньні клюбу «Шахцёр», які адразу быў заяўлены ў чэмпіянат Менскай вобласьці. У 1964 годзе дзякуючы перамозе на абласным узроўні клюб атрымаў запрашэньне на ўдзел у чэмпіянаце БССР.
У чэмпіянатах БССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Шахцёр» пачаў чэмпіянат у адной з трох зонаў, на якія было разьбітае асноўнае спаборніцтва, аднак заняў у выніку толькі 7 радок з удзелу 8 камандаў. Такім жа чынам паводле выніку склаўся й наступны сэзон для салігорскага клюбу. Чэмпіянат 1966 году зьведаў зьмены ў формуле свайго правядзеньня, каманды былі разьбітыя на дзьве лігі, якія мелі ярусны характар. «Шахцёр» трапіў у ніжэйшую зь лігаў і зноўку заняў сёмы радок, атрымаўшы за сэзон вялікую колькасьць крытыкі з-за якасьці пакрыцьця свайго хатняга стадыёну. На наступны год колькасьць камандаў у другой лізе павялічылася, што дало магчымасьць разьбіць каманды на дзьве падгрупы. Гарнякі добра пачалі сэзон, але збавіўшы звароты напрыканцы, занялі толькі чацьвертае месца ў сваёй падгрупе.
У 1968 годзе сьпіс удзельнікаў другой лігі дапоўніла яшчэ адна каманда з Салігорску — «Гарняк», якая аднак адразу стала адным з аўтсайдэраў турніру, у той час як «Шахцёр» заняў першы радок ня толькі ў сваёй зоне, але й у наступным пераходным турніры, прабіўшыся такім чынам у вышэйшую лігу чэмпіянату БССР. Наступны сэзон у галоўнай лізе рэспублікі стаўся няўдалым, то бок клюб заняў перадапошняе месца й вылецеў у другі дывізіён.
У 1970 годзе ў чэмпіянаце другой лігі БССР удзел узялі ўжо 24 клюбы, таму ўсе каманды былі разьмеркаваны на дзьве зоны. «Шахцёр» і «Гарняк» узялі ўдзел у розных зонах, але абодва калектывы занялі месца ў сярэдзіне турнірнай табліцы сваіх зонаў. На наступны год дзеля падвышэньня вынікаў футболу ў горадзе былі аб’яднаныя абодва салігорскія клюбы ў адзін пад назовам «Шахцёр». У выніку клюб заняў трэці радок у сваёй зоне. Сэзон 1972 году клюб скончыў на 5-м месцы другой зоны. У 1973 годзе клюб зноўку заняў трэцяе месца заходняй зоны, пры гэтым доўгі час «Шахцёр» трымаўся ў групе лідэраў, аднак ня здолеў утрымацца, прапусьціўшы наперад маладэчанскую «Сэлену» і менскую «Арбіту». У 1974 годзе быў скасаваны падзел чэмпіянату БССР на дзьве лігі, то бок усе 30 клюбаў з былых двух лігаў былі падзелены на 3 зоны па 10 клюбаў у кожнай. «Шахцёр» правёў вельмі няўдалы сэзон, не здабыўшы аніводнай перамогі ў сэзоне, і заняў апошняе месца ў сваёй зоне і ў чэмпіянаце агулам. Праз дрэнныя вынікі клюб быў адлучаны ад удзелу ў чэмпіянаце на два гады, правёўшы гэты час у чэмпіянаце Менскай вобласьці. У 1977 годзе салігорцы на год вярнуліся ў чэмпіянат БССР, аднак зноўку вылецелі, заняўшы апошні 11-ы радок у сваёй зоне. Аднак, ужо на сэзон 1979 год клюб зноўку вярнуўся ў чэмпіянат БССР, дзе ў першым сэзоне пасьля вяртаньня калектыў заняў 9-е месца ў сваёй зоне, а праз год — 10-е.
Пасьпяховыя 80-я гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сапраўдны посьпех салігорцаў нападкаў у сэзоне 1981 году, калі «Шахцёр» заняў 2 месца ў сваёй зоне, толькі напрыканцы розыгрышу празь нічыю з «Абутнікам» страціўшы шанец на перамогу ў сваёй зоне. У матчах за бронзавыя мэдалі салігорцы саступілі жодзінскаму «Тарпэда». У 1983 годзе «Шахцёр» заняў 3 месца ў сваёй зоне, а ў 1984 — толькі 8 месца. 1985 год апынуўся для салігорцаў няўдалым у чэмпіянаце, але клюб здабыў спачатку Кубак Менскай вобласьці, а потым і Кубак БССР[2][3], выгуляўшы ў фінале гарадзенскі «Алімп». Свой рэспубліканскі кубкавы посьпех «Шахцёр» паўтарыў на наступны год, гэтым разам перагуляўшы менскі «Спадарожнік» зь лікам 3:0. Кубкавыя посьпехі заклалі падмурак да выступаў у чэмпіянаце, у выніку «Шахцёр» у сэзоне 1987 году фінішаваў другім у сваёй зоне, саступіўшы толькі пункт бабруйскаму «Шыньніку». У матчах за бронзу гульцы саступілі «Абутніку». Прыкметна, што найлепшым бамбардзірам сэзону стаў гарняк Уладзімер Каваленя з 25 галамі на рахунку[2].
Сэзон 1988 году стаў самым пасьпяховым для «Шахцёра» за савецкім часам. Яшчэ ў жніўні футбалісты з гораду Менскае вобласьці здабылі Кубак БССР[2], у безгалявым фінале, толькі ў сэрыі пэнальці, перамогшы сталічны «Спадарожнік»[3][4]. У чэмпіянаце клюб стаў наймацьнейшым у сваёй зоне, у выніку чаго ў лістападзе правёў «залаты» двубой з тым самым «Спадарожнікам». Не зважаючы на перамогу ў хатнім матчы зь лікам 2:0, салігорцы ў матчы ў адказ спадзяваліся на абарону і ўтрыманьне ліку, але атрымалі паразу 1:3. У сэрыі пэнальці менчукі здабылі залатыя мэдалі. У той час у складзе каманды выступаў Эдуард Дземенкавец, які пазьней шмат пагуляе ў чэмпіянатах Беларусі, а таксама возьме ўдзел у першым у гісторыі матчы зборнай Беларусі, які адбыўся ўвосень 1992 году супраць зборнай Украіны. Новы сэзон 1989 годзе ўжо быў падзелены на дзьве групы паводле спартовых вынікаў. «Шахцёр» здабыў бронзавыя мэдалі, прапусьціўшы наперад «Абутнік» і «Спадарожнік». У 1990 годзе ў чарговым розыгрышы чэмпіянату БССР «Шахцёр» заняў другое месца, саступіўшы «Спадарожніку». Акрамя таго, салігорцы ўзялі ўдзел у Кубку прафзьвязаў СССР, дзе спыніліся на паўфінале, дзе прагулялі ўкраінскаму «Маяку» з Ачакава. Апошні сэзон у гісторыі БССР скончыўся для клюбу пятым месцы, а гарняцкі нападнік Генадзь Камінскі здабыў 22 галы на свой рахунак.
Часы незалежнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па стварэньні ўласнага беларускага першынства, якое спачатку атрымала назоў — Першая ліга, «Шахцёр» быў запрошаны ў элітны дывізіён. Першы розыгрыш праводзіўся ў адно кола, каб перайсьці на схему восень—вясна. Сэзон салігорцы скончылі на 11 месцы, а найлепшымі гульцамі каманды сталі капітан Уладзімер Каваленя і Андрэй Рапейка. Таксама асобнай узгадкі варты дэбют у клюбе маладога брамніка Аляксандра Марцёшкіна. У наступных сэзон клюб стала займаў пазыцыі ў другой палове табліцы. За гэтыя часы Каваленя пасьпеў на адзін сэзон перайсьці ў дацкі «Вайле» і павярнуцца назад, а да таго ж дэбютаваць Сяргей Нікіфарэнка. У 1996 годзе на дапамогу клюбу прыйшлі гарвыканкам і прадпрыемства «Беларуськалій». Аднак, адразу такая дапамога не спрацавала, то бок у сэзоне 1997 году «Шахцёр» заняў апошняе 16 месца ў Першай лізе, але праз аб’яднаньне магілёўскіх клюбаў «Дняпро» і «Трансмаш», а таксама ліквідацыі сталічнай «Атакі», «Шахцёр» захаваў месца ў найвышэйшым дывізіёне айчыннага першынства. У тым сэзоне на сутыку колаў каманду ачоліў дасьведчаны трэнэр Іван Шчокін, некалі працаваўшы ў структуры менскага «Дынама». Сэзон 1998 году, зь якога элітны дывізіён пачаў называцца Найвышэйшай лігай. «Шахцёр» скончыў на 11 радку, але ў тым годзе склад гарнякоў дапоўнілі Анатоль Будаеў, Дзьмітры Бяспанскі, Дзьмітры Падрэз, Павал Шаўроў. Зь менскага «Дынама» вярнуўся Нікіфарэнка. Перад пачаткам сэзону 1999 году «Шахцёр» умацаваўся шэрагам гульцоў зь менскіх «Дынама» і «Тарпэда-МАЗ». І не зважаючы на тое, што ў першых двух турах салігорцы трывалі паразы ад сталічных «Дынама» (0:1) і «Тарпэда-МАЗ» (4:1), у наступным вынікі каманды падвысіліся. У 5 туры «Шахцёр» паднавіў клюбны рэкорд, зьнішчыўшы ў хатнім матчы асіпавіцкі «Сьвіслач-Дах» зь лікам 8:1. Першае кола гульцы скончылі на 5 месцы з шанцам на перамогу ў турніры. У паўзу да клюбу прыйшлі Юры Вяргейчык, Андрэй Доўнар і Юры Лагодзіч. За чатыры гульні да фінішу салігорцы трымалі чацьвертае месца, тым ня менш апусьціліся на адну прыступку ніжэй. Такі посьпех у тым ліку атрымаўся дзякуючы працы Шчокіна, які 22 студзеня 2000 году трагічна загінуў, патануўшы ў басэйне[5].
Каманду па сьмерці Шчокіна ачоліў Мікалай Касьцюкевіч, ужо тройчы заняўшы пасаду галоўнага трэнэра. Адметным стала набыцьцё лідчаніна Аляксандра Юрэвіча. Сэзон 2000 году пачаўся удала і каманда празь нейкі час займала другі радок, але сэрыя паразаў апусьціла гарнякоў ніжэй. 27 жніўня 2020 году матчам супраць віцебскага «Лякаматыву-96» (4:0) пачалася хатняя сэрыя без паразаў у чэмпіянаце, якая расьцягнулася ажно на чатыры сэзоны, і агулам склала 60 матчаў запар. У выніку «Шахцёр» паўтарыў леташняе 5 месца Шчокінава пэрыяду. У 2001 годзе «Шахцёр» права дэбютаваць у Кубку УЭФА. Гэта было зьвязанае з тым, што Беларусь атрымала дадатковае месца праз паказчык фэйр-плэй. Салігорцы ў першым матчы ў Менску атрымалі паразу ад сафійскага ЦСКА зь лікам 1:2, а ў матчы ў адказ таксама прагулялі зь лікам 3:1. Першы гол у эўракубках забіў Падрэз, а ён жа ў канцы чэмпіянату забіў 50-й гол у чэмпіянатах, стаўшы першым гульцом клюба, які дасягнуў такога паказьніку. Паводле вынікаў сэзону «Шахцёр» зноўку заняў 5 радок. Перад пачаткам сэзону 2002 году Касьцюкевіч перайшоў на пасаду старшыні каманды, а галоўным трэнэрам стаў Юры Вяргейчык, ягоным памочнікам — Юры Курненін[6]. Цудоўны сэзон правялі Нікіфарэнка, Падрэз, Марцёшкін і Будаеў. У выніку только ў апошнім матчы клюб здабыў бронзавыя мэдалі ўпершыню за сувэрэнную гісторыю айчыннага чэмпіянату. У міжсэзоньне гарнякі ўзмацніліся шэрагам гульцоў — з «Дняпра» далучыўся Цімафей Калачоў, з БАТЭ — Вадзім Скрыпчанка. Таксама з сталічнага «Дынама» да клюбу прыйшлі Андрэй Парываеў і Вадзім Ласоўскі. Пасьля няўдалага старту салігорцы пачалі здабываць перамогі, у тым ліку над леташнім чэмпіёнам БАТЭ. У 10 туры на Будаўніку зь лікам 9:0 была пераможаная менская «Зорка-ВА-БДУ». Хет-трык у тым матчы здабыў Вадзім Бойка. У Кубку Інтэртота «Шахцёру» таксама пашчасьціла — у першым раўндзе быў пераможаны паўночнаірляндзкі «Ома Таўн» зь лікам 1:0 на менскім Трактары, і 0:9 на востраве Ірляндыя. У наступным раўндзе супраць харвацкай «Цыбаліі» пасьля хатняй нічыі 1:1, гарнякі атрымалі паразу зь лікам 4:2. Салігорцам крыху не хапіла на фінішы, каб паўтарыць бронзавы посьпех. У выніку з роўнай колькасьцю ў 64 пункты «Шахцёр» скончыў пятым адразу пасьля менскіх «Дынама» і «Тарпэда-СКА». Найлепшым футбалістам розыгрышу быў прызнаны паўабаронца гарнякоў Цімафей Калачоў, які адразу быў запрошаны ва ўкраінскі «Шахтар»[7]. У 2004 годзе клюбу скарыўся Кубак Беларусі, дзе звычайна клюб гуляў няўдала. У фінале на менскім стадыёне Дынама толькі ў дадатковы час Раман Трапачкін здабыў першы для Салігорску трафэй у незалежнае Беларусі[8]. 17 кастрычніка 2004 году перарвала хатняя сэрыя без паразаў матчам супраць менскага «Дынама», якое перамагло зь лікам 0:1. Гэтым жа матчам менчукі, якія ў выніку сталі чэмпіёнам краіны, зьнішчылі шанец салігорцаў на срэбра, то бок клюб апынуўся трэцім.
Зімой салігорцы страцілі шмат гульцоў, але зьявіліся і новыя футбалісты, як то Павал Пласконны, Міхаіл Марціновіч, Аляксандар Кліменка ды іншыя. У першых чатырох матчах клюб здабыў толькі адную перамогу, іншыя ж матчы скончыліся ўнічыю. У далейшым клюб набраў хаду, выбішыўся ў лідэры. Адзіную паразу «Шахцёр» атрымаў у перадапошнім туры ў матчы супраць менскага «Дынама» зь лікам 1:0, калі каманда ўжо аформіла перамогу ў чэмпіянаце. Адразу пасьля гэтага пачалася рэканструкцыя хатняга стадыёну, якая працягнулася і на 2006 год. У выніку шмат матчаў «Шахцёр» зладзіў у Менску, а некалькі зь іх у Любані. Гарнякі чаргавалі добрыя адрэзкі з дрэннымі, а да пачатку двубою ў Лізе чэмпіёнаў спыніліся на чацьвертым месцы. Дэбют у галоўным турніры клюбнага футболу Эўропы адбыўся на гомельскім Цэнтральным стадыёне, які назьбіраў 6 тысяч аматараў футболу. Тым ня менш, заўзятары не дапамаглі клюбу і басьнійскі «Шырокі Брыег» здыбаў мінімальную перамогу зь лікам 0:1. З такім жа лікам скончыўся і матч на Балканах. Пасьля эўракубкаў «Шахцёр» набраў хаду і наблізіўся да лідэра БАТЭ, але напрыканцы сэзону не ўтрымаўся і заняў толькі 4 месца. У 2007 годзе да шэрагаў клюбу прыяднаўся Дзьмітры Чалей, да гульца асноўнага складу дарос малады паўабаронца Аляксей Рыяс. Улетку табар гарнякоў пакінуў Павал Бяганскі, але сапраўднай стратаў стаў сыход у сярэдзіне сэзону ва ўкраінскія «Карпаты» лідэра і капітана клюбу Аляксандра Юрэвіча. Клюб здабыў бронзавыя мэдалі першынства краіны, а ў Кубку Інтэртота прасунуўся да другога кваліфікацыйнага раўнду, перамогшы «Арарат» і саступіўшы адэскаму «Чарнаморцу».
У наступныя два сэзоны «Шахцёр» нагоршыў вынікі, за доўгі час апынуўшыся па-за межамі прызавой тройкі. Тым ня мянш, двойчы запар гарнякі дасягалі фіналу Кубка Беларусі. У фінале 18 траўня 2008 атрымалі паразу ад МТЗ-РІПА зь лікам 1:2. Адзіны гол салігорцаў быў на рахунку Валера Стрыпейкіса. Праз амаль год 31 траўня 2009 году крыўдзіцелем гарнякоў быў «Нафтан», які таксама перагуляў «Шахцёр» зь лікам 2:1. За некалькі тыдняў да гэтага Вяргейчык пакінуў пасаду галоўнага трэнэра, перайшоўшы на кіроўную пасаду дырэктара клюбу. У тым годзе праз каманду прайшлі некалькі трэнэраў, у тым ліку Эдуард Малафееў. Слынны беларускі трэнэр папрацаваў нядоўга, у траўні 2010 году ён быў звольнены, але яшчэ да гэтага каманду некаторы час рыхтаваў да матчаў Уладзімер Журавель. Час кіраваньня Жураўля прыпаў на новы росквіт клюбу, які суправаджаўся чатырма сэзонамі, дзе клюб стала займаў другі радок адразу пасьля БАТЭ. У 2010 годзе ў браме звычайна гуляў Юры Цыгалка, зазьзяла зорка маладога абаронцы Дзяніса Палякова. Важнымі гульцамі сталі Дзьмітры Камароўскі, Павал Сітко і Сяргей Балановіч. Дэбютаваў у складзе салігорцаў сын кіраўніка каманды Кірыл Вяргейчык.
Тры сэзоны запар «Шахцёр» пачынаў і адразу сканчваў выступы ў Лізе Эўропы[9]. Пры гэтым сустрэчы з супернікам мелі баявы характар, то бок гарнякам толькі крыху не хапала, каб перамагчы сваіх супернікаў. З 2011 па 2013 гады імі былі латвійскі «Вэнтсьпілс», аўстрыйскі «Рыд» і малдоўскі «Мілсамі». Нарэшце, умоўны праклён быў зьняты ў сэзоне Лігі Эўропы 2014—2015 гадоў калі «Шахцёр» двойчы перагуляў ірляндзкі «Дэры Сіці», перамог у важным выяздным матчы супраць бэльгійскага «Зюльтэ-Варэгема» і сустрэўся ў плэй-оф раўндзе за выхад да групавога этапу зь нідэрляндзкім ПСВ. У Эйндговэне беларусы згулялі няблага, прапусьціўшы толькі адзін мяч. Нажаль, у матчы ў адказ дубль Мэмфіса Дэпая на Барысаў-Арэне вымусіў салігорцаў сысьці з турніру. Паводле словаў дырэктара клюбу Юрыя Вяргейчыка, бюджэт каманды ў 2012 годзе складаў 5,5 млн даляраў[10].
З 2014 па 2015 гады значна падмацавалася менскае «Дынама», таму «Шахцёр» у гэты час здабываў толькі бронзавыя мэдалі. Тым ня менш, найлепшым бамбардзірам чэмпіянатаў Беларусі 2014 і 2015 гадоў станавіўся менавіта нападнік салігорцаў Мікалай Януш. У 2014 годзе салігорцы здабылі свой другой Кубак Беларусі на адкрыцьці Барысаў-Арэны ў фінальным матчы супраць гарадзенскага «Нёману». Пераможны мяч трапна пацэліў у браму супернікаў украінец Арцём Старгародзкі[11]. Каманду ў той час рыхтавалі трэнэры Сяргей Бароўскі, а па ягоным звальненьні ў чэрвені 2015 году былая зорка гарнякоў Сяргей Нікіфарэнка. Перад пачаткам сэзону 2016 году клюб падмацаваўся двумя гульцамі з жодзінскага «Тарпэда-БелАЗу» Ігарам Бурко і Аляксандрам Сялявам, да клюбу таксама далучыўся дасьведчаны Аляксандар Паўлаў ды шэраг іншых гульцоў. Януш зноўку правёў добры сэзон. У выніку «Шахцёр» заняў другі радок. Нават такі вынік не спадабаўся кіраўніцтву і месца Нікіфарэнкі заняў Алег Кубараў. Да клюбу падцягнуліся шэраг балканцаў, як то Дражан Багарыч, Любан Црэпуля ды іншыя, а таксама Дзяніс Лапцеў, які ня здолеў замацавацца ў чэмпіянаце Расеі. Улетку 2017 году Кабарава за стырном каманды замяніў польскі адмысловец Марэк Зуб, і «Шахцёр» захоўваў шанцы на залатыя мэдалі да самага фінішу розыгрышу, але прагуляў у апошняй сустрэчы «Нёману» і скончыў толькі трэцім.
Камплектаваньне да сэзону 2018 году сапраўды было значным, то бок у Салігорск прыбылі шмат замежнікаў, але сапраўды загуляць здолелі толькі альбанец Эліс Бакай і славак Юліюш Сёке. Пачатак для гарнякоў быў зусім жахлівым, пасьля хатняй нічыёй зь берасьцейскім «Дынама» каманда трывала паразы ад «Віцебска» і «Слуцка». Да гульні 4 тура каманды рыхтаваў уже расейскі трэнэр Сяргей Ташуеў. У траўні ж з пасады дырэктара сышоў Вяргейчык, які перайшоў на працу ў Беларускую фэдэрацыю футболу[12]. З новым галоўным трэнэрам клюб палепшыў вынікі, але празь нічыі з асноўнымі канкурэнтамі і дзьвюма паразамі ўвосень ад «Іслачы» і «Тарпэда-БелАЗ» каманда не дацягнулася да БАТЭ і здабыла толькі срэбныя мэдалі. Перад сэзонам 2019 году салігорцы ўмацаваліся сэрбскім абаронцам Нікала Антычам і аўстрыйцам Дарка Бодулам, да таго ж з расейскага «Амкару» вярнуўся Балановіч. Значнай стратаў стаў пераход Лапцева да прамых канкурэнтаў берасьцейкага «Дынама». Клюб заняў трэцяе месца, але пры гэтым клюб здабыў свой чарговы Кубак Беларусі, перагуляўшы ў фінале «Віцебск». У розыгрышу Лігі Эўропы гарнякі прасунуліся да трэцяга кваліфікацыйнага раўнда, дзе саступілі італьянскаму «Тарына»[13]. У той камандзе 2019 году адну з ключовых роляў гуляў уласны выхаванец Юры Кавалёў.
З заняпадам асноўных канкурэнтаў «Шахцёр» толькі павялічваў выдаткі на набыцьцё футбалістаў, дзякуючы галоўнаму спонсару «Беларуськалію». Гэтак у студзені 2020 году з сэрбскага «Напрэдаку» за 500 тысяч эўра быў набыты Ігар Іванавіч, з «Пролетэру» за 400 тысяч эўра ў клюб перайшоў Зарыя Ламбуліч. Праз год за 700 тысяч эўра ў Салігорск пераехаў Дэмба Дарба[14], а за 300 тысяч эўра да гарнякоў далучыўся Эзэ Акеўгі. Таксама пасьля салігорцы набылі з славенскіх клюбаў нападнікаў Дарыё Колабарыча[15] і Джорджэ Іванавіча[16], агулам за якіх клюб выдаткаваў больш за 1 мільён эўра. На тле такіх набыцьцяў канкурэнты толькі паслабелі — праект берасьцейскага «Дынама» быў закінуты бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым, а БАТЭ па сьмерці Анатоля Капскага больш амаль ня меў посьпехаў у эўракубках і, такім чынам, пацярпеў у фінансавым пляне. «Шахцёр» жа тройчы запар з 2020 па 2022 гады станавіўся чэмпіёнам краіны. Большасьць з замежнікаў часта сыходзілі з клюбу як вольныя агенты, за што клюб крытыкавалі, але, напраўд��, часам клюб і зарабляў на продажы сваіх гульцоў. Гэтак у жніўні 2020 году за 1,5 млн эўра нападнік Віталь Лісаковіч перайшоў да табару расейскага «Лякаматыву», а праз два гады гамбіец Дарба быў прададзены ў эмірацкі «Аль-Наср» за такія ж грошы[17]. Цікава, што не зважаючы на тое, што клюб тройчы здабываў залатыя мэдалі, на трэнэрскай пасадзе ўвесь гэты час адбываліся зьмены. Праз клюб пасьпелі прайсьці Раман Грыгарчук, Сяргей Гурынка[18], Аляксей Бага[19], Іван Біёнчык[20], зноўку Сяргей Ташуеў[21] і Міліч Чурчыч[22]. Зь сьнежня 2022 году салігорскую дружыну зноўку ачольваў Аляксей Бага[23].
30 студзеня 2023 году ў клюбе адбыліся ператрусы. Быў затрыманы дырэктар Аляксандар Марчанка. Пазьней стала вядома, што Сьледчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу па факце спробы подкупу ўдзельнікаў спартовых спаборніцтваў[24]. 11 траўня 2023 году Камітэт кантрольна-дысцыплінарных і этычных пытаньняў Беларускай фэдэрацыі футболу пазбавіў футбольны клюб «Шахцёр» залатых мэдалёў. На падставе зьвестак Сьледчага камітэту Беларусі і апытаньня 20 асобаў выявілі ладжаньне кіраўніцтвам клюбу дамоўных гульняў у ходзе першынства Беларусі 2022 году на падставе подкупу камандаў Найвышэйшай лігі. За гэта «Шахцёр» таксама адхілілі ад удзелу ў эўрапейскіх кубкавых турнірах 2023—2024 гадоў[25]. 22 траўня 2023 году «Шахцёр» быў пазбаўлены яшчэ 5 пунктаў у чэмпіянаце 2023 году[26]. У выніку каманда адразу апынулася ў канцы табліцы, пазьней праз браку выплатаў былым гульцам на «Шахцёр» былі накладзеныя забароны на трансфэры. Пагатоў, многія гульцы ўлетку 2023 году зышлі з клюбу. Тым ня менш, не зважаючы на пагаршэньне вынікаў, каманда засталася баяздольнай і пераўзышла ў табліцы менскі «Энэргетык»-БДУ і бабруйскую «Белшыну», скончыўшы сезон на 13-м месцы. Па сканчэньні першынства клюб пакінуў Аляксей Бага[27].
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Актуальны на 13 верасьня 2024 году
|
|
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чэмпіянат і Кубак Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэзон | Ліга | Месца | Г | В | Н | П | РМ | Пкт | Кубак |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2012 | Найвышэйшая | 30 | 18 | 7 | 5 | 59-24 | 61 | 1/4 | |
2013 | Найвышэйшая | 32 | 17 | 7 | 8 | 44-26 | 58 | Ул | |
2014 | Найвышэйшая | 32 | 14 | 8 | 10 | 35-28 | 50 | Ф | |
2015 | Найвышэйшая | 26 | 14 | 7 | 5 | 47-27 | 49 | 1/4 | |
2016 | Найвышэйшая | 30 | 17 | 8 | 5 | 46-20 | 59 | Ф | |
2017 | Найвышэйшая | 30 | 20 | 5 | 5 | 52-22 | 65 | 1/4 | |
2018 | Найвышэйшая | 30 | 19 | 7 | 4 | 45-14 | 64 | Ул | |
2019 | Найвышэйшая | 30 | 20 | 5 | 5 | 59-21 | 65 | 1/2 | |
2020 | Найвышэйшая | 30 | 17 | 8 | 5 | 57-21 | 59 | 1/2 | |
2021 | Найвышэйшая | 30 | 24 | 3 | 3 | 62-18 | 75 | 1/8 | |
2022 | Найвышэйшая | — | 30 | 20 | 5 | 5 | 55-17 | 65 | 1/4 |
2023 | Найвышэйшая | 13 | 28 | 13 | 5 | 10 | 50-40 | 9 | 1/4 |
Удзел у эўракубках
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кубак | Г | В | Н | П | М |
---|---|---|---|---|---|
Ліга чэмпіёнаў | 5 | 0 | 1 | 4 | 0—4 |
Кубак УЭФА/Ліга Эўропы | 36 | 12 | 11 | 13 | 49—43 |
Ліга канфэрэнцыяў | 2 | 0 | 0 | 2 | 1—3 |
Кубак Інтэртота | 12 | 5 | 2 | 5 | 22—18 |
Усяго | 55 | 17 | 14 | 24 | 72—66 |
Галоўныя трэнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сяргей Ташуеў (з красавіка 2018 году)[28]
- Марэк Зуб (ліпень 2017 году — красавік 2018 году)[29]
- Алег Кубараў (сьнежань 2016 году — ліпень 2017 году)[30]
- Сяргей Нікіфарэнка (чэрвень 2015 году — сьнежань 2016 году, в. а. у чэрвені — жніўні 2015 году)[31][32]
- Сяргей Бароўскі (студзень 2014 году — чэрвень 2015 году)
- Уладзімер Журавель (да сьнежня 2013 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://football.by/news/192213
- ^ а б в «Легенды местного масштаба. Владимир Каваленя» (рас.) Football.by
- ^ а б «Кубок Белорусской ССР — Финалы» (рас.) Kick-off.by
- ^ «Финал Кубка БССР 1988» (рас.) Kick-off.by
- ^ «„Щекин мог наказать — отправить в армию на день-два“. Каким был самый успешный тренер 90-х» (рас.) Tribuna.
- ^ «Юрий Вергейчик: как ковалась бронза» (рас.). Football.by
- ^ «Тимофей Калачев — игрок донецкого „Шахтера“» (рас.). Football.by
- ^ «„Шахтер“ — обладатель Кубка Беларуси 2003/2004» (рас.). Football.by
- ^ «Серебряный забой» (рас.) Goals.by
- ^ «Бюджет солигорского „Шахтера“ в сезоне-2012 составит 5,5 миллионов долларов» (рас.) «Прессбол».
- ^ Салігорскі «Шахцёр» выйграў футбольны Кубак Беларусі. Эўрарадыё.
- ^ «Андрей Леончик: С газона в директорское кресло»(недаступная спасылка) (рас.) Спортивная панорама.
- ^ «БАТЭ выйшаў у плэй-оф Лігі Эўропы, „Шахцёр“ не». Радыё «Свабода».
- ^ «Дембо Дарбо перешел в „Шахтер“» (рас.) Афіцыйны сайт «Шахцёра».
- ^ Дарио Колобарич стал игроком «Шахтера» (рас.) Афіцыйны сайт «Шахцёра».
- ^ «Джордже Иванович стал игроком „Шахтера“» (рас.) Афіцыйны сайт «Шахцёра».
- ^ ""Шахтер" и «Аль-Наср» подписали трансферное соглашение о переходе Дембо Дарбо" (рас.) Афіцыйны сайт «Шахцёра».
- ^ «Сергей Гуренко возглавил „Шахтер“» (рас.) Афіцыйны сайт «Шахцёра».
- ^ «Алексей Бага стал главным тренером „Шахтера“» (рас.) Афіцыйны сайт «Шахцёра».
- ^ «Иван Биончик — главный тренер „Шахтера“» (рас.) Афіцыйны сайт «Шахцёра».
- ^ «Сергей Ташуев — главный тренер „Шахтера“» (рас.) Афіцыйны сайт «Шахцёра».
- ^ «Милич Чурчич назначен исполняющим обязанности главного тренера» (рас.) Афіцыйны сайт «Шахцёра».
- ^ «Алексей Бага — главный тренер „Шахтера“» (рас.) Афіцыйны сайт «Шахцёра».
- ^ Не "договорняк", а стимулирование: матч с "Белшиной" ни при чем, но у "Шахтера" все равно большие проблемы. Что известно на данный момент? (рас.)
- ^ «Шахцёр» і «Энэргетык-БДУ» адхілены ад удзелу ў эўракубкавых турнірах // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 11 траўня 2023 г. Праверана 12 траўня 2023 г.
- ^ Заседание Комитета по клубному лицензированию АБФФ. Итоги. АБФФ (2023-05-22).
- ^ «Бага покинул „Шахтер“, церемония „Звездный мяч“. Что было вчера и будет сегодня» (рас.). Football.by
- ^ «Шахтер» возглавил Сергей Ташуев (рас.). Football.by
- ^ Марек Зуб приступил к исполнению обязанностей главного тренера «Шахтера» (рас.). Football.by
- ^ «Шахтер» официально объявил о подписании Кубарева (рас.). Football.by
- ^ Сергей Боровский подал в отставку с поста главного тренера «Шахтера» (рас.). Football.by
- ^ Никифоренко официально утвержден в качестве главного тренера «Шахтера» (рас.). Tribuna.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная старонка (рас.)
|