Аршанска-Магілёўская раўніна
Аршанска-Магілёўская раўніна — фізіка-геаграфічны раён Усходне-Беларускай ландшафтнай правінцыі, размяшчаецца ў Магілёўскай і на крайнім паўднёвым усходзе Віцебскай абласцей.
Працягласць тэрыторыі з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход больш за 200 км, з захаду на ўсход ад 50 км да 120 км. Абсалютная вышыня 150—200 м. Аршанска-Магілёўская раўніна працягнулася з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Мяжуе з Аршанскім і Горацка-Мсціслаўскім узвышшамі, Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінамі.
Геалогія
[правіць | правіць зыходнік]У тэктанічных адносінах Аршанска-Магілёўская раўніна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент перакрыты асадачнай тоўшчай верхняга пратэразою, дэвону і антрапагену, на поўдні акрамя таго адкладамі юры, мелу, палеагену і неагену.
Магутнасць антрапагенавых адкладаў у сярэднім 50—80 м, у лагчынах ледавіковага выворвання і размыву да 200 м. У будове антрапагенавага покрыва ўдзельнічаюць пераважна адклады бярэзінскага, дняпроўскага з сожскім зледзяненняў, александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў, галацэну. Адметная роля ў фарміраванні сучаснай паверхні належыць, лёсападобным адкладам магутнасцю да 10—12 м, якія намножыліся ў час адступання апошняга, паазерскага зледзянення. Яны перакрываюць больш старажытныя марэнныя і флювіягляцыяльныя адклады.
Рэльеф
[правіць | правіць зыходнік]Паверхня платопадобная, месцамі хвалістая, з агульным нахілам на поўдзень. Уздоўж Дняпра, Проні і Сажа пясчаныя (зандравыя) раўніны і надпойменныя тэрасы, паверхня якіх месцамі ўскладненая выдмамі і камамі. Часта сустракаюцца суфазійныя западзіны, на паўднёвым усходзе — карставыя варонкі.
Асноўныя рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў перыяд адступання сожскага ледавіка. Пераважае флювіягляцыяльная раўніна з хвалістай і спадзіста-хвалістай паверхняй, а таксама спадзіста-хвалістая і дробнаўвалістая марэнная раўніна. Водападзельныя ўчасткі ў познім плейстацэне і ў галацэне набылі платопадобны выгляд, прыдалінныя схілы былі парэзаны эрозіяй, якой садзейнічалі лёсападобныя пароды. Часта трапляюцца суфазійныя западзіны, калдобіны, прамывіны. Найдаўжэйшыя і найглыбейшыя маладыя яры і старыя спадзістыя яры і лагчыны прымеркаваны да схілаў рачных далін і дасягаюць даўжыні 2—3 км, глыбіні 20—30 м.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Тэмпературы студзеня ад −7,5 да −8,2 °C, ліпеня 17,8—18,5 °C. Ападкаў 600—645 мм за год.
Унутраныя воды
[правіць | правіць зыходнік]Рачная сістэма належыць да басейна Дняпра. Найбольшыя рэкі, якія праразаюць раўніну: Дняпро (ад Оршы да Магілёва), Проня з Басяй і Растай, Сож з Волчасам, Лабжанкай і Сяннай. На поўдні цякуць правыя прытокі Бесядзі — Жадунька з Крупняй, Дзяражня.
Глебава-расліннае покрыва
[правіць | правіць зыходнік]Глебы дзярнова-падзолістыя (найбольш урадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя). Глебаўтваральныя пароды — лёсападобныя суглінкі і супескі, радзей трапляюцца марэнныя суглінкі, супескі і пяскі.
Пад лесам 25 % тэрыторыі. На поўначы ��ахаваліся невялікія дзялянкі яловых і шыракаліста-яловых лясоў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992.
- Кліцунова Н., Паўлоўская І. Аршанска-Магілёўская раўніна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Оршанско-Могилевская равнина // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.