Залатагорскія могілкі
могілкі | |
Залатагорскія могілкі | |
---|---|
| |
53°54′38,80″ пн. ш. 27°34′48,60″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Дата заснавання | 1790 |
Статус | ахоўная зона |
Стан | знішчаныя |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Залатаго́рскія мо́гілкі — знішчаныя могілкі ў Залатагорскім прадмесці Мінска. Захаваліся асобныя магілы, што месцяцца на тэрыторыі касцёла Святога Роха.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Могілкі ўтвораныя ў 1790 годзе[1]. У 1796 годзе на тэрыторыі могілак з’явілася драўляная капліца ў гонар Усіх Святых. У 1842 годзе пасля пажару капліца была адрамантаваная і пераробленая ў касцёл. У 1850 годзе было прызнана, што немэтазгодна падтрымліваць рамонтамі драўляны касцёл, лепш пабудаваць мураваны. Будаўніцтва мураванага касцёла было скончанае 1 лістапада 1864 года.
Могілкі мелі статус «сумесных»: тут у першую чаргу хавалі парафіян Траецкага касцёла, але таксама і ўніяцкіх цэркваў. З канца XVIII стагоддзя на ўсіх гарадскіх планах могілкі пазначаліся як «мінскія каталіцкія». У першай палове XIX ст. з’явілася назва Залатая Горка. Пасля 1839 года, у выніку ліквідацыі Уніі, могілкі сталі цалкам каталіцкімі[2].
У 1840-х гадах тэрыторыя могілак значна пашыраецца. У той час у Менску ў 1848 і 1853 гадах здараліся цяжкія эпідэміі халеры. Людзей, што паміралі ад халеры, хавалі на гэтак званых «халерных могілках». Дзеля гэтага быў адведзены адмысловы пляц, які быў аддзелены ад асноўных пахаванняў агароджай і санітарнай зонай[2].
Пасля закрыцця
[правіць | правіць зыходнік]У 1893 годзе могілкі закрытыя, падзахоўванне да блізкіх сваякоў дазвалялася ў выключных выпадках. У часе Першай сусветнай вайны тут хавалі ахвяр нямецкіх бамбаванняў Мінска. У 1915—1916 гадах тут хавалі вайскоўцаў родам з Мінска, якія паміралі ад ран у тылавых шпіталях. Тычылася гэта толькі афіцэрскага складу[2].
На могілках пахаваныя святары, прадстаўнікі каталіцкага духавенства, манахі менскіх кляштараў. Тут пахаваны Дамінік Манюшка, дзядзька Станіслава Манюшкі, які памёр у эпідэмію халеры[2].
Пасля 1920 года, за савецкім часам, могілкі цалкам закрытыя. У Другую сусветную вайну на могілках здзяйсняліся пахаванні. Пасля Другой сусветнай вайны паўзверх халернага сектара могілак былі пабудаваныя жылыя дамы (№ 7, 9 па вуліцы Чырваназоркавай, часткова шпіталь па Чырваназоркавай № 4[3])[2]. У 1973 годзе збудаваны Палац мастацтва, у выніку чаго была знішчаная частка пахаванняў, якія былі на гэтай тэрыторыі[2].
Вяртанне надмагілляў і добраўпарадкаванне
[правіць | правіць зыходнік]У 2017 годзе валанцёрамі на прыкасцёльную тэрыторыю былі вернутыя 12 надмагільных пліт знішчаных могілак, дагэтуль яны былі скінутыя ў лесе на ўездзе ў вёску Прылукі[4]. У 2017 годзе закрытая тэрыторыя могілак плошчай 2 га, якая дагэтуль належала Міністэрству сувязі, была перададзеная касцёлу Святога Роха для добраўпарадкавання. У 2018 годзе на перададзенай тэрыторыі была адкрытая частка дэндрапарку. У далейшым плануецца стварэнне алеі з мемарыялам, аптэкарскі парк, пляц ружоўніка, парк з біблійнымі раслінамі[5].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Капліца на могілках, 1907 год
-
Капліца на могілках, каля 1917 года
-
Касцёл і Залатагорскія могілкі на аэрафотаздымку часоў Другой сусветнай вайны
-
Гаўляйтар Вільгельм Кубэ аддае распараджэнне на каталіцкіх Залатагорскіх могілках. На выяве таксама ад’ютант Кубэ. Травень 1943 года
-
Вернутае надмагілле, 2019 год
-
Вернутае надмагілле, 2019 год
-
2019 год
Зноскі
- ↑ Районы, кварталы: история минской Золотой горки (руск.). realt.onliner.by (13 студзеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2016. Праверана 4 кастрычніка 2016.
- ↑ а б в г д е Чым інвэстараў вабяць нябожчыкі? Гісторыкі папярэджваюць пра небясьпеку для сталічных Залатагорскіх могілак . svaboda.org (21 верасня 2016). Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2016. Праверана 4 кастрычніка 2016.
- ↑ Могілкі на сучасным плане горада
- ↑ Ілья Лапато. У Мінск вернуты помнікі з разбураных у пасляваенны час могілак на Залатой Горцы (20 верасня 2017). Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2017. Праверана 29 верасня 2017.
- ↑ «Вопрос не только времени, но и финансов». В Минске благоустраивают новый парк на Золотой Горке (руск.)(недаступная спасылка). tut.by (16 жніўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 11 верасня 2018. Праверана 31 кастрычнікка 2018.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Залатагорскія могілкі на Вікісховішчы |
- Могілкі на сучасным плане горада
- Залатагорскія могілкі на рэпрадукцыі карты Мінска 1898 г. (пункт 49)
- Залатагорскія могілкі на карце Мінска 1903 г. Архівавана 5 сакавіка 2016. (пункт 9)
- Здымак пахавальнай працэсіі на Залатагорскіх могілках у часе Другой сусветнай вайны
- Рэшткі Залатагорскіх могілак на фотаграфіях і відэа