Дом Ліўшыца (Мінск)
Славутасць | |
Дом Ліўшыца | |
---|---|
| |
53°54′04″ пн. ш. 27°33′12″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | мадэрн |
Дата заснавання | 1890 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом Ліўшыца — будынак у Мінску па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 16, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада. Пабудаваны ў 1890 годзе як даходны дом, а ў 1913 годзе значна перабудаваны. Помнік архітэктуры стылю мадэрн.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы вуліцы Зборавай (з 1866 года Турэмнай, з 1882 па 1920 Праабражэнскай) стаяла драўляная забудова, якая была знішчаная ў часе вялікага пажару 1881 года[1].
У 1890 годзе купец Гілель Рубінштэйн пабудаваў на месцы знішчанай забудовы двухпавярховы жылы дом з шырокай праязной аркай у цэнтры першага паверха. Апроч гэтага, у канцы XIX — пач. XX стст. на тэрыторыі зямельнага пляца быў узведзены комплекс гаспадарчых пабудоў і мураваны двухпавярховы флігель[1].
У 1907 годзе гэтыя будынкі і збудаванні набыў мінскі купец Саламон Ліўшыц. Паводле інвентарызацыі 1910 года ўсе памяшканні ў двухпавярховым доме выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. У афіцыне, акрамя жылых пакояў, месцілася слясарная майстэрня[1].
У 1913 годзе быў распрацаваны і зацверджаны гарадской управай праект грунтоўнай рэканструкцыі двухпавярховага жылога дома купца Ліўшыца. Праект прадугледжваў надбудову трэцяга паверха, а таксама поўную змену архітэктурнага выгляду галоўнага фасада. Праект быў цалкам рэалізаваны, работ�� скончаныя ў 1913 годзе, пра што сведчыць дата на адным з франтонаў[1].
За савецкім часам будынак нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся як адміністрацыйны. У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў і амаль цалкам захаваў архітэктурнае рашэнне 1913 года, толькі была замураваная шырокая праязная арка[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Трохпавярховы прамавугольны ў плане, накрыты пакатым двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычнае кампазіцыйнае вырашэнне. Асноўнымі акцэнтамі кампазіцыі ёсць 3 неглыбокія рызаліты, завершаныя атыкавымі франтонамі трохвугольнай формы з прарэзанымі ў іх паўкруглымі і авальнымі праёмамі. Вокны 1-га і 2-га паверхаў лучковыя, 3-га — прамавугольныя. Сіметрычна па фасадзе размешчаны разнастайнай формы 3 балконы з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Выразнасць фасаду надае спалучэнне руставаных, шурпатых і гладкіх паверхняў, украпаванне керамічных і шкляных плітак. У будынку размешчаны адміністрацыйныя ўстановы.
Зноскі
- ↑ а б в г д Гістарычная забудова XIX—XX стагоддзяў. Дом Ліўшыца . Мінская Спадчына. Архівавана з першакрыніцы 16 лістапада 2018. Праверана 16-11-1018.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Ліўшыца (Мінск)