Перайсці да зместу

Анатоль Валянцінавіч Волкаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Анатоль Валянцінавіч Волкаў
Дата нараджэння 25 лістапада 1908(1908-11-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 21 снежня 1985(1985-12-21) (77 гадоў)
Месца пахавання
Бацька Валянцін Віктаравіч Волкаў
Дзеці Сяргей Анатолевіч Волкаў
Род дзейнасці мастак, графік, ілюстратар
Вучоба
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Анатоль Валянцінавіч Волкаў (нар. 12 (25) лістапада 1908, Пенза, Расія — 21 снежня 1985) — беларускі мастак-графік і жывапісец.

Нарадзіўся ў сям’і мастака Валянціна Волкава. Першыя мастацкія веды атрымаў ад сваёй маці Марты Мікалаеўны, якая вучылася ў Маскоўскім Вучылішчы жывапісу, ваяння і дойлідства. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме ў 1925—1930 гг. у В. В. Волкава, М. Г. Эндэ, Ф. А. Фогта, В. М. Руцая. Выставачная дзейнасць пачалася на першай Усебеларускай выстаўцы 1925 г. Пасля сканчэння тэхнікума выкладаў выяўленчае мастацтва ў Магілёве, Веліжы (1930—1933). У 1933 г. пераехаў у Менск[1].

У 1944—1945 гады супрацоўнічаў у сатырычным выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», у 1945—1980 у часопісе «Вожык»[2]. Быў адным са стваральнікаў дзіцячага часопіса «Вясёлка»[1].

Член Саюза савецкіх мастакоў БССР (з 1940), у 1964—1966 гг. узначальваў графічную секцыю[1].

Пахаваны на мінскіх Чыжоўскіх могілках[3].

Працаваў у галіне выяўленчай сатыры (карыкатура, плакат), кніжнай і станковай графікі, жывапісу. У яго сатырычных малюнках і карыкатурах дасканалая кампазіцыя, індывідуалізацыя, гіпербалічнае шаржыраванне сатырычнага тыпажу («Партызанскі воз», «Лайдак на сенакосе» і інш.)[2].

Аформіў і ілюстраваў кнігі «Дрыгва» (1940) і «Новая зямля» (1949) Я. Коласа, «Баранаў Васіль» А. Куляшова (1941), «Мушка-зелянушка» М. Багдановіча (1947, 1952), «Казка пра папа і работніка яго Балду» А. Пушкіна (1950), «Выбраныя творы» М. Гогаля (1952), «Аповесці» (1957) і «Міколка-паравоз» (1965) М. Лынькова[2], кнігі Я. Купалы, а таксама творы Цёткі (А. Пашкевіч), Э. Самуйлёнка, М. Паслядовіча, Я. Маўра, Я. Брыля, У. Корбана, А. Васілевіч, П. Бажова, Л. Талстога[1], зборнікі беларускіх народных казак у апрацоўцы А. Якімовіча «Каток — залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «Людзей слухай, а свой розум май» (1980) і інш. Сярод станковых твораў: серыі акварэлей «Мінск і яго жыхары» (1958), «Юньм мінчане» (1968), «Дзеці 1920-х г.» (1969) і інш[2].

Жывапісныя палотны: «Пчальнік» (1943), «Янка Купала на адпачынку» (1949), «Першага верасня» (1950), «Снежкі» (1957) і інш[2]. Аўтар серыі акварэляў, прысвечаных Мінску, некалькіх алейных жывапісных палотнаў[1].

Бацька Сяргея Волкава, таксама мастака[1].

Зноскі

  1. а б в г д е Волкаў Анатоль Валянцінавіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998 = Belarussian union of artists, 1938—1998 : Энцыкл. давед. / Аўт.-склад.: Б. А. Крэпак і інш.. — Мн.: ВТАА «Кавалер Паблішэрс», 1998. — 663 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-6427-09-6.
  2. а б в г д Волкаў Анатоль Валянцінавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
  3. Чыжоўскiя могiлкi. Нечаканыя сустрэчы . Наша Ніва. Праверана 15 верасня 2023.(недаступная спасылка)