Перайсці да зместу

Інстытут геалагічных навук НАН Бел��русі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Інстытут геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (таксама вядомы як Інстытут геалагічных навук НАН Беларусі) — першая ў Беларусі акадэмічная ўстанова ў галіне навук аб Зямлі і геалогіі ў прыватнасці.

Хаця ўласна Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР быў створаны 4 лютага 1971 на базе Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР і Плешчаніцкай геафізічнай станцыі АН БССР, інстытуцыяналізацыя акадэмічнай геалагічнай навукі ў Беларусі адбылася нашмат раней і прайшла некалькі этапаў.

15 ліпеня 1963 ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР прынялі пастанову «Аб мерапрыемствах па паляпшэнні дзейнасці Акадэміі навук БССР», згодна з якой Інстытут геалагічных навук АН БССР перадаваўся Дзяржаўнаму геалагічнаму камітэту СССР[1]. Тым самым быў створаны Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут. У складзе Акадэміі засталося два падраздзяленні былога Інстытута геалагічных навук — Лабараторыя геахімічных праблем (кіраўнік — акадэмік Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў) і Плешчаніцкая геафізічная станцыя.

Лабараторыя геахімічных праблем АН БССР (1963—1971)

[правіць | правіць зыходнік]

У названы перыяд было праведзена геахімічнае вывучэнне асноўных генетычных тыпаў парод, якія складаюць антрапагенавую тоўшчу, і ландшафтаў Беларусі. На аснове атрыманых дадзеных выяўлены і ахарактарызаваны геахімічныя, біяхімічныя, педагеахімічныя і гідрагеахімічныя правінцыі рэспублікі, распрацаваны шэраг тэарэтычных палажэнняў геахіміі гіпергенезу. У сувязі з пошукамі нафты і газу выкананы геахімічныя даследаванні адкладаў падземных вод дэвону. Устаноўлены рысы гідрахімічнай занальнасці асадкавай тоўшчы.

Праводзіўся комплекс геафізічных назіранняў. Іх задачамі і зместам было вывучэнне глыбокіх гарызонтаў зямной кары і верхняй мантыі і ўзаемасувязі глыбінных і прыпаверхневых геалагічных структур, высвятленне характару электрамагнітных працэсаў калязямной прасторы. Паводле сейсмалагічных і гравіметрычнай дадзеных былі пабудаваныя першыя для Беларусі і Прыбалтыкі схемы рэльефу ўнутраных межаў зямной кары — Махаровічыча і Конрада, якія кантралююць асаблівасці тэктонікі прыпаверхневых структур. У галіне натуральнага электрамагнітнага поля вывучаліся яго марфалогія, дынаміка і ўзбуджэнне.

Развіваліся даследаванні ў галіне літалогіі і петраграфіі, геалогіі антрапагену, гідрагеалогіі, геатэрміі, металагенічнай спецыялізацыі крышталічнага падмурка. Прыкметны ўклад ва ўсе гэтыя даследаванні ўнеслі працы акадэмікаў АН БССР Г. В. Багамолава, Г. І. Гарэцкага, К. І. Лукашова, А. С. Махнача, члена-карэспандэнта АН БССР В. М. Шчарбіны, а таксама М. Ф. Казлова, А. В. Кудзельскага, В. А. Кузняцова, В. К. Лукашова, В. А. Кавалёва, А. А. Хоміча, Ж. П. Хацько.

Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР (1971—1991)

[правіць | правіць зыходнік]

4 лютага 1971 на базе Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР і Плешчаніцкай геафізічнай станцыі АН БССР быў створаны Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР і ўвайшоў у склад Аддзялення хімічных і геалагічных навук. Яго ўзначаліў акадэмік Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў. Інстытут неўзабаве ператварыўся ў буйную навуковую ўстанову, якая займалася рознымі напрамкамі навук аб Зямлі. Колькасць супрацоўнікаў павялічылася з 90 да 350. Прыярытэтнае развіццё атрымалі работы па літалогіі і геахіміі глыбінных і прыпаверхневых зон зямной кары і высвятленні іх ролі ў фарміраванні карысных выкапняў; гідрагеахіміі падземных вод і поравых раствораў; палеагеаграфіі і палеагеахіміі антрапагену; геафізічнаму вывучэнню глыбінных зон зямной кары і іх сувязі з верхнімі структурнымі ярусамі; вывучэнню геафізічных палёў; геатэрміі; агульнай і рэгіянальнай тэктонікі; геалогіі нафты, калійных і каменнай солей; работы па дынаміцы ландшафтаў і рацыянальнаму прыродакарыстанню. З 1977 па 1993 Інстытут узначальваў акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі.

У 1990 г. частка супрацоўнікаў Інстытута, якія займаліся даследаваннямі геаграфічнага профілю, была перададзена ў створаны ў сістэме Акадэміі навук на базе Інстытута торфу Інстытут праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі.

Да пачатку 1990-х гадоў у Інстытуце геахіміі і геафізікі атрымаў развіццё шырокі комплекс навук аб Зямлі, паўсталі новыя задачы ў вывучэнні нетраў ў сувязі з узрослай роляй мясцовай мінеральнай сыравіны, асабліва пасля атрымання Беларуссю незалежнасці і суверэнітэту. Таму з’явілася неабходнасць у карэкціроўцы тэматыкі і перайменаванні навуковай установы.

Інстытут геалогіі, геахіміі і геафізікі АН Беларусі (1992—1993)

[правіць | правіць зыходнік]

19 верасня 1991 года было створана Беларускае геалагічнае таварыства. У 1992 на чарговым Агульным сходзе Акадэмія навук БССР была пераўтворана ў Акадэмію навук Беларусі, а Інстытут геахіміі і геафізікі — у Інстытут геалогіі, геахіміі і геафізікі[2]. 23 снежня 1993 пастановай АН Беларусі Інстытут геалогіі, геахіміі і геафізікі быў перайменаваны ў Інстытут геалагічных навук АН Беларусі.[3] Інстытут узначаліў акадэмік АН Беларусі Аляксей Васілевіч Мацвееў.

Інстытут геалагічных навук (Н)АН Беларусі (1994—2005),
Інстытут геахіміі і геафізікі НАН Беларусі (2006—2008)

[правіць | правіць зыходнік]

У 2003 г. Аддзяленне хімічных і геалагічных навук, у складзе якога знаходзіўся Інстытут, атрымала назву Аддзяленне хіміі і навук аб Зямлі НАН Беларусі.

У апошні па часе перыяд дзейнасці Інстытутам геахіміі і геафізікі НАН Беларусі былі падрыхтаваны і выдадзены сучасныя фундаментальныя працы, якія з усіх бакоў (у т.л. з мэтай практычнага выкарыстання) характарызуюць нетры Беларусі:

  • Геология Беларуси. — Мн., 2001.
  • Полезные ископаемые Беларуси. — Мн., 2002.
  • Основы геологии Беларуси. — Мн., 2004.
  • Введение в геологию Беларуси. — Мн., 2004.

Інстытутам з 1998 і да канца існавання кіраваў акадэмік НАН Беларусі Анатоль Аляксандравіч Махнач.

Склад Інстытута па стане на 2004 год:

  • лабараторыі:
    • геалогіі антрапагену (загадчык — доктар геолага-мінералагічных навук А. Ф. Санько);
    • геатэктонікі (загадчык — акадэмік Р. Г. Гарэцкі);
    • неагеадынамікі (загадчык — член-карэспандэнт НАН Беларусі А. К. Карабанаў);
    • літалогіі і геахіміі (загадчык — кандыдат геолага-мінералагічных навук С. А. Кручак);
    • геалогіі ранняга дакембрыю (загадчык — кандыдат геолага-мінералагічных навук І. В. Найдзенка);
    • геахіміі ландшафтаў (загадчык — доктар геолага-мінералагічных навук М. П. Аношка);
    • гідрагеалогіі (загадчык — член-карэспандэнт НАН Беларусі А. В. Кудзельскі);
    • літагідрагеахіміі (загадчык — акадэмік НАН Беларусі А. А. Махнач);
    • сучасных геалагічных працэсаў (загадчык — акадэмік НАН Беларусі А. В. Мацвееў);
    • фізікі Зямлі (загадчык — кандыдат фізіка-матэматычных навук В. М. Астапенка);
    • геатэрміі (кандыдат тэхнічных навук У. І. Зуй);
    • фізіка-хімічнага аналізу (кандыдат геолага-мінералагічных навук В. П. Самадураў);
  • рэдакцыйна-выдавецкая група (загадчык — навуковы супрацоўнік В. Ф. Вінакураў);
  • геалагічны музей (навуковы захавальнік В. Ф. Вінакураў).

Расфарміраванне. Далейшы лёс

[правіць | правіць зыходнік]

1 жніўня 2008 адбылася рэарганізацыя Беларускага навукова-даследчага геолагаразведачнага інстытута (БелНДГРІ) шляхам далучэння да яго падраздзяленняў Інстытута геахіміі і геафізікі. Частка супрацоўнікаў перайшла ў Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі, створаны на базе Інстытута праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі.[4] Інстытут геахіміі і геафізікі спыніў сваё існаванне.

Аднак расфарміраванне прынесла не зусім тыя вынікі, якія чакаліся.[5] У прыватнасці, пад канец 2012 года вяліся размовы аб стварэнні на базе БедНДГРІ навукова-практычнага цэнтра па геалагічным вывучэнні і распрацоўцы рэсурсаў нетраў[6]. 19 ліпеня 2013 г. адбылася рэарганізацыя геолагаразведачнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белгеалогія» і рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут» шляхам зліцця ў рэспубліканскага ўнітарнае прадпрыемства «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» (пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ад 19 ліпеня 2013 г. у ЕГР № 192018546)[7].

У цяперашні час у структуры Акадэміі геалагічныя даследаванні вядуцца ў галіновых аддзелах Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, а па-за Акадэміяй — у БелНДГРІ, на геаграфічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, геолага-геаграфічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта і геаграфічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Гістарычная значнасць Інстытута

[правіць | правіць зыходнік]
  • Дадзены пачатак геалагічнай навуцы ва ўсёй рэспубліцы.
  • Дадзены пачатак універсітэцкай геалагічнай навуцы (геаграфічны факультэт БДУ, геалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, геаграфічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта).
  • Дадзены пачатак галіновым геалагічным службам і пазаакадэмічнай (галіновай) геалагічнай навуцы (у прыватнасці, БелНДГРІ).
  • Праведзены самыя поўныя фундаментальныя даследаванні тэктонікі, геафізікі, геахіміі, геамарфалогіі, гідрагеалогіі, палеагеаграфіі, карысных выкапняў тэрыторыі Беларусі.
  • Знойдзена і падрыхтавана да эксплуатацыі мінеральная сыравіна для ўсіх буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі.
  • Забяспечана хімічная меліярацыя глебаў Беларусі, у прыватнасці, вапнаванне.
  • Знойдзены і падрыхтаваны ў эксплуатацыю падземныя воды Беларусі, у т.л. асноўныя радовішчы мінеральных вод.

Зноскі

  • Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1955 г. — Мн., 1956.
  • Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1956 г. — Мн., 1957.
  • Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1957 г. — Мн., 1958.
  • Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1958 г. — Мн., 1959.
  • Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1963 г. — Мн., 1964.
  • Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1971 г. — Мн., 1972.