Перайсьці да зьместу

Мікалай Радзівіл «Чорны»

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Радзівіл
лац. Mikałaj Radzivił
Мікалай Радзівіл «Чорны»
Мікалай Радзівіл «Чорны»

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 лютага 1515
Нясьвіж
Памёр 29 траўня 1565
Лукішкі пад Вільняй
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Ян Радзівіл
Ганна з Кішкаў
Жонка Альжбета з Шыдлавецкіх
Дзеці Альбрэхт, Ганна Магдалена, Крыстына, Мікалай Крыштап, Соф'я Агнешка, Станіслаў, Альжбета, Юры
Дзейнасьць дыплямат, палітык, мэцэнат, дзяржаўны службовец

Мікалай Радзівіл мянушка «Чорны»; (4 лютага 1515, Нясьвіж — 29 траўня 1565, Лукішкі пад Вільняй) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Канцлер (з 1550), адначасна ваявода віленскі (з 1551) і намесьнік вялікага князя (з 1561).

Валодаў вялікімі лятыфундыямі на Літве (цэнтар — Нясьвіж) і Валыні (Алыка). Найбольшыя ягоныя маёнткі: Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы (з 1558), Лахва і Нягневічы ў Наваградзкім павеце, Зьдзітаў у Слонімскім павеце, Дуброва, Шацак і Ўзда ў Менскім павеце, Геранёны ў Ашмянскім павеце, Дусяты, Сьвядасьць і Бігушкі ў Вількамірскім павеце, Лукішкі каля Вільні, Шыдловец у Польшчы. Быў старостам берасьцейскім, ковенскім і шавельскім[1].

Дзейнасьць Мікалая Радзівіла «Чорнага» як вялікага рэфарматара кардынальна паўплывала на царкоўна-рэлігійнае і культурнае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага.

З алыцка-нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Яна «Барадатага», кашталяна троцкага, і Ганны з Кішкаў. Адукацыю, імаверна, атрымаў толькі хатнюю. Юнацтва правёў пры каралеўскім двары ў Кракаве, дзе адбылося яго сяброўскае збліжэньне з будучым вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам Аўгустам. Ведаў беларускую, польскую і лацінскую мовы[1].

Браў удзел у вайне Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1534—1537), на якую разам з братам Янам выставіў 160 коньнікаў.

Вянчаньне per procura князя Мікалая Радзівіла і Кацярыны Аўстрыйскай. Невядомы мастак, 1752—1759 гг.

Імклівае службовае ўзьнясеньне Мікалая Радзівіла пачалося па 1544 годзе, калі на Берасьцейскім вальным сойме быў прыняты акт, згодна зь якім Жыгімонт Стары перадаваў поўную ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У гэты час атрымаў уплывовую пасаду земскага маршалка, якая давала магчымасьць часта бываць пры вялікакняскім двары. Браў удзел у пасольскіх місіях у іншыя дзяржавы.

У 1547 годзе спрыяў шлюбу сваёй стрыечнай сястры Барбары зь вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. Таго ж году ў час падарожжа ў Аўгсбургу атрымаў ад імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Карла V права на княскі тытул для сябе і асобных прадстаўнікоў свайго роду[2]. З гэтага часу пачаў называцца князем «на Алыцы і Нясьвіжы».

У 1549 годзе браў удзел у ваенных дзеяньнях супраць татараў на Валыні. У 1550 годзе атрымаў пасаду канцлера вялікага літоўскага. Павялічыў уплыў на палітыку велікакняскага ўраду і ў 1551 годзе здабыў права на захоўваньне найважнейшых дзяржаўных актаў у сваім архіве. Асаблівую ўвагу зьвяртаў на дакумэнты, якія пацьвярджалі даўнія дзяржаўныя прывілеі Вялікага Княства Літоўскага.

Узбраеньне Мікалая Радзівіла
Дасьпехі Мікалая Радзівіла
Бард, які належаў Мікалаю Радзівілу
Гелм Мікалая Радзівіла
Турнірны гелм Мікалая Радзівіла

У 1553 годзе выяжджаў з дыпляматычнай місіяй да Габсбургаў, каб прадухіліць магчымы габсбурска-маскоўскі хаўрус, які мог ускладніць становішча на ўсходніх межах дзяржавы. У 1555—1556 гадох ачольваў дзяржаўную камісію з правядзеньня аграрнай («валочнай») рэформы ў гаспадарскіх валоданьнях Літвы, якая падрыхтавала «Ўставу на валокі» 1557 году.

Мікалай Радзівіл атрымлівае ад імпэратара Карла V тытул князя. Невядомы мастак, XVII—XVIII стст.

Галоўнай сфэрай дыпляматычнай дзейнасьці былі дачыненьні з Інфлянтамі, вынікам чаго стала падпісаньне дамовы пра іхнае падпарадкаваньне супольна Вялікаму Княству і Кароне. Пазьней стаў адміністратарам гэтых зямель.

Падтрымліваў палітычны зьвяз з Польшчай, аднак быў рашучым супраціўнікам фэдэрацыі і бараніў сувэрэнітэт Вялікага Княства Літоўскага[1]. Супрацьстаяў складаньню дзяржаўнай уніі з Польшчай.

У 1561 годзе па ад’езьдзе Жыгімонта Аўгуста ў Польшчу стаў намесьнікам вялікага князя літоўскага. Правёў судова-адміністрацыйную рэформу, у выніку якой утварыліся шляхецкія станавыя суды і мясцовыя органы самакіраваньня — соймікі.

Ажаніўся з Альжбетай, дачкой аднаго з найбуйнейшых польскіх мэцэнатаў — кароннага гетмана Крыштафа Шыдлавецкага. У шлюбе меў сыноў Альбрэхта, Мікалая Крыштапа, Станіслава і Юрыя, а таксама дачок Ганну Магдалену, Крыстыну, Соф’ю Агнешку і Альжбету.

Памёр ад пакутлівай хваробы і спачыў разам з жонкай пры Віленскім зборы. У 1647 годзе парэшткі Мікалая Радзівіла «Чорнага» і яго жонкі ўрачыста перанесьлі зь Вільні ў Дубінкі. Па сьмерці бацькі ўсе дзеці пад уплывам палітычных абставінаў перайшлі ў каталіцтва.

Рэліґійная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мікалай Радзівіл атрымлівае ад імпэратара Карла V тытул князя. Габэлен, каля 1750 г.

Зь імем Мікалая Радзівіла «Чорнага» зьвязваюць пашырэньне і прапаганду рэфармацыйных ідэяў, арганізацыю рэфармацыйнай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Палітычны ўплыў і аўтарытэт Мікалая Радзівіла, які першым з магнатаў прыняў пратэстанцкую веру ў пачатку 1550-х гадоў, абумовілі пераход значнай часткі шляхты ў пратэстантызм. Спачатку ён схіляўся да лютэранства, але зь сярэдзіны 1550-х гадоў прыняў кальвінізм, які атрымаў найбольшае пашырэньне ў Літве. Мікалай Радзівіл падтрымліваў зьвязкі з прадстаўнікамі асноўных пратэстанцкіх плыняў (лютэранамі, кальвіністамі, антытрынітарыямі), стаў галоўным пратэктарам Рэфармацыі.

Заснаваў пратэстанцкія цэрквы — зборы — у сваіх маёнтках на тэрыторыі сучасных Беларусі, Летувы і Польшчы. У 1553 годзе першы на Беларусі рэфармацыйны збор Мікалай Радзівіл заклаў у сваім замку ў Берасьці. Каля 1557 году пры ягоным удзеле сфармавалася галоўная рэфармацыйная грамада Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні. Першы Віленскі збор разьмяшчаўся ў радзівілаўскім палацы на Лукішках.

Некаторы час быў прыхільнікам стварэньня Народнага сабору — свайго роду дзяржаўнай царквы, якая б аб’ядноўвала ўсіх хрысьціянаў Вялікага Княства і Кароны і была б больш незалежнай ад Ватыкану.

У апошнія гады свайго жыцьця падтрымліваў антытрынітарыяў, якія ў рэлігійна-багаслоўскіх і сацыяльных пытаньнях займалі найбольш радыкальныя пазыцыі. У 1563 годзе ў падляскім мястэчку Мордах, што належала Мікалаю Радзівілу, адбыўся сынод, дзе большасьць прысутных ухвалілі ідэі антытрынітарызму. Выношваў пляны аб’яднаньня кальвінісцкай і антытрынітарскай плыняў.

Культурніцкая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікі князь Жыгімонт III пацьвярджае тытул Мікалаю Радзівілу. Габэлен, каля 1760 г.
«Партрэт шляхціча» пэндзля Тыцыяна (імаверна, гэта Мікалай Радзівіл)[3]

Дзейнасьць Мікалая Радзівіла «Чорнага» адыграла вялікую ролю ў разьвіцьці мэцэнацтва ў розных сфэрах культуры Вялікага Княства Літоўскага, найбольш у арганізацыі кнігадрукаваньня. Працяглае знаходжаньне за мяжой і знаёмства з заходнеэўрапейскай культурай спрыялі разуменьню ролі кнігадрукаваньня ў грамадзка-палітычным і культурным жыцьці.

У 1553 годзе для прапаганды рэфармацыйных ідэяў заснаваў пры Берасьцейскім зборы першую на тэрыторыі Беларусі друкарню, у якой працавалі запрошаныя ім з Польшчы друкары Бэрнард Ваяводка, Станіслаў Мурмэліюс, паэт, перакладнік і кампазытар Ц. Базылік. Тут друкавалася ня толькі рэлігійная, але і сьвецкая літаратура.

У 1563 годзе на сродкі Мікалая Радзівіла выйшаў польскі пераклад поўнага зводу Бібліі, найбольшы паводле аб’ёму і адзін з найлепшых па мастацкіх і паліграфічных якасьцях рэнэсансавага выданьня. У гісторыю беларускага кнігавыданьня ён увайшоў пад назвай «Берасьцейская, ці Радзівілаўская Біблія».

Зь імем Мікалая Радзівіла зьвязваюць таксама выданьне арыгінальнага публіцыстычнага твору — пасланьня папскаму нунцыю ў Польшчы Аляізіюшу Ліпаману, напісанага, імаверна, яго асабістым сакратаром, вядомым польскім лексыкографам Янам Манчыньскім, дзе зьмяшчаюцца рэзкія антыкаталіцкія і антыпапскія выпады.

Пад апекай Мікалая Радзівіла дзеяла пратэстанцкая друкарня і ў Нясьвіжы, у працы якой бралі ўдзел вядомыя дзеячы Рэфармацыі — Сымон Будны, Мацей Кавячынскі, Ляўрэнці Крышкоўскі. Многія выданьні выходзілі з прысьвячэньнем знатнаму патрону. Некаторыя свае творы яму прысьвячаў Жан Кальвін. Шчодрасьцямі радзівілаўскага двара карысталіся такія відныя тэолягі, як Сымон Будны, Марцін Чаховіц, паэты Андрэй Тшэцэскі, кампазытары Кіпрыян Базылік, Вацлаў з Шамотул ды іншыя.

Марка Белпошты, 1996 г.

Беларусь — першая краіна, якая выдала адмысловую марку, прысьвечаную Мікалаю Радзівілу «Чорнаму»[4]. Марку надрукавала Белпошта 17 сьнежня 1996 году, зьмясьціўшы на ёй партрэт выдатнага вялікалітоўскага дзяржаўнага і вайсковага дзеяча.

25 ліпеня 2009 году ў Берасьці адкрылася скульптурная кампазыцыя, прысьвечаная 990-гадовай гісторыі места. Сярод шасьці бронзавых фігураў у кампазыцыі помніка тры скульптуры гістарычных дзеячоў — Вітаўта, Мікалая Радзівіла «Чорнага» і князя Васількавіча[5].

Да 500-годзьдзя зь дня нараджэньня Мікалая Радзівіла Чорнага ў Беларусі выпушчаная памятная манэта.

  1. ^ а б в Грыцкевіч А. Радзівіл Мікалай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 494.
  2. ^ Акінчыц С. Залаты век Беларусі. — Менск: Юніпак, 2002.
  3. ^ Лаўроўская І. Тыцыян маляваў Радзівіла // Спадчына. № 2, 1993. С. 82—84.
  4. ^ Беларуская паштовая марка: гісторыя і здабыткі, Радыё Свабода, 2 сакавіка 2000 г.
  5. ^ Вітаўт, Радзівіл Чорны і князь Васількавіч // Наша Ніва, 26 ліпеня 2009 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]