Кофі Анан
Кофі Ата Анан (8 красавіка 1938, Кумасі, Гана — 18 жніўня 2018, Берн, Швейцарыя) — ганскі дыпламат, сёмы Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (2001).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 8 красавіка 1938 года ў Кумасі (Гана). Вучыўся ў Навукова-тэхнічным універсітэце ў Кумасі і завяршыў вучобу, займаючыся пытаннямі эканомікі, у Макалестэр-каледжы ў Сэнт-Поле, штат Мінесота (ЗША), у 1961 годзе. У 1961—1962 гадах ён прайшоў курс аспіранцкай падрыхтоўкі ў галіне эканомікі ў Вышэйшым інстытуце па вывучэнні міжнародных праблем у Жэневе. У 1971—1972 гадах, атрымаўшы стыпендыю імя Слоўна, ён навучаўся ў Масачусецкім тэхналагічным інстытуце, дзе атрымаў ступень магістра ў галіне кіравання.
3 1962 года — на кіруючых пасадах у структурах ААН (акрамя 1974—76, калі быў дырэктарам турызму Ганы): у фінансавых органах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Жэневе (Швейцарыя), Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека, член Камісіі ААН па справах Афрыкі. У 1990—92 гадах — памочнік генеральнага сакратара ААН па праграме планавання бюджэту і фінансаў, з 1993 года — намеснік генеральнага сакратара па міратворчых аперацыях. 3 1997 па 2006 гады — Генеральны сакратар ААН.
Свабодна валодаў англійскай, французскай і некалькімі афрыканскімі мовамі.
Памёр 18 жніўня 2018 года ў Берне (Швейцарыя).
Праца ў Арганізацыі Аб’яднаных нацый
[правіць | правіць зыходнік]Паступіў на працу ў сістэму Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1962 годзе ў якасці супрацоўніка па адміністрацыйных і бюджэтных пытаннях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Жэневе. Пасля гэтага ён працаваў:
- у Эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый для Афрыкі ў Адыс-Абебе,
- у складзе Надзвычайных узброеных сіл Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (НУСААН II) у Ісмаіліі;
- ва Упраўленні Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў у Жэневе;
- ў Цэнтральных установах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Йорку ў якасці памочніка Генеральнага сакратара па людскіх рэсурсах і Каардынатара па пытаннях бяспекі ў сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1987—1990 гады), а таксама памочніка Генеральнага сакратара па пытаннях планавання праграм, бюджэту і фінансаў і Кантралёра (1990-1992 гады). У 1990 годзе пасля ўварвання Ірака ў Кувейт Генеральны сакратар даручыў Анану ў якасці спецыяльнага задання аказаць садзейнічанне ў справе рэпатрыяцыі больш за 900 міжнародных супрацоўнікаў і грамадзян заходніх краін з Ірака. Пасля ён узначальваў першую групу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правядзенні перамоў з Іракам па пытанні аб продажы нафты для фінансавання закупак гуманітарнай дапамогі.
Працаваў у якасці памочніка Генеральнага сакратара па аперацыях па падтрыманні міру (сакавік 1993 года — люты 1994 года) і затым намесніка Генеральнага сакратара (люты 1994 года — кастрычнік 1995 года; красавік 1996 года). Перыяд яго працы ў якасці намесніка Генеральнага сакратара супаў з беспрэцэдэнтным ростам маштабаў і сферы аперацый Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па падтрыманні міру, у рамках якіх агульная колькасць разгорнутага персаналу, калі яна дасягнула максімальнага ўзроўню ў 1995 годзе, складала практычна 70 000 вайскоўцаў і грамадзянскіх супрацоўнікаў краін. У перыяд з лістапада 1995 года па сакавік 1996 года пасля падпісання Дэйтонскага мірнага пагаднення, якое паклала канец вайне ў Босніі і Герцагавіне, Анан выконваў функцыі Спецыяльнага прадстаўніка Генеральнага сакратара ў былой Югаславіі, ажыццяўляў назіранне за перадачай функцый у Босніі і Герцагавіне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па ахове (СААТ) шматнацыянальным Сілам па выкананні пагаднення (СВС), кіраўніцтва якімі ажыццяўляла Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора (НАТА).
Барацьба з ВІЧ і СНІД
[правіць | правіць зыходнік]На мяжы стагоддзяў грамадскае адмаўленне праблемы СНІДу дасягнула свайго піка, і менавіта Кофі Анан дапамог парушыць змову маўчання.
«За апошні год ад СНІДу ў Афрыцы памерла больш людзей, чым ад усіх войнаў на кантыненце. СНІД — галоўная праблема тут, і ўрады афрыканскіх краін абавязаны прыняць меры. Мы павінны разарваць заганнае кола маўчання і перастаць саромецца», — вось яго словы.
Калі Кофі Анан заняў пасаду генеральнага сакратара ААН у 1997 годзе, прагнозы адносна эпідэміі СНІДу былі вельмі песімістычнымі: у свеце было каля 23,9 млн ВІЧ-інфікаваных, за год заразіліся прыкладна 3,5 млн чалавек, а доступ да жыццёва неабходных лекаў быў толькі у абраных, якія складалі мізэрную долю ўсіх, хто жыве ў нястачы [8].
Як новы Генеральны сакратар ён пачаў шукаць падыход да сусветных лідараў, спачатку мякка і дыпламатычна, але зразумеўшы, што яго словы засталіся непачутымі, змяніў тактыку і пачаў выступаць публічна і ў больш настойлівай манеры.
«Сябры, мы ведаем, наколькі цяжка пераламаць сітуацыю з эпідэміяй. Для гэтага трэба, каб кожны прэзідэнт і прэм’ер-міністр, кожны парламентарый і палітык вырашыў для сябе і абвясціў голасна, што мае намер змагацца з гэтай праблемай», — лічыў ён.
Пад яго кіраўніцтвам у 2000 годзе Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю 1308, у якой СНІД быў уключаны ў лік пагроз глабальнай бяспецы. У 2001 годзе прайшла спецыяльная сесія Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытанні ВІЧ/СНІДу — першая сустрэча сусветных лідэраў па пытаннях аховы здароўя ў ААН.
У 2000 годзе, калі фінансаванне барацьбы са СНІДам складала менш за 1 млрд долараў ЗША, Кофі Анан прапанаваў стварыць рэзервовы фонд у памеры як мінімум 7-10 млрд дал ЗША для вырашэння праблем СНІДу, туберкулёзу і малярыі. Вынікам яго ўпартай працы з сусветнымі лідэрамі ў гэтым напрамку стала стварэнне Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй, які выратаваў мільёны жыццяў. Кофі Анан заставаўся апекуном фонду, назіраў за тым, каб ён атрымліваў дастатковае фінансаванне.
Мэта з Дэкларацыі тысячагоддзя, якая тычыцца спынення і ліквідацыі наступстваў эпідэміі СНІДу, а таксама Дэкларацыя ААН аб прыхільнасці справе барацьбы з ВІЧ/СНІДам ад 2001 года ўстанаўліваюць мэты па прафілактыцы ВІЧ, але не агаворваюць канкрэтныя мэты па доступе. Правёў мноства перамоў з прадстаўнікамі фармацэўтычнай галіны, Кофі Анан пераконваў іх зніжаць цэны лекаў. Да 2018 года кошт жыццёва неабходных антырэтравірусных прэпаратаў ўпаў да 60 долараў ЗША на аднаго чалавека ў год. У цяперашні час каля 21 млн чалавек ва ўсім свеце атрымліваюць лячэнне ад ВІЧ[8].
Даведаўшыся, што менш за 30 % людзей ведаюць пра ВІЧ, ён сабраў лідараў СМІ і разам з імі распрацаваў міжнародную інфармацыйную праграму па СНІДу (Global Media AIDS Initiative). У выніку шэраг дзяржаўных і прыватных медыякампаній па ўсім свеце на бязвыплатнай аснове паказалі праграмы агульнай працягласцю некалькі сотняў гадзін, закліканыя адукаваць насельніцтва па пытаннях СНІДу. Нават сам Кофі Анан з’явіўся на экране разам з ВІЧ-інфіцыраваным персанажам «Вуліцы Сезам» і заклікаў гледачоў адмовіцца ад цкавання і дыскрымінацыі ў адносінах да дзяцей, якія жывуць з ВІЧ.
«Нам патрэбны значныя пазітыўныя змены, якія пашырылі б правы і магчымасці жаночага насельніцтва, надалі яму ўпэўненасці і змянілі характар адносін паміж мужчынамі і жанчынамі на ўсіх узроўнях грамадства. Жанчынам неабходна даць больш рэсурсаў, у тым ліку на заканадаўчым узроўні, і даць ім права голаса пры прыняцці важных рашэнняў. Гэта азначае, што кожны з нас павінен праяўляць асабістую зацікаўленасць у супрацьдзеянні СНІДу не толькі на гэтым пасяджэнні, у бягучым ці наступным годзе, але кожны год, пакуль эпідэмія не будзе спынена».
Кофі Анан быў прыхільнікам разнастайнасці. Ён выступаў за правы працаўнікоў секс-бізнесу, мужчын-гомасексуалаў і іншых мужчын, якія маюць палавыя кантакты з мужчынамі, трансгендарных людзей і людзей, якія ўжываюць наркотыкі.
«Мы павінны абараніць найболей уразлівыя групы насельніцтва, і калі мы жадаем спыніць эпідэмію, нам не варта хаваць галаву ў пя��ок і рабіць выгляд, што гэтых людзей проста не існуе або што ім не патрэбна наша дапамога, — заяўляў ён. — Мы павінны дапамагчы ім, і трэба спыняць любыя спробы перашкодзіць нам».
Генеральны сакратар ААН
[правіць | правіць зыходнік]З’яўляецца першым Генеральным сакратаром ААН, які быў абраны з шэрагаў персаналу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Кофі Анан прыступіў да працы на гэтай пасадзе 1 студзеня 1997 года. 29 чэрвеня 2001 года рашэннем Генеральнай Асамблеі Анан быў прызначаны на другі тэрмін паўнамоцтваў, які скончыўся 31 снежня 2006 года.
Прыярытэтныя задачы Анана ў якасці Генеральнага сакратара складаліся: *ў актывізацыі дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый за кошт ажыццяўлення ўсёабдымнай праграмы рэформы;
- ў умацаванні традыцыйнай дзейнасці Арганізацыі ў галінах развіцця і падтрымання міжнароднага міру і бяспекі;
- ў заахвочванні і прапагандаванні правоў чалавека, законнасці і замацаваных у Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый усеагульных каштоўнасцяў, якія датычацца роўнасці, цярпімасці і чалавечай годнасці;
- ў аднаўленні даверу грамадскасці да Арганізацыі шляхам наладжвання адносін з новымі партнёрамі і, паводле яго слоў, «забеспячэння таго, каб Арганізацыя Аб’яднаных Нацый стала бліжэй для людзей».
Першай буйной ініцыятывай Анана ў якасці Генеральнага сакратара быў яго план рэформы «Абнаўленне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый», які быў прадстаўлены дзяржавам-членам у ліпені 1997 года і які ажыццяўляецца з таго часу з наданнем асаблівай увагі забеспячэнню больш эфектыўнага ўзаемадзеяння і каардынацыі. Яго даклад «Прычыны канфліктаў і садзейнічанне забеспячэнню трывалага міру і ўстойлівага развіцця ў Афрыцы», прадстаўлены Савету Бяспекі ў красавіку 1998 года, адносіўся да шэрагу ініцыятыў, накіраваных на захаванне прыхільнасці міжнароднай супольнасці да вырашэння праблем Афрыкі, якая з’яўляецца рэгіёнам свету, які знаходзіцца ў найбольш няшчасных умовах. Ён выкарыстоўваў свае добрыя паслугі ў шэрагу складаных палітычных сітуацый. Такая дзейнасць уключала:
- распачатую ў 1998 годзе спробу дабіцца выканання Іракам рэзалюцый Рады Бяспекі;
- ажыццяўленне ў 1998 годзе місіі для садзейнічання пераходу да грамадзянскага кіравання ў Нігерыі;
- падпісанне ў 1999 годзе пагаднення, якое дазволіла выйсці з тупіковай сітуацыі ў адносінах паміж Лівіяй і Саветам Бяспекі ў сувязі з выбухам самалёта над Локербі ў 1988 годзе;
- ажыццяўленне ў 1999 годзе дыпламатычных ініцыятыў для забеспячэння прыняцця міжнароднай супольнасцю мер у сувязі з гвалтам ва Усходнім Тыморы.
Ён таксама рабіў намаганні для паляпшэння становішча жанчын у Сакратарыяце і наладжвання больш цесных адносін з грамадзянскай супольнасцю, прыватным сектарам і іншымі недзяржаўнымі суб’ектамі, магчымасці якіх дапаўняюць магчымасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У прыватнасці, ён заклікаў да заключэння «глабальнага дагавора» з удзелам лідараў міжнародных дзелавых колаў, а таксама прафсаюзаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці, з тым каб ва ўсім свеце людзі маглі выкарыстоўваць перавагі глабалізацыі і зацвердзіць ва ўмовах глабальнага рынку каштоўнасці і практыку, якія маюць асноватворнае значэнне для задавальнення сацыяльна-эканамічных патрэб.
У красавіку 2000 года ён апублікаваў даклад з нагоды наступу новага тысячагоддзя, азагалоўлены «Мы, народы: роля Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у XXI стагоддзі», у якім утрымліваецца заклік да дзяржаў-членаў заявіць аб сваёй прыхільнасці ажыццяўленню плана дзеянняў, накіраванага на тое, каб пакласці канец галечы і няроўнасці, павысіць эфектыўнасць адукацыі, скараціць маштабы распаўсюджвання ВІЧ/СНІДу, забяспечыць ахову навакольнага асяроддзя і абараніць народы ад смяротных канфліктаў і гвалту. Гэты даклад лёг у аснову «Дэкларацыі тысячагоддзя», прынятай кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў падчас саміту тысячагоддзя, які адбыўся ў Цэнтральных установах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у верасні 2000 года.
У красавіку 2001 года Генеральны сакратар апублікаваў «Заклік да дзеянняў» з пяці пунктаў для барацьбы з эпідэміяй ВІЧ/СНІДу, якую ён ахарактарызаваў як сваю «асабістую прыярытэтную задачу», і прапанаваў стварыць глабальны фонд для аховы здароўя ў якасці механізма для мабілізацыі дадатковых фінансавых рэсурсаў. , неабходных для аказання дапамогі краінам, якія развіваюцца ў барацьбе з крызісам.
10 снежня 2001 года, Генеральны сакратар і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый былі ўдастоены Нобелеўскай прэміі міру. Прымаючы рашэнне аб узнагароджанні, Нарвежскі нобелеўскі камітэт адзначыў, што Анан «больш, чым хто-небудзь, садзейнічаў абнаўленню Арганізацыі». У сувязі з узнагароджаннем прэміяй сусветнай арганізацыі Камітэт заявіў, што «адзіны перамоўны шлях да глабальнага міру і супрацоўніцтва ляжыць праз Арганізацыю Аб’яднаных Нацый».
Асабістае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Двойчы быў жанаты.
Першую жонку звалі Ціці Алакіі, яна паходзіла з арыстакратычнай сям’і. Ён ажаніўся з ёй ў 1965 годзе. У шлюбе нарадзіліся дачка Ама і сын Коджа. Пара развялася ў канцы 1970-х гадоў.
Другая жонка — Нане Лагергрэн, шведская праваабаронца, пляменніца шведскага дыпламата Рауля Валенберга. Ажаніліся ў 1984 годзе. Пара выхоўвала дачку Ніну (ад папярэдняга шлюбу жонкі)[9]
Смерць
[правіць | правіць зыходнік]Памёр Кофі Анан 18 жніўня 2018 года ў Берне ў Швейцарыі пасля непрацяглай хваробы, пра што напісалі Міжнародная арганізацыя па мігр��цыі ААН на сваёй старонцы і сям’я з Фондам Кофі Анана на старонцы Анана ў Твітэры.
Зноскі
- ↑ а б http://www.imdb.com/name/nm1108319/bio
- ↑ Kofi Annan // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ http://www.ccma.cat/324/mor-als-80-anys-kofi-annan-secretari-general-de-lonu-i-premi-nobel-de-la-pau/noticia/2871533/ Праверана 18 жніўня 2018.
- ↑ https://www.lemonde.fr/disparitions/article/2018/08/18/mort-de-kofi-annan-ancien-secretaire-general-de-l-onu-et-nobel-de-la-paix_5343801_3382.html Праверана 18 жніўня 2018.
- ↑ Former UN chief Kofi Annan dies // aljazeera.com — 2018. Праверана 18 жніўня 2018.
- ↑ а б https://documents.wfp.org/stellent/groups/public/documents/webcontent/wfp095101.pdf
- ↑ а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ а б [1] Наследие Кофи Аннана в борьбе со СПИДом
- ↑ [2] Биография Кофи Аннана
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Кофі Анан у Вікіцытатніку | |
Кофі Анан на Вікісховішчы |
- Нарадзіліся 8 красавіка
- Нарадзіліся ў 1938 годзе
- Нарадзіліся ў Кумасі
- Памерлі 18 жніўня
- Памерлі ў 2018 годзе
- Памерлі ў Берне
- Члены Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук
- Выпускнікі Масачусецкага тэхналагічнага інстытута
- Выпускнікі Жэнеўскага ўніверсітэта
- Службовыя асобы ААН
- Узнагароджаныя ордэнам Святога Міхаіла і Святога Георгія
- Узнагароджаныя медалём «У памяць 850-годдзя Масквы»
- Кавалеры Вялікага Крыжа I ступені Ганаровага знака за Заслугі перад Аўстрыйскай Рэспублікай
- Кавалеры ордэна Ізабелы Каталічкі
- Кавалеры Ордэны Зоркі Румыніі
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Нідэрландскага льва
- Кавалеры ордэна Зоркі Ганы
- Вялікія афіцэры ордэна Ганаровага легіёна
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Святога Міхаіла і Святога Георгія
- Кавалеры Вялікага Крыжа ордэна За заслугі перад ФРГ
- Кавалеры ордэна За заслугі перад ФРГ
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Ізабелы Каталічкі
- Узнагароджаныя Ордэнам Заслуг перад Рэспублікай Польшча
- Кавалеры Вялікага Крыжа ордэна Заслуг перад Рэспублікай Польшча
- Кавалеры Ганаровага знака за Заслугі перад Аўстрыйскай Рэспублікай
- Кавалеры ордэна Піянераў Рэспублікі
- Кавалеры ордэна Добрай Надзеі спецыяльнага класа
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна «Сонца Перу»
- Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру
- Лаўрэаты прэміі Улафа Пальмэ
- Лаўрэаты прэміі імя Сахарава
- Ганаровыя дактары Гарвардскага ўніверсітэта
- Ганаровыя дактары МДІМА
- Асобы
- Генеральныя сакратары ААН
- Постаці Ганы