Інд
Інд | |
---|---|
хіндзі सिन्ध | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 3180 км |
Басейн | 980 тыс. км² |
Расход вады | 6 600 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | Тыбет |
• Вышыня | 5300 м |
• Каардынаты | 31°14′32″ пн. ш. 81°46′06″ у. д.HGЯO |
Вусце | Аравійскае мора |
• Каардынаты | 23°59′40″ пн. ш. 67°25′51″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Аравійскае мора |
|
|
Краіны | |
Карта Інда з прытокамі паводле The Times Atlas of the world | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Інд (тыб.: སེང་གེ།་གཙང་པོ Sênggê Zangbo, кіт.: 印度河 Yìndù Hé, хіндзі: सिन्धु नदी, панджаб.: دریاۓ سندھ Sindh, пушту: اباسين Abāsin, сіндхі: سنڌوندي Sindhu, урду: دریائے سندھ) — буйная рака ў Паўднёвай Азіі, бярэ пачатак на тэрыторыі Кітая ў Гімалаях і працякае большай часткай па тэрыторыі паўночна-заходняй Індыі і Пакістана. Выток знаходзіцца на Тыбецкім нагор’і, вусце — на поўначы Аравійскага мора, недалёка ад горада Карачы. Даўжыня Інда — 3180 км, плошча басейна — 960 800 км²
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Выток і верхняе цячэнне
[правіць | правіць зыходнік]Выток ракі знаходзіцца на вышыні каля 5300 м[1] (5182 м па Геаслоўніку[2] і 5500 м паводле Брытанікі[3]) на паўднёвым захадзе Тыбецкага нагор’я, на паўночным схіле гары Гарынг-бочы (хрыбет Кайлаш), прыкладна за 40 км на поўнач ад возера Манасаравар. Пад назвай Сіндху цячэ да зліцця з ракой Гар-Дзангбо каля вёскі Ларгмар, дзе атрымлівае назву Інд.
Больш за 1000 км Інд працякае на паўночны захад праз горы Каракарума, прытрымліваючыся глыбокай тэктанічнай даліны і ўтвараючы шматлікія скалістыя цясніны. Мяжу паміж Тыбецкім аўтаномным раёнам і індыйскім штатам Джаму і Кашмір Інд перасякае на вышыні 4572 м непадалёк ад населенага пункта Дэмчок. Пасля працяглага горнага вучастка рака выходзіць у даліну, дзе размешчаны старажытны горад Лех — сталіца гістарычнай вобласці Ладакх. Недалёка ад Леха ў Інд ўліваецца рака Занскар, пасля чаго ля горада Тынгмасганг рака зноў сыходзіць у цясніну і цячэ да прыгранічнага паселішча Баталік.
Пасля перасячэння мяжы паміж штатам Джаму і Кашмір і пакістанскімі Паўночнымі тэрыторыямі ў Інд упадае рака Шынга. Яшчэ прыкладна праз 80 км у Інд справа ўпадае рака Шаёк. У Скарду (галоўнага горада Балцістана) у Інд справа ўпадае рака Шыгар, якая жывіцца найбуйнейшымі ледавікамі Біяфо і Балтора. Інд дасягае сваёй самай паўночнай кропкі ў піку Харамош, пасля чаго зліваецца з ракой Гілгіт (таксама справа) ля горада Бунджы і паварочвае на паўднёвы захад, прарываючыся паміж адгор’ямі Гімалаяў і Гіндукуша. Адсюль па беразе Інда цягнецца Каракарумская шаша. Амаль адразу пасля зліцця з Гілгітам Інд папаўняецца водамі ракі Астор і працякае ў падножжаў гары Нанга Парбат, якая сілкуе раку сваімі ледавікамі. Затым Інд перасякае мяжу Кашміра і ўцякае на тэрыторыю Пакістана.
У сярэднім цячэнні перасякае пагорыстыя нізкагор’і, дзе ў 1977 годзе была пабудавана дамба Тарбела. Пасля гэтага Інд п��ымае буйны прыток Кабула (вышыня месца сутокі — каля 610 м), працякае па Калабагскай цясніне паміж адгор’ямі Сулейманавых гор і Салянага хрыбта і затым выходзіць на Інда-Гангскую раўніну.
Раўнінны ўчастак
[правіць | правіць зыходнік]Зліўшыся з ракой Саан і выйшаўшы на раўніны Пенджаба ля горада Даудхейль, Інд дзеліцца на некалькі пратокаў. Рака і спадарожныя ёй каналы працякаюць праз гарады Міянвалі і Дэра-Ісмаіл-Хан. У Катаду пабудавана плаціна Таўнс. Прайшоўшы праз Дэра-Газы-Хан, Інд прымае воды самага вялікага прытоку — Панджнад, пасля чаго шырыня ракі павялічваецца з 400—500 м да 1—2 км. У горадзе Сукур (правінцыя Сінд) ад Інду аддзяляецца адтока Нара (Усходняя Нара), але мора дасягае толькі ў разводдзе, хоць у старажытнасці, відаць, адтока служыла галоўным рэчышчам. У ніжнім цячэнні Інд перасякае заходнюю ўскраіну пустыні Тар. Прайшоўшы па раўніне звыш 1800 км, упадае ў Аравійскае мора.
Рака нясе вялікую колькасць наносаў, таму ейнае рэчышча прыпаднятае над пясчанай раўнінай. На значным працягу рэчышча ракі абвалаванае для абароны прылеглых тэрыторый ад паводак, якія часам здараюцца. У 1947 і 1958 гадах паводкай былі знішчаны вялікія плошчы, паводка 2010 года таксама нанесла вялікую шкоду краіне. Часам моцныя паводкі прымушаюць раку мяняць сваё рэчышча.
Дэльта
[правіць | правіць зыходнік]У Хайдарабадзе, размешчаным за 150 км ад мора, пачынаецца дэльта Інда, якая мае плошчу 30 тыс. км² і даўжыню марскога берага 250 км. Рака дзеліцца на 11 асноўных адтокаў, поўны ж лік пратокаў ў дэльце Інду дакладна вызначыць немагчыма, таму як кожнае разводдзе змяняе ўвесь існы малюнак. На працягу ХХ стагоддзя галоўнае рэчышча шмат разоў змяняла месца. У цяперашні час асноўнае рэчышча ракі завецца Гаджамро, яна ўпадае ў мора ў пункце з каардынатамі 24° 6' п. шыр. і 67° 22' у.д. Прыбярэжная паласа глыбінёй ад 8 да 30 км заліваецца пры прыліве.
Гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Водны рэжым
[правіць | правіць зыходнік]На горным участку Інд жывіцца ў асноўным за кошт раставання снегу і ледавікоў, дзе сцёк складае каля 220 км³/год, пры сярэднім расходзе вады каля 7000 м³/с. Расход мінімальны ў зімовыя месяцы, а з сакавіка па чэрвень вада падымаецца. У ніжняй частцы басейна рака папаўняецца водамі ад мусонных дажджоў, што прыводзіць да вяснова-летняй паводкі (сакавік—верасень). У гэты перыяд вада падымаецца на 10—15 м у гарох, 5—7 м у раўнінай частцы. У перыяд высокай вады (ліпень—верасень) рэчышча ракі на пойменных участках дасягае 5—7 км у шырыню (у раёне горада Дэра-Ісмаіл-Хан шырыня даходзіць да 20—22 км).
Сярэдні расход вады ў Хайдарабадзе 3850 м³/с, але ў шматводныя гады гэты паказчык можа дасягаць 30 тыс. м³/с. Пасля выхаду на раўніну Інд губляе ваду праз выпарэнне і прасочванне. У засушлівыя перыяды Інд у ніжнім цячэнні можа перасыхаць і не дасягаць Аравійскага мора.
Сярэднія штомесячныя расходы вады (у м³/с), вызначаныя на гідрапосце Сукур за перыяд 1937—1970 гг.[4] |
---|
Існуюць сведчанні, якія даказваюць, што з часоў культуры Махенджа-Дара Інд некалькі разоў змяняў становішча свайго рэчышча ніжэй паўднёвага Пенджаба. У раёне гарадоў Рохры і Сукур рака заціснутая паміж вапняковымі ўцёсамі, а ніжэй на поўдзень рэчышча ракі перамясцілася на захад, асабліва дэльта. За апошнія сем стагоддзяў у верхняй частцы Сінду Інд перамясціўся на 15—30 км на захад.
Спіс прытокаў
[правіць | правіць зыходнік]Буйнейшыя з прытокаў:
Геалогія
[правіць | правіць зыходнік]Рака Інд жывіць падводны конус вынасу — другое па велічыні адкладавае цела на Зямлі, якое складаецца з блізу 5 млн км³ матэрыялу горных парод, якія Інд вынес у Аравійскае мора за час свайго існавання. Даследаванні адкладаў у сучаснай рацэ паказваюць, што Каракарум — адзін з найважнейшых крыніц матэрыялу, а Гімалаі — другая, адтуль адклады выносяцца ў асноўным праз вялікія рэкі Пенджабу (Раві, Джэлам, Чэнаб і Сатледж). Аналіз адкладаў у Аравійскім моры, праведзены марскімі геолагамі Пітэрам Кліфтам і Джэрсі Блюстайнам, засведчыў, што пяць мільёнаў год таму Інд не быўзлучаны з пералічанамі вышэй рэкамі Пенджабу, і яны цяклі на ўсход да Гангу [5]. Ранейшая праца Пітэра Кліфта паказала, што пясок і адклады з заходняго Тыбету пачалі дасягаціАравійскага мора 45 млн год тому, маючы на ўвазе існаванне у гэтым рэчышчы старажытнага Інда[6]. Дэльта гэтага пра-Інда была знойдзена ў басейне Катаваз на афгана-пакістанскай мяжы.
У регіёне Нангапарбат адбываецца значная эрозія, спрычыненая Індам пасля того, як ён зміяніў рэчышча і стаў працякаць пораз гэтую вобласць[7].
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Дэльта Інда — адно з найбольш засушлівых месцаў паўвострава Індастан, паколькі, за выняткам горнага ўчастка ў Пакістане, даліна Інда ляжыць у найбольш сухой частцы Індыйскага субкантынента. Раўніны, між тым, атрымліваюць значную колькасць ападкаў ад летняга мусону: паблізу Абатабада сярэднегадавая колькасць ападкаў дасягае прыблізна 1 200 мм, а ля Муры — ад 1 700 мм да 730 мм толькі ў ліпені і верасні.[крыніца?] Верхняе цячэнне Інда атрымлівае 10—20 мм ападкаў за зімовыя месяцы з-за паўночна-заходніх вятроў. Вышэй па цячэнні, у Кашміры і паўночных абласцях, вялікая колькасць ападкаў выпадае ў выглядзе снегу, але на ніжніх участках улетку надзвычай суха і спякотна. Тэмпературы на поўначы ў гарах зімой апускаюцца ніжэй за нуль, а ў ліпені сягаюць +38 °C. Рака не замярзае. Адно з найбольш спякотных месцаў на Зямлі — Джэйкабабад, размешчаны на захад ад Інда у верхнім Сіндзе: тэмпература там падымаецца да 49 °C[8].
Флора і фауна
[правіць | правіць зыходнік]Згадкі пра даліну Інду, з часоў паходу Аляксандра Македонскага ўказваць на маштабнае лясное покрыва ў рэгіёне, якое да пачатку ХХІ стагоддзя значна скарацілася. Валадар Імперыі Вялікіх Маголаў Бабур у сваіх запісах (Бабурнама) піша пра сустрэчы з насарогамі ўздоўж берпгоў ракі. Значнаее абезлесенне і ўмяшанне чалавека ў экалогію гор Шывалік прывяло да прыметнага скарачэння расліннасці і пагаршэння умоў росту. Даліна Інду — засушлівы рэгіён з беднай расліннасцю. Сельская гаспадарка падтымліваецца толькі праз ірыгацыю.
Індскі дэльфін (Platanista gangetica minor) — падвід паўднёваазіяціх дэльфінаў, які сустракаецца толькі ў рацэ Інд, раней вадзіўся і ў яе прытоках. Паводле дадзеных Сусветнага фонду дзікай прыроды, індскія дэльфіны адносяцца да відаў, што знаходзяцца пад найбольшай пагрозай вымірання, бо іх зараз засталося каля 1000 асобін[9].
Tenualosa ilisha — дэлікатэс сярод насельнікаў даліны Інд. Папуляцыя рыбы ў рацэ даволі высокая, гарады Сукур, Тата і Котры — буйныя цэнтры рыбалоўства ў ніжнім цячэнні Інду, а будаўніцтва каналаў толькі пабольшыла ролю рыбалоўства ў эканоміцы.
Дэльта Інда была вызнана аб’ектам аховы навакольнага асяроддзя як адзін з найважнейшых экалагічных рэгіёнаў свету. Тут рака падзяляецца на шмат рукавоў, плыняў і балот і ўпадае ў мора на невялікіх вышынях, праз што тут багата водзіцца марская рыба, у тым ліку марскія ляшчы і крэветкі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Палеалітычныя паселішчы былі знойдзены ў Патахары, недалёка ад сталіцы Пакістана Ісламабада, з каменнымі прыладамі саанскай культуры.
Найбуйнейшыя гарады індыйскай цывілізацыі, такія як Харапа і Махенджа-Дарп, датуюцца прыкладна 3300 годам да нашай эры і з’яўляюцца аднымі з найбуйнейшых чалавечых паселішчаў у старажытным свеце. Індская цывілізацыя распасціраецца на тэрыторыі Пакістана і паўночна-заходняй Індыі. Прыбярэжныя паселішчы раскіданыя ад Суткаган Дор у Пакістане і іранскай мяжы да Куча у сучасным Гуджараце, Індыя. Ёсць паселішча цывілізацыі Амудар’я у Шортугаі на поўначы Афганістана, а таксама Аламджырпур на рацэ Хіндон, якая знаходзіцца ўсяго ў 28 км ад Дэлі. На сённяшні дзень выяўлена больш за 1052 паселішчы, у асноўным на участку ракі Гагар-Хакра і яе прытокаў. Сярод паселішчаў — буйныя гарадскія цэнтры Харапа і Махенджа-Дара, а таксама Латхал, Далавіра, Ганерывала і Ракхігархі. Сатледж, цяпер прыток Інда, у эпоху Харапы ўпадаў у раку Гагар-Хакра, у вадазборы, дзе было выяўлена больш паселішчаў Харапы, чым на самой рацэ Інд.
Большасць навукоўцаў лічаць, што паселішчы гандхарскай пахавальнай культуры ранніх індаарыяў квітнелі ў каралеўстве Гандхара з 1700 па 600 год да нашай эры, калі Махенджа-Дара і Харапа былі закінутыя.
Слова «Індыя» паходзіць ад назвы ракі Інд. У старажытныя часы "Ін[10]
Ніжняя частка басейна Інда ўтварае натуральную мяжу паміж Іранскім нагор’ем і Індыйскім субкантынентам; гэтая тэрыторыя ахоплівае ўсю або частку сучасных пакістанскіх правінцый Белуджыстан, Хайбер-Пахтунхва, Пенджаб і Сінд, і краіны Індыю і Афганістан. Яе перасекла войска Аляксандра Вялікага, але пасля таго, як яго македонцы заваявалі Заходні бераг і далучылі яго да Грэчаскай імперыі, яны вырашылі вярнуцца па рацэ на поўдзень, спыніўшы азіяцкі паход. Пазней раўніны Інда былі пад кантролем Персідскай імперыі, а затым Кушанскага царства. На працягу многіх стагоддзяў мусульманскія войскі Махамеда бен Касіма, Махмуда Газневі, Махамеда Горы, Тамерлана і Бабура часта перапраўляліся праз раку, каб уварвацца ва ўнутраныя раёны Пенджаба або далей на ўсход ці поўдзень.
У міфалогіі і культуры
[правіць | правіць зыходнік]Веды (Рыгведа) захапляюцца Індам, калыскай Індыі. Сіндху (Інд) — адна з раўнінных рэк Саптасіндху: «Інд пераўзыходзіць усе цякучыя ручаі… Ягоны грукат падымаецца ад зямлі да неба, ён стварае бясконцую моц у блісках свету… Як цар-воін вядзе воінаў, так Інд вядзе іншыя рэкі… Багаты на добрых коней, багаты на золата, з высакародным выглядам, багатым багатым здароўем». У гэтым гімне Інд — гэта рака-«мужчына». У іншых гімнах нябесныя мудрацы спускаюцца з нябёсаў у Інд. У Ведах Ганг згадваецца двойчы, а Інд — больш за 30 разоў.
Паводле Філастрата, некаторыя індусы вераць, што бог, названы старажытнымі грэкамі Дыяніс, з’яўляецца сынам ракі Інд. [11]
Гаспадарчае выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Гідраэнергетыка
[правіць | правіць зыходнік]Гідраэнергетычны патэнцыял Інда ацэньваецца ў 20 млн кВт. Пабудавана 14 вялікіх плацін, у тым ліку Сукурская плаціна. Велічыня сцёку наносаў у сярэднім складае каля 450 млн тон за год.
Асноўныя гідраэнергетычныя пабудовы на Інду[12]:
Назва | Год пабудовы | Максімальны расход вады, м³/с |
---|---|---|
Дамба Тарбела | 1976 | 18 386 |
Дамба Мангла | 1967 | 24 630 |
Газі Барота | 2004 | 500 000 |
Джына | 1946 | 950 000 |
Часма | 1971 | 1 100 000 |
Таунса | 1959 | 750 000 |
Гуду | 1962 | 1 200 000 |
Сукур | 1932 | 1 500 000 |
Котры | 1955 | 875 000 |
Праблема выкарыстання водных рэсурсаў рэк басейна Інда не раз выклікала канфлікты паміж Індыяй і Пакістанам, а таксама паміж асобнымі штатамі. Дагавор па водах Інда, падісаны ў 1960 годзе, рэгулюе размеркаванне вод пяці рэк Пенджаба.
Ірыгацыя
[правіць | правіць зыходнік]У ніжняй часткі басейна Інда аброшваецца каля 12 млн га. зямель (галоўным чынам у Пенджабе і ў дэльце), да вусця даходзіць менш за палову сцёку ракі. Сумарная даўжыня ірыгацыйных каналаў складае прыкладна 65 тыс. км, з дапамогай ірыгацыйных збудаванняў аброшваецца звыш 1,7 млн га.
Суднаходства
[правіць | правіць зыходнік]Суднаходства па Інду ажыццяўляецца звычайна ад вусця да горада Дэраісмаілхан (каля 1200 км). Яшчэ вышэй, да горада Аток, ля вусця ракі Кабул могуць падымацца невялікія пласкадонныя судны.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Інд(недаступная спасылка) на slovari.yandex.ru
- ↑ Слоўнік сучасных геаграфічных назваў — Інд Архівавана 22 верасня 2009.
- ↑ Indus River — Britannica Online Encyclopedia
- ↑ Unesco — Le bassin de l’Indus — Station: Sukkur Архівавана 3 березня 2016. (англ.)
- ↑ Clift, Peter D.; Blusztajn, Jerzy (December 15, 2005). "Reorganization of the western Himalayan river system after five million years ago". Nature. 438 (7070): 1001–1003. doi:10.1038/nature04379. ISSN 0028-0836. PMID 16355221. (англ.)
- ↑ Clift, Peter D.; Shimizu, N.; Layne, G.D.; Blusztajn, J.S.; Gaedicke, C.; Schlüter, H.-U.; Clark, M.K.; Amjad, S. (August 2001). "Development of the Indus Fan and its significance for the erosional history of the Western Himalaya and Karakoram". GSA Bulletin. 113 (8): 1039–1051. doi:10.1130/0016-7606(2001)113<1039:DOTIFA>2.0.CO;2. (англ.)
- ↑ Zeitler, Peter K.; Koons, Peter O.; Bishop, Michael P.; Chamberlain, C. Page; Craw, David; Edwards, Michael A.; Hamidullah, Syed; Jam, Qasim M.; Kahn, M. Asif; Khattak, M. Umar Khan; Kidd, William S. F.; Mackie, Randall L.; Meltzer, Anne S.; Park, Stephen K.; Pecher, Arnaud; Poage, Michael A.; Sarker, Golam; Schneider, David A.; Seeber, Leonardo; Shroder, John F. (October 2001). "Crustal reworking at Nanga Parbat, Pakistan: Metamorphic consequences of thermal-mechanical coupling facilitated by erosion". Tectonics. 20 (5): 712–728. doi:10.1029/2000TC001243. (англ.)
- ↑ Indus River — Britannica Online Encyclopedia (англ.)
- ↑ [1] (англ.)
- ↑ India, Indies Архівавана 28 чэрвеня 2012 года.. In Hobson-Jobson: A glossary of colloquial Anglo-Indian words and phrases, and of kindred terms, etymological, historical, geographical and discursive. New ed. edited by William Crooke, B.A. London: J. Murray, 1903
- ↑ Жизнь Аполлония Тианского
- ↑ Large Rivers: Geomorphology and Management. Редактор Avijit Gupta. John Wiley & Sons, 2008. ISBN 0-470-72371-8, 9780470723715. Всего страниц: 712, стр. 333—345
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Інд // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Albinia, Alice. (2008) Empires of the Indus: The Story of a River. First American Edition (20101) W. W. Norton & Company, New York. ISBN 978-0-393-33860-7.
- Alexander Burnes, A voyage on the Indus, London, 1973
- Philippe Fabry, Wandering with the Indus, Yusuf Shahid (text) Lahore, 1995
- Jean Fairley, The Lion River: The Indus, London, 1975
- G.P. Malalasekera (1 September 2003). Dictionary of Pali Proper Names, Volume 1. Asian Educational Services. ISBN 978-81-2061-823-7.
- D. Murphy, Where the Indus is Young, London, 1977
- Samina Quraeshi, Legacy of the Indus, New York, 1974
- Schomberg, Between Oxus and Indus, London, 1935
- Francine Tissot, Les Arts anciens du Pakistan et de l’Afghanistan, Paris, 1987
- Sir M. Wheeler, Civilisations of the Indus Valley and Beyond, London, 1966
- World Atlas, Millennium Edition, p. 265.