Рыгве��а
Артыкул паводле тэматыкі |
Рыг · Яджур · Сама · Атхарва |
Айтарэя · Брыхадараньяка · Іша · Тайтцірыя · Чхандог'я · Кена · Мундака · Мандук'я · Катха · Прашна · Шветашватара |
Бхагавата · Брахмавайварта · Ваю · Вішну · Маркандэя · Нарада · Падма |
Смрыці · Шруці · Бхагавад-гіта · Агамы · Панчаратра · Тантры · Кавача · Сутры · Стотры · Дгарма-шастры · Дзіўя-прабандха · Тэварам · Чайтанья-чарытамрыта · Рамачарытаманаса · Ёга-Васіштха |
Рыгведа (санскр.: ऋग्वेद, ṛgveda IAST, «Веда хвалебнаў») — збор хвалебнаў багам, першы вядомы помнік індыйскай літаратуры.
Рыгведа — збор хвалебнаў на ведыйскай мове, які ўваходзіць у лік чатырох індуісцкіх рэлігійных тэкстаў, вядомых як Веды. Рыг-Веда была складзена, напэўна, каля 1700—1100 гг. да н. э. і з’яўляецца адным з самых старажытных індаіранскіх тэкстаў і адным з самых старажытных рэлігійных тэкстаў у свеце. Стагоддзямі яна захоўвалася толькі ў вуснай традыцыі і ўпершыню запісана была, верагодна, толькі ў раннім Сярэднявеччы. Рыгведа — найбольш старажытная і значная з Ведаў, каштоўная крыніца для вывучэння старажытнаіндыйскай гісторыі і міфалогіі. У 2007 годзе ЮНЕСКА ўключыла Рыгведу ў рэестр «Памяць свету».
Тэкст
[правіць | правіць зыходнік]Рыгведа ў індыйскай літаратуры
[правіць | правіць зыходнік]Рыгведа — найстаражытнейшы моўны твор індыйскае цывілізацыі. Яна ўяўляе сабою збор хвалебнаў (гімнаў), прысвечаных розным багам (Індру, Агні, Ашвінам, Марутам ды інш.). Акрамя ўласна хвалебнаў, у Рыгведзе раскіданыя намёкі на розныя міфы, многія з якіх атрымалі сваё развіццё ў пазнейшай літаратуры Індыі. Разам з трыма іншымі ведамі (Йаджурведа, Самаведа ды Атхарваведа) і некаторымі іншымі творамі Рыгведа становіць канон шруці (śrúti- ‘пачутае’) — збор святых тэкстаў, якія маюць абсалютны аўтарытэт у індуізме.
Шруці процістаіць іншаму канону — смрыці (smṛ́ti- ‘памяць’), тэкстам, што валодаюць толькі адносным аўтарытэтам, бо паводле традыцыі паходзяць ад чалавека. Шруці ж ёсць ведаю, яўленай людзям як боскае адкрыццё і толькі выражанай праз чалавечую мову. Уласна таму не зусім правільна называць Рыгведу кнігаю — як нешта запісанае, падобна Бібліі ці Карану. Рыгведа — прынцыпова вусны твор, які тысячагоддзямі перадаваўся і дагэтуль перадаецца па памяці брагманамі (святарамі) ад настаўніка да вучня.
Час узнікнення
[правіць | правіць зыходнік]Датаванне Рыгведы ўскладняецца двума чыннікамі: 1) Рыгведа — прынцыпова вусны твор, які складаўся задоўга да з’яўлення пісьменнасці. Першы ж знойдзены рукапіс датуецца толькі 1464 н.э.; 2) ад цывілізацыі, якая стварыла хвалебны Рыгведы, да нас фактычна не дайшло анічога, акрамя самой Рыгведы.
Класічнае датаванне, прапанаванае яшчэ ў 19 ст., адносіць стварэнне хвалебнаў Рыгведы да часу паміж 1500—1200 гг. да н.э. У гэты час, паводле тэорыі арыйскага заваявання Індыі, плямёны індаіранцаў, якія звалі сябе ар’ямі (ā́rya- ‘часцівы’), уварваліся на тэрыторыю паўночнага захаду Індастана, адкуль пачалі сваё паступовае заваяванне астатняй часткі паўвострава. Тыя плямёны, што стварылі Рыгведу, былі носьбітамі аднае з архаічных індаеўрапейскіх гаворак, якая пазней стала вядома як санскрыт (sáṃskṛta-).
Тэорыя арыйскага заваявання даўно крытыкуецца шырокім колам навукоўцаў як неабгрунтаваная і не пацверджаная ні археалагічнымі, ні генетычнымі дадзенымі. Тым не менш, большасць лінгвістаў — зыходзячы пераважна з дадзеных параўнальна-гістарычнага мовазнаўства — дагэтуль размяшчае стварэнне РВ у прамежку 1700—1200 гг. да н.э. Некаторыя навукоўцы, што праўда, увязваюць рыгведавую культуру з Індскаю цывілізацыяй (напрыклад, грэчаскі даследчык Н. Казанас) і адсоўваюць датаванне Рыгведы аж да 3000 г. да н.э.
Яшчэ адно цікавы погляд на час стварэння РВ выказаў індыйскі навуковец Б. Г. Тылак. Паводле яго тэорыі продкі ар’яў пражывалі ў Арктычным рэгіёне, які былі вымушаныя пакінуць каля 8000 г. да н.э. Адпаведна стварэнне найранейшых хвалебнаў РВ ён адносіць да 5000-4000 гг. да н.э.
Рэцытацыі
[правіць | правіць зыходнік]Рыгведа ўзнікала ў выглядзе асобных хвалебнаў, якія ствараліся рознымі родамі паэтаў-святароў (ṛ́ṣi-) на працягу досыць доўгага часу, і толькі значна пазней (згодна з лінгвістычным аналізам — па некалькі стагоддзях) яны былі сабраныя разам у самгіту (sáṃhita- ‘збор’). Паводле індыйскае традыцыі аўтарства самгіты прыпісваецца мудрацу В’ясу (vyāsa- ‘раздзельца’). Менавіта ён падзяліў адкрытую багамі таемную веду на чатыры вядомыя нам Веды. Як паказвае лінгвістычны аналіз, пры стварэнні самгіты былі ўжытыя гукавыя правілы, якія альбо не дзейнічалі ў часы першых паэтаў, альбо наўмысна імі не ўжываліся, што прывяло да скажэння паэтычных памераў, а таксама да зацямнення многіх месцаў у творы. Таму пазней настаўнікам Шакал'ем (śā́kalya-) было зроблена разбіццё тэксту самгіты на асобныя словы: гэта рэцытацыя атрымала назву Падапатха (padapaṭhá- ‘чытанне па словах’).
Стварэнне Падапатхі было абумоўлена і тым, што з часам мянялася і сама мова, і многія словы станавіліся незразумелымі. Ужо на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў (а мо і раней) існаваў спіс цяжкіх да разумення слоў у Рыгведзе, які называўся Нігганту (nighaṇṭú-). Дзесьці ў 6-5 стст. да н.э. на яго з’яўляецца каментарый Нірукта (nírukta- ‘вытлумачэнне’) настаўніка Яскі (yāská-) — важны твор індыйскай традыцыйнай этымалогіі. Каб забяспечыць правільную вусную перадачу хвалебнаў, досыць рана сталі распрацоўвацца правілы вымаўлення ды падрабязныя апісанні гукаў, якія былі зведзеныя ў тэкст Пратышакх’я (prā́tiśākhya-). Гэта слова літаральна азначае «[трактат] для кожнай галіны». Пад галінаю разумеецца асобная школа рэцытацыі, якіх існавала досыць многа, і якія трохі адрозніваліся ў спосабе вымаўлення асобных гукаў і іх спалучэнняў. Захавалася пяць падобных Пратышакх’яў: адна для Рыгведы, адна для Атхарваведы, дзве для Чорнай і Белай Яджурведы і адна для Самаведы.
Рэдакцыя Рыгведы, што дайшла да нас, завецца Шакал'я-самгітою (śākalyasaṃhitā́-). Гэтая рэдакцыя ўключае 1028 хвалебнаў даўжынёю ад 1 да 58 слаўняў, падзеленых на 10 колаў (máṇḍala-). Другою магчымаю рэдакцыяй Рыгведы, што дайшла да нас, можна лічыць Башкала-самгіту (bāṣkalasaṃhitā́-), названую паводле настаўніка Башкалы (bāṣkala-). Яна ўключае 1025 хвалебнаў і дадатак з 95 хвалебнаў — кхіла-хвалебны (khilā́ni), якія, відаць, бытавалі ў іншых школах рэцытацыі Рыгведы або з’яўляюцца пазнейшымі дадаткамі.
Будова колаў
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйны каментарый на РВ Анукрамані (anukramaṇī-) замацоўвае за кожным хвалебнам імя пэўнага паэта. Часам дадзеныя гэтага тэксту выглядаюць зусім непраўдападобна, але збольшага яго прымаюць як досыць імаверную крыніцу ведаў пра аўтарства хвалебнаў. Колы 2-7 прынята называць родавымі (фамільнымі), бо паводле Анукрамані яны цалкам прыпісваюцца паасобным родам паэтаў. Так, 2-е кола належыць паэтам з роду грытсамады (gṛtsamada-), 3-е — Вішвамітры (viśvā́mitra-), 4-е — Вамадэвы (vāmádeva-), 5-е — Атры (átri-), 6-е — Бгарадваджы (bharádvāja-) і 7-е — Васіштхі (vásiṣṭha-). Колы размешчаны паводле ўзрастання колькасці хвалебнаў: 2 (43), 3 (62), 4 (58), 5 (87), 6 (75) і 7 (104). Унутры ж кола хвалебны размешчаны паводле багоў: спачатку ідуць хвалебны, прысвечаныя Агні, потым — Індру і г.д.
Астатнія колы напісаныя паэтамі з розных родаў. 9-е кола цалком прысвечана божаству Сома Ачышчаны (sóma- pávamāna-). Аўтары гэтага кола — тыя самыя, што і родавых, таму мяркуецца, што складальнікі самгіты папросту дасталі ўсе хвалебны Сому з гэтых колаў ды аб’ядналі іх у асобны раздзел. Вялікую цікавасць становіць 8-е кола, у якім надзвычай многа доўгіх хвалебнаў. Яны складзеныя ў нетыповай для астатняе РВ страфічнай форме ды поўняцца імёнамі яўна неарыйскіх валадароў.
Найпазнейшым дадаткам да родавых колаў уважаецца 10-е кола. На такую выснову наводзіць шэраг фактаў: па-першае, некаторае моўнае адрозненне (напр., значна большая частата гука l, з’яўленне новых слоў, уніфікацыя граматычных форм і г.д.); па-другое, іншае размеркаванне багоў (зусім няма хвалебнаў багіні Зары, аслаблена роля Мітры-Варуны); па-трэцяе, пашырэнне тэматыкі (касмаганічныя і філасофскія хвалебны, абрадавыя (вясельный ды пахавальныя) хвалебны, многа хвалебнаў-дыялогаў).
Наастатку, 1-е кола распадаецца на дзве часткі. Першая частка (1-50) мае шмат агульнага з 8-м колам, у прыватнасці тое, што значная частка хвалебнаў належыць паэтам з роду Канваў. Другая ж частка (51-191) разглядаецца навукоўцамі як найранейшы дадатак да родавых колаў.
Акрамя падзелу на колы, Рыгведа традыцыйна дзеліцца на 8 васмярыцаў (áṣṭaka-), якія ў сваю чаргу падзяляюцца на ўзыходы (adhyāyá-), якія распадаюцца на раздзелы (várga-). Гэты падзел мае чыста ўтылітарны характар і быў зроблены для аблягчэння завучвання ды перадачы тэксту па памяці.
Традыцыйныя каментары
[правіць | правіць зыходнік]Шматлікія месцы Рыгведы атрымалі сваё тлумачэнне — абрадавае і філасофскае — у пазнейшых тэкстах: брагманах (brāhmaṇá-), аран'яках (ā́raṇyaka-) ды ўпанішадах (upaniṣád-), якія таксама ўваходзяць у канон шруці.
Важнай крыніцай традыцыйных ведаў пра Рыгведу з’яўляецца каментарый Сарванукрамані (sarvānukramaṇī- 'поўны пераклік') настаўніка Катйайаны (kātyāyana-), створаны каля 2 ст. да н.э.. У ім пазначаецца першае слова хвалебну, колькасць слаўняў, імя паэта і ягоны патронім, боства, якому прысвечаны кожны са слаўняў, ды вершаваныя памеры. На гэты тэкст існуе асобны каментарый — Ведартхапрадыпіка (vedārthapradīpikā- 'праясненне сэнсу Ведаў'), створаны настаўнікам Шадгурушышйам (ṣaḍguruśiṣya-) у 12 ст. н.э.
Іншаю значнаю крыніцаю для разумення Рыгведы з’яўляецца поўны каментарый настаўніка Сайаны (sāyaṇa-), выкананы ў 14 ст. н.э. Сайана быў родам з Паўднёвай Індыі і ў сваёй працы абапіраўся на папярэднія яму каментарыі, ад якіх да нас дайшлі толькі невялікія ўрыўкі. Сайана трактуе Рыгведу амаль выключна з гледзішча абраду, звычайна пакідаючы па-за ўвагаю суаднясенне з пазарытуальнаю рэчаіснасцю. Пераклад Рыгведы ў хіндзі, выкананы Рамаговіндам Трыведзі, у многім абапіраецца на Саянаў каментарый.
Адзіны дасаянавы каментарый, што захаваўся цалкам, належыць настаўніку Мадгава (mādhava-), які жыў у 10 ст. н.э. Ён уключае толькі першую васьмярыцу.
Вершаваныя памеры
[правіць | правіць зыходнік]Рыгведа ёсць зборнікам хвалебнаў, напісаных у вершаванай форме. Вывучэннем і навучэннем вершаваных памераў займаецца традыцыйная індыйская навука чхандас (chándas- ‘вершаваны памер’), адна з шасці ведангаў (vedāṅgá- ‘частка, целавіна Веды’).
Слоўны націск у мове Ведаў танічны, аднак ён аніяк не ўплывае на вершаскладанне. У часы стварэння Ведаў яно было найперш сілабічным, і ў меншай ступені — квантытатыўным. Метрычную адзінку верша складае ступа (pā́da- ‘нага, чвэрць’), якая мае пэўную колькасць складоў. Камбінацыя некалькіх аднолькавых ці розных ступ утвараюць усю разнастайнасць памераў Рыгведы. Адзін верш, вытрыманы ў пэўным памеры, завецца слаўнем (ṛ́c- — адсюль назва твора ṛg-vedá- ‘веда слаўняў’). Слаўні ж аб’ядноўваюцца ў строфы ды хвалебны (sūktá-).
Ступа будуецца на чаргаванні лёгкіх і цяжкіх галосных, аднак структура не жорсткая і дапускае мноства адхіленняў. Галосны называецца лёгкім (ЛГ), калі ён кароткі і перад ім няма збегу зычных. Астатнія галосныя (доўгія, а таксама кароткія, перад якімі ёсць збег зычных) называюцца цяжкімі (ЦГ). Ступа разглядаецца як фанетычнае цэлае, таму галосны і наступны збег зычных могуць належаць да розных слоў. Канец ступы заўжды супадае з канцом слова.
Чаргаванне ЛГ і ЦГ больш-менш строга вытрымліваецца толькі ў канцы ступы, якая становіць кадэнцыю — гэта 4 або 5 апошніх складоў. Для пачатку ж ступ часта ўласцівы ямбічны рытм (кожны другі галосны — цяжкі), але ён часта парушаецца. Колькасная характарыстыка першага і апошняга галоснага ступы пад увагу не бярэцца і можа быць любою.
Колькасць складоў у ступе можа быць 5, 8, 11 і 12. У дзвюх апошніх ступах бывае цэзура (кароткая паўза), якая робіцца пасля 4-га ці 5-га складу. 5-складовыя ступы — сама рэдкія ў РВ.
Рыгведа дайшла да нас у выглядзе т.зв. самгіты (saṃhitā́- ‘збор’) — пазнейшай за самі хвалебны рэдакцыі. У ёй амаль паўсюль дастасаваныя прасадычныя правілы сандгі (sandhí- ‘злучэнне’) — злучнага вымаўлення, — некаторыя з якіх пашырыліся толькі ў пасляведавы час. Гэта прывяло да скажэння зыходных памераў. Акрамя таго, як паказвае прасадычны аналіз хвалебнаў, старажытныя паэты карысталіся пэўнымі штучнымі прыёмамі для запаўнення памеру. Напрыклад, санорныя y і v вельмі часта вымаўляюцца як iy ды uv:
- РВ 1.1.2 ī́ḍiyo nū́tanair utá (замест ī́ḍyo)
- РВ 1.2.7 mitráṃ huve pūtádakṣaṃ (замест hve)
Слаўні, вытрыманыя ў пэўным памеры, могуць аб’ядноўвацца ў строфы. Памер какуб або брыгаці разам з памерам сатобрыгаці аб’ядноўваюцца ў напеў (pragāthá-), а тры памеры гайатры — у трыславень (tṛcá-).
Асноўныя памеры Рыгведы (рыса адпавядае падзелу на ступы, доўгая — традыцыйнаму падзелу слаўню на часткі):
- ануштубг (anuṣṭubh-) — 8-8—8-8
- ат’яшці (atyaṣṭi-) — 12-12-8—8-8—12-8
- атыдгрыці (atidhṛti-) — 12-12-8—8-8—12-8-8
- атышаквары (atiśakvarī-) — 8-8-8—8-8—12-8
- ашці (aṣṭi-) — 12-12-8—12-12-8
- брыгаці (bṛhatī-) — 8-8—12-8
- вірадж (virāj-) — 11-11—11
- вірадрупа (virāḍrūpā-) — 11-11—11-7 або 11-11-7-11
- віратстхана (virāṭsthānā-) — 10-10—11-11
- віштарабрыгаці (viṣṭārabṛhatī-) — 8-10—10-8
- гайатры (gāyatrī-) — 8-8—8
- двухступны вірадж (dvipadā virāj-) — 5-5—5-5
- двухступны трыштубг (dvipadā- triṣṭubh-) — 11-11
- дгрыці (dhṛti-) — 12-12-8—8-8—14-8
- джагаці (jagatī-) — 12-12—12-12
- явамадгйа махабрыгаці (yavamadhyā- mahābṛhatī-) — 8-8—12-8-8
- кавірадж (kāvirāj-) — 9-12—9
- какубг (kakubh-) — 8-12—8
- крыці (kṛti-) — 11-11—7
- магабрыгаці (mahābṛhatī-) — 8-8—8-12-8
- магабрыгаці (mahābṛhatī-) — 8-8—8-8-12
- магапанкці (mahāpaṅkti-) — 8-8—8-8-8-8
- панкці (paṅkti-) — 8-8—8-8-8
- прастарапанкці (prastārapaṅkti-) — 12-12—8-8
- пураўшніг (purauṣṇih-) — 12-8—8
- сатобрыгаці (satobṛhatī-) — 12-8—12-8
- танушырас (tanuśiras-) — 11-11—6
- трыштубг (triṣṭubh-) — 11-11—11-11
- ушніг (uṣṇih-) — 8-8-12 (9-9-13)
Мова Рыгведы
[правіць | правіць зыходнік]Хвалебны РВ створаныя на стараіндыйскай мове, якая належыць да індаеўрапейскае сям’і моў. Стараіндыйская мова разам з моваю стараіранскага помніка Авесты ўваходзіць у індаарыйскую групу моў. Сярод усіх і.-е. моў стараіндыйская — адна з самых архаічных. У заходнім мовазнаўстве прынята адрозніваць мову Рыгведы і сумежных помнікаў ад пазнейшае, пасляведавае мовы эпасу, класічнай індыйскай літаратуры ды навукі. Першую называюць ведыйскаю моваю, другая ж завецца санскрытам. Як цвердзяць навукоўцы, адрозніваюцца яны не толькі часава, але і прасторава: мова РВ належала да паўночнага захаду Індастана, у той час, як класічны санскрыт фарміраваўся з гаворак, пашыраных у цэнтральнай частцы паўночнай Індыі.
У індыйскай мовазнаўчай традыцыі такога радыкальнага разрознення няма. Галоўная стараіндыйская граматыка, створаная недзе ў 5-4 ст. да н.э. настаўнікам Паніні (pāṇiní-), апісвае абедзве мовы як адмены аднае мовы, якая пазней атрымала назву санскрыт (sáṃskṛta-), што даслоўна азначае ‘[мова] узробленая ды ўпрыгожаная’. Санскрыт процістаіць народным мовам Індыі, якія называюцца пракрытамі (prā́kṛta- ‘прыродны’). Такім чынам, мова РВ, па часу папярэдняя граматыцы Паніні, па яе стварэнні была аўтаматычна «перапісаная» паводле новых правілаў ды ўпісаная ў новую сістэму. Менавіта з гледзішча правілаў Паніні аналізуе мову РВ Саяна ў сваім каментарыі. На Захадзе таксама можна сустрэць такое шырокае ўжыванне тэрміна санскрыт. Дзеля яснасці тое, што ў граматыцы Паніні датычыць мовы Ведаў, называюць таксама vedic sanskrit — ведыйскім санскрытам.
Мова РВ вельмі архаічная. У адрозненне ад класічнага санскрыту яна мае танічны націск, які заключаецца ў павышэнні тону на адным з галосных слова (у беларускай, напрыклад, націск дынамічна-квантытатыўны, т.б. выдзелены галосны вымаўляецца даўжэй ды гучней за астатнія.
Як і ў любой флектыўнай мове, парадак слоў у мове Рыгведы свабодны. З другога бо��у, ён падпарадкаваны паэтычным заканамернасцям пабудовы радка, што вынікае ў досыць складаны для разумення сінтаксіс помніка. Напрыклад, у пачатку радка, які лічыцца моцнаю пазіцыяй, нярэдка размяшчаюцца імёны багоў або займеннікі, што да іх адсылаюць, — незалежна ад іх сінтаксічнае функцыі ў сказе.
У абсягу лексыкі РВ вельмі супярэчлівая. З аднаго боку, для яе ўласціва вялікая сінанімія лексікі, звязанай з абрадам. Так, паняццю «хвалебен» у Рыгведзе адпавядае каля 50 сінонімаў. З другога боку, тэматыка хвалебнаў вельмі абмежаваная, таму з агульнага гледзішча лексічная разнастайнасць РВ досыць скупая. Акрамя таго, у РВ сустракаецца нямала адзінкавых, так бы мовіць, спробных форм, якія ў пазнейшай літаратуры зусім не ўжываюцца.
Лексіцы РВ уласцівая высокая сінкрэтычнасць значэнняў. Так, слова gó- ‘карова’ ўжывалася таксама ў сэнсе малака, масла, папругі з каровінай скуры. У міфалогіі ж каровы сімвалізавалі сабою ранішнія зоры, адпаведна слова gó- ўжывалася ў гэтым значэнні. Магло быць і наадварот: так, слова usrā́- ‘карова, зара’ ўзыходзіць да úṣ- ‘зара’.
Асаблівасці стылю
[правіць | правіць зыходнік]На асаблівасці мовы і стылю РВ паўплывала сувязь помніка з міфалогіяй. Найбольш яскрава гэта праяўляецца ў дзеяслове: пры згадванні нейкага міфалагічнага сюжэта дзеяслоў нярэдка ставіцца ў адмысловую форму ін’юктыва, якая аніяк не вызначае дзеянне часава, а толькі называе яго як факт. Такім чынам падкрэсліваецца пазачасавасць міфу, яго актуальнасьць у тым ліку тут і цяпер. Калі ў хвалебне, напрыклад, ідзе гаворка пра забойства Індрам змея Врытры, то даўнімаецца не толькі мінулы факт, але й тое, што Індру давядзецца паўтарыць гэты вычын зноў — таму дзеяслоў можа спакойна стаяць у загадным ладзе («о Індра, забі змея!»), хаця папярэдняя частка аповеду нібыта стаяла ў прошлым. Такая часавая абыякавасць формаў дзеяслова адзначалася ўжо ў граматыцы Паніні.
Але, бадай, найвялікшы ўплыў на мову РВ зрабіла сувязь з абрадам. Першыя хвалебны РВ былі шчыльна звязаныя з рытулам: яны спяваліся падчас рытуалу, суправаджаючы дзеянні, якія прыгэтым адбываліся. Адсюль вынікае некалькі важных наступстваў. Па-першае, гэта вялікая пашыранасць эліпсісу. Апускацца могуць дзе��словы (пры захаванні напрамкавых прыслоўяў), цэлыя часткі ўсталеных выразаў, якія былі добра зразумелыя тагачаснаму слухачу, канец параўнанняў-штампаў (напр., «як каровы», дзе апушчана «ідуць на пашу»), нават цэлыя сказы. Па-другое, гэта тэкставая сінанімія. Так, сінонімамі дажджу маглі быць малако, жыр, мёд, Сома.
Акрамя таго, значэнне словаў магло змяняцца адпаведна таму, да якой сферы яно належала: спрыяльнай-неспрыяльнай, боства-ўгоднік. Так, слова arí- магло азначаць ‘сябар, часцівы’, а магло азначаць ‘хцівы, чужынец, вораг’ (хаця этымалогіі для гэтых значэнняў могуць быць розныя). Корань √dāś з боку ўгодніка трэба перакладаць, як ‘чціць, служыць, гадзіць’, а збоку боства — як ‘дарыць, рачыць’.
Камунікацыйны характар хвалебнаў вызначыў яшчэ адну цікавую асаблівасць мовы РВ: фактычнае неразрозненне другой і трэцяй асобы ў дзеяслове. У суседніх радках да бога могуць звяртацца на «ты», а потым тут жа пераходзіць на «ён». Іншымі словамі, значэнне мела толькі апазыцыя адрасант-неадрасант, бо адзіным адрасатам хвалебну магло быць толькі боства.
Сярод найпашыраных стылістычных прыёмаў, ужываных паэтамі, варта перадусім згадаць наступныя:
- figura etymologica — гульню аднакарёнывымі словамі. Яна можа быць неабавязковаю, т.б. абыгрываныя карані будуць адрознівацца ў розных аўтараў, а можа быць сталым прыёмам, як у выпадку імя бога Савітара, калі абыгрываецца √sū ‘пабуджаць’.
- гукавы намёк на імя бога, якому прысвячаўся хвалебен. Так, для імені Вішну гэта будуць словы, якія пачынаюцца складам vi, а для Індры — збег зычных -nd(r)- (перадусім, у слове índu ‘кропля соку Сомы’).
- абавязковае згадванне імені боства ў кожным слаўні: альбо наўпрост (клічная форма як правіла ставіцца ў сярэдзіну радка, а іншыя склонавыя формы часта пачынаюць радок), альбо ў выглядзе займенніка, альбо гукавога намёку, пра што ўжо казалася вышэй.
- шматлікія паўторы. Паўтарацца могуць цэлыя радкі ў якасці прыпеву, паўтарацца могуць асобныя словы ў розных месцах слаўню (анафара, хіязм, радзей эпіфара).
Што датычыць рыфмы, то ў РВ яна мае пераважна выпадковы характар. Наўмысна могуць рыфмавацца аднолькавыя склонавыя формы назоўнікаў альбо фінітныя формы дзеясловаў.
Мове РВ уласціва знарочыстая, наўмысная цёмнасць, заблытанасць, недасказанасць. У адным месцы паэт наўпрост завецца vaṅkú- ‘які ідзе ўлукаткі, віхляе‘ (РВ 1.114.4). Хвалебны могуць мець і прамую форму касмалагічных загадак brahmódya- (РВ 1.164), якія супернік-паэт мусіў адгадваць на хаду пад час слоўных спаборніцтваў. Непасвечаны ў таемную веду, зразумела, даць адказаў на іх не мог. Эліптычнасць стылю Рыгведы тлумачыцца і гэтым фактам таксама: заблытаць суперніка, правяраючы такім чынам ягоныя веды, было адною з задачаў хвалебнаў-загадак.
Цёмнаму стылю помніка спрыяе і тое, што сытуацыя абраду, да якога хвалебны былі адпачатку прымеркаваныя, становіць сабою памежную сітуацыю, у якой зямное і нябёснае, міфалагічнае і актуальнае злівалася ў адно цэлае. Адпаведна, задачай паэта было стварэнне такога тэксту, які мог бы суадносіцца з усім адначасова, служачы адмысловым правадніком для такога «зліцця».
Змест
[правіць | правіць зыходнік]Рыгведа — гэта перадусім хвалебны, прысвечаныя розным боствам. Акрамя ўласна хвалебнаў, у Рыгведзе можна знайсці замовы (напр, 1.191), а таксама гімны філасофскія (10.71), касмаганічныя (10.95), вясельныя (10.85), пахавальныя (10.18) ды інш.
Жанр усхвалення абумовіў пэўную бессюжэтнасць Рыгведы: калі ў гімне і згадваецца якісьці міф, то ён апавядаецца вельмі непаслядоўна, і дакладны парадак падзей устанавіць вельмі цяжка. Фактычна ў Рыгведзе мы знаходзім толькі раскіданыя там-сям намёкі на добра вядомыя тагачасным слухачам паданні.
Багі
[правіць | правіць зыходнік]Галоўнымі багамі старажытных арйаў былі Агні (agní- 'агонь'), Індра (índra-) і Сома (sóma- 'выжым'). Сярод іншых багоў вартыя ўвагі такія багі, як Мітра (mitrá- 'сябар, хаўруснік') і Варуна (váruṇa-), блізняты Ашвіны (aśvín- 'коннік'), Маруты (marút-), Зара (uṣás-), Савітар (savitŕ- 'пабуджальнік'), Вішну (víṣṇu-), Рудра (rudrá-), Пушан (pūṣán- 'які жывіць, насычае'), Пан малітвы (bṛ́haspáti-), Тваштар (tváṣṭṛ- 'цясляр, творца') Неба (dív-) і Зямля (pṛthivī́-), Сонца (sū́rya-), Вецер (vāyú-), Парджанйа (parjánya- 'хмара'), трое братоў Рыбгу (ṛbhú- 'умелец'). Таксама ў хвалебнах звяртаюцца да водаў, рэкаў ды многіх адушаўлёных паняткаў, як, дапрыкладу, Шчодрасць і Мова.
Лад
[правіць | правіць зыходнік]У цэнтры светагляду арйаў Рыгведы стаяў панятак ладу, ці сусветнага парадку (ṛtá-). Этымалагічна ṛtá- адсылае нас да ідэі кругавароту, і менавіта ідэя цыклічнасці, паўторнасці станавіла сутнасць парадку для старажытных арйаў. Не менш паказальна й тое, што само слова арйа (ā́rya-) паходзіць ад таго самага кораня √ṛ, што і слова ṛtá-. Іншымі словамі, быць арйам азначала быць паслядоўнікам ладу, быць падтрымнікам сусветнага парадку. Арйа — гэта часцівы, суладны чалавек, упісаны ў космас як яго неад’емная частка.
Гэты ладавы кругазварот праяўляўся на розных узроўнях. У часавым пляне гэта азначала цыклічнасць часу. Чын сьветастварэння не быў для арйаў проста фактам далёкае мінуўшчыны, наадварот — ён служыў непасрэднаю асноваю для жыцця цяперашняга. Як мяркуюць даследнікі (у прыватнасці, Ф. Кёйпэр), ядром РВ сталіся хвалебны, прымеркаваныя да сьвята Навалецця — часу, калі сілы хаосу найбольш пагражалі ўпарадкаванаму сусвету, і задачаю чалавека было дапамагчы багом у аднаўленне ладу. Інакш кажучы, чын светастварэння паўтараўся для арйаў штогод у выглядзе вялікага абраду, які меў не толькі сацыяльную, але перадусім касмаганічную функцыю.
Другою праяваю кругазвароту быў аброк (yajñá-). У аснове свету арйаў ляжала ідэя аброку як узаемаабмену паміж светам людзей і светам багоў. Менавіта гэты абмен забяспечваў дабрабыт на зямлі і даваў сілы багам у барацьбе з сіламі хаосу. Арйі не будавалі велічных бажніцаў — асяродкам грамады была часовая аброчня (védi-), якая на момант тварэння аброку ўяўляла сабою цэнтр сусвету, праз які праходзіла сусветная вось, або дарога багоў. Гэтаю найпростаю дарогаю бог Агні адвозіў на неба жаротвы, паднесеныя багам, і вяртаў з неба божую адгоду ў выглядзе багацця, дабрабыту, удачы. Агні быў нябёсным пасланцом (dūtá-), галоўным пасярэднікам паміж багамі ды людзьмі. Другім пасярэднікам можна лічыць Сому — напой нясмерця, які ўзліваўся падчас аброку ў агонь, а потым вяртаўся на зямлю ў выглядзе дажджу.
Паднашэнне багом было дваякім. З аднаго боку, гэта была жаротва (havís-) — узліваньне ў агонь жыру, ці топленага масла (ghṛtá-), гарачага малака ды Сомы (sóma-). З другога боку, гэта былі хвалебныя вершы, з якіх уласна і складаецца Рыгведа. Умела складзены хвалебен быў не менш важны за саму жаротву. Мова, на якой тварыліся хвалебны, уважалася моваю святою (bráhman-), бо была адрасаваная багам, і процістаяла мове звычайнай, мове людзей. З такога гледзішча зусім справядліва казаць, што Рыгведа напісаная на мове багоў.
Мова багоў
[правіць | правіць зыходнік]Грамадства арйаў у многім было мовацэнтрычным. З усіх трох станаў — святароў (brahmán-), ваяроў (rājanyá-) ды сялянаў (víś-) (смерды śūdrá- фактычна знаходзіліся па-за грамадствам) — галоўная роля ў часы Рыгведы, безумоўна, належала святарам. Асноведзь стану святароў складалі рушы (ṛ́ṣi-) — паэты-спевакі, якія тварылі хвалебны багам. Яны ж былі носьбітамі таемнае веды пра ўладкаванне сусвету. Важнаю падзеяй сацыльянага жыцця арйаў былі спаборніцтвы своеасаблівых сябрынаў, карпарацый рушаў (sakhyá-). На гэтых спаборніцтвах рушы не толькі спаборнічалі ў складанні хвалебнаў, але і абменьваліся адысловымі касмаганічнымі загадкамі (brahmódya-), на якія супернік тут жа меўся даваць адказ. Валадары, каб атрымаць запаруку багоў, звярталіся да святароў, замаўляючы вялікія аброкі ды шчодра адорваючы іх выканаўцаў. Рушы, валодаючы моваю багоў, у крытычныя моманты існавання свету фактычна станавіліся творцамі, дапамагаючы багом аднаўляць сусветны лад.
У знакамітым хвалебне РВ 10.125 мова апісваецца як універсальны прынцып, які ляжыць у аснове ўсяго быцця. Знанне імені рэчы было тоесным знанню сутнасці гэтае рэчы. Завалодаць іменем рэчы азначала атрымаць уладу над рэччу. Накладанне ж імені прыраўноўвалася да чыну тварэння. Вішвакарман, тварэц усіх рэчаў, завецца ў РВ менавіта імядзеем, творцам імёнаў (nāmadhā́-, РВ 10.82.3). Адпаведна ўсё, што ня мае імені, не існуе ў праяўленым свеце.
Паходжанне свету
[правіць | правіць зыходнік]Адзінага меркавання пра паходжанне быцця ў Рыгведзе няма. У знакамітым хвалебне 10.129 паэт гаворыць пра Нешта Адно (tád ékam), з якога й пачаўся свет. Гэтае Адно «існавала» яшчэ да сутнага і нясутнага, будучы народжаным з неразрознага хаосу сілаю жару. Далей у Аднаго з’явілася жаданне, якое стала першым семем мыслі. У хвалебне 10.121 гаворыцца, што напачатку быў Залаты зародак (hiraṇyagarbhá-), а ў 10.129.7 паэт увогуле наўпрост кажа, што, адкуль узнікла гэта быццё, можа ведаць толькі Ён Адзін альбо можа і не ведаць.
Асноўным касмаганічным міфам у Рыгведзе з’яўляецца забойства богам Індрам (índra-) сусветнага змея Врытры (vṛtrá-). Каротка гэты міф выглядае так. У касмічных першаводах плавала першагара, у якой былі ўвязнены рэкі ды сонца-агонь. На гары, абкруціўшы яе, ляжаў змей Врытра, чыё імя можна даслоўна перакласці як ‘перашкода’. Гэта натыкнула даследнікаў на думку, што сам Врытра і быў гэтаю гарою. Бог Індра, галава пантэону арйаў, забівае Врытру сваім перуном (vájra-), праломвае гару ды выпускае на волю рэкі ды сонца, ствараючы такім чынам дзень і ноч. Потым ён аддзяляе зямлю ад неба: зямлю ён прасцірае ўшыркі ды трывала ўкарэньвае пасярод касмічных водаў, а неба падпірае сабою ды замацоўвае па-над зямлёю, размясьціўшы паміж імі паветраную прастору (antárikṣa-).
У якасці адмены гэтага міфу многія даследнікі разглядаюць і міф пра скалу Вала. Паводле яго чарты paṇí- ‘скнары’ выкрадаюць дойных кароў ды хаваюць іх у скале Вала (valá- ‘пячора’ ад √vṛ, ад якога ўтвараецца і слова vṛtrá-). Сука Сарама (sarámā-) знаходзіць кароў, і Індра з дапамогаю Пана малітвы (bṛ́haspáti-) ды песняроў Ангірасаў (áṅgiras-)праломвае скалу, выпускаючы кароў на волю. Каровы тут увасабляюць сабою промні ранішняе зары.
Падсумоўваючы ўсю інфармацыю, даступную ў Рыгведзе, Ф. Кёйпэр так апісвае светастварэнне. Напачатку быў неразрознены хаос, у якім святло й цемра існавалі толькі як магчымасць. Багамі гэтага прасусвету былі Духі-асуры (ásura-), галоўным з якіх, відаць, варта лічыць Варуну (váruṇa-), ахоўніка ладу. Пасля Індравае перамогі над Врытрам і стварэння разрозненага быцця на змену асурам прыходзяць багі-дэвы (devá- ‘сьветлы’). Духі былі адціснутыя ў ніжні, падземны, свет, стаўшы ворагамі новых светлых багоў, аднак некаторыя з іх — такія, як Варуна ды Агні, напрыклад, — былі прынятыя ў новы пантэон. Гэта ў прыватнасці тлумачыць вельмі супярэчлівую прыроду Варуны ў Рыгведзе, чый цёмны бок, старанна замоўчваны паэтамі, час ад часу выходзіць на паверхню. Менавіта Індраў вычын (забіццё Врытры ды раздзяленне неба ды зямлі), на думку Кёйпэра, адзначаўся ў сьвята Навалецця: арйі ўважалі, што ў гэты пераходны час Індру прыходзілася зноў паўтараць свой светатворчы чын, і менавіта аброкі, чынёныя людзьмі, былі пакліканыя яму ў гэтым дапамагчы.
Час і традыцыя
[правіць | правіць зыходнік]Час не быў для арйаў лінейным, а замыкаўся ў кола, увасабленнем чаго быў год. Ідэя паўтарэння, суадпаведнасці дня сённяшняга дню мінуламу праходзіць чырвонаю ніткаю праз усю Рыгведу. Хаця слова ‘новы’ шматкроць сустракаецца ў тэксце, ідэя новага была цалком падпарадкаваная вечнай меры, заснаванай на пачатку свету міфычнымі продкамі арйаў. У Рыгведзе не раз гаворыцца пра даўніх (pū́rva-) і новых (nū́tana-) паэтаў, пра даўнія ды новыя хвалебны. Але новае тут трэба разумець не ў сэнсе ‘раней невядомае, вынайдзенае’, а ў значэнні ‘сённяшні, актуальны’. Урэшце, словы náva- і nū́tana- паходзяць ад часцінкі nū́ ‘ніня, цяпер, вось’. Ідэальнае новае створана паводле старажытнай меры, таму аўтары РВ часта кажуць, што складаюць свае песні на манер даўніх паэтаў. Усякае традыцыйнае мастацтва засноўваецца на пазачасавых, універсальных прынцыпах, і Рыгведа ў гэтым святле становіць выдатны ўзор традыцыйнасці.
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]Ёсць нямала перакладаў Рыгведы на еўрапейскія і індыйскія мовы. Сярод тых, што ўключаюць усе хвалебны, можна згадаць наступныя:
- тры англійскія пераклады: першы зроблены Р. Т. Х. Грыфітам (1889—1892) і шмат у чым састарэў; другі — Х. Х. Уілсанам (1850—1888); трэці — Ст. У. Джэймісан і Дж. П. Брэрэтонам (2014), грунтоўнае навуковае выданне з мноствам заўваг да кожнага хвалебна;
- тры нямецкія пераклады, зробленыя А. Людвігам (1876), Г. Грасманам (1876) і К. Ф. Гёльднэрам (1951);
- пераклад у тамільскую мову, зроблены М. Р. Джамбунатхам (1978—1980);
- два пераклады ў хіндзі, зробленыя Шрырамам Шармам (1950-я) і Рамговіндзі Трыведзі (1954);
- даволі вольны пераклад у французскую С. А. Ланглуа (1870).
- пераклад у рускую мову, зроблены Т. Я. Елізаранкавай (1989—1999).
Сярод частковых перакладаў вартыя ўвагі:
- амаль поўны навуковы пераклад у французскую, зроблены Л. Рэну (1955—1969);
- пераклад амаль усяго першага кола ў лаціну, зроблены Ф. А. Розэнам (1830). Наогул першы пераклад Рыгведы на еўрапейскую мову;
- хвалебны Агні, перакладзеныя ў англійскую вядомым індыйскім навукоўцам Шры Аўрабіндо (1946).
Паэтычныя пераклады:
- пераклад у англійскую Р. Т. Х. Грыфіта;
- пераклад у французскую С. А. Ланглуа;
- пераклад у нямецкую Г. Грасмана;
- асобныя хвалебны перакладаліся паэтычна на розныя мовы: у рускую (зроблены з перакладу Т. Я. Елізаранкавай У. Г. Ціхаміравым), на чэшскую (О. Фрыш) і інш.
Беларускія пераклады
[правіць | правіць зыходнік]- На беларускую мову асобныя хвалебны пераклаў М. Ю. Баярын, два з якіх можна апублікаваны ў яго кнізе «Самабыцьцё».
- І. М. Куліковым зроблены поўны паэтычны пераклад 1-га кола Рыгведы.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Поўны тэкст на санскрыце (дэванагары) (Wikisource)
- Поўны тэкст на санскрыце (ASCII) (Wikisource)
- Павло Ріттер. Кантата РИКВЕДА. (укр.)