Перайсьці да зьместу

Бранск

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бранск
лац. Bransk
Герб Бранску Сьцяг Бранску
Дата заснаваньня: 985
Былая назва: Дзябранск
Краіна: Расея
Суб’ект фэдэрацыі: Бранская вобласьць
Кіраўнік: Марына Дбар[d]
Плошча: 230 км²
Вышыня: 190 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 405 723 чал.
шчыльнасьць: 1764,01 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: 4832
Паштовы індэкс: 241000
Нумарны знак: 32
Геаграфічныя каардынаты: 53°14′33″ пн. ш. 34°22′0″ у. д. / 53.2425° пн. ш. 34.36667° у. д. / 53.2425; 34.36667Каардынаты: 53°14′33″ пн. ш. 34°22′0″ у. д. / 53.2425° пн. ш. 34.36667° у. д. / 53.2425; 34.36667
Бранск на мапе Расеі
Бранск
Бранск
Бранск
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://bryansk032.ru/

Брáнск, Брáнск Літóўскіместа ў Расеі, на абодвух берагах ракі Дзясны пры ўтоку ў яе Болвы і Сьнежаці. Адміністрацыйны цэнтар Бранскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 405 723 чалавекі.

Бранск — места гістарычнай Севершчыны, побач зь якім праходзіць паўднёва-ўсходняя мяжа этнічнай тэрыторыі беларусаў.

Тапонім Бранск, відаць, паходзіць ад старажытнарускага слова Дьбряньскъ (горад упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як Дебрянск), утворанага ад слова дьбр[1]. Паводле ацэнкі мовазнаўцы Ўладзімера Ніканава, этымалёгія тапоніму застаецца незразумелай, бо да канца XII стагодзьдзя горад называўся Брыньню і незразумела, якая форма першасная: Брынь або Дзебранск. Зьнікненьне пачатковага дз- разглядаецца як магчымае, але ня ёсьць фанэтычным законам[2].

Дзеля адрозьненьня ад Бранску на Падляшшы часам насіў дадатковыя азначэньні — Бранск Літоўскі[3][4][5] або Бранск Северскі[6].

Сутока Дзясны і Болвы

Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісы як «Дзебранск» пад 1146 годам[7], пазьней — ва Ўваскрасенскім, Лаўрэнцеўскім, Траецкім летапісах ды іншых крыніцах.

Дакладная дата заснаваньня Бранску невядомая, але ўскосныя паказаньні на яе ўтрымоўваюцца ў раньніх рускіх летапісах і адносяцца да канца X стагодзьдзя Археалягічныя зьвесткі, атрыманыя пры раскопках старога гарадзішча на Чашыным кургане ў 1976—1979 гадох, паказваюць на тое, што горад на тэрыторыі цяперашняга Бранску паўстаў у апошняй чвэрці X стагодзьдзя. Зыходзячы з гэтых ды іншых зьвестак, умоўным годам заснаваньня Бранску лічаць 985.

Па пажары ў гарадзішчы на Чашыным кургане горад наноў збудавалі на Пакроўскай гары. Летапісныя крыніцы упамінаюць пра яго ў 1146 годзе.

Старажытны Бранск уваходзіў у склад Чарнігаўскага княства. Па разбурэньні ў 1239 годзе Чарнігава, Ноўгарада-Северскага ды іншых гарадоў княства мангола-татарамі ўтварылася (у 1246 годзе) удзельнае Бранскае княства, а першым бранскім князем быў Раман Міхайлавіч, потым яго сын Алег. Аднак па пастрыжэньні апошняга ў манахі бранскі і чарнігаўскі стальцы засталіся вакантнымі і Бранск перайшоў пад уладу смаленскіх князёў.

У 1310 годзе бранцы ня вытрымалі нападу татараў, іхны князь Сьвятаслаў быў забіты ў баі, і з тых часоў бранскія князі атрымлівалі дазвол на княжаньне ад Арды. Апошні князь бранскі і смаленскі Васіль атрымаў ярлык на княжаньне ад мангольскіх ханаў у 1356 годзе.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1360-я гады[8] вялікі князь Альгерд далучыў Бранск да Вялікага Княства Літоўскага. Новы князь Дзьмітры Альгердавіч пасьпяхова абараняў места ад спробаў Маскоўскай дзяржавы падпарадкаваць сабе ўсё Бранскае княства. Між іншым, ён жа істотна дапамог князю Дзьмітрыю маскоўскаму ў час Кулікоўскай бітвы (1380 год), выступіўшы з уласнай харугвай на ягоным баку. Па сьмерці князя Дзьмітрыя (1399 год) места перайшло да Вітаўта, некаторы час ім кіраваў Ягайла, а потым Сьвідрыгайла.

У 1500 годзе Бранск захапіла войска Івана III і далучыла места да Маскоўскай дзяржавы. У пачатку XVI стагодзьдзя пачалася вайна з ВКЛ, падчас якой Бранск выступаў як апорны пункт маскоўскіх сілаў. У разгар вайны крымскі хан Мэхмэд I Гірай запатрабаваў ад Васіля III вярнуць места ВКЛ, аднак Васіль не выканаў патрабаваньняў. Шмат гадоў Бранск быў яблыкам разладу паміж ВКЛ (пазьней Рэччу Паспалітай) і Масковіяй. Назва места ўпаміналася амаль у кожнай мірнай дамове.

У 1607 годзе на Бранск двойчы нападаў Дзьмітры Самазванец II. У першы раз места спалілі, каб не яно не дасталася «злодзею», да канца ж году Бранск адбудавалі практычна нанова. Нягледзячы на бесьперапынную ваенную пагрозу, места расло, насельніцтва павялічвалася. У 1616 годзе тут жыло 497 чалавек, а ў 1622 годзе ваявода князь Даўгарукаў адпісваў, што ў месьце ўжо 1069 здольных насіць зброю. З XVII стагодзьдзі Бранск апынуўся на ростанях найважнейшых гандлёвых шляхоў, якія зьвязалі Ўкраіну з Масквой, і з гэтага часу пачалося імклівае разьвіцьцё гандлю.

Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў ваколіцаў Бранску ліцьвінамі: «…приехали де к ним из Брянска два литвина на дву возех тогож села Быкович [Брянского уезда] с Матвеевым крестьянином Грудинина с Игнатом Михеевым» (1649 год)[9]. А ў дакумэнце 1637 году, укладзеным у Бранску, упамінаецца жыхар Канстантынопалю (Асманская імпэрыя) пад турэцкім імём Рэзван, які «…был литвин и взят в полон в турки… …родом литвин[a]… …а по литовску зовут ево Ондрюшкам»[12].

Пад уладай Маскоўскай дзяржавы і Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сьвенскі манастыр, да 1918 г.

У 1709 годзе Бранск увайшоў у склад Кіеўскай губэрні. За маскоўскім гаспадаром Пятром I яго наноў ўмацавалі. На Дзясьне заклалі карабельную вэрф, на якой будаваліся караблі Бранскай флятыліі дзеля паходу супраць Турэччыны.

У 1778 годзе Бранск атрымаў мескі герб «у чырвоным полі залатая марціра зь дзьвюма пірамідамі бомбаў» і стаў цэнтрам павету Арлоўскай губэрні. У 1783 годзе ў месьце заснавалі арсэнал для вырабу аблогавай і палявой артылерыі.

У 1852 годзе адзначалася, што жыхароў-беларусаў Акуліцкай воласьці Бранскага павету суседняе насельніцтва называла «літвой»[13].

У XIX стагодзьдзі Бранск — цэнтар прамысловага раёну: у 1870-х гадох узьнікла акцыянэрнае таварыства Бранскага рэйкапракатнага, жалезарабочага і мэханічнага заводаў (у наш час ЗАТ "Вытворчы комплекс «Бранскі машынабудаўнічы завод»).

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бранск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Нягледзячы на паведамленьні асобных дасьледнікаў[14], места не ўваходзіла ў склад Гомельскай губэрні[15][16].

У 1920—1929 гадох Бранск быў цэнтрам губэрні. У 1923 годзе географ Аркадзь Смоліч у сваё кнізе «Геаграфія Беларусі» ахарактарызаваў яго як беларускае места[17].

У Другую сусьветную вайну 6 кастрычніка 1941 году Бранск занялі войскі Трэцяга Райху. 17 верасьня 1943 году яго зноў занялі савецкія войскі, з тых часоў гэтая дата адзначаецца як дзень места. У лясах Браншчыны быў цэнтар савецкага партызанскага руху, дзейнічалі партызанскія аддзелы колькасьцю каля 60 тысячаў чалавек.

5 ліпеня 1944 году Бранск стаў цэнтра вобласьці. У 1956 годзе ў склад места ў якасьці раёну ўлучылі места-спадарожнік Бежыцу.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бранск падзяляецца на чатыры раёны: Бежыцкі, Валадарскі (улучае мястэчкі Вялікае Поўпіна і Сьнежацкая), Савецкі, Фокінскі (улучае мястэчка Белыя Берагі).

Насельніцтва Бранску складае 405 723 чалавекі (на 2018 год).

Год 1897 1913 1939 1959 1970 1992 2002 2008 2018
Насельніцтва, тыс. чал. 23,5[18] 30,7 87,5 207,0 318,0[19] 460,5[20] 431,5 413,9 405,7

Бранск — буйны прамысловы цэнтар. Асноўныя галіны прамысловасьці — машынабудаваньне, мэталаапрацоўка. Таксама разьвіты хімічная, электратэхнічная і электронная, дрэваапрацоўчая, тэкстыльная, харчовая прамысловасьць. Больш за 1200 прадпрыемстваў выпускаюць:

  • цеплавозы, цеплавозныя і карабельныя дызэлі, грузавыя вагоны;
  • аўтагрэйдары, асфальтамяшальнікі і іншую дарожную тэхніку;
  • сельскагаспадарчую тэхніку;
  • будаўнічыя матэрыялы;
  • швацкія вырабы;
  • і іншую прамысловую прадукцыю.

За 2008 год па прадпрыемствах апрацоўчых вытворчасьцяў аб’ём адгружаных тавараў уласнай вытворчасьці, выкананых працаў і паслуг уласнымі сіламі склаў 38,4 млрд рублёў.

Буйныя прадпрыемствы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бранск — буйны чыгуначны вузел: праз места праходзяць лініі на Маскву, Кіеў, Гомель, Смаленск, Арол і Вязьму, якімі ажыцьцяўляюцца пасажырскія і грузавыя перавозкі.

Разьвязка стратэгічных і міжнародных аўтамабільных шляхоў: М3 (Масква — Кіеў), М13 (Бранск — Кобрынь), А141 (Арол — Рослаў).

Праз Бранск пралягае «нафтаправод Сяброўства», газаправоды Дашава — Масква, Шабелінка — Масква (з адгалінаваньнем на Гомель).

Тут разьмяшчаецца міжнародны аэрапорт «Бранск», чыгуначны вакзал «Бранск I», аўтобусны вакзал і аўтобусная станцыя.

Пасажырскія перавозкі ажыцьцяўляюцца маршрутнымі таксі (больш за 1400 машынаў на 53 маршрутах) тралейбусамі (гл. Бранскі тралейбус), аўтобусамі (33 маршруты), а таксама прыгараднымі электрацягнікамі і аўтаматрысамі.

Стары корпус Бранскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту

Муніцыпальная сыстэма адукацыі ўлучае 188 адукацыйных установаў:

  • 76 агульнаадукацыйных школ (зь іх 2 ліцэі, 9 гімназіяў);
  • 98 дашкольных адукацыйных установаў (14 600 выхаванцаў);
  • 10 цэнтраў і дамоў творчасьці;
  • 2 навучальна-вытворчыя камбінаты ў Бежыцкім і Савецкім раёнах гораду;
  • муніцыпальная адукацыйная ўстанова для дзяцей, якія маюць патрэбу ў псыхоляга-пэдагагічнай дапамозе: «Б��анскі гарадзкі цэнтар псыхоляга-мэдычна-сацыяльнага суправаджэньня»;
  • муніцыпальная адукацыйная ўстанова «Бранскі гарадзкі інфармацыйна-мэтадычны цэнтар у сыстэме дадатковай пэдагагічнай адукацыі (падвышэньня кваліфікацыі)».

Прафэсійную вышэйшую адукацыю ажыцьцяўляюць 5 ВНУ:

Акрамя таго, у Бранску працуюць філіі 18 ВНУ:

У месьце працуе 168 бібліятэк рознай ведамаснай прыналежнасьці. Найбуйнейшая — Бранская абласная навуковая ўнівэрсальная бібліятэка ім. Ф. І. Цютчава.

Тэатры, кінатэатры, канцэртныя залі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бранскі драматычны тэатар
  • Бранскі абласны дзяржаўны тэатар драмы ім. А. К. Талстога,
  • Бранскі абласны тэатар юнага гледача,
  • Бранскі абласны тэатар лялек,
  • Дзіцячы музычны тэатар «Арфэй».
  • Філярмонія (канцэртная заля «Сяброўства»).
  • Канцэртная заля Палаца культуры «БМЗ».
  • 4 кінатэатры, зь іх 3 муніцыпальныя.
  • Цырк на 1945 месцаў.
  • Плянэтар.
  • Бранскі Дзяржаўны аб'яднаны краязнаўчы музэй:
    • Бранскі краязнаўчы музэй,
    • Музэй гісторыі партызанскага руху на Браншчыне (Мэмарыяльны комплекс «Партызанская паляна»),
    • Бранскі літаратурны музэй.
  • Бранскі абласны мастацкі музэй,
  • Музэй «Бранскі лес» — першы ў Расеі прафэсійны музэй лесу. Згарэў амаль дашчэнту ў ноч на 8 сакавіка 2009 году.
  • Парк-музэй ім. А. К. Талстога — дэкаратыўна-паркавы ансамбль драўлянай скульптуры.
  • Мэмарыяльны музэй Д. М. Мядзьведзева.
Пакроўскі сабор (пач. XVIII стагодзьдзя)

Месц азнаходжаньня: Пакроўская гара.

Збудаваны ў 1626 годзе на сродкі бранскага стольніка Е. Т. Алымава замест старажытнай саборнай драўлянай царквы, якая згадваецца ў дакумэнтах 1603, 1613 гадоў. Архітэктура храма спалучае старажытныя традыцыі стылю XVII ст. Гэта мураваны бясслупны пяцігаловы двухпавярховы храм. Ніжні храм асьвячоны ў гонар сьвяціцеля Аляксія, Мітрапаліта Маскоўскага і «ўсея Русі», цудатворца; верхняя — у гонар Пакрова найсьвяцейшай Багародзіцы. Цікавай асаблівасьцю храма зьяўляецца разьмяшчэньне бакавых частак па баках сьвету. Да 1798 году храм быў саборным (галоўным у горадзе), а пасьля — прыхадзкім. У 1799 годзе была разабрана верхняя шатровая званіца, а пазьней чатыры бакавых часткі і зроблена шырокая двухпавярховая прыбудова з новай званіцай. У 1918 годзе храм быў зачынены, а ў 30-я гады званіца і цэнтральная частка былі разбураныя, і ў будынку храма разьмясьціўся дзяржаўны архіў. Напачатку 70-х гадоў была зроблена рэстаўрацыя царквы з прыстасаваньнем будынка пад Дом народнай творчасьці. У 1991 годзе сабор вернуты вернікам і з 24 траўня 1991 году ў храме праходзяць рэгулярныя набажэнствы.

Месца знаходжаньня: Пакроўская гара. 53°14′53″ пн. ш. 34°22′31″ у. д. / 53.248060° пн. ш. 34.375220° у. д. / 53.248060; 34.375220

Збудаваная ў 1751 годзе. У архітэктурных дэталях карнізаў, ліштве вокнаў, кутніх лапатках прасочваюцца старыя традыцыі, узыходныя да XVII ст.

Месца знаходжаньня: Савецкі раён, Пакроўская гара.

Збудаваная ў 1870 годзе.

Месца знаходжаньня: непадалёк ад тэлецэнтру.

Разьмяшчаецца ў маляўнічым месцы на гары правага берага ракі Дзясны. Паводле паданьня ў 1288 годзе вялікі князь чарнігаўскі Раман Міхайлавіч, быўшы ў сваёй вотчыне ў Бранску, асьлеп, а вылечыўся з дапамогай цудатворнага абраза. У памяць пра гэта ён заснаваў на беразе Дзясны, насупраць упадзеньня ў яе рэчкі Сьвінь, Усьпенскі манастыр (немілагучная назва «Сьвінскі» ў першай палове васямнаццатага стагодзьдзя было зьменена на «Сьвенскі»).

Усім пэрымэтрам манастыра праходзіць сьцяна вышынёй месцамі да 10 м, ёсьць байніцы. У наш час яго ваколіцы выкарыстоўваюцца як месца правядзеньня штогадовага Сьвенскага кірмаша.

Спаса-Грабаўская царква (пач. XX стагодзьдзя)

Храм, спраектаваны ў псэўдарускім стылі (мураўёўка), збудаваны ў 1904 годзе. Аўтарам праекту быў бранскі архітэктар-мастак Н. А. Лебедзеў. У 1929 годзе царкву зачынілі, а яе верхнюю частку зруйнавалі. Пазьней усярэдзіне храма разьмяшчаўся морг, потым Дом займальнай навукі і тэхнікі. Прабітыя новыя вокны для першага паверху і дапушчаныя іншыя парушэньні яе архітэктурнага аблічча. З 7 студзеня 1993 году храм ізноў пачаў дзейнічаць.

Цэнтральны манумэнт на Пакроўскай гары

Месца знаходжаньня: парк «Салаўі». 53°16′07″ пн. ш. 34°21′51″ у. д. / 53.268619° пн. ш. 34.364191° у. д. / 53.268619; 34.364191

Курган Неўміручасьці — помнік загінулым у змаганьні зь нямецкім нацызмам. Гэта адзін з асноўных помнікаў места.

Быў закладзены 11 траўня 1967 году ў мескім парку культуры і адпачынку «Салаўі». Сёньня гэта велічнае збудаваньне, якое вянчае велізарная пяціканцовая зорка.

Сьвятую зямлю з брацкіх магіл у местах і сёлах Браншчыны, зь легендарных месцаў гарадоў-герояў, з баўгарскай Шыпкі — знака братэрства славянскіх народаў, прынесьлі да месца закладкі Кургана маці, чые сыны не вярнуліся з вайны, вэтэраны вайны, рэвалюцыі і камсамола, Героі Савецкага Саюзу, кавалеры ордэнаў Славы, кіраўнікі і ўдзельнікі партызанскага руху і падпольлі, ваяры Савецкага Войска, камсамольцы, піянэры, акцябронкі.

Тысячы юнакоў і дзяўчат працавалі на збудаваньні Кургана. Ён уяўляе сабою земляны насып агульным аб’ёмам звыш 20 тысячаў кубічных мэтраў і вышынёй 12 мэтраў.

У падставе Кургана закладзены гарматны ствол з капсулай, у якой утрымоўваецца зварот да нашчадкаў-бранцаў 2017 году: «Дарагія таварышы, сябры, людзі XXI стагодзьдзя!.. Ніколі не забывайце гераічнага мінулага нашага партызанскага краю! Заўсёды памятайце, якім коштам дасталася воля вашым дзядам! Беражыце яе, як зрэнку вока… Мы адпісваем вам самае дарагое, што ёсьць у савецкага чалавека, — гонар сваёй Радзімы! Любіце сваю краіну так, як любілі яе мы, вашы старэйшыя таварышы, аднадумцы, сябры. Прымнажайце магутнасьць Радзімы Саветаў!»

У асновы Кургана прыступкі шырокіх сходаў падводзяць да пляцоўкі, на фасадзе якой надпіс: «У імя міру аддалых жыцьці свае Курган Неўміручасьці збудаваны камсамольцамі і моладзьдзю гораду ў год пяцідзесяцігодзьдзя ВЛКСМ».

Архітэктар — В. Н. Гарадкоў, аўтар пілёна — В. А. Цяплякоў.

  1. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[10] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[11]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  1. ^ Этимологический словарь русского языка = Russisches etymologisches Wörterbuch : в 4 т. / авт.-сост. М. Фасмер; пер. с нем. и доп. чл.‑кор. АН СССР О. Н. Трубачёва, под ред. и с предисл. проф. Б. А. Ларина [т. I]. — Изд. 2-е, стер. — М. : Прогресс, 1986—1987.
  2. ^ Никонов В. А. Краткий топонимический словарь. — М.: Мысль, 1966. С. 66.
  3. ^ Голицын Н. С. Русская военная история. Ч. 1. — СПб., 1877. С. 176, 199.
  4. ^ Полное собрание русских летописей. Т. 11. — СПб., 1897. С. 204.
  5. ^ Полное собрание русских летописей. Т. 20. — СПб., 1910. С. 193
  6. ^ Батюшков П. Н. Волынь: исторические судьбы юго-западного края. — СПб., 1888. С. 58.
  7. ^ Іпацьцеўскі летапіс. С. 239
  8. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 340
  9. ^ Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 3. — СПб, 1861. С. 30.
  10. ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
  11. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
  12. ^ Труды Саратовской ученой архивной комиссии. Вып. 29. — Саратов, 1912. С. 66—68.
  13. ^ Köppen P. Statistische Reise in’s Land der Donischen Kosaken durch die Gouvernements Tula, Orel und Woronesch im Jahre 1850. — St. Petersburg, 1852. S. 56.
  14. ^ Бранск-Северскі // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  15. ^ 90 лет со дня образования Гомельской губернии
  16. ^ Административно-территориальное деление Беларуси
  17. ^ Алег Трусаў, Беларуская Атлянтыда: Без бар’ераў. Северскія землі, Радыё Свабода, 19 кастрычніка 2007 г.
  18. ^ Брянск // Историческая энциклопедия. В 16 т. — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973—1982.
  19. ^ Брянск // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  20. ^ Брянск // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]