Перайсьці да зьместу

Даўмонт Пскоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Даўмонт
лац. Daŭmont
Цімафей
князь
Выява Даўмонта ў Траецкім саборы ў Пскове
Князь пскоўскі
1266 — 1299
Папярэднік Сьвятаслаў Яраславіч Цьвярскі
Наступнік Давыд Гарадзенскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1240
Памёр 20 траўня 1299,
Пахаваны
Нашчадкі Давыд Гарадзенскі
Дынастыя Доманты
Сужэнец Агна[d]
Бацька Міндоўг або Від
Маці Марыя, дачка пераяслаўскага князя Дзьмітрыя Аляксандравіча Пераяслаўскага

Даўмонт (у праваслаўі Цімафей; ? — 20 траўня 1299 году, Пскоў) — князь у Нальшанскай зямлі (да 1260—1266), служылы князь пскоўскі (1266—1299). Кананізаваны Праваслаўнай царквой (памяць 20 траўня, у трэці тыдзень па Тройцы — у Саборы Пскоўскіх сьвятых). Неаднаразова разьбіваў літву і немцаў, у тым ліку ў Ракаворскай бітве. У гістарычных хроніках і мастацкай літаратуры адзначаецца як «муж доблесьці і гонару бездакорнага, на немец люты да сьмерці». За Даўмонтам Пскоў здабыў фактычную незалежнасьць ад Ноўгараду.

Даўмонт паходзіў зь літоўскіх князёў. Паводле некаторых крыніцаў, быў сынам Міндоўга, братам Войшалка[1], паводле іншых крыніцаў быў старэйшым братам Трайдзеня[2], і валодаў у Літве Нальшанскай зямлёй. Ён ажаніўся, паводле адной вэрсіі, зь сястрой жонкі Міндоўга, паводле Хронікі Быхаўца, зь сястрой жонкі Нарымонта, аднятай пазьней апошнім. Расейская праваслаўная царква прылічыла яго да ліку сьвятых у XVI стагодзьдзі па аблозе Пскова Стэфанам Баторыям паводле выпадку нейкай цудоўнай зьявы. Памяць Даўмонта сьвяткуецца 25 траўня[3]. Цела Даўмонта спачыла ў Траецкім саборы ў Пскове, у якім яшчэ ў пачатку XX стагодзьдзя захоўваліся яго меч і адзежа. Дзеля абароны ад нападаў Даўмонт умацав��ў Пскоў новай каменнай сьцяной, якая да XVI стагодзьдзя звалася Даўмонтавай.

Ад Даўмонта, паводле традыцыі, выводзіў сваё паходжаньне літоўскі шляхецкі род Домантаў.

Дамунд або Дамонд (Damundus[4], Damondus) — імя германскага паходжаньня[5][6]. Іменная аснова -даў(г)- (імёны ліцьвінаў Даўгерд, Даўгер, Даўят; германскія імёны Daugaard, Dauharjis, Dowyatt) паходзіць ад гоцкага daug 'годна', бургундзкага daugjis 'здольны, годны'[7][8], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Жыгімонт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sigimunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[9] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[10]. Такім парадкам, імя Даўмонт азначае «здольны да гарлівасьці»[6].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Довъмонтъ (Галіцка-Валынскі летапіс); Довмонтъ… с Доумонтомъ съ пльсковичи на Литву (Доумонтъ[11]; Наўгародзкі першы летапіс); псалъ Довмонтовъ писець (па 1266 годзе)[12]; Домонтъ[13][14] або Домантъ[15][16] (Наўгародзкі чацьверты летапіс і Сафійскі першы летапіс); Домантъ[17] або Домонтъ[18] (Ніканаўскі летапіс).

Абраз Міроская Божай Маці з выявай сьвятога князя Даўмонта й яго жонкі Марыі Дзьмітрыеўны. Старажытны сьпіс у Пскоўскім музэі

Крыніцы зьвестак пра Даўмонта падзяляюцца на дзьве групы — летапісныя артыкулы і розныя рэдакцыі жыцьцяпісу Сьвятога Даўмонта. Найбольш старажытнымі ёсьць кароткія летапісныя артыкулы, якія захаваліся ў Наўгародзкім I летапісе старэйшага ізводу (сьпіс канца XIII ст., дапоўнены ў першай траціне XIV ст.) і датычаць пскоўскага пэрыяду жыцьця князя. Падрабязнае апавяданьне пра падзеі перад уцёкамі Даўмонта зь Літвы ў Пскоў, захавалася ў Галіцка-Валынскім летапісе, дзе апавядаецца пра забойства Даўмонтам вялікага князя Міндоўга. У іншых летапісах, якія адлюстроўваюць зборы XIV ст., ёсьць рэдкія ўпаміны пра Даўмонта, летапісы XV—XVII ст. злучаюць зьвесткі Наўгародзкага I летапісу і жыцьцяпісу Даўмонта, складзенага пскоўскім аўтарам.

Жыцьцяпіс Даўмонта захаваўся ў некалькіх рэдакцыях XIV—XVI ст. У больш раньніх рэдакцыях жыцьцяпіс ня меў назова або называўся «Усьпеньне» Даўмонта, «Сказаньне» або «Аповесьць» пра Даўмонта, назва «Жыціе» зьявілася толькі ў рэдакцыі канца XVI ст. Пачатковая рэдакцыя жыцьцяпісу (Аповесьць) зьявілася ў другой чвэрці XIV ст., гісторыя яе тэксту цесна зьвязаная з пскоўскім летапісаньнем. Тэкстуальныя супадзеньні паміж Аповесьцю і артыкуламі пскоўскіх летапісаў 1323, 1341, 1343 гадоў даводзяць, што Аповесьць і летапісныя артыкулы другой чвэрці XIV ст. ствараліся прыкладна адначасна ў адным коле кніжнікаў. У Аповесьці князь паказваецца выняткова ў ратных сытуацыях (паходы на Літву, на Ракавор і ў Памор’е, бітвы на Мірапоўне, зь лівонскім ляндмайстрам, пры царкве Сьвятых Пятра і Паўла). Аўтар не апавядае пра літоўскі пэрыяд жыцьця князя і прычыны яго ўцёкаў у Пскоў, не ўпамінае пра будаваньне ім цэркваў і абарончай сьцяны, пра заснаваньне пскоўскага Сьнетагорскага манастыра. У Аповесьці ўвасобіўся пскоўскі ідэал князя — ваяра, заўсёды гатовага да абароны пскоўскіх земляў. У заключнай хвале князю, складзенай на аснове адмысловай рэдакцыі Жыція Аляксандра Неўскага, да ўслаўленьня ратнай доблесьці Даўмонта далучаецца пералік яго хрысьціянскіх дабрадзейнасьцяў.

Меч Даўмонта

Аповесьці пра Даўмонта ў складзе пскоўскіх летапісаў адводзілася адмысловае месца. У Пскоўскім I летапісе яна стала прадмовай, у Пскоўскім II летапісе яна зьмяшчаецца пасьля ўступа, дзе коратка выкладаецца пачатковая гісторыя Русі, і пасьля Жыція Аляксандра Неўскага; у Пскоўскім III летапісе Аповесьць улучаецца ў храналягічны шэраг. Тэксты Аповесьці ў тро' рэдакцыях пскоўскіх летапісаў блізкія, але неідэнтычныя. Пачатковы тэкст дакладней перадаецца ў Пскоўскім I летапісе. Складальнік Пскоўскага III летапісу пры ўлучэньні Аповесьці ў храналягічны шэраг паставіў у яе тэксьце даты, унёс малаважныя рэдактарскія зьмены. Аповесьць у Пскоўскім II летапісе шмат у чым адрозьніваецца ад тэкстаў Аповесьці ў іншых крыніцах — складальнік гэтага збору 1486 году унёс папраўкі, якія адлюстравалі яго прамаскоўскія і антывечавыя настроі (адкінутыя фрагмэнты, дзе пскоўскі князь сваёй адвагай і славай прыпадабняўся Аляксандру Неўскаму і яго сыну Сьвятому Дзьмітрыю, пераменшана роля «мужоў пскавічоў» у пастановах і перамогах князя).

У двух пскоўскіх Пралогах 1341 году зьмяшчаецца кароткае Жыціе Даўмонта, дзе даюцца агульныя зьвесткі пра яго жыцьцё. Жыціе было складзена незалежна ад Аповесьці, якая зьявілася прыкладна ў гэты ж час.

У XV ст. Аповесьць увайшла ў агульнарускія зборы, прытым яе тэкст быў злучаны зь весткамі Наўгародзкага I летапісу. З часам тэкст Аповесьці перажываў зьмены ў адпаведнасьці з агульным характарам правак у летапісных помніках. Асобную цікавасьць мае жыцьцяпіс Даўмонта ў Скарочаным Літоўскім летапісе (сьпіс 1520-х гадоў), дзе гаворыцца як пра літоўскі пэрыяд жыцьця Даўмонта, так і пра яго ўцёкі ў Пскоў, хрышчэньне ў праваслаўе і паходы на Літву. Жыцьцяпіс у гэтай крыніцы выяўляе падабенства зь зьвесткамі пра князя іншых летапісаў (Уладзімерскага летапісца, летапісаў тыпу Сафійскага I, летапісных збораў 1479 году і канца XV ст., «Кнігі ступеневай царскага радаслоўя» ды іншых). Аповедам пра вялікага князя Войшалка, сына Міндоўга, і «вернага» «новапрасьвечанага» Даўмонта завяршаецца апавяданьне Скарочанага Літоўскага летапісу пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага; Войшалк і Даўмонт прадстаўленыя як апошнія прадстаўнікі дынастыі Міндоўга, па іх пайшлі князі «іншага роду».

Тэкст, блізкі да Аповесьці з Наўгародзкага V летапісу, лёг у аснову дзьвюх рэдакцыяў XVI ст. жыцьцяпісу Даўмонта — хранаграфічнай і сярэдняй. Хранаграфічная рэдакцыя, паводле сьведчаньня яе складальніка, была ім сьпісана «з хранографа». З разьнесеных паводле гадавых артыкулаў вестак пра Даўмонта, якія злучалі тэксты Наўгародзкага I летапісу і пскоўскай Аповесьці, рэдактар стварыў суцэльны твор, унёсшы ў летапісны тэкст некаторыя папраўкі і зьмены. Так, ён удакладніў, што рака Даўмонта была пастаўлена ў Траецкім саборы «за правым клірасам». Аўтар сярэдняй рэдакцыі значна перапрацаваў і дапоўніў агульны з хранаграфічнай рэдакцыяй пратограф. У сярэдняй рэдакцыі ўпершыню апавядаецца пра будаваньне Даўмонтам цэркваў, заснаваньне Сьнетагорскага манастыра. Аўтар сярэдняй рэдакцыі адкінуў дэталі, якія напаміналі пра залежнасьць Даўмонта ад вялікіх князёў уладзімерскіх. Адно з асноўных адрозьненьняў сярэдняй рэдакцыі ад папярэдніх варыянтаў палягае ў тым, што ў ёй зьяўляецца «Сваяцтва пра блажэннага і прыснапамятнага князя Вышэлега», дзе апавядаецца пра Войшалка, яго пастрыжэньне на Афоне, вяртаньне ў Літву, заснаваньне манастыра «на нейкім месцы», помсту забойцам бацькі і сыходу ў манастыр на Святой Гары. У «Сваяцтве…» Даўмонт названы братам Войшалка і малодшым сынам вялікага князя Міндоўга, па забойстве якога «сваякамі» Даўмонт быў змушаны бегчы ў Пскоў. «Сваяцтва…» было складзена пад уплывам адной з вэрсіяў радаводу вялікіх князёў літоўскіх, якая адбілася ў Летапіснай і Румянцаўскай рэдакцыях радаводных кніг 1530-х гадоў.

Жыціе Даўмонта (прастранная рэдакцыя Аповесьці) — гэта збор шматлікіх сьведчаньняў пра пскоўскага князя, напісаны ў канцы XVI ст. У Жыціі (як і ў сярэдняй рэдакцыі Аповесьці) князь названы сынам Міндоўга. Жыціе пачынаецца з апавяданьня пра Войшалка, пра забойства Міндоўга «сваякамі», пра помсту Войшалка і пра ўцёкі Даўмонта ў Пскоў. Апроч вядомых зь іншых рэдакцыях падзеяў, зьвязаных з Даўмонтам, у прастраннай рэдакцыі падаецца апавяданьне пра два пасьмяротныя цуды і пра мрою каваля Дарафея з Багародзіцай і Пскоўскімі сьвятымі, у тым ліку Даўмонтам, падчас аблогі Пскова каралём Стэфанам Баторыем у 1581 годзе. Аўтар прастраннай рэдакцыі вольна абыходзіцца з гістарычным матэрыялам, суправаджае аповеды пра перамогі князя біблійнымі цытатамі, агіяграфічнымі характарыстыкамі, падрабязнымі апісаньнямі бітваў, якія складаюцца з традыцыйных формулаў ваенных аповесьцяў.

Таксама Даўмонт упамінаецца ў беларуска-літоўскіх летапісах XVI ст., Хроніцы ВКЛ і Хроніцы Быхаўца, зьвесткі якіх у пэрыяд да сьмерці Гедзіміна надзвычай сумбурныя і ненадзейныя. Паводле гэтых летапісаў, Даўмонт быў сынам Рамана і братам Нарымонта, Трайдзеня, Гольшы і Гедруса. Гісторыя з жонкай Даўмонта расказваецца значна складаней: спачатку Даўмонт адабраў жонку ў свайго брата Нарымонта, а потым апошні забірае яе назад. Міндоўг у Хроніцы ВКЛ не ўпамінаецца наогул, а ў Хроніцы Быхаўца зьяўляецца за некалькі пакаленьняў да Даўмонта.

Барыс Чарыкаў (1837 г.) «Князь Даўмонт прысягае Пскову»

Да 1260 году пра Даўмонта няма зьвестак. Відаць, ён быў князем у Нальшанскай зямлі і падпарадкоўваўся ўладзе вялікага князя Міндоўга, які да таго ж быў з Даўмонтам у сваяцтве — яны ажаніліся зь сёстрамі (дзесьці зь сярэдзіны 1251 году). У першай палове 1258 году ўладаньні Даўмонта, відаць, былі спустошаныя войскамі Бурундая і галіцка-валынскіх князёў. Па сьмерці (канец 1262 — пачатак 1263 году) жонкі Міндоўга Марфы (або Марты), паводле Галіцка-Валынскага летапісу, сястра Марфы — жонка Даўмонта (Агна — паводле Стрыйкоўскага) была выкліканая для ўдзелу ў пахаваньні да двара Міндоўга, дзе апошні, нібы паводле запавету памерлай жонкі, якая баялася мачахі сваім малым дзецям, прымусіў жонку Даўмонта да сужыцьця. Відаць, гэта стала галоўнай з прычын удзелу Даўмонта ў змове літоўскіх князёў на чале з Транятам, князем жамойцкім, супраць Міндоўга. У пачатку восені 1263 году разам зь іншымі літоўскімі князямі Даўмонт быў пасланы ваяваць Бранскае княства, але вярнуўся з дарогі разам з дружынаю, спахіў і забіў Міндоўга і яго малодшых сыноў Руклю і Рэпека. Сталец вялікага князя заняў Транята, але хутка (сярэдзіна 1264 году) ён быў забіты і Даўмонту давялося весьці змаганьне з Войшалкам, старэйшым міндоўгавым сынам, які з войскам наваградзкіх і літоўскіх прыхільнікаў, у зьвязе з галіцка-валынскімі і турава-пінскія князі, помсьціў за сьмерць бацькі. Відаць, у войшалкаву кааліцыю ўвайшлі і іншыя нальшанскія князі, у тым ліку Гердзень, якога наблізіў да сябе яшчэ Міндоўг.

Ужо ў 1265 годзе, магчыма, у выніку паходаў Войшалка супраць сваіх ворагаў у Нальшанах і Дзяволтве, каля 300 ліцьвінаў з жонкамі і дзецьмі ўцяклі ў Пскоў. Магчыма, праз гэтых уцекачоў яшчэ тады Даўмонт спрабаваў наладзіць або наладзіў сувязь з Ноўгарадам і Псковам — спачатку наўгародцы хацелі забіць ліцьвінаў, але тыя надумалі ахрысьціцца ў праваслаўе і за іх, на загад бацькі[a] заступіўся пскоўскі князь Сьвятаслаў Яраславіч, які разам з пскоўскім духавенствам пры пскавічох ахрысьціў у праваслаўе ліцьвінаў. Улетку 1266 году, разам з дружынай у 70 чалавек, у Пскоў прыехаў і Даўмонт — недзе тымчасова ж з Нальшанаў у Рыгу ўцёк і князь Суксэ з братам, магчыма, адзін з даўмонтавых хаўрусьнікаў. Даўмонт быў ахрышчаны ў праваслаўе ў пскоўскім Траецкім саборы з імем у гонар мучаніка Цімафея Палесьцінскага (Гаскага).

Даўмонт на Помніку «1000-годзьдзе Расеі» ў Вялікім Ноўгарадзе

У 1266 году Даўмонт з аддзелам з 270 ліцьвінаў і пскавічоў зьдзейсьніў удалы паход на Літву, а, верагодней, менавіта на Нальшанскую зямлю, бо ў палон да Даўмонта трапілі жонка і два сына Гердзеня (гл. Андрэй Гердзеневіч). Войска Гердзеня і іншых князёў, якое гналася за пскавічамі, 18 ліпеня 1266 году было разьбіта Даўмонта на Дзьвіне. Вялікі князь уладзімерскі, пад уладай якога знаходзілася Наўгародзкая зямля, Яраслаў Яраславіч прыбыўшы ў 1266 годзе ў Ноўгарад хацеў выгнаць Даўмонта з Пскова, але адмовіўся ад гэтага праз пазыцыю наўгародзкіх баяраў, якія, магчыма, бачылі ў Даўмонце патэнцыйнага абаронцу Паўночна-Заходняй Русі ад немцаў, ліцьвінаў і дамаганьняў вялікага князя. Узімку 1266—1267 гадоў Даўмонт зьдзейсьніў яшчэ адзін удалы паход на Літву. У 1267 годзе ў выніку супольнага паходу пскоўскага і наўгародзкага войска на чале з Даўмонтам і баярынам Алферыем Сбыславічам была нанесена параза полацкаму войску, у бітве загінуў і князь Герздень.

23 студзеня 1268 году з пскавічамі браў удзел у няўдалым паходзе кааліцыі князёў на чале з князем Дзьмітрыем Аляксандравічам, арганізаванай Вялікім Ноўгарадам, на эстонскія землі Лівонскага ордэна. 18 лютага 1268 году ў бітве пры замку Раквор Даўмонт камандаваў палком правай рукі. Па бітве Даўмонт зрабіў самастойны паход у глыб земляў Лівонскага ордэна, «на Віруяны», аж да Балтыйскага мора. Гэта прывяло да паходу немцаў у адказ, якому ў 1269 годзе падвергся Пскоў, але горад 10-дзённую аблогу і немцы адбітыя з дапамогаю наўгародзкага князя. У 1269 годзе Даўммонт вытрымаў лівонскімі немцамі Пскова й адбіў яе пры дапамозе прыйшэлых на выручку наўгародзкіх войскаў. У 1270 году вялікі князь Яраслаў Яраславіч замяніў Даўмонта ў Пскове іншымі выхадцам зь Літвы — князем Айгустам, але ўжо ў 1271 годзе Даўмонт вярнуўся на пскоўскі сталец.

Увесну 1271 году, рухаючыся па Чудзкім і Пскоўскім азёрам і ракой Вялікай, войска лівонскіх немцаў разарыла шэраг памежных паселішчаў Пскоўскай зямлі. Захапіўшы шмат маёмасьці і палонных, немцы пайшлі назад, 23 красавіка 1271 году на рацэ Мірапоўне з 60 пскавічамі Даўмонт дагнаў іх (паводле рускіх крыніц 800 чалавек) і разьбіў. У 1272 годзе напад немцаў на Пскоўскую зямлю паўтарыліся. 8 чэрвеня 1272 году пад Псковам Даўмонт перамог войскі лівонскага магістра, затым у адказ на спусташэньне пскоўскіх памежных воласьцей (да 8 верасн.) спустошыў эстонскія землі Лівонскага ордэна. У Жыціі Даўмонта паведамляецца, што пасьля здабытых у 1266—1272 гадох перамог князь узьвёў у Пскове каля свайго палаца тры царквы, відаць драўляныя, прысьвечаных сьвятым, якія заступаліся за яго ў бітвах: у імя мучаніка Цімафея, вялікамучаніка Георгія і Феадора Стратылата.

У канцы 1270-1290-х гадоў Даўмонт падтрымліваў палітыку вялікіх князёў ўладзімерскіх Дзьмітрыя Аляксандравіча, затым яго малодшага брата Андрэя Аляксандравіча. У 1278 годзе браў удзел у паходзе вялікага князя Дзьмітрыя на Карэльскую зямлю. У 1282 годзе валодаў Капор'ем у Наўгародзкай зямлі, у лютюм 1282 году ў адказ на паланеньне наўгародцамі 1 студз. сям’і і дружыны вялікага князя Дзьмітрыя Даўмонт з Капор’я зьдзейсьніў напад на Ладагу, дзе вызваліў сям’ю і баяраў вялікага князя, а таксама вярнуў скарб. У 1281—1282 гадах ажаніўся з Марыяй, дачкой Дзьмітрыя Аляксандравіча. У 1285 годзе разам з пскавічамі і ліцьвінамі Даўмонт зьдзейсьніў няўдалы паход на Цьвярскую зямлю. Тут у воласьці Алешня князь пацярпеў паразу ад аб’яднанага войска гарадоў Цьверы, Таржка, Зубцова, Ржэвы, Масквы, Валака Ламскага і Дзьмітрава і трапіў у палон, але празь нейкі час быў вызвалены. У 1292 годзе лівонскія крыніцы ўпамінаюць Даўмонта як аднаго з чатырох князёў Паўночна-Заходняй Русі, якія знаходзіліся ў падначаленьні вял.кн. Дзьмітрыя[19]. У канцы 1293 году ў Даўмонта ў Пскове хаваўся ад ардынскай раці царэвіча Тудан-Менгу (паводле рускіх крыніцаў Дзюдзень) вялікі князь Дзьмітрый.

Знойдзена дзьве княжых пячаткі, якія належалі Даўмонту[20]. Адна зь іх знойдзена пры раскопках у Таржку, другая захавалася на дагаворнай грамаце Цяшаты і Якіма, якую напісаў «Давмонтаў пісец». Магчыма, грамата сьведчыць пра функцыянаваньне ў Пскове пры Даўмонце княжага адміністрацыйнага апарату.

Па сьмерці цесьця і сюзерэна (1294 год) Даўмонт наладзіў кантакты з новым вял. кн. уладзімерскім Андрэем Аляксандравічам. 4 сакавіка 1299 году пскоўскі князь ізноў разьбіў войскі Лівонскага ордэна, якія зьнянацку захапілі пскоўскі пасад і спустошылі навакольныя манастыры. У бітве на беразе ракі Псковы каля Петра-Паўлаўскай царквы немцы былі разьбіты, палонных Даўмонт адправіў ва Ўладзімер-на-Клязьме да вялікага князя Андрэя. Гэта была апошняя перамога, здабытая Даўмонтам.

Даўмонт памёр у Пскове падчас эпідэміі, пахаваны ў Траецкім саборы, над магілай быў павешаны яго меч. Па пабудове ў сярэдзіне XIV ст. мураванага Траецкага сабора магіла Даўмонта знаходзілася ў прыдзеле Святога князя Ўсевалада (Гаўрыіла) Мсьціславіча. Рака захавалася падчас моцнага пажару ў Пскове 15 траўня 1607 году, калі пацярпеў Траецкі сабор.

Паводле сінодзіка Пскоўскага Міраскага Ператварэньня Божага манастыра, Даўмонт быў сярод князёў, якія далі міласьціну на гэты манастыр. Зь Міраскага манастыра паходзіць даўнейшы — XVI ст. — з захаваных сьпісаў Міраскага абраза Божай Маці, з выявай Даўмонта і яго жонкі, які капіруе, як лічаць дасьледнікі, абраз XIII ст. Відавочна, князь апекаваў інш. манастырам і храмам Пскоўскай зямлі. Позьняя традыцыя прыпісвае Даўмонту заснаваньне Пскоўскага Сьнетагорскага манастыра. Гэтая вэрсія можа быць праўдзівай, бо ўпершыню манастыр упамінаецца ў крыніцах пад канец валадарства Даўмонта.

Некаторыя дасьледнікі лічаць, што сынам Даўмонта і Марыі Дзьмітрыеўны быў Давыд, гарадзенскі староста і ваявода вялікага князя літоўскага Гедзіміна.

Паводле Адама Кіркора, заснаваў Сьвір у сярэдзіне XIII стагодзьдзя на месцы паганскага капішча[21].

  1. ^ Вялікі князь уладзімерскі і цьвярскі Яраслаў Яраславіч
  1. ^ Охотникова В.И, Повесть о псковском князе Довмонте
  2. ^ Хроніка Быхаўца
  3. ^ Даўмонт Пскоўскі, верны князь Архіўная копія
  4. ^ Anhang 3 Wörterbuch der gotischen Namen // Köbler G. Gotisches Wörterbuch. — Leiden — Köln, 1989.
  5. ^ Piel J. M., Kremer D. Hispano-gotisches Namenbuch. Der Niederschlag des Westgotischen in den alten und heutigen Personen- und Ortsnamen der Iberischen Halbinsel. — Heidelberg, 1976. S. 112.
  6. ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 22.
  7. ^ Gamillscheg E. Romania Germanica. Bd. 3: Die Burgunder, Schlußwort. — Berlin und Leipzig, 1936. S. 112.
  8. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  9. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 180.
  10. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  11. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 155.
  12. ^ Русско-ливонские акты. — СПб, 1868. С. 15.
  13. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 40, 42, 45, 180—182, 198.
  14. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 193—195, 197—198, 200, 203.
  15. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 40—41, 180, 302.
  16. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 193, 195, 198.
  17. ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 145, 150, 159.
  18. ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 145, 150—151.
  19. ^ Пашуто… С. 385. Прим. 124.
  20. ^ Янин, Гайдуков… Т. 3. С. 107, 220.
  21. ^ Преврацкий В. (30 красавіка 2009) Нальшанский князь Довмонт - святой Тимофей (рас.) Россия в красках