Сноўская сядзіба
Палацава-паркавы комплекс | |
Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх | |
---|---|
| |
53°13′22,94″ пн. ш. 26°24′47,15″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Сноў |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Архітэктар | Б. Л. Тычэцкі |
Заснавальнік | Казімір Рдултоўскі |
Дата заснавання | 1827[1] |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000500 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сноўская сядзіба — палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх ў Снове Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Помнік архітэктуры класіцызму. Мае рысы шматпланавай аб’ёмна-прасторавай сіметрычнай кампазіцыі, сам палац уяўляе сабой новы тып палацавых будынкаў з раскрытай франтальнай планіроўкай уздоўж адной папярочнай восі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Фарміраванне сядзібы, якая захавалася да нашага часу, вялося на раўнінным беразе р. Сноўка пры Казіміры Рдултоўскім (1785—1855), які стварыў тут рэзідэнцыю з зімовым садам, галерэяй, у Адахоўшчыне заснававаў суконную фабрыку.
Будынак датуецца 1827 г. і аўтарам праекта называецца архітэктар Б. Л. Тычэцкі[1]. Аднак існуе факт знаходжання ў Сноўскім палацы ў 1764 г. караля Станіслава Панятоўскага. Але, верагодна, кароль наведваў малав��домы палац Яна Хрызастома Рдултоўскага (1735—1791), пабудаваны ў 1760 г., які, згодна з сямейнай хронікай, быў разбураны пад час Барскай канфедэрацыі.
З 1854 г. маёнтак Сноў і сноўскі палац (2672 дзесяцін зямлі і лесу) перайшоў у рукі рускага барона Густава Гарцінга (1819—1879), які парадніўся з мясцовымі каталіцкімі землеўласнікамі і па сутнасці асіміляваўся ў мясцовым асяроддзі. Пасля маёнтак перайшоў у рукі яго сына — барона Мікалая Гарцінга, а затым унука — барона Генрыка Гарцінга, які быў жанаты з Тэкляй Неміровіч-Шчыт і які валодаў палацам аж да 1939 г. (пачатку Другой сусветнай вайны)[2].
Пасля рамонту каля 1925 г., барон Генрык Гарцінг прыстасаваў палац пад канцылярыю і жыллё польскага корпуса аховы граніцы. Палац выкарыстоўваўся і як казіно. Сам барон Генрык Гарцінг у тыя часы жыў побач у адной з гаспадарчых пабудоў маёнтка Сноў[2].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Палац, пабудаваны ў 1827 годзе па праекце дойліда Б. Тычэцкага, размешчаны на адкрытым месцы ў звілістай рэчкі Сноўка.
Сядзіба размешчана на роўнай тэрасе, у плане мела форму прамавугольніка плошчай каля 37 га. Уключала партэр, пейзажны парк, ахоплены па перыметры алеяй, на якую выводзіць цэнтральная трохрадная алея з ясеняў і клёнаў. Да цэнтральнай параднай часткі з правага (паўднёвага) боку прымыкаў вялікі вадаём, з левага — пладовы сад з алеяй з ясеняў і ліп. Сістэма каналаў утварыла некалькі астравоў мудрагелістай формы, густа зарослых хмызняком і дрэвамі розных парод.
Галоўнае месца ў сіметрычна-восевай кампазіцыі адведзенае палацу. Працягласць палаца — каля 140 м[1]. Каб пазбегнуць манатоннасці, увесь масіў збудавання рассечаны на асобныя выступаючыя і рознавысокія аб’ёмы[1]. Цэнтральная частка палаца і фланкуючыя рызаліты — у два паверхі, бакавыя крылы аднапавярховыя.
Галоўны ўваход у палац вылучаны чатырохкалонным порцікам іанічнага ордара[1]. Такі ж порцік, але з меншым выступам ад плоскасці муроў, збудаваны з боку парку. Праходзячы пад порцікамі, наведвальнікі трапляюць у вестыбюлі, злучаныя паміж сабою і асноўнымі памяшканнямі палаца — заламі, гасцінымі, кабінетамі, размешчанымі на першым паверсе.
Парадная зала ў плане прамавугольнай формы, плошча яго перавышае 100 кв. м. Шэсць высокіх вокнаў, якія выходзяць на абодва фасада палаца (па тры на кожны), забяспечваюць вялікую лёгкасць інтэр’еру і адкрываюць перспектыву ў бок парку і мястэчка. З аднаго боку залы ўладкованы алькоў, які займае вялікую частку сцяны. Глыбокі алькоў авальнага абрысу з нішамі для скульптур адгароджаны ад залы чатырма калонамі. Гэтым дасягаецца выразная прамавугольная форма плану залы.
Убранне інтэр’ера залы адрозніваецца сціпласцю. Столі і муры пазбаўленыя дэкарацыі. Толькі верхняя частка муроў залы нясе карніз. Упрыгожваннем, акрамя алькова, з’яўляецца вялікая кафляная печ, выкананая з вялікім майстэрствам.
У бакавых крылах і ў фланкуючых аб’ёмах палаца месцавлася галоўным чынам жыллё. Дойлідства крылаў прадстаўленае іанічным ордарам. Пры гэтым левае крыло палаца вырашанае адкрытай галерэяй — каланадай, а правае — каланадай, якая прылягае да фасаднага мура. Пабудова фланкуючых аб’ёмаў вельмі простая: у неглыбокіх і плоскіх нішах размешчаныя вокны з сандрыкамі, а ў верхняй частцы муроў — рэльеф расліннага арнаменту.
У дойлідстве палаца нічога лішняга, што б магло надаць яму знарочыстую параднасць. Прапарцыйнасць і вытанчанасць порцікаў з прыгожым малюнкам капітэляў, ажурныя рызаліты з шырокімі трохчастковымі вокнамі на два паверха, сціплыя дэкаратыўныя ўстаўкі ў аркавага завяршэння вокнаў надаюць фасадам палаца ладнасць і велічнасць. Да асаблівасцей палаца-сядзібы ў Снове можна аднесці вялікую адкрытасць кампазіцыі збудавання, выразнасць планавай і аб’ёмнай пабудовы, а таксама строгасць формаў дойлідства і прастату канструкцыйнага рашэння. У гэтым комплексе яскрава ўвасобленыя рысы класічнага дойлідства[1].
-
Палац у Снове, фота пачатку XX ст. Фатограф Ян Булгак
-
Палац у Снове, фота 1931 г.
-
Жаўнеры польскага корпуса аховы граніцы на фоне палаца ў Снове, фота 1930-х гг.
-
Палац у Снове, фота 2010 г.
-
Палац у Снове, фота 2014 г.
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]У Сноўскай сядзібе адбываецца дзеянне п’есы «Крык рабіны» Вацлава Кубацкага , пастаўленай у 1949 годзе адразу ў некалькіх тэатрах Польшчы.
Зноскі
- ↑ а б в г д е Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 350. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
- ↑ а б Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — С. 355.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Чантурия, В. А. Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии / А. В. Чантурия. — Мінск : Полымя, 1986. — 240 с.
- Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX — пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX — пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 350. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
- Кулагін А. М. Сноўскі палаца-паркавы ансамбль // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 71. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Сноўская сядзіба на Вікісховішчы |
- Сноўская сядзіба на сайце Radzima.org
- Сноўская сядзіба на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Дворцово-парковый ансамбль Рдултовских в Снове ждет инвестора (руск.)
- Сноўская сядзіба на сайце «Архіварта»