Лістападны хмызняк вышынёй да 1,5 метра з тонкімі пабегамі. Лісце супраціўнае, яйкападобнае або авальнае, цэльнакрайняе, даўжынёй да 2-5 см. З верхняга боку зялёнае, голае, з ніжняга — шызае і злёгку апушанае.
Кветкі дробныя (0,6 см дыяметрам), са званочкавым 4-5-лопасцевым ружовым венчыкам, сабраным у густыя кісцепадобныя суквецці ў пазухах лісця. Цвіце з мая па верасень. Плод шарападобны, дыяметрам да 1 см, белага колеру, з дзвюма костачкамі ўнутры, неядомы. Спее ў верасні, доўга не ападае.
Ужываецца ў якасці дэкаратыўнай расліны, у асноўным у жывых загарадзях, але добра глядзіцца і ў адзіночных пасадках. Квітнее доўга і багата, на расліне можна ўбачыць і кветкі, і плады адначасова. Зімаўстойлівасць расліны высокая, непатрабавальная, добра пераносіць стрыжку. Размнажаюць снежнаягаднік адводкамі, тронкамі, дзяленнем куста і насеннем.