Мікалай Разанаў
Мікалай Разанаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 15 сакавіка 1898 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 31 снежня 1977 (79 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Жонка | Паўліна з Пацэвіч��ў[d] |
Род дзейнасці | інжынер |
Навуковая сфера | інжынерная справа |
Альма-матар | |
Узнагароды |
Мікала́й Раза́наў (польск.: Mikołaj Rozanów, руск.: Николай Розанов; 1898, Пецярбург, Расійская імперыя — 31 снежня 1977, Чэнстахова, Польшча) — польскі гісторык, ваенны. Яго гістарычны нарыс «Пружанскі павет» (1935) быў прызнаны грунтоўнай навуковай працай і атрымаў узнагароду Польскай акадэміі літаратуры, а ў 2011 годзе быў перавыдадзены ў Любліне.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Пецярбургу ў 1898 годзе. У 1908—1915 гадах навучаўся ў кадэцкім корпусе, пасля ў Вышэйшай ваеннай інжынернай школе ў Петраградзе. У 1916 годзе паступіў на службу ў Гвардзейскі полк сапёраў. У сакавіку 1918 года збег у Вільню. Далучыўся да Віленскай самаабароны, быў ад’ютантам палкоўніка Ежы Дамброўскага. З 1919 года — у 13-м палку ўланаў, браў удзел у бітве з бальшавікамі пад Пружанамі.
Тады ж пазнаёміўся з доктарам Аўгусцінам Пацэвічам, з дачкой якога Паўлінай ажаніўся ў 1924 годзе. Працаваў ураднікам у пружанскім старостве і павятовым сойміку. 27 жніўня 1939 года мабілізаваны і прызначаны кіраўніком фартыфікацыі ў Баранавічах. У 1940 годзе праз Літву і Швецыю выехаў у Францыю, дзе ваяваў у Польскай арміі, пасля ў Варшаўскай дывізіі, ад’ютант генерала Тадэвуша Касакоўскага.
Пасля капітуляцыі Францыі разам з 1-м польскім корпусам эвакуіраваны ў Эдынбург (Шатландыя). У 1942 годзе накіраваўся з 2-м Польскім корпусам у Ірак і Палесціну, у 1943 годзе ў чыне капітана ўдзельнічаў у італьянскай кампаніі.
У 1946 годзе вярнуўся ў Вялікабрытанію, скончыў універсітэт у Кембрыджы. З 1949 года жыў у польскай Чэнстахове, куды пасля вайны пераехала яго сям’я. Працаваў інжынерам-будаўніком, выкладаў англійскую мову. Быў адным з заснавальнікаў першага жыллёвага кааператыву ў Чэнстахове.
Памёр 31 снежня 1977 года, пахаваны ў сямейным склепе на могілках Куле .
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]У 1935 годзе выдаў у Пружанах кнігу «Powiat Prużański (Szkic historyczny)» (бел.: Пружанскі павет (гістарычны нарыс)), якая была прызнана грунтоўнай навуковай працай і ў тым самым года атрымала ўзнагароду Польскай акадэміі літаратуры. Варта зазначыць, што пры падрыхтоўцы працы аўтар абапіраўся не толькі на гістарычную фактаграфію, але таксама і на сацыялагічныя крыніцы. Даследаванні тычыліся адрозненняў этнічных груп Палесся, засялення вёсак, маёнткаў і гарадоў ад XVI стагоддзя, стан уладанняў пэўных уласнікаў і змены іх уладальнікаў. Акрамя звычайнага апісання, Мікалай Разанаў выкарыстаў наватарскі на той час метад прадстаўлення статыстычных звестак у працэнтах і ў выглядзе табліц. У дадатку (стар. 118—138) змешчаныя перадрукаваныя акты пяці прывілеяў, нададзеных Пружанах, Шарашову, Равятычам у 1589, 1740, 1793 гадах. Паколькі большасць арыгінальных дакументаў страчаная, гэтыя звесткі ўяўляюць сабой надзвычайную каштоўнасць.
У 2011 годзе кніга Мікалая Разанава была перавыдадзена рэпрынтным выданнем у Любліне.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]З жонкай Паўлінай мелі дачку Соф’ю (магістрка гісторыі культуры) і сына Славаміра (магістр, інжынер)[1]. Іааны пражываюць у Чэнстахове.
Зноскі
- ↑ Zofia Rozanow, Sławomir Rozanow. O autorze i książce // Powiat prużański (szkic historyczny). Reprint. — Lublin: Fundacja Pomocy Szkołom Polskim im. T. Goniewicza, 2011.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Біяграфія Міхаіла Разанава (польск.) у бюлетэні «Echa Polesia»
- Рэпрынт кнігі «Powiat Prużański» у pdf-фармаце
- Рэцэнзія на кнігу «Powiat Prużański (Szkic historyczny)» (польск.)
- Нарадзіліся 15 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1898 годзе
- Нарадзіліся ў Санкт-Пецярбургу
- Памерлі 31 снежня
- Памерлі ў 1977 годзе
- Памерлі ў Чэнстахове
- Пахаваныя ў Чэнстахове
- Выпускнікі Мікалаеўскага інжынернага вучылішча
- Выпускнікі Кембрыджскага ўніверсітэта
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Постаці Пружанаў
- Афіцэры Польскай Рэспублікі (1918—1939)
- Інжынеры Польшчы
- Ваенныя Расійскай імперыі
- Удзельнікі Першай сусветнай вайны
- Удзельнікі Другой сусветнай вайны
- Удзельнікі польска-савецкай вайны