Марш свабоды ў Мінску (2000)
Марш свабоды — масавая вулічная акцыя ў Мінску 15 сакавіка 2000 года ў абарону незалежнасці Беларусі, правоў чалавека і дэмакратыі, супраць паглыблення беларуска-расійскай інтэграцыі.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Намер прэзідэнтаў Барыса Ельцына і Аляксандра Лукашэнкі стварыць Саюзную дзяржаву быў у Беларусі сустрэты масавымі вулічнымі акцыямі пратэсту. Першы «Марш свабоды», арганізаваны апазіцыяй 17 кастрычніка 1999 года (незадоўга перад падпісаннем Ельцыным і Лукашэнкам дамовы аб Саюзнай дзяржаве) адзначыўся брутальнымі сутыкненнямі ўдзельнікаў з міліцыяй і АМАПам. Міліцыянты выкарыстоўвалі слезацечны газ, маніфестанты абараняліся каменнем і пліткай.
Другі «Марш свабоды» быў прызначаны на 15 сакавіка 2000 і прымеркаваны да дня прыняцця Канстытуцыі Беларусі. Акцыі папярэднічалі заявы заходніх палітыкаў пра недапушчальнасць выкарыстання сілы супраць мірных дэманстрантаў; Дзяржаўны дэпартамент ЗША і Белы дом выступілі з асобнымі заявамі. У тыя дні міжнародная супольнасць салідарызавалася ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў. Выглядае, гэта і стрымала А. Лукашэнку, які за суткі да пачатку маршу пагражаў, што ад удзельнікаў акцыі «паляціць шмаццё».
Ход падзей
[правіць | правіць зыходнік]Акцыя прайшла з дазволу Мінгарвыканкама, мірна. Прынята лічыць, што агулам у вулічнай акцыі ўзялі ўдзел да 40 тысяч чалавек (некаторыя сышлі, не застаўшыся на канцэрт, іншыя прыйшлі толькі на мітынг).
Арганізатары заявілі акцыю, як пачатак «Вясны-2000». Аднак ужо праз дзень гарадскія ўлады абвясцілі, што маюць намер забараніць надалей шэсці апазіцыі. Праз дзесяць дзён на Дзень Волі ў Мінску былі затрыманыя больш чым 500 чалавек.
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Падсумоўваючы вынікі «Маршу свабоды-2», палітолаг Віталь Сіліцкі выказаў меркаванне, што змены ў Беларусі магчымыя толькі мірным шляхам, па прыкладзе «Аксамітнай рэвалюцыі» у Празе ў 1989. З ім не пагадзіўся Ян Максімюк, спаслаўшыся на раз’яднанасць беларускага грамадства і слабасць апазіцыі[1].