Перайсці да зместу

Нарачанскае выступленне рыбакоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Возера Нарач

Нарачанскае выступленне рыбакоў — выступленне нарачанскіх сялян-рыбакоў, якое пачалося ўлетку 1935 года. Прычынай стала забарона ўладамі свабоднай лоўлі рыбы на возеры Нарач. У выступленні ўдзельнічала каля 5 тысяч сялян. Кіравала выступленнямі КПЗБ. Барацьба цягнулася да 1939 года.[1]

Прычыны выступленняў

[правіць | правіць зыходнік]

У 1932 годзе польскі ўрад прыняў закон, паводле якога нацыяналізаваліся рэкі і азёры. У прыватнасці, возера Нарач перайшло да Дырэкцыі дзяржаўных лясоў. Жыхарам прылеглых да возера вёсак было аб'яўлена, што Нарач здаецца ў арэнду памешчыку Яблонскаму, а таму свабодная лоўля рыбы на возеры забаранялася. Рыбакам было прапанавана ісці наймацца працаваць да арандатара возера, які, у сваю чаргу, будзе плаціць ім за працу. Такая прапанова мясцовых жыхароў не задавальняла.

У чэрвені 1935 года, нягледзячы на пагрозы і папярэджанні арандатара рыбакі, як і раней, арганізавана выехалі на возера лавіць рыбу. Паліцыя, выкліканая арандатарам, пачала на маторнай лодцы ганяцца за рыбакамі, каб адабраць у іх рыбу. Калі паліцэйская маторная лодка, буксуючы лодкі, гружаныя рыбай, наблізілася да берага, жонкі рыбакоў, якія назіралі за падзеямі з берага, кінуліся ў ваду і перакулілі маторную лодку разам з паліцэйскімі. Скарыстаўшыся момантам, рыбакі адчапілі свае лодкі і пагналі іх на сярэдзіну возера. Паліцэйскія ж больш не адважыліся паляваць за рыбакамі.

Як вынік выступлення, супраць рыбакоў пачаліся рэпрэсіі: адныя адразу былі асуджаныя на нязначныя тэрміны турэмнага зняволення, на іншых рыхтаваліся матэрыялы да суда. Для ўрэгулявання канфлікту на перамовы на возера Нарач прыбыў павятовы стараста з Паставаў, а таксама ваявода з Вільні. На прапанову пайсці на працу да арандатара, які будзе іх забяспечваць усімі прыладамі для лоўлі рыбы, рыбакі пачалі ў адказ патрабаваць узамен возера надзелы прыдатнай зямлі.

Пра выступленні рыбакоў стала вядома ЦК КПЗБ, які прыняў рашэнне абараніць інтарэсы рыбакоў, а першапачатковаму стыхійнаму выступленню надаць арганізаваны характар. Вынікам садзеяння рыбакам стала арганізацыя ў другой палове чэрвеня забастовачнага камітэта, які ў жніўні 1935 года сабраў шматлюдны сход рыбакоў, дзе таксама прысутнічалі сяляне з далёкіх вёсак. Рыбакі прынялі рашэнне прагнаць арандатара з возера Нарач, не дапускаць штрэйкбрэхераў на працу да арандатара, арганізавана лавіць рыбу ў возеры, а таксама патрабаваць вызвалення рыбакоў, арыштаваных за ўдзел у стачцы.

Раніцай на наступны дзень сяляне пачалі з'яжджацца да рыбалавецкай базы арандатара Яблонскага, якая знаходзілася паміж вёскамі Мікольцы і Пасынкі. Арандатару прад'явілі патрабаванне з'ехаць з возера, і пад ціскам вялікай колькасці сялян ён быў вымушаны гэта зрабіць. Частка рыбы, злоўленая ў возеры ў гэты дзень, была прададзеная ў Вільні на рынку, а частка была канфіскавана ўладамі як скрадзеная.

У адказ на выступленні рыбакоў паліцыя правяла новыя арышты, аднак рыбакі працягнулі пратэстныя выступы супраць арыштаў іх калег і працягвалі самастойна выяжджаць на возера лавіць рыбу.

Агулам у выступленні нарачанскіх рыбакоў былі ўцягнуты больш за 5 тысяч сялян. Па прыкладзе нарачанскіх рыбакоў праводзілі стачкі рыбакі ўсіх бліжэйшых азёраў, а таксама групы Браслаўскіх азёр.

У выніку выступленняў сялян арандатар возера Нарач быў вымушаны пайсці на саступкі, якія, аднак, не задавальнялі мясцовых рыбакоў, і ў наступныя гады яны працягвалі арганізавана выступаць за свабодную лоўлю рыбы без арэнднай платы. Супрацьстаянне рыбакоў працягвалася да 1939 года.

У 1937 годзе Максім Танк пра барацьбу нарачанскіх рыбакоў напісаў паэму «Нарач»[2]. Праз цэнзуру цалкам твор надрукаваць было не магчыма. Таму аўтару даводзілася, выкрэсліваючы найбольш вострыя моманты, друкаваць яго часткамі ў «Калосьсі». І тым не менш некаторыя нумары часопіса з фрагментамі паэмы былі канфіскаваны польскімі ўладамі. Толькі ў 1940 годзе, магчыма падчас працы ў Вілейцы, паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы[3].

Мастак Віталь Цвірка прысвяціў нарачанскім падзеям сваю карціну «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957 г.). Мастак Кастусь Харашэвіч на тэму выступленняў стварыў палатно «Паўстанне нарачанскіх рыбакоў»[4].

Зноскі

  1. 29. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы (20 — 30-я гг.). Уз'яднанне з БССР
  2. Максім Танк(недаступная спасылка)
  3. Сяргей Макарэвіч. Вілейская праўда Максіма Танка(недаступная спасылка). Вілейка.org (16 чэрвеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 16 ліпеня 2012. Праверана 8 верасня 2012.
  4. Сяргей Харэўскі. Кастусь Харашэвіч. Пасля навальніцы // Наша Ніва, № 17, 1997 г.
  • Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мядзельскага раёна. Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1998. ISBN 985-11-0107-9