Перайсці да зместу

Люстэрка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ваза і люстра

Люстра, люстэ́рка (ад італ.: lustro[1]) — цела з адбівальнай паверхняй, няроўнасці якой не перавышаюць долей даўжыні хвалі (электрамагнітнай ці гукавой). Выкарыстоўваецца ў побыце, астранамічных і фізічных прыладах, ультрагукавой апаратуры, медыцыне і інш. Найбольш вядомы прыклад — плоскае люстэрка.

Рамана-кельцкае бронзавае люстэрка

Археолагі выявілі першыя, невялікія люстэркі з серабра, медзі або бронзы, якія адносяцца да бронзавага веку (напрыклад, узору сучасных індыйскіх люстраў ручнога вырабу en:Aranmula kannadi).

Пазней навучыліся рабіць люстэркі са шкла, наносячы на тыльны бок шкляной пласцінкі тонкі пласт серабра, золата ці волава. Найбольшую вядомасць атрымалі знакамітыя венецыянскія люстэркі, якія каштавалі гэтак дорага, што для іх куплі французскія арыстакраты часам былі вымушаны прадаваць цэлыя маёнткі.

Таксама для вытворчасці люстраў раней ужываўся абсідыян.

Сучасную гісторыю люстэркаў адлічваюць з 1240 года, калі ў Еўропе навучыліся выдзімаць посуд са шкла. Уласна вынаходства шклянога люстра адносяць да 1279 года, калі італьянскі манах-францысканец Джон Пекам апісаў спосаб пакрываць шкло тонкім пластом волава.

Вытворчасць люстра выглядала так. У пасудзіну праз трубку майстар уліваў расплаўленае волава, якое расцякалася роўным пластом па паверхні шкла, а калі шар астываў, яго разбівалі на кавалкі. Першая люстра было недасканалым — увагнутыя аскепкі злёгку скажалі адлюстраванне, але яно было яркім і чыстым.

У XIII ст. у Галандыі асвоілі саматужную тэхналогію вытворчасці люстраў, затым яе асвоілі ва Фландрыя і ў нямецкім горадзе Нюрнбергу, дзе ў 1373 годзе ўзнік першы люстраны цэх.

У 1407 годзе венецыянскія браты Данзало дэль Гала выкупілі ў фламандцаў патэнт і Венецыя паўтара стагоддзі трымала манаполію на вытворчасць люстраў, якія называліся венецыянскімі, хаця па сутнасці былі фламандскімі. І хоць Венецыя была не адзіным месцам вытворчасці люстраў у той час, але менавіта венецыянскія люстэркі вылучаліся найвышэйшай якасцю. Венецыянскія майстры дадавалі адлюстравальны сплаў золата і бронзу, таму ўсе прадметы ў люстры выглядалі нават прыгажэй за рэчаіснасць. Кошт аднаго венецыянскага люстра быў роўны кошту невялікага марскога судна, і для іх куплі французскія арыстакраты часам былі вымушаныя прадаваць маёнткі. Напрыклад, лічбы, якія дайшлі да нашых дзён, не дужа вялікае люстра памерам 100х65 см каштавала больш за 8000 ліўраў, а карціна Рафаэля таго ж памеру — каля 3000 ліўраў.[2]

Уласцівасці люстэрка вызначаюцца каэфіцыентам адбіцця матэрыялу, з якога яно зроблена, і формай яго паверхні. Каэфіцыент адбіцця ўплывае на энергію адбітай хвалі, для яго павелічэння на паверхню люстэрка наносяць тонкі слой металу або мнагаслойнае дыэлектрычнае пакрыццё. Форма люстэрка вызначае від адбітай хвалі (плоскай, цыліндрычнай, сферычнай). Плоскае люстэрка змяняе толькі напрамак распаўсюджвання хвалі і захоўвае яе від (напр., плоская хваля застаецца плоскай, сферычная — сферычнай). Увагнутыя і выпуклыя люстэркі з паверхняй рознай формы змяняюць напрамак распаўсюджвання і від адбітай хвалі, напр., плоская хваля пры адбіцці ад знешняй паверхні конуса пераўтвараецца ў цыліндрычную, цыліндрычная пры адбіцці ад унутранай паверхні конуса — у плоскую. Аптычныя люстэркі пазбаўлены храматычнай аберацыі.

Зноскі

  1. Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999.  — Т. 1 : А—Л. — 1999. — С. . — 736 с. — ISBN 985-11-0152-4, С.733
  2. Сабин Мельшиор-Бонне. История зеркала. — М.: Новое литературное обозрение, 2006. — (Культура повседневности). — ISBN 5-86793-384-9