Замкавая царква (Навагрудак)
Славутасць | |
Замкавая царква | |
---|---|
53°36′06″ пн. ш. 25°49′38″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | |
Канфесія | Праваслаўе |
Дата заснавання | XIV стагоддзе |
Дата пабудовы | XIV стагоддзе |
Стан | Знішчана |
Замкавая царква ў Навагрудку (Царква Успення Божай Маці) — храм XIV—XVII стагоддзяў у Навагрудку. Знаходзілася на Замкавай гары, пасярод замка. У 1870-я гады ўлады Расійскай імперыі зруйнавалі царкву (захаваліся падмуркі). Твор архітэктуры мясцовай школы дойлідства і барока.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудавана на тэрыторыі Навагрудскага замка ў першай палове XIV ст. Верагодна, яе будаўніцтва пачалося яшчэ пры вялікім князе літоўскім і рускім Гедзіміне да 1323 г., калі Навагрудак быў яго рэзідэнцыяй. Тым больш, што каля 1316 г. Навагрудак стаў кафедрай першага заходнерускага /літоўскага/ мітрапаліта Феафіла. Магчыма, пабудавалі царкву трохі пазней, пры сыне Гедзіміна Карыяце, якому ў сярэдзіне XIV ст. належала Навагрудскае ўдзельнае княства.
Як паведамляюць летапісы, ва Успенскай ��аркве ў 1414—1416 гг. адбыліся саборы епіскапаў Вялікага Княства Літоўскага, на якіх прысутнічалі епіскапы /архіепіскапы/ Полацкі, Чарнігаўскі, Луцкі, Уладзіміра-Валынскі, Перамышльскі, Смаленскі, Тураўскі і Холмскі. Па прапанове вялікага князя Вітаўта сабор пасвяціў у сан асобнага ад Масквы мітрапаліта Рыгора Цамблака і абвясціў аўтакефалію, матывуючы гэта тым, што мітрапаліт Усяе Русі Фоцій злоўжывае сваім становішчам і не здольны ўтрымліваць вялікую тэрыторыю з праваслаўным насельніцтвам. Масква і Канстанцінопаль такое рашэнне прызналі незаконным. У выніку ў 1420 г. мітраполія Вялікага Княства Літоўскага перайшла пад кіраўніцтва мітрапаліта Фоція, які двойчы наведаў Навагрудаку 1421 і 1430-м гадах.
Пасля ўтварэння ў 1448 г. аўтакефальннай Рускай Праваслаўнай Царквы, праваслаўныя епархіі Вялікага Княства Літоўскага праз некаторы час сталі аўтаномнай мітраполіяй Канстанцінопальскага патрыярхата. Навагрудак працягваў заставацца кафедрай праваслаўнага мітрапаліта. На 1530-я гады тут было ўжо 10 цэркваў: Барысаглебская, Успенская, Іаанаўская, Крыжаўздвіжанская, Мікалаеўская, Пакроўская, Пятніцкая, Сімяонаўская, Троіцкая і Уваскрасенская. Які выгляд мела ў гэты час Замкавая (Успенская) царква можна меркаваць па матэрыялах яе археалагічных даследаванняў, праведзеных у 1973—1974 гг. ленінградскімі археолагамі.
Царква была моцна пашкоджана ў пажары 1751 года, і доўгі час знаходзілася ў паўразбураным стане. У пачатку 1870-х гадоў яе разабралі на цэглу. Сёння на Замкавай гары Навагрудка захаваліся на глыбіні звыш 1 метра толькі яе фундаменты.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Царква была крыжападобнай у плане памерамі 12,2 х 13 метраў. Унутры царквы былі чатыры слупы, якія ўтрымлівалі барабан з купалам. Два бакавыя нефы і апсіда мелі рабрыстыя (нервюрныя) скляпенні. Калі глядзець звонку, над цэнтрам царквы ўзвышаўся купал, ніжэй цэнтральных сцен была апсіда, заходні прытвор і бакавыя выступы. Такі выгляд рабіў яе падобнай на некаторыя смаленскія і полацкія цэрквы XII ст. Сцены Успенскай царквы былі выкладзены з чырвонай і абпаленай цэглы, бакавыя выступы ўпрыгожваліся блокамі жоўта-зяленага туфа — што стварала царкве, якая ўзвышалася над усім горадам, вельмі прыгожы знешні выгляд.
У выніку перабудовы XVII ст. аб'ём падоўжылі на захад, павялічылі апсіду. Над паўднёвай сцяной збудавалі вежу складанай канфігурацыі. Фасады дэкарыравалі фігурнымі атынкаванымі карнізамі, нішамі, цягамі і інш.[1]
Важнай адметнасцю гэтай царквы было і тое, што тут з ХVІ ст. знаходзілася цудатворная Ікона Маці Божай Навагрудскай — вядомая многімі цудамі, у тым ліку, па словах Адама Міцкевіча, і яго цудоўным выздараўленнем.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Ю. Пешка, каля 1800
-
XIX ст.
-
К. Русецкі, 1846
-
1883
Зноскі
- ↑ Кушнярэвіч А., Ткачоў М. Навагрудская Замкавая царква // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5. С. 359.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мікалай Гайба. Навагрудская Замкавая царква //Новогрудские епархиальные ведомости. 2000. — № 3 (13). — С.3.
- Константин. Епископ Новогрудский и Лидскнй. История Новогрудской епархии от основания до настоящего времени // Наваградскія чытанні. Кн. 2. — Навагрудак, 1993. — с. 16-30.
- Малевская М. В. Архитектурный комплекс Новогрудского детинца XIII — ХІУв.в. // Древнерусское государство и славяне. Мат. Симпозиума. — Минск, 1983. — с. 122—125.