Перайсці да зместу

Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600—1629)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600—1629)
Дата 16001629
Месца Усходняя Еўропа, Паўночная Еўропа
Вынік Альтмаркскае перамір’е
Праціўнікі
Рэч Паспалітая
Прусія
Швецыя

Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй - доўгатрывалая ваенная кампанія за панаванне на Балтыйскім моры паміж Рэччу Паспалітай (разам з васальным герцагствам Прусія) і Швецыяй. Вайна ўваходзіць у серыю паўночных.

Фактычна вайна складалася з некалькіх этапаў, якія часта вылучаюць у асобныя ваенныя канфлікты:


Польскі кароль Жыгімонт III Ваза (сын шведскага прынца, пазней караля Юхана ІІІ і дачкі польскага караля Жыгімонта І Старога Катажыны) у 1592 стаў каралём Швецыі. Лютэранская апазіцыя ў Швецыі на сойме ў 1599 дэтранізавала яго, і Жыгімонт ІІІ у 1600 уключыў Эстляндыю (Паўночную Эстонію) у склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай да вайны.

Баявыя дзеянні

[правіць | правіць зыходнік]

З 1602 пачаліся актыўныя ваенныя дзеянні. У вайне асабліва вызначылася вялікалітоўскае войска на чале з гетманам Янам Каралем Хадкевічам, які ў час кампаніі атрымаў булаву вялікага гетмана Вялікага княства Літоўскага. Новы шведскі кароль Карл IX (з 1604) з 14-тысячным войскам асадзіў Рыгу. Хадкевіч з 4-тысячным войскам каля вёскі Кірхгольм (непадалёку ад Рыгі) 27 верасня разграміў ворага, які страціў 9 тыс. воінаў. У 1606 пуцкі староста Ян Вэйгер атрымаў перамогу ў марской бітве каля паўвострава Хэль.

Ваенныя дзеянні працягваліся яшчэ 2 гады, у выніку шведы занялі частку Інфлянтаў (Ліфляндыі). У 1609 войскі Хадкевіча ўзялі г. Пярну і атрымалі новую перамогу каля Рыгі. Але паколькі ім не плацілі грошай войскі разышліся.

У 1611 каралём Швецыі стаў Густаў II Адольф. Ваенныя дзеянні ў Прыбалтыцы прыпыніліся з-за ўдзелу Рэчы Паспалітай і Швецыі ў інтэрвенцыі ў Расію ў 1609. На 8 гадоў было падпісана перамір'е.

У 1617 шведы аднавілі ваенныя дзеянні і завалодалі Пярну. У 1618 было заключана новае перамір'е да 1620. Рэч Паспалітая ў гэты час была занята вайною з Турцыяй і Крымскім ханствам. Гэты момант выкарыстаў Густаў ІІ Адольф і ў 1621 заняў большую частку Інфлянтаў разам з Рыгай, пазней заняў і Мітаву сталіцу васальнага ў адносінах да Рэчы Паспалітай курляндскага герцагства. У 1622 гетман польны літоўскі Крыштаф Радзівіл вярнуў Мітаву, але ў складзе краіны засталіся толькі Курляндыя і паўднёва-ўсходнія Інфлянты.

11 жніўня 1622 у Мітаве падпісана пагадненне пра перамір'е, паводле якога мытныя даходы ад гандлю ВКЛ з балтыйскімі краінамі і Еўропай дасталіся Швецыі.

У 1625 пачаўся апошні перыяд вайны, калі Густаў ІІ пачаў наступленне на рэшту Інфлянтаў і Жамойцію. Шведы занялі Какенгаўзен, аблажылі г. Дэрпт, захапілі Біржы, перамаглі пад Вальгафам (1626). Вялікалітоўскаму войску ўдалося адстаяць Даўгаўпілс. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прусію і далей у Германію. У гэты перыяд войскі Рэчы Паспалітай атрымалі перамогу на моры каля Алівы (1627) і на сушы каля Тшцяны (1629), але шведы занялі ўсю Прусію. 26 верасня 1629 у г. Альтмарк падпісаны дагавор аб перамір'і, паводле якога ўсе парты акрамя Каралеўца, Гданьска і Пуцка і ўся Ліфляндыя да Заходняй Дзвіны пераходзілі да Швецыі.

У выніку вайны Швецыя замацавалася ў Прыбалтыцы, кантралявала балтыйскі гандаль Рэчы Паспалітай, мела гарантаваны тыл для вайны ў Германіі, падтрымліваючы там пратэстансцкіх князёў, якія выступалі супраць імператара і каталіцкіх князёў, намеціўся шведска-прускі саюз супраць Рэчы Паспалітай. Канчатковы мір на 26 гадоў быў падпісаны ў 1635, калі шведскае войска вышла з тэрыторыі Прусіі, васальнай у адносінах да Польшчы, і адмовілася ад мыта з гандлю Рэчы Паспалітай.

  • Энцыклапедыя Вялікае Княства Літоўскае, т.1, Мінск: Вялікая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007, 688 с.