Перайсці да зместу

Беларусы ў Аргенціне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларусы ў Аргенціне, Буэнас-Айрэс, 2010

Беларусы ў Аргенціне — частка беларускай дыяспары, якая сфарміравалася пераважна ў XX стагоддзі. У Аргенціне беларусы жывуць у асноўным у правінцыі Буэнас-Айрэс[1].

Іміграцыя з Беларусі да Першай сусветнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]

Эміграцыя з Беларусі ў Аргенціну да Першай сусветнай вайны застаецца збольшага не вывучанай і не задакументаванай. Статыстычны іміграцыйны ўлік у Аргенціне праводзіцца з 1857. Ад гэтага году і да 1915 у Аргенціну выехалі з Расійскай імперыі 161 422 чал.[2] Аднак, гэтая статыстыка не фіксавала этнічную прыналежнасць і веравызнанне імігрантаў, а тольку краіну, адкуль яны выехалі.

Ёсць меркаванні, што першыя імігранты з Беларусі трапілі ў Аргенціну пасля 1812 года — гэта былі жаўнеры Літоўскага легіёна генералаў Кнішэвіча і Рынкевіча, які ваяваў на баку Напалеона і пасля вайны ў значнай сваёй частцы эміграваў у Францыю, адкуль потым невядомая колькасць трапіла ў Аргенціну.[3]

Прыводзіцца лічба ў 5621 эмігрантаў з Меншчыны, якія прыбылі ў Аргенціну ў 1907 г., але дакладныя першакрыніцы гэтай інфармацыі невядомыя[3]. На думку аргенцінскага загадчыка статыстыкі, за 20 гадоў да 1910 у рэспубліцы засталося 85 тыс. выхадцаў з Расіі[4]

Міжваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]
Музычны ансамбль з рабочых-беларусаў, Аргенціна, 1930-я гады

Лепей задакументаваная іміграцыя ў Аргенціну з Заходняй Беларусі ў міжваенныя часы. Асабліва моцны рух беларусаў у гэту краіну пачаўся ў 1926—27 і з гэтага часу штогод павялічваўся. Прыток эмігрантаў у Аргенціну заахвочваўся рэгуляваўся яе ўрадам.

Пераважна іміграцыя складалася з мужчын, якія прыязджалі на заробкі. Статыстычныя звесткі пра колькасць перасяленцаў у Аргенціну вельмі супярэчлівыя. Дакладная колькасць імігрантаў з Беларусі невядомая, паводле экспертных ацэнак, лік ідзе на дзясяткі тысяч[5] Найбольш верагоднай з’яўляецца лічба ў 100 тыс. чал., атрыманая на аснове падлікаў Аб’яднання беларусаў у Аргенціне[6].

Многія заходнебеларускія перасяленцы далучыліся да прафесійнага руху і Кампартыі Аргенціны. У канцы 1920-х — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічаў Саюз украінскіх і беларускіх работніцкіх арганізацый у Аргенціне (у 1934 3 тыс. чл.). Супрацьстаянне ўкраінскіх, нацыянал-камуністаў і беларускіх камуністаў-касмапалітаў, ганенні з боку ўлад у сувязі з палітызацыяй Саюза (прасавецкі ўплыў) прывялі да развалу гэтага згуртавання.

Кансалідацыі суродзічаў у Аргенціне садзейнічалі культурна-асветнае таварыствы «Грамада» (1934, Буэнас-Айрэс), «Культура» (1936, Нуэва-Пампейя), «Белавежа» (1938, Авельянеда), бібліятэка імя І. Луцкевіча (1937, Вілья-Крэспо). У маі 1939 года разам са згуртаваннямі «Якуб Колас», «Мінск» і інш. яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх таварыстваў, якая склікала канферэнцыі, выдавала гістарычна-літаратурны альманах. Дзейнасць яе вызначалася прасавецкімі настроямі, арыентацыяй на рускую культуру.[3]

У 30-я — 40-я гады існавала Бібліятэка імя Івана Луцкевіча, тэатральны гурток, выдаваліся беларускія календары, насценныя газеты на беларускай і рускай мовах.[7][3]

Пасля Другой сусветнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]
Каляндар беларускіх арганізацый у Аргентыне, 1947

Пасля вайны шэрагі беларускай дыяспары ў Аргенціне папоўніліся за кошт новых уцекачоў з Беларусі. Беларусы былі раскіданыя па розных арганізацыях, пераважна прасавецкага кірунку.

З 1947 года Кастусь Мерляк стаў на чале незалежніцкага, антысавецкага Згуртавання беларусаў у Аргенціне. З 1948 года ён жа ўзначальваў таксама прадстаўніцтва Рады БНР у гэтай краіне.

У пачатку 50-х у Аргенціне існавала арганізацыя беларускіх ветэранаў Другой сусветнай вайны — Згуртаванне беларускіх камбатантаў у Аргенціне. Старшынёй арганізацыі ў 1951 г. быў Уладзімір Другавец[8].

У другой палове 50-х гадоў і ў 60-х гг. назіралася хваля вяртання беларусаў у БССР пад уплывам агітацыі з боку савецкага пасольства. Дыяспара з 40-х гадоў знаходзілася пад моцным расійска-савецкім уплывам і таму была ўспрымальная да агітацыі на карысць вяртання ў Беларусь.

Беларусы ў Аргенціне, 2014

У канцы ХХ ст. арганізаванага нацыянальна-культурнага жыцця ў асяроддзі выхадцаў з Беларусі ў Аргенціне не было. Беларускія эмігранты і іх нашчадкі гуртаваліся тут у культурна-спартыўных клубах, што аб’ядноўваюць перасяленцаў з краін былога СССР (клубы імя В. Бялінскага, М. Горкага, У. Маякоўскага, «Дніпро» ў Буэнас-Айрэсе, «Аўрора» ў Мар-дэль-Плата, «Івана Франко» ў Санта-Фе і інш.)[9].

У 2010 годзе ў горадзе Лаваёль  (ісп.) адкрыўся Цэнтр беларускай культуры імя Кастуся Каліноўскага[10]. У Цэнтры праводзіцца навучанне па наступных напрамках: беларуская мова, урокі музыкі і народных спеваў, разьба па дрэве, жывапіс, беларуская вышыўка, гісторыя і культура Беларусі. У верасні 2012 года ў г. Лавальёл на базе клуба славянскай дыяспары «Дніпро» і Цэнтра беларускай культуры імя Кастуся Каліноўскага адбылося святкаванне юбілейных датаў выдатных беларускіх паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка[11].

  1. ЭГБ. Т. 3. С. 334.
  2. Шейнбаум, Л. С. Аргентинский этнос. Этапы формирования и развития. — М., 1984. — С. 107.
  3. а б в г Эміль Цяўлоўскі, «Беларусы ў Аргентыне» — Запісы. Беларускі інстытут навукі і мастацтва, № 32 New York — Miensk, 2009
  4. Крюков, Н. Аргентина. Сельское хозяйство в Аргентине в связи с общим развитием страны. — СПб., 1911. — С. 442.
  5. http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=123916
  6. ЭГБ. Т. 6-2. С. 258.
  7. ЭГБ. Т. 3.
  8. Юрый Грыбоўскі. Беларускі камбатанцкі рух на Захадзе пасля Другой Сусветнай вайны — Запісы. Беларускі інстытут навукі і мастацтва, № 32 New York — Miensk, 2009
  9. ЭГБ. Т. 3. С. 334.
  10. http://www.belarus.kz/aktueller/all/853/348
  11. http://argentina.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/compatriots/ Архівавана 13 снежня 2014.
  • Сергей Шабельцев Белорусы в Аргентине. -- Вильнюс: Европейский гуманитарный университет, 2022. -- 708 с. -- ISBN 9786094920066
  • Шабельцев С. В. Белорусы в Аргентине. Беларусы ў Аргенціне // Белорусское зарубежье. Беларускае замежжа. — Минск, 2010. — С. 359—371.
  • Шабельцев С. В. Адаптация белорусских иммигрантов в Аргентине в 1900-1950-х гг. // Веснік БДУ. Серыя 3. 2008. № 3 — С. 15-19.
  • Шабельцаў С. В. Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.) Зборнік дакументаў і ўспамінаў. — Мінск, 2009. — 368 с.
  • Шабельцев С. В. Идентичность белорусских иммигрантов межвоенного периода в Аргентине // Новае слова ў беларусістыцы . Гісторыя і культуралогія. Матэрыялы V Міжнароднага кангрэса беларусістаў (Мінск, 20-21 мая 2010 г.) — Мінск, 2012. — С. 198—205.