Баэцый
Баэцый | |
---|---|
Boetius | |
Імя пры нараджэнні | Аніцый Манлій Северын Баэцый |
Род дзейнасці | філосаф, пісьменнік, музыказнавец, тэарэтык музыкі, палітык, матэматык, перакладчык |
Дата нараджэння | 480 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 524 |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | Каталіцкая Царква |
Бацька | (?) Флавій (Ноній Арый ?) Манлій Баэцый |
Жонка | Elpis[d] |
Дзеці | Boethius[d] і Symmachus[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аніцый Манлій Северын Баэцый (лац.: Anicius Manlius Severinus Boëthius; каля 480—524/5) — філосаф, пісьменнік і палітык са знатнай рымскай сям’і, аўтар кніг па матэматыцы і музыцы, багаслоўскіх трактатаў (у тым ліку супраць арыянства і нестарыянства). Радца готскага караля-арыяніна Тэадорыха Вялікага. Быў пакараны смерцю на загад Тэадорыха па падазрэнні ў змове на карысць імператара Усходняй Рымскай імперыі. У чаканні смерці напісаў свой найзначнейшы твор, «Суцяшэнне філасофіяй ».
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Па матчынай лініі паходзіў са знатнага рымскага роду Аніцыяў. З вялікай верагоднасцю сын консула, прэфекта Рыма і прэторыя Флавія Манлія Баэцыя. Імя Boethius[2] (вытворнае ад грэч. βοηθός памочнік, заступнік), магчыма, паказвае на грэчаскае паходжанне сям’і бацькі[3]. Імя Severinus паводле адной з версій лічыцца хрысцільным[4], паводле іншай — паказвае на сувязь з імператарскай дынастыяй Севераў[5]. Імя Torquatus, якое часам сустракаецца ў даведкавай і навуковай літаратуры, пазнейшае і несапраўднае[6].
Яго бацька быў консулам у 487 годзе, аднак ён памёр, калі Баэцый быў яшчэ дзіцем. Быў узяты на выхаванне Квінтам Аўрэліем Меміем Сімахам — консулам у 485 г., затым главой сената і прэфектам Рыма, адным з найбольш аўтарытэтных дзяржаўных дзеячаў свайго часу, знаўцам і знатаком грэчаскай і рымскай антычнасці. Сімахі былі прыхільнікамі ідэі абароны вечнага Рыма, на той момант ужо хрысціянскага, які быў для іх сусветнай апорай сапраўднай веры.
У сям’і сенатара ён атрымаў цудоўнае выхаванне, а затым і адукацыю. Дакладна не вядома, дзе ён вучыўся, але, хутчэй за ўсё, дзесьці ў Італіі (Рыме ці Равене), а не ў Александрыі ці (паводле больш ранняй версіі) у Афінах[7] . Баэцый ажаніўся з дачкой свайго выхавальніка Рустыцыяне. Два яго сыны ад гэтага шлюбу — Флавій Сімах і Флавій Баэцый.
Да трыццаці гадоў набыў вядомасць як рознабакова адукаваны, эрудзіраваны чалавек, які глыбока ведаў грэчаскія навукі і філасофію і займаўся апрача іншага механікай[7] .
Пра пачатак яго палітычнай кар’еры вядома мала, аднак у кіраванне караля остготаў Тэадорыха Вялікага, які захапіў Італію, Баэцый займаў адказныя дзяржаўныя пасады: сенатар, у 510 г. консул, у 522—24 гг. — «магістр усіх службаў» (magister officiorum, першы міністр каралеўства, гэта значыць вышэйшая адміністрацыйная пасада). Баэцый згадваў пра сваё консульства ў адным са сваіх сачыненняў, наракаючы на недахоп часу для навуковых заняткаў.
З 510 па 522 гады працягваў займацца навукамі і філасофіяй, у перыяд з 519 па 522 гады напісаў так званыя «тэалагічныя трактаты», верагодна, з прычыны аднаўлення ў Рыме багаслоўскіх спрэчак[7] .
У 523, датаванне бургундскага храніста VI стагоддзя, ці 524 годзе у выніку прыдворнай інтрыгі быў абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, пасаджаны ў турму, верагодна, падвергнуты катаванням і праз год ці два пакараны смерцю (у 524, 525 ці 526 годзе)[7] . Пакаранню смерцю папярэднічаў суд, які ў сутнасці быў інсцэноўкай і праходзіў у адсутнасць Баэцыя — сам ён сядзеў у турме. Яго вінавацілі ў шэрагу злачынстваў: змове супраць улады, імкненні вярнуць Рыму страчаную свабоду і святатацтве (апаганенні святынь ці злоўжыванні магіяй)[7] .
Грабніца (сімвалічная) Баэцыя знаходзіцца ў павійскай царкве Чэль д'Ора.
Смерць Баэцыя глыбока ўразіла сучаснікаў і нашчадкаў. У Павіі ў раннім Сярэднявеччы існаваў культ Баэцыя як мучаніка царквы. У 1883 Каталіцкі Касцёл прылічыў Баэцыя да святых, ягоная памяць — 23 кастрычніка. Яго традыцыйна ўшаноўваюць у Павіі і ў касцёле Санта-Марыя-ін-Порціка ў Рыме.
Творчасць і навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Баэцый яшчэ ў юнацтве напісаў трактаты па арыфметыцы, геаметрыі, астраноміі і музыцы (да нашых дзён захаваліся толькі першы і апошні з іх). У Сярэднявеччы яны карысталіся надзвычайнай папулярнасцю, а па «Настаўленню да музыкі» Баэцыя вучыліся студэнты Оксфардскага ўніверсітэта яшчэ ў XVIII ст. Трактаты Баэцыя былі падручнікамі па адпаведных дысцыплінах, у якіх ён даў і філасофскае абгрунтаванне квадрывіума як адной з дзвюх частак «сямі вольных мастацтваў». Паводле Баэцыя, дысцыпліны квадрывіума з’яўляюцца неабходнай ступенню падрыхтоўкі чалавечага розуму да заняткаў сапраўднай навукай — філасофіяй, вяршыняй усіх навук. Вывучэнне дысцыплін квадрывіума дазваляе розуму паступова вызваляцца ад пачуццёвага, цялеснага ўспрыняцця свету, выпрацоўвае здольнасць абстрагавання, аперыравання агульнымі паняццямі (універсаліямі).
Дысцыпліны квадрывіума (у тым ліку і музыка), паводле Баэцыя, у сутнасці сваёй матэматычныя. Прадмет іх вывучэння — лічбы, таму пачынаць навучанне трэба з арыфметыкі (а не геаметрыі, як меркаваў Марцыян Капела ). Арыфметыка аперыруе абстрактнымі лічбамі, фарміруе абстрактны лад мыслення. Геаметрыя ж аперыруе лічбамі ўжо ў дачыненні да матэрыяльных аб’ектаў (даўжыня, вышыня і г. д.). У музыкальных сугуччах , мадуляцыях адлюстроўваюцца разнастайныя спалучэнні лічбаў. Астраномія вывучае лічбы, якія абазначаюць рух нябесных цел, узносіць душу да неба. Баэцый надаваў асаблівую ўвагу праблеме суадносін паміж універсаліямі і адзінкавымі рэчамі. Вырашэнне ім гэтай праблемы было даволі супярэчлівым, але яго можна звесці да створанай ім жа формулы: універсаліі існуюць, але па-за цялеснай субстанцыяй. Гэтая абагульненая формула пазней стала асновай для вострых спрэчак паміж сярэдневяковымі схаластамі, асабліва паміж рэалістамі і наміналістамі . Праблема, сфармуліраваная Баэцыем, на доўгія стагоддзі стала галоўнай у схаластыцы, і невыпадкова Баэцый заслужыў званне «бацькі схаластыкі».
Паказальна, што ў сваіх трактатах аб адукацыі Баэцый абапіраўся толькі на традыцыі антычнай культуры, ён не звязваў адукацыю наўпрост з хрысціянскай верай. Мэтай навучання па сістэме «сямі вольных мастацтваў» выступае падрыхтоўка да разумення ісцін філасофіі, а не веры. Баэцый зусім не быў язычнікам, якім яго нярэдка ўяўляюць. Ён напісаў шэраг багаслоўскіх твораў. Аднак даволі паказальным з’яўляецца той факт, што, знаходзячыся ў зняволенні па абвінавачванню ў антыгоцкіх сувязях з Візантыяй, Баэцый звярнуўся за суцяшэннем не да хрысціянскай веры, а да філасофіі. У чаканні смерці ён стварыў свой выдатны твор «Суцяшэнне філасофіяй ». У ім няма ўпамінанняў аб Ісусе Хрысце, аб хрысціянстве. Толькі ў самым канцы свайго твора Баэцый гаворыць аб тым, што надзея на Бога і малітвы выратуюць яго.
«Суцяшэнне філасофіяй» выкладзена ў форме дыялога вязня Баэцыя з Філасофіяй, якая з’явілася да яго ў абліччы жанчыны з кнігамі ў правай руцэ і скіпетрам у левай. Твор напісаны вершамі, якія чаргуюцца з прозай. Першыя дзве з пяці кніг «Суцяшэння» — гэта своеасаблівая споведзь Баэцыя, роздумы пра сваё жыццё. Паступова ўдзельнікі дыялога пераходзяць да разважанняў аб зменлівасці лёсаў вядомых людзей старажытнасці. Напрыклад, Баэцый успамінае пра рымскага консула Рэгула , пад камандаваннем якога рымская армія ў гады першай Пунічнай вайны атрымала важную перамогу каля Карфагена. На хвалі поспеху пераможца запатрабаваў у пераможаных знішчыць увесь іх ваенны флот. Але ў гэтай, здавалася б, безвыходнай сітуацыі карфагеняне здолелі сабрацца з сіламі і разграміць армію Рэгула, у выніку чаго той, хто надзеў кайданы на мноства палонных пунійцаў, сам апынуўся ў кайданах. Далей дыялог губляе асабістую аснову і будуецца на шырокіх філасофскіх абагульненнях.
Баэцый, пазбаўлены ў зняволенні сваёй багатай бібліятэкі, дэманструе глыбокія веды ў антычнай філасофіі, гісторыі, літаратуры. Ён звяртаецца да Платона, Арыстоцеля, Цыцэрона, Сенекі, Гарацыя, Вергілія, Авідзія і іншых выдатных прадстаўнікоў антычнай культуры. Але ў яго няма зваротаў да Бібліі і прац айцоў царквы. Толькі філасофія, на думку Баэцыя, здольная адкрыць яму шлях да пакутлівых пошукаў ісціны, разумення сутнасці светабудовы . Крыніцай светабудовы і вышэйшым дабром, паводле Баэцыя, з’яўляецца Бог. У створаным ім свеце ўсё надзелена дабром і пабудавана па Божаму наканаванню, якое ёсць праяўленне і закон вышэйшага розуму, а ў свеце рэальных рэчаў наканаванне рэалізуецца праз лёс (фартуну). Чалавек, які не спасціг філасофскіх абагульненняў, успрымае лёс як ланцуг выпадковасцей. Чалавечы розум часам не ў стане ўсвядоміць, што тое, што здаецца яму несправядлівасцю ў зямным жыцці, на самай справе з’яўляецца вышэйшай справядлівасцю. Божае наканаванне вядзе людзей да дабрачыннасці рознымі шляхамі. Гэта можа быць лёгкі шчаслівы шлях, а можа і цярністая сцежка праз цяжкія выпрабаванні. Нават калі ўлада даруецца нягодным, агідным людзям, то і гэты негатыўны вопыт выхоўвае дабрадзейнасць у іншых людзях. Чалавек, дасведчаны ў філасофіі, здольны зразумець сутнасць лёсу, правільна ацаніць яго зменлівасці, узняцца вышэй за іх і захоўваць спакой, атрымліваючы асалоду ад вышэйшых ведаў. Час бясконцы, жыццё чалавека ў часе — толькі імгненне, у вечнасці ж усё гарманічна, усё звязана ў адзінстве. Жыццё чалавека — толькі адзін з мноства элементаў светабудовы, свет — гэта злучэнне канечнага і бясконцага.
У сярэднявеччы творы Баэцыя былі надзвычай папулярнымі і ўплывовымі. У пачатку Рэнесансу Дантэ ў «Боскай камедыі» выявіў Баэцыя сярод мудрых у Раі.
Зноскі
- ↑ http://www.ccel.org/ccel/boethius/tracts.html
- ↑ У рукапісах таксама сустракаецца ў формах Boetius, Boecius і інш.
- ↑ Obertello L. Severino Boezio. Genua, 1974, vol.1, p.4.
- ↑ Anici Manli Severini Boethi de Consolatione Philosophiae <…> edidit A.Fortescue. London, 1925, p.XI; Obertello L. op.cit., p.16; Cracco Rugini L. Nobilità romana e potere nell’età die Boezio // Atti del Congresso internazionale di studi Boeziani, p.74.
- ↑ Dictionnaire d’Histoire et de Géographie Ecclésiastique, vol.9. Paris, 1937, p.349.
- ↑ Gruber J. Kommentar zu Boethius De Consolatione… 2te Aufl. 2006, S.2, Fn.13; Boèce. Institution arithmétique. Texte établi et traduit par Jean-Yves Guillaumin. Paris, 2002, p.VII, n.1.
- ↑ а б в г д Майоров Г. Г. Судьба и дело Боэция // Боэций. «Утешение Философией» и другие трактаты. — М.: Наука, 1990. ISBN 5-02-007954-5
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Баэцый
- Асобы
- Нарадзіліся ў 480 годзе
- Нарадзіліся ў Рыме
- Памерлі ў 524 годзе
- Памерлі ў Павіі
- Пахаваныя ў Ламбардыі
- Аніцыі
- Рымскія консулы VI стагоддзя
- Лацінскія філосафы
- Філосафы VI стагоддзя
- Геометры
- Тэарэтыкі музыкі
- Эклектыкі
- Пакараныя смерцю філосафы
- Персанажы «Боскай камедыі»
- Дзяржаўныя дзеячы Сярэдневякоўя
- Магістры афіцый
- Постаці остгоцкай культуры