Абраз Маці Божай Спагадлівай (Друя)
Абраз Маці Божай Спагадлівай — адзін з найбольш шанаваных абразоў Друі. Адроджаны іканапісцам Міхасём Кусковым у 2015 годзе. Знаходзіцца цяпер у Касцёле Найсвяцейшай Тройцы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Цудадзейны абраз Маці Божай Спагадлівай з Друі вядомы ў мястэчку ажно з XVIII стагоддзя. Узгадваецца абраз у спісе 1911 года царквы Дабравешчання ў мястэчку Друя. З'яўляецца спісам з абраза Багародзіцы Елеусы Спагадлівай (Кікскай), якая з ХІІ стагоддзя захоўваецца на Кіпры, у заснаваным дзеля яе імператарам Аляксеем Камнінам (грэц. Ἀλέξιος Κομνηνός, 1082−1118) манастыры на гары Кікас. Абраз лічыцца адным з трох, што напісаў евангеліст Лука. Копіі гэтага абраза вядомыя і пашыраныя на Афоне, але на ўсходніх землях дастаткова рэдкія. Вядома копія гэтага абраза на Фларышчанскай пустыні, таксама абраз пэндзля Сімона Ушакова (цяпер знаходзіцца ў Траццякоўскай галерэі). Тым большую каштоўнасць уяўляе Друйскі абраз.
У сярэдзіне XVII стагоддзя на беларускіх землях ўзмацняецца цікавасць да старажытных візантыйскіх святынь і, перш за ўсё, да цудадзейных Багародзічных абразоў. Абраз «Маці Божая Елеуса Кікская» можна разглядаць як сведчанне падобнай цікавасці да старажытных святынь візантыйскага свету. Адной з галоўных прычын такой цікавасці было імкненне тагачасных беларусаў аднавіць у першапачатковай чысціні старажытныя іканапісныя традыцыі.
Апісанне абраза
[правіць | правіць зыходнік]Маці Божая прадстаўлена са схіленай галавой да Дзіцяці, якога падтрымлівае левай рукою. У правай руцэ Багародзіца трымае руку Дзіцяці з разгорнутым скруткам. Дзіцятка павернута направа ад гледача, галава яго пахілена налева, у правай руцэ скрутак, левая ляжыць на грудзях Божай Маці, ногі аголеныя.
На полі абраза Маці Божай Спагадлівай з Друі вялікімі літарамі перадаецца грэчаскі надпіс ΜΗΡ ΘΟΥ (грэч. Μητερ Θεου − Маці Бога) і Η ΕΛΕΟΥΣΑ Η ΚΥΚΚΟΥΤι ΣΣΑ (грэч. ή Ελεούσα ή Κυκκώτισσα − Спагадлівая Кікіянка). Мафорый і яго падкладка друйскай Багародзіцы незвычайна для канонаў іканапісу распісаны разнастайнымі кветкамі і арнаментнымі элементамі. Прадстаўленыя тры трохкутнікі ў яго складках таксама можна заўважыць у драпіроўцы хітона Хрыста. Плаўным каскадам падобных паўкруглых складак спадаюць хітон Дзіцяці і мафорый Божай Маці. Хрыстос апяразаны пасам, скрыжаваным у вузле.
Белы разварот скрутка, сэнсавага цэнтра абраза з надпісам на царкоўнаславянскай мове з кнігі прарока Ісаі (62,1-2) «Дух Господень на Мне, Его же ради помаза Мя» − ураўнаважваецца і разам з тым акцэнтуецца белымі рукавамі кашулі Дзіцяці, упрыгожанымі таксама арнаментамі. Белы колер у кампазіцыі кладзецца як бы веерам.
На абразе Маці Божай Спагадлівай Елеусы паміж Марыяй (сімвалам і ідэалам роду чалавечага) і Богам−Сынам няма адлегласці, што сведчыць аб бязмежнасці іх любові, любові Бога да створанага свету, Хрыста і Царквы. Абраз сімвалізуе крыжовую ахвяру Збавіцеля як найвышэйшай праявы любові Бога да людзей.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 1. Мінск, 2005. С.604.
- Антанова В. И., Мнева Н. Е. Каталог древнерусской живописи. Т. 2. 16 — начало 18 в. Москва, 1963. С.413-414.