Перайсьці да зьместу

Новае Янчына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Новае Янчына
трансьліт. Novaje Jančyna
Першыя згадкі: XIX стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Прыгарадны
Вышыня: 200 м н. у. м.
Насельніцтва: 84 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 202136[1]
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°23′42″ пн. ш. 28°39′50″ у. д. / 54.395° пн. ш. 28.66389° у. д. / 54.395; 28.66389Каардынаты: 54°23′42″ пн. ш. 28°39′50″ у. д. / 54.395° пн. ш. 28.66389° у. д. / 54.395; 28.66389
Новае Янчына на мапе Беларусі ±
Новае Янчына
Новае Янчына
Новае Янчына
Новае Янчына
Новае Янчына
Новае Янчына

Но́вае Я́нчына[2] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 6 км на захад ад Зачысьця, за 16 км на паўночны захад ад Лошніцы, за 23[3] км на паўночны ўсход ад Барысава, 94 км ад Менску. Новае Янчына ўваходзіць у склад Прыгараднага сельсавету.

Пра Новае Янчына практычна не захавалася ніякіх гістарычных зьвестак. Тым ня менш у яе навакольлях людзі жылі ўжо даўно. Сьведчаньнем гэтаму зьяўляюцца тыя старажытныя курганы, ці як іх называюць мясцовыя тамтэйшыя жыхары — «скапцы», якія яшчэ нядаўна былі на ўскрайку вёскі і ў бліжэйшым лесе і якія, верагодна, мелі недзе тысячагадовую гісторыю.

Час узьнікненьня Новага Янчына народная памяць не захавала. Найбольш старое адзначэньне Янчына на мапах можа быць аднесена да 1772 году. Тады была выдадзена мапа Польшчы Рыцы Заноні. На ёй указаны два Янчына: Вялікае і Малое. Але недакладнасьць разьмяшчэньня вёсак і шматлікія недакладнасьці мапы не дазваляюць зрабіць ніякіх адназначных высноваў. На мапе заходняй часткі Расейскай імпэрыі, якая была складзена пад рэдакцыяй Ф. Шэйберта ў 1821—1840 гадах, адзначана толькі вёска Янчына, прычым на месцы сёньняшняга Старога Янчына. Аднак ужо ў 1859 годзе на мапе даўняй Польшчы, якая ўбачыла сьвет у Парыжы, ёсьць як Старое, так і Новае Янчына. Тое ж можна сказаць і пра мапу эўрапейскай часткі Расейскай імпэрыі, якая была выдадзена паміж 1864 і 1871 гадамі пад рэдакцыяй І. Стрэльбіцкага. Прытым на той момант ужо існавалі на тым месцы, што і цяпер шляхі з Новага Янчына на Кастрыцу, Боркі, а таксама і дарога на Старое Янчына. Такім чынам, Новае Янчына была заснавана не пазьней чым паміж 1840—1859 гадамі.

Вядома, што пасяленьне ўзьнікла пры перасяленьні жыхароў са С��арога Янчына. Першапачаткова месца для новай вёскі было выбрана на ўзвышшы, амаль з кілямэтар на захад ад таго месца, дзе яна разьмяшчаецца цяпер. Усё пачалося з будаўніцтва калодзежа. Аднак людзі так і не змаглі дабрацца да вады. Таму было вырашана пакінуць месца, што было выбрана і перайсьці на больш нізкае месца бліжэй да балота. Такім чынам і было заснавана Новае Янчына на тым месцы, дзе яно існуе цяпер. А месца разьмяшчэньня першай студні перадаецца ўжо не аднаразова ад старэйшага пакаленьня да малодшага.

Паводле перапісу 1897 году вёска адносілася да Зачысцкай воласьці Барысаўскага павету. У 1915 годзе зьявілася земская школа. Ад лютага да лістапада 1918 году вёска была акупаваная войскамі кайзэраўскай Нямеччыны. 1 студзеня 1919 году вёска ўключаная ў склад БССР, зь лютага 1919 году — у склад Літоўска-Беларускай ССР, але ў жніўні 1919 году вёска трапіла пад акупацыю Польшчы (да мая 1920 году). 31 ліпеня 1920 году Новае Янчына зноў далучанае на БССР. Замест земскай школы ўтвораная працоўная школа першай ступені, у якой у 1923 годзе вучыліся 61 хлопчык і дзяўчынка. 20 жніўня 1924 году вёска ўвайшла ў склад Зачысцкага сельсавета Барысаўскага раёну Барысаўскай акругі. З 9 чэрвеня 1927 году да 26 ліпеня 1930 году ў складзе Менскай акругі. З 20 ліпеня 1938 году ў складзе Менскай вобласьці. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Новы Сьвет», які ўлучыў сем гаспадарак і меў кузьню. Пад час Другой Сусьветнай вайны з 2 ліпеня 1941 году да 29 чэрвеня 1944 году вёска акупаваная войскамі Нямеччыны. У гэты час загінулі двое жыхароў вёскі, сем жыхароў адвезеныя ў Нямеччыну на прымусовую працу[3].

На працягу часу свайго існаваньня пасяленьне было не аднародным. У адной яе частцы сяліліся тутэйшыя праваслаўныя сяляне, у іншай — стараверы (ці, як раней казалі на Барысаўшчыне, — сталаверы). Гэты падзел захоўваецца па сёньняшні час. Маюцца ў навакольлях вёскі і двое могілак — праваслаўныя і стараверскія. Папярэднія пакаленьні старавераў строга выконвалі свае традыцыі. Не забыты яны і цяпер. У выключных выпадках для выкананьня абрадаў сюды прыяжджае стараабрацкі сьвятар з Барысава. Некаторыя самі езьдзяць у сваю царкву ў горад. Аднак у цэлым адрозьненьні паміж тамтэйшымі стараверамі і іншымі жыхарамі, на першы погляд, незаўважны.

Здаўна ў Новым Янчыне, як і ў іншых вёсках, штогод праводзіліся кірмашы. Ладзіліся яны на дзявяты дзень пасьля Пакрова. У гэты дзень тут зьбіраліся як тутэйшыя жыхары, так і шматлікія іх родзічы і сваякі, якія жылі па-за межамі вёскі. Кірмаш чакалі і рыхтаваліся да яго загадзя, а сам ён быў адным з самых лепшых сьвятаў для жыхароў. На жаль, у савецкія часы кірмашы не віталіся. Часам даходзіла да таго, што для змаганьня з гэтай традыцыяй прыцягвалася міліцыя. У выніку ў 1960-я гады кірмашы ў Новым Янчыне перасталі праводзіцца.

Шмат са старых традыцыяў і звычаяў ужо амаль забытыя. Але ў Новым Янчыне ёсьць людзі, якім не абыякавы лёс спрадвечнай спадчыны. Відаць таму невыпадкова, што менавіта тут разьмешчаны адзін з двух дамоў фальклёру, што існуюць на Барысаўшчыне. Ёсьць тут і майстры, якія па наш час займаюцца народнымі промысламі, і фальклёрны гурт «Суседкі», што прапагандуе культурныя здабыткі продкаў.

30 сакавіка 2016 году перададзеная зь ліквідаванага Зачысцкага ў Прыгарадны сельсавет[4].

Новае Янчына разьмешчана на раўніне. На поўнач ад вёскі разьмешчыны лес. Галоўная крыху выгнутая вуліца пралягае па дарозе, мае практычна мэрыдыянальную арыентацыю, на поўначы разьдзяляецца на дзьве вуліцы, да адной зь якіх далучаецца простая і даўгая вуліца. Большасьць дамоў стаяць шчыльна, з двух бакоў. Жыльлё драўлянае, мае сядзібны тып. Гаспадарчы сэктар разьмешчаны ў цэнтры вёскі[3].

  • 1858 год — 51 жыхар[3]
  • 1897 год — вёска: 244 жыхары, 34 двары; хутар: 9 двароў, 65 жыхароў[3]

У 1908 годзе ў Новым Янчыне было 27 двароў, мелася сем студняў.

  • 1917 год — вёска: 264 жыхары, 42 двары; хутар: 87 жыхароў, 16 двароў[3]
  • 1920-я гады — 23 двары.
  • 1926 год — 360 жыхароў, 66 двароў (перапіс)[3]
  • 1960 год — 368 жыхароў[3]
  • 1988 год — 224 жыхары, 95 гаспадарак[3]
  • 1999 год — 154 жыхары
  • 2002 год — трошкі менш за 500 чалавек.
  • 2008 год — 104 жыхары, 54 гаспадаркі[3]
  • 2010 год — 84 жыхары

Інфармацыя для турыстаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Капліца могілкавая
  1. ^ Справочник Адресов. Белпошта. Праверана 13 кастрычніка 2019 г.
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 70
  3. ^ а б в г д е ё ж з і Новае Янчына. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 168
  4. ^ О некоторых вопросах административно-территориального устройства Минской области Решение Минского областного Совета депутатов от 30 марта 2016 г. № 129 (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]