Перайсьці да зьместу

Макар Краўцоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Макар Краўцоў
лац. Makar Kraŭcoŭ
Макар Мацьвеевіч Касьцевіч
Макар Краўцоў
Макар Краўцоў
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Макар Мацьвеевіч Косьцевіч
Псэўданімы Макар Краўцоў, Язэп Сьвятазар
Нарадзіўся 18 жніўня 1891
Баброўня, Гарадзенскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр каля 1939
СССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці публіцыст, перакладнік, паэт, журналіст, палітык
Мова беларуская мова
Значныя творы «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Краўцоў.

Мака́р Краўцо́ў (сапр. Мака́р Мацьве́евіч Касьцевіч (Косьцевіч), іншыя псэўданімы: Язэп Сьвятазар[1]; 18 жніўня 1891 — пасьля 1939) — беларускі пісьменьнік, паэт, перакладчык, публіцыст, грамадзка-палітычны дзяяч. Аўтар словаў гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Дзядзька беларускага паэта Міхася Васілька.

Макар Косьцевіч (зьлева) у войску
Макар Краўцоў
Група беларускіх пісьменьнікаў, 1920 г.
Зьлева направа сядзяць: Макар Краўцоў, Францішак Аляхновіч, Зьмітрок Бядуля, Аляксандьр Уласаў, Алесь Гарун, Янка Купала; стаяць: Альберт Паўловіч, Міхась Чарот, Уладзіслаў Галубок, Язэп Фарботка

Нарадзіўся ў вёсцы Баброўня Гарадзенскага павету ў заможнай сялянскай сям’і. Скончыў царкоўна-прыходзкую школу ў вёсцы Галавачы (Гарадзенскі павет), Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю (1910). Настаўнічаў на Гарадзеншчыне.

Удзельнік Першай сусьветнай вайны з 1915 году, пасьля вайсковай вучэльні ваяваў у расейскім войску на Паўночна-Заходнім фронце.

Беларуская Народная Рэспубліка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэлегат І Усебеларускага кангрэсу ад салдацкага камітэту 44-га армейскага корпусу Паўднёва-заходняга фронту (сьнежань 1917 году). Настаўнічаў у Менску (1917—1918). Выкладаў на курсах беларусазнаўства пры Менскай гарадзкой думе (1918). Настаўнічаў у менскіх беларускіх школах.

У 1918 годзе ўступіў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Удзельнічаў у працы Рады БНР у Менску і Горадні (1918—1919). У пачатку 1919 году на Гарадзеншчыне — упаўнаважаны Міністэрства беларускіх спраў пры летувіскім урадзе, ствараў беларускія органы ўлады ў Сакольскім павеце. Пазьней вяртаецца ў Менск, працуе пры Літаратурна-выдавецкім аддзеле Наркамасьветы ЛітБел. Са сьнежня 1919 году ўваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі (БВК).

Удзельнік Слуцкага паўстаньня, узначальвае культурна-асьветны аддзел, займаўся справамі друку, быў загадчыкам паўстанцкае друкарні ў Клецку.

Аўтар вядомага верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі (апублікаваны 30 кастрычніка 1919 году ў газэце «Беларусь» пад назвай «Ваяцкі гімн»).

Удзельнік Першай Усебеларускай канфэрэнцыі ў Празе ў верасьні 1921 году.

У міжваеннай Польшчы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1921 году жыў і працаваў у Вільні. Працаваў у Радашкавіцкай беларускай гімназіі (1922—1923). Рэдагаваў часопіс «Саха» у 1923 годзе.

У 1926 годзе арыштаваны польскімі ўладамі.

З 1927 году актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага навуковага таварыства.

Сябра Галоўнай управы Таварыства беларускай школы ў 1936—1937 гадах. Арганізоўваў у родных мясьцінах беларускія канцэрты, спэктаклі. У 1930-х гадах адышоў ад літаратурнай творчасьці. Быў беспрацоўным.

У Савецкай Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Макар Краўцоў, 1930-я гг.

Пасьля ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР з кастрычніка 1939 году працаваў у рэдакцыі газэты «Віленская праўда».

У канцы 1939 году арыштаваны разам зь іншымі дзеячамі беларускага вызваленчага руху (Антонам Луцкевічам, Янкам Пазьняком, Сяргеем Буслом, Вінцэнтам Грышкевічам, Удзімерам Самойлам і іншымі).

Дакладныя зьвесткі пра абставіны сьмерці М. Краўцоўва не высьветлены. Паводле некаторых сьведчаньняў, ён быў закатаваны ў часе допытаў у савецкай турме ў Беластоку[2].

Жонка, варшавянка, у час нямецкай акупацыі была вязьнем канцлягэру. Памерла ў Вільні ў пачатку 1970-х. Да скону сваіх дзён размаўляла на беларускай мове[3].

У 2015 годзе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выдала паштоўку ў гонар 125-годзьдзя пісьменьніка.

Літаратурнаю дзейнасьць пачаў у 1918 годзе. Выступаў пад псэўданімамі Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Сьветазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр. М., М.К.

Друкаваўся ў газэтах «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», часопісах «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і іншых.

Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасьць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзімеіра Жылкі, Канстанцыі Буйло, Цёткі і іншых. Аўтар успамінаў пра сучасьнікаў, дзеячаў нацыянальна-вызвольнага руху Івана Луцкевіча, Аляксандра Астрамовіча, Пётры Крачэўскага, Алеся Гаруна, а таксама пра Ўсебеларускі зьезд 1917 году.

Пераклаў на беларускую мову творы Мікалая Гогаля, Максіма Горкага, Міхаіла Зошчанкі, Аляксандра Купрына, Міхаіла Лермантава, Адама Міцкевіча, Льва Талстога, Генрыка Сянкевіча, Тараса Шаўчэнкі і інш. Пераклаў з польскай мовы Вэрсальскі трактат[4].

Аўтар словаў гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Пераклады на беларускую мову:

  1. ^ 126 гадоў таму нарадзіўся аўтар гімну „Мы выйдзем шчыльнымі радамі”  (бел.) // Радыё Рацыя. — 2017.
  2. ^ Уладзімер Арлоў (18 жніўня 2006) Макар Краўцоў (18.8.1891, в. Баброўня (цяпер Гарадзенскі раён) — 1939, Беласток (?)). svaboda.org. Праверана 15 сакавіка 2017 г. Архіўная копія ад 15 сакавіка 2017 г.
  3. ^ Зоська Верас. Я помню ўсё. Успаміны, лісты. Уклад.: Міхась Скобла. — Гародня – Wrocław : Гарадзенская бібліятэка, 2013. — С. 74, 119. — 476 с. ISBN 978-83-7893-104-1
  4. ^ Міхась Касцевіч. Частка 2. Баброўня - астравок культурнага адраджэння ў Заходняй Беларусі. harodnia.com. Праверана 15 сакавіка 2017 г. Архіўная копія ад 15 сакавіка 2017 г.
  5. ^ ex. M. Lermontou. Mcyry. Z rasiejskaj mowy pieralażyu Kraucou Makar, Wilnia 1924. 41 str. // Przegląd Wileński : часопіс. — 27 wresnia 1925. — № 15. — С. 7.
  6. ^ ex. M. Lermontou. Demon. Z rasiejskaj mowy pieralażyu Kraucou Makar, Wilnia 1926. 44 str. // Przegląd Wileński : часопіс. — 27 czerwca 1926. — № 15. — С. 7, 8.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]