Перайсьці да зьместу

Канут Вялікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Кнуд Вялікі»)
Канут Вялікі
кароль
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 994[1],
Памёр 12 лістапада 1035(1035-11-12),
Пахаваны
Нашчадкі Свэн Канутсан[d][2], Гаральд I[2][3], Гардэкнуд[3][2], Гунгільда Дацкая[d][2] і нявызначаная дачка[d][2]
Дынастыя Кнютлінгі[d]
Сужэнец Эльфгіфу Нартгэмптанская[d][3] і Эма Нармандзкая[d][3]
Бацька Свэн I Вілабароды[2][3]
Маці Гунгільда Вэндэнская[d][2][3]
Кароль Канут Вялікі з палацоўцамі, выява XIX ст.

Канут (Кнуд) Вялікі (па-стараангельску: Cnut the Great, Canute the Great; па-старажытнанарвэску: Knútr inn ríki; 985/995 — 12 лістапада 1035) — кароль Ангельшчыны з 6 студзеня 1016 году, а таксама кароль Даніі, Нарвэґіі, уладар Памор’я і Шлезьвіґу, прадстаўнік дынастыі Кнютлінґаў. Паводле канадзкага гісторыка Нормана Кантара, Канут — «найпасьпяховейшы кароль усяго анґла-саксонскага дзеячасу» нягледзячы на тое, што ён ня быў анґласаксам.

Бацька Канута — кароль Даніі Свэн I Вілабароды, маці — мажліва Ґунгільда. Летапіс XII-га стагодзьдя Codex Flateyensis паведамляе, што выхавальнікам маладога Канута быў вядомы правадыр так званых ёмсьвікінгаў Торкіль Цыбаты. Ані дата Канутава народжаньня, ні імя ягонай маці невядомыя (імя Ґунгільды ўзятае з нарвэскіх сагаў, так звалася дачка мітычнага князя вэндаў Бурыцлейва, ў якім хутчэй за ўсё зьяднаныя асобы польскіх каралёў Мешка і Баляслава). Старэйшы брат Канута, Гаральд, быў наступнікам дацкага пасаду. У Кнютлінга-сазе XIII стагодзьдзя можна найсьці гэткае апісаньне маладога Канута:

« Канут быў надзвычайна высокі і моцны і прыгожы ва ўсім акрамя носа, які быў тонкі, высока пасаджаны і кручкаваты. Ён меў файны целасклад ды густое валосьсе. Вочы ягоныя былі лепей за вочы другіх людзей, прыгажэй і бачылі далей.

—Кнютлінга-саґа

»

Амаль нічога няведама пра будучага караля да 1013 году, калі ўлетку ягоны бацька, кароль Свэн Вілабароды, выправіўся на заваёву Анґельшчыны. Наскок быў пасьпяховы: вікінгі высадзіліся ў вусьці ракі Гамбэр, і хутка мясцовая ўлада пала — напрыканцы году кароль Этэльрэд Неразумны ўцёк да Нармандыі, пакінуўшы сваё каралеўства Свэну. Канут кіраваў дацкім флётам, разьмешчаным у Ґэйнзбара.

Заваёва Анґельшчыны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Датчане высаджваюцца на анґельскі бераг

Пасьля дачаснага скананьня караля Свэна на Грамніцы 1014 году ўдзельнікі наскоку абвясьцілі Канута каралём Анґельшчыны. Аднак ангельскае веча (вітэнаґемот) вярнула карону Этэльрэду II, якога зрынуў нябожчык Свэн, і Канут мусіў вярнуцца ў Данію. Улетку 1015 году канутаў флёт, складаны прыкладна зь 10000 ваяроў на 200 лодзях, выправіўся ў Анґельшчыну. Сам Канут стаяў на чале ар’ергарду вікінгаў са ўсёй Скандынавіі. Наступныя чатырнаццаць месяцаў прайшлі ў цяжкіх і крывавых баях, у якіх у анґельцаў часьцей за ўсё правадырстваваў сын Этэльрэда Эдмунд Жалезнабокі. Паводле Англа-саксонскай кроніцы, напачатку верасьня 1015 году Канут увайшоў у Сандвіч у Кэнце і паплыў нацянькі ў Ўэсэкс, руйнуючы Дорсэт, Ўілтшыр і Сомэрсэт. Ўэсэкс, якім здаўна кіравала дынастыя Альфрада і Этэльрэда, прызнаў уладу Канута напрыканцы 1015. Тады ж элдармэн Мэрсіі Эдрык Строна з 40 караблямі і войскам перайшоў да Канута. Здрадзіў анґельцам і былы ўзгадавальнік Канута Торкіль Цыбаты, які з 1012 году быў са сваімі ёмсьвікінгамі наймітам анґелькай кароны.

Пасоўваньне на поўнач

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напачатку 1016 году вікінгі перайшлі Тэмзу і разбурылі Ўорвікшыр ня сустрэўшы амаль жаднага супраціву ад анґельскага войска, якое па-простаму разьбеглася, бо, як паведамляе летапіс, ні караля, ні лёнданскіх часьцей зь ім не было. Ўзімку Канут зруйнаваў усходнюю Мэрсію. Наступнае паспалітае рушэньне анґельцаў было пасьпяховей, але яно ні да чаго не прывяло, і кароль Этэльрэд вярнуўся ў Лёндан, сьцерагучыся здрады. Эдмунд тым часам прасунуўся на поўнач, дзе зьяднаўся з Уўтрэдам, ґрафам Нартумбрыі, разам яны набеглі на заходнюю Мэрсію — Стафардшыр, Шропшыр і Чэшыр. Але канутава акупацыя Нартумбрыі прымусіла Ўўтрэда вярнуцца на радзіму і прызнаць уладу Канута. Хутчэй за ўсё менавіта Канут падаслаў да Ўўтрэда забойцу — магната Турбранда. Затым да Канута далучыўся яшчэ адзін хаўрусьнік, Эйрык Гокансан, якога Канут прызначыў ґрафам Нартумбрыі. Няскораны Эдмунд заставаўся па-за мескімі мяжамі Лёндану, дзе 23 красавіка, пасьля сьмерці караля Этэльрэда, яго абралі каралём.

Сярэднявечная выява, якая адлюстроўвае Эдмунда Жалезнабокага (зьлева) і Канута (справа)

Канут вярнуўся на поўдзень, а дацкае войска разлучылася: адная частка прасьледвала Эдмунда, які вырваўся зь Лёндану да таго як Канут канчаткова абкружыў места і ад’ехаў зьбіраць войска да Ўэсэксу, у адчызныя ўладаньні анґельскіх каралёў; другая — прадоўжыла асаду Лёндану, прорыні па паўнёвых і паўночных ускраінах места, каб блякаваць зносіны ўгору па цячэньні. Адбылася бітва ў Сэлвудзкім лесе, пры Пэнзэльвудзе ў Сомэрсэце, а праз два дня — пры Шэрстане, ў Ўілтшыры, але яна скончылася нічыёю. Часова Лёндан перайшоў да Эдмунда, які перабраўся цераз Тэмзу ля Брэнтфарда і даў датчанам бой, але страты ў войску былі вялікія і Эдмунду зноў прыйшлося варочацца ў Ўэсэкс каб папоўніць войска сьвежымі воямі. Тым часам датчане паспрабавалі асадзіць Лёндан, але пасьля некалькіх няўдалых замахаў і бою, які далі ім анґельцы ў Отфардзе, яны адыйшлі ў Кэнт. Тут Эдрык Строна перайшоў да Эдмунда, Канут перабавіўся цераз мора ў Эсэкс і, прайшоўшы на лодзях па рацэ Орвэл углыбіню краіны зруйнаваў Мэрсію.

Лёндан здабыты па дамове

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 лістапада войска Эдмунда ўступіла ў бой з датчанамі калі тыя адхадзілі да сваіх караблёў. У гісторыю гэты бой увайшоў як бітва пры Асандуне, якая адбылася на месцы сучаснага Ашынґдону ў паўднёва-ўсходнім Эсэксе або на паўночным захадзе, ля Ашдану. У гэтай бітве Эдрык Строна, чый зварот да анґельцаў быў, відаць, вайсковай хітрасьцю, ня рушыў сваіх ваяроў у бой, што прывяло амаль да поўнага розруху анґельскага войска. Эдмунд уцёк на захад, у Ґлостэршыр, дзе ля Дынскага лесу адбыўся яшчэ адзін бой, у якім да Эдмунда далучыліся ягоныя хаўрусьнікі з Валіі. На высьпе каля Дырхёрсту Канут і паранены Эдмунд сустрэліся каб абмеркаваць умовы пагадненьня. Вырашана было, што ўся Анґельшчына на поўнач ад ракі Тэмзы перайдзе дацкаму каралевічу, а паўднёвая частка ўключаючы Лёндан застанецца за анґельскім каралём. Паводле дамовінаў пасьля эдмундавай сьмерці паўднёвая Анґельшчына таксама мусіла адыйсьці да Канута. Эдмунд памёр 30 лістапада, празь некалькі тыдняў пасьля дамовы. Нейкія крыніцы сьцьвярджаюць, што Эдмунда забілі, але варункі ягонай сьмерці невядомыя.

Кароль Анґельшчыны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзевятнаццаць гадоў Канут уладарыў над Анґельшчынаю. Ягоная абарона ад вікінгавых наскокаў дапамагла аднавіць дабрабыт краіны, які імпэтна горшаў з васьмідзясятых гадоў X стагодзьдзя. Рэсурсы з Анґельшчыны, ў сваю чаргу, дапамаглі Кануту ўстанавіць сваю ўладу над большаю часткай Скандынавіі.

Умацненьне ўлады і Дацкая даніна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Манэты Канута Вялікага

17 ліпеня 1017 году Канут ажаніўся са ўдавою караля Этэльрэда Эмай Нармандзкаю. Пасьля сьмерці караля Эдмунда Канут як мага баржджэй хацеў спыніць усе спробы Ўэсэцкай дынастыі дамагацца каралеўкага пасаду. Першыя гады ягонага кіраваньня вызначаныя шэрагам сьмяротных пакараньняў значных анґельскіх шляхціцаў, падазраваных у змове. Сын Этэльрэда Эдвіг уцёк з Анґельшчыны, але быў нагнаны і па загадзе Канута быў забіты. Сыны Эдмунда таксама ўцяклі за мяжу: Эдвард-Выгнаньнік да Вугоршчыны, а Эдмунд Этэлінг да кіеўскага князя Яраслава Мудрага. Дзеці Эммы ад Этэльрэда, Эдвард-Спаведнік ды Альфрэд Этэлінг, адправіліся ў сасланьне да сваякоў у Нармандыю. Канут прызначыў сваім наступнікам Гардэкнуда, сына ад Эммы, а ня Свэна Кнутсана або Гаральда Зайчыну Лапу, дзяцей ад сваёй заручонай Эльфґіфу. У 1018 годзе Дацкая даніна (данэґельд) была сабраная ў нябачаным памеры — 72000 фунтаў са ўсёй краіны і дадаткова 10500 фунтаў зь Лёндану. Гэтымі грашыма Канут расплаціўся са сваім войскам і большасьць выправіў дамоў. 40 караблёў і войска ён пакінуў у Анґельшчыне, на ўтрыманьне іх зьбіраўся штогодні падатак, так званы гэрэґельд, які ўпершыню яшчэ ў 1012 годзе ўвёў кароль Этэльрэд, каб плаціць сваім скандынаўскім наймітам.

Анґельшчына за Канутам

Канут прадоўжыў пабуйненьне адносна невялікіх зямель Анґельшчыны — ён падзяліў тэрыторыю краіны на чатыры вялікія ґрафствы і прызначыў кіраваць імі ўраднікаў: Нартумбрыяй Эрыка Глатырскага, Ўсходняй Анґельшчынай Торкіля Цыбатага, Мэрсіяй — Эдрыка Строну, а сам ўладарыў Ўэсэксам.

Але першапачатковае разьмеркаваньне ўлады не было даўгачасным: нядобранадзейнага Эдрыка Строну пакаралі сьмерцю праз год пасьля ўступленьня Канута на пасад. Мэрсія адыйшла да магутнага тамтэйшага роду, мажліва перш да Лёфвайна, а потым да ягонага сына Лёфрыка. Торкіль Цыбаты таксама страціў каралёву ласку і быў выгнаны. Пасьля сьмерці Эрыка Глатырскага ў 1021 годзе ягонае месца ўладара Нартумбрыі заняў родзіч Канута, Сівард, чыя бабка была Кануту сястрой. Бэрніцыя, паўночная частка Нартумбрыі, тэарытычна заставалася пад уладаю Эрыка і Сіварда, але ўвесь час Канутавага караляваньня ёю ўладала мясцовая дынастыя з асяродкам у месьце Бамбург. Да 1030-х гадоў скончылася простая ўлада Канута ў Ўэсэксе, дзе ґерцагам быў прызначаны Ґодвін, анґелец з заможнай сасэцкае сам’і. Ўвогуле, пасьля першых гадоў спадзяваньня на ўраджэнцаў Скандынавіі, напрыканцы сваяго кіраваньня Канут дазволіў старым анґельскім сем’ям, якія набылі ягоны давер, павараціць сабе ўладу над ґерцагствамі.

Канутава дзяржава

Канута памятаюць як даволі пасьпяховага кіраўніка, ў гістарычнае навуцы стварыўся вобраз мудрага і пабожнага караля, хоць насамрэч ён быў дваяжэнцам, а ягоныя суровыя расправы над супраціўнікамі застаюцца па-за мяжамі хрыстыянскае маралі. Пад ягоным панаваньнем надыйшоў залаты век як для Скандынавіі так і для Брытанскіх астравоў, ён аднавіў законы Эдґара Мірнага, выпусьціў некалькі важных указаў, у тым ліку ўказ Пра наступніцтва ў выпадку адсутнасьці тэстаманту і Пра дажывоцьці і палёгкі. Таксама і валюта была ўмацаваная — пачалося выбіваньне анґельскіх грошай раўнае вагі з дацкімі.

Гаральд II памёр у 1018 годзе, і Канут выправіўся ў Данію, каб каранавацца дацкім каралём. У лісьце 1019 году ён тлумачыць гэта жаданьнем засьцерагчы ад небясьпекі Анґельшчыну. Мяркуючы па ўсім, у самой Даніі Канут меў нейкае процістаяньне, на што можа праліць сьвятло ягоны напад на паморскіх вэндаў. Вайна з вэндамі, пэўна, была адказам на збліжэньне Швэцыі і Нарвэґіі і дэманстрацыяй сілы на балтыйскім моры, ды канчатковаю мэтаю мела, хутчэй за ўсё, дзедзіну апальнага Торкіля Цыбатага — Ёмсборг, крэпасьць ёмсьвікінгаў на востраве ля берагоў Памор’я. Пасьля гэтых падзеяў, у 1023 годзе адбылося замірэньне Канута з Торкілем. Умацніўшы сваё становішча на радзіме, Канут павярнуўся ў Анґельшчыну ў 1020 годзе, заставіўшы ў Даніі свайго шваґра Ўльфа Ярла ў якасьці рэґента, а сына Гардэкнуда прызначыўшы наступнікам пасаду. Калі каралі Нарвэґіі і Швэцыі Олаф Гаральдсан і Анунд Якаў, скарыстаўшы адсутнасьць Канута, Ульф Ярл пайшоў на хітрасьць і абвясьціў малога Гардэкнуда каралём, што прымусіла Канута вярнуцца ў Данію. Войскі Канута з аднаго боку і швэдаў з нарвэжцамі з другога саткнуліся ля вусьця ракі Гэльґэ. Канут атрымаў перамогу і вярнуў уплыў на паўвостраў, але Ўльфа не прабачыў. Крыніцы (часта супярэчныя) паведамляюць, што на банкеце ў Роскіле, ў час гульні ў шахматы, паміж шваґрамі выбухнула сварка. Наступнага дня, на Каляды, Канут падаслаў сваіх целаахоўнікаў, якія й забілі Ўльфа ў касьцёле сьв. Тройцы.

Падарожжа да Рыму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Карона, якою 26 сакавіка Конрад II быў каранаваны папам Янам XIX.

Аслабленьне ворагаў на Скандынаўскім паўвостраве дазволіла Кануту ў бясьпецы зрабіць падарожжа ў сэрца хрыстыянскага сьвету, да Рыму, каб прысутнічаць на каранаваньні цэсара Сьвятога Рымскага Цэсарства Конрада II, якое адбылося на Вялікдзень 1027 году. Ліст ад 1027 да сваіх анґельскіх падданых у Канут падпісвае як «кароль усёй Анґельшчыны і Даніі, нарвэжцаў і некаторых швэдаў».

Конрад II

Разумеючы сваю ролю хрыстыянскага ўладара, Канут адправіўся ў Рым каб атрымаць прошчаі за грахі, памаліцца за сябе і сваіх падданых, абмеркаваць з папам цэны на мафоры для анґельскіх арцыбіскупаў, а таксама каб атрымаць рашэньне ў спрэчцы паміж Кэнтэрбэрыйскаю і Брэмэнскаю дыяцэзыямі за ўладу над Даніяй. Яшчэ кароль хацеў забясьпечыць недатыкальнасьць багамолаў і купцоў, якія вандруюць да Рыму:

« … Мы размаўлялі з самім Цэсарам і Папам і каралевічамі пра патрэбы Нашых падданых у Анґельшчыне і ў Даніі па дарозе ў Рым. Ім мусяць быць забясьпечаныя мір і закон у вандроўках, няможна прыціскаць і абіраць іх. Паводле указаў купцы і багамолы могуць ісьці ў Рым без затрымак па мяжах і непатрэбных падаткаў. »

Канутаў ліст ад 1027 году

Кароль Бурґундыі Рудольф III з жонкаю Бэртай

Абяцаньні былі дадзеныя Папам і каралём Бурґундыі ў прысутнасьці чатрырох арцыбіскупаў, дваццаці біскупаў і «безьлічы ваявод і заможнікаў». Канут з годнасьцю выконваў сваю ролю, ролю хрыстыянскага караля, палітыка і дыплямата, а таксама і ваяра супроць няпраўды.

Добрым адлюстраваньнем канутава становішча ў Эўропе служыць тое, што ён разам з каралём Бурґундыі ішоў у каранавальнай працэсіі і стаяў побач цэсарскага трону. Крыніцы паведамляюць што Канут і Конрад паводзілі сябе як браты, бо яны былі аданго ўзросту. У знак сяброўства Конрад падараваў Кануту землі шлезьвіґскае маркі, мост паміж мацярыком і Скандынаўскім паўвостравам. Гэты рэґіён стагодзьдзямі быў каменем спатыкненьня між Даніяй і Нямеччынай, што прывяло да пабудовы вялізнага вала Данэвірке ад Балтыйскага да Паўночнага мора ў 737—968 гадах.

Данэвірке на мапе Олафа Маґнуса

Канутавы адведзіны да Рыму сталі трыюмфам. Скальд Сіґвар Тордасан славіць свайго караля як «дарагога цэсару, блізкага да сьв. Пётры». Посьпехі караля разглядалі як азнаку асаблівае ласкі Боскай над ім. Канут займаў трывалую пазыцыю ня толькі сярод насельніцтва і ў вачах касьцёлу, але й сярод сваіх паўднёвых хаўрусьнікаў, якія былі яму дапамогаю ў справах на поўначы. У лістах да народу кароль піша ня толькі пра сваі посьпехі ў Рыме, але й пра пляны наконт скандынаўкага сьвету:

« …  паведамляем вас, што вяртацца дадому Мы будзем тым жа шляхам, праз Данію, дзе будзе ўстановлены трывалы мір з тымі народамі, што пазбавілі б Нас жыцьця і ўлады, калі б ня Пан Бог, зьнішчыўшы іхнія сілы. Хай бароніць Ён нас у сваёй ласцы ды выгубіць моц нашых ворагаў. І калі мір запануе ў Нашым каралеўстве тут, на ўсходзе, і мы ня будзем страшыцца ані войнаў з абыякага боку, ні зламыснасьці людзей, Мы спадзяваемся павярнуцца да Анґельшчыны напачатку лета, калі караблі будуць напагатове. »

Канутаў ліст ад 1027 году

Кароль Нарвэґіі і часткі Швэцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аркуш з кронікі Яна Вустэрскага

Паводле Яна Вустэрскага, ў 1027 годзе Канут даведаўся, што нейкая частка нарвэжцаў выказвае незадавальненьне ўладаю, і паслаў ім грошай, каб здабыць падрымку ў сваім дамаганьні на нарвэскі трон. У 1028 годзе ён сам выправіўся ў Нарвэґію, да места Трандгэйм, разам з флётам зь 50 караблёў.

Олаф Сьвяты

Кароль Олаф Сьвяты праз сваю суворую палітыку гвалтоўнага кшчэньня, узмацненьня асяродкавае ўлады і зьнішчэньня спрадвечных вольнасьцей ня меў патрымкі з боку паноў, якім ня рупіла бачыць як зь іхніх жонак, западозраных каралеўскаю ўладаю ў вядзьмарстве, будуць лупіць скуру, чым пагражаў кароль. Олаф уцёк на Русь, а Канут каранаваўся і каралём Нарвэґіі. Сваім намесьнікам ён абраў Гакана Эрыксана, які даводзіўся Кануту сваяком, быў ярлам зямлі Ладэ, ля Трандгэйму, а таксама кіраўніком Ґэбрыдзкіх астравоў. Гэтыя астравы былі ключавым зьвяном паміж Скандынавіяй і Брытаніяй. У 1029 годзе або напачатку наступнага Гакан патануў дзесьці між Аркнэйскімі астравамі і Шатляндыяй, Олаф павярнуўся ў Нарвэґію пры падтрымцы швэдаў, але ў бітве пры Стыклэстадзе загінуў ад рук свайго жа народу.

Сьмерць караля Олафа пры Стыклэстадзе

Спроба Канута кіраваць Нарвэґіяй бяз подпірцы ярлаў Ладэ была марнаю. Уладу ўзялі ў рукі Эльфґіфу і старэйшы сын Канута Свэн Кнютсан. Гэты час, вядомы як «Верамье Эльфґіфу» адзначаны празьмернымі падаткамі, скончыўся паўстаньнем і аднаўленьнем старой дынастыі з пазашлюбным сынам Олафа Маґнусам I Добрым на чале.

Адносіны з касьцёлам

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Анёлы карануюць Канута і Эму

Удзел Канута ў паходах вікінгаў і нялітасьцівая расправа над прадстаўнікамі зрынутай дынастыі пахіснулі ягоны стан у вачах касьцёлу. На момант каранаваньня ён ужо быў кшчоны хрыстыянскім імем Лямбэрт, але ў той час кшчэньне Скандынавіі было яшчэ ня скончанае. Яго адкрытыя адносіны зь дзьвюма жанчынамі, заручонай Эльфґіфу на поўначы і жонкай Эмай на поўдні, таксама супярэчылі хрысьціянскай маралі.

Намагаючыся пагадзіцца са сваімі сьвятарамі, Канут аднавіў усе касьцёлы і кляштары, пацярпелыя ад вікінгавай навалы. Будаваліся новыя касьцёлы, кляштары атрымвалі шчодрыя фундушы. У Даніі, дзе хрыстыянства толькі набірала сілу, за Канутам быў збудаваны першы мураваны касьцёл, чыім апекавальнікам была Эстрыд, канутава сястра.

Нельга сказаць чым была канутава адданасьць касьцёлу — сапраўдным глыбокім пачуцьцем альбо толькі сродкам узмацніць сваю ўладу. Саґі захавалі весткі пра тое, што Канут паважаў і старую паганскую веру, тым часам іншія скандынаўскія ўладары, як напрыклад Олаф Сьвяты, былі значна стражэйшыя ў пытаньнях веры.

Рэшткі падмурка Старога Кляштара у Ўінчэстэры

Канутавы падарункі касьцёлам былі вельмі шчодрымі. Кляштары і саборы атрымвалі землі, вызвальненьня ад выплат падаткаў, рэліквіі. Катэдра ў Кэнтэрбэры атрымала кіраўніцтва над буйнай прыстаньню Сандвіч, вызвальненьне ад падаткаў, а таксама мошчы Сьв. Альфэжа. Ўінчэстэру былі падараваныя Ўінчэстэрскі крыж, 500 марак срэбра і 30 марак золата ды мошчы сьвятых. Стары Кляштар у Ўінчэстэры атрымаў мошчы Сьв. Бірына. Эвэшамскі кляштар, чыім плябанам быў канутаў сваяк Эльфвэрд, атрымаў мошчы Сьв. Ўіґстана Мэрсійскага. Замежным касьцёлам таксама даставаліся падарункі ад караля: сабор у Кёльне атрымаў багатыя псалтыр і сакрамэнтар, вядомыя сваімі ілюмінаванымі выявамі, а ґерцаг Аквітаніі Ўільям Вялікі — залатую кнігу жывата Сьв. Марцыяла, патрона краіны, для кнігарні лімоскага абацтва.


Сьмерць і наступнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канут памёр 12 лістапада 1035 году. У Даніі яму наступаваў Гардэкнуд, які каранаваўся пад імем Канут III. З-за вайны, якую ён вёў з каралём Нарвэґіі Маґнусам, Гардэкнуд быў, паводле летапісу, «выкляты анґельцамі, бо столькі часу правёў у Даніі». Прыбочныя канутава старэйшага сына, Гаральда Зайчнай Лапы, вымусілі каралеву-ўдаву Эму ўцякчы ў Бруге. Гаральд увогуле панаваў з 1035 да сваёй сьмерці ў 1040. Мір у Скандынавіі дазволіў Гардэкнуду заявіць прэтэнзію на анґельскі трон, вярнуць маці з выгнаньня і аднавіць дацка-анґельскую вунію. Пасьля ягонага скананьня ў 1042 годзе Данія апусьцілася ў хваляваньні і змаганьне за ўладу, а на анґельскім троне запанавала Ўэсэцкая дынастыя: Эдвард-Спаведнік, павярнуўшыйся з Нармандыі, атрымаў трон паводле дамовы з Гардэкнудам, згодна зь якой улада мусіла перайсьці да Эдварда калі Гардэкнуд памрэ без наступніка мужчынскага полу. Пры двары запанаваў нармандзкі ўплыў, што праз 20 гадоў прывяло да новага заваяваньня краіны Ўільямам Заваёўнікам.

Калі б сыны Канута, а таксама ягоная дачка, не памёрлі так хутка праз 10 гадоў пасьля сьмерці самаго Канута, яго кіраваньне магло абярнуцца поўнай вуніяй паміж Анґельшчынай і Скандынавіяй.

Прах у Ўінчэстэры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Парэшткі Канута і ягонай жонкі Эмы

Канут памёр у Шэфтсбэры, ў Дорсэце, а пахаваны быў у Старым Кляштары Ўінчэстэру. Новая нармандзкая дынастыя мела схільнасьць да буйных касьцёлаў-гмахаў — на месцы Старога Кляштара быў збудаваны Ўінчэстэрскі сабор, куды перанясьлі прах англа-саксонскіх каралёў. Пад час рэвалюцыі 17 стагодзьдзя паўстанчыя жаўнеры разбурылі многія карабы з астанкамі каралёў, а пасьля аднаўленьня манархіі косьці Канута і Ўільяма Рудога былі складзеныя ў супольнай труне.

  • 1 — Эльфґіфу Нартгэмптанская
    • Свэн Кнютсан, кароль Нарвэґіі
    • Гаральд Зайчына Лапа
  • 2 — Эма Нармандзкая
    • Гардэкнуд, кароль Даніі і Ангельшчыны
    • Ґунгільда альбо Куніґунда Дацкая, нарачоная Генрыха III, цэсара Сьвятога Рымскага цэсарства.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Папярэднік
Эдмунд Жалезнабокі
Кароль Ангельшчыны
1016—1035
Наступнік
Гардэкнуд