Бружмель
Бружмель | |
Капрыфоль (2010 г.) | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Расьліны |
Падцарства | Зялёныя |
Група | Страптафіты |
Разьдзел | Стрэптафітныя |
Тып | Вышэйшыя |
Падтып | Ссудзінныя |
Нададдзел | Насенныя |
Аддзел | Кветкавыя |
Кляса | Двухдольныя |
Атрад | Варсянкакветныя |
Сямейства | Бружмелевыя |
Бінамінальная намэнклятура | |
Lonicera Карл Лінэй | |
Бружмель — род кветкавых расьлінаў сямейства бружмелевых.
Налічвае звыш 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласьцях Паўночнага паўшар’я, у Паўднёвым паўшар’і — у Андах. Род бружмель прадстаўлены хмызьнякамі зь ліку лістападных і шматгадовазялёных прамастойных, сьцелістых, іншы раз павойных. Зрэдку сустракаюцца невялікія дрэўцы і ліяны. Лісьце простае, суцэльнае або лопасьцевае, супраціўнае, на чаранках, сядзячае або зрослае асновамі, суцэл��накрайняе. Кветкі няправільныя, рознага адценьня, разьмяшчаюцца парамі на кароткіх пазушных кветканосах. Радзей кветкі месьцяцца ў складаных паўпарасоніках, што ўтвараюць несапраўдныя кальчакі, галоўчатыя або коласападобныя суквецьці. Вяночак трубчаста-лейкападобны, часта двухгубы. Плады — сакаўныя, свабодныя або зрослыя парамі ягады (у некаторых відаў ядомыя). Паводле прызначэньня сярод відаў роду бружмель вылучаюць: дэкаратыўныя, лекавыя (ірвотныя і слабільныя), меданосныя і тэхнічныя расьліны[1].
Ягады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьпелыя ягады маюць уласьцівасьць ападаць з хмызьняка. Ягады бружмелю багатыя на аскарбінавую кісьлю (вітамін С) і такія мікраэлемэнты, як ёд, марганец і медзь. Цёмна-фіялетавыя ягады з шызым налётам маюць густы фарбавальны сок і прадаўгаватую форму. Смак ягадаў кісла-салодкі[2].
Вырошчваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для вырошчваньня бружмеля падыходзіць лёгкая глеба без застою вады, асьветленае або трохі зацененае месца, абароненае ад ветру. Хмызьнякі бружмелю высаджваюць увосень на адлегласьці прынамсі 2 мэтраў адзін ад аднаго ў ямы дыямэтрам і глыбінёй 50 см. Перагной уносяць увосень і раньняй вясной. Разгалінаваныя хмызьнякі дасягаюць вышыні 2 мэтраў з бурай карой, што лупіцца, і апушчаным даўгаватым лісьцем. У пачатку траўня на хмызьняках бружмелю зьяўляюцца жоўтыя кветкі, якія вабяць водарам вусякоў. Квітненьне цягнецца месяц[2].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Беларусі трапляецца 1 дзікарослы від — звычайны бружмель — як падлесак у хвойных і мяшаных лясах на паўднёвай мяжы арэалу. У зялёнае будаўніцтва ўвялі звыш 60 відаў, сярод якіх найбольш вядомыя 8 відаў бружмелю: альпійскі, алтайскі, гарбаты, капрыфоль, павойны, татарскі і ядомы[1].
Бружмель ёсьць найбольш раньняй ягадай, што пачынае высьпяваць у садах Беларусі. Высьпяваньне пладоў расьцягнута да ліпеня. Сярод пашыраных у Беларусі ягадаў бружмель займае 2-е месца пасьля чорных парэчак паводле насычанасьці вітамінам С (аскарбінавая кісьля)[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Бружмель // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 264-265. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
- ^ а б в Ірына Тамковіч. Бружмель — раньняя ягада // Крынічка. — 12 верасьня 2013. — № 27 (485). — С. 5.
Гэта — накід артыкула пра батаніцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |