Саюз беларускіх патрыётаў
Саюз беларускіх патрыётаў | |
---|---|
Краіна | |
Тэрыторыя дзейнасці | Глыбокае, Паставы |
Тып арганізацыі | маладзёжная арганізацыя[d] |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 1946 |
восень 1945 | |
Ліквідацыя | |
Дата скасавання | люты 1947 |
Саю́з белару́скіх патрыё́таў (СБП) — падпольная патрыятычная моладзевая арганізацыя, якая дзейнічала ў 1945—1947 гадах у Глыбокім і Паставах.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Глыбокае
[правіць | правіць зыходнік]Арганізацыя ўтвораная ўвосень 1945 года навучэнцамі Глыбоцкага педагагічнага вучылішча з удзелам вучняў сярэдніх школ Глыбокага. Бальшыня сяброў Саюза беларускіх патрыётаў у гады Другой сусветнай вайны ўваходзіла ў шэрагі Саюза беларускай моладзі, што зрабіла значны ўплыў на іх нацыянальную свядомасць. Па вызваленні тэрыторыі БССР ад нямецкай адміністрацыі адбыліся змены ў навучальным працэсе, пачалася татальная русіфікацыя навучальных устаноў.
Студэнты педагагічнага вучылішча Васіль Мядзелец, Антон Фурс і вучань глыбоцкай школы № 1 Алесь Юршэвіч прыходзяць да рашэння стварэння арганізацыі дзеля супрацьстаяння русіфікацыі. Галоўнай ідэяй арганізацыі становіцца гуртаванне аднадумцаў вакол беларускай справы, пашырэнне ўплыву сярод астатніх. У канцы 1945 года сфармаванае ядро арганізацыі, старшынёй абраны Васіль Мядзелец, сакратаром — Антон Фурс. Паводле Антона Фурса, СБП не была палітычнай арганізацыяй, яе мэта была ў пашырэнні нацыянальнай самасвядомасці сярод людзей, з якімі павінны былі жыць і працаваць сябры арганізацыі, у прыватнасці, са школьнікамі.
Сярод асноўных палажэнняў праграмы СПБ былі сапраўдная беларуская дзяржаўнасць і самастойнасць, дзяржаўнасць беларускай мовы, бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня.
У СБП не было выразна акрэсленай структуры: існавалі пасады старшыні і сакратара. Арганізацыя падзялялася на «пяцёркі» (групы з пяці чалавек), у якіх кожны ўдзельнік ведаў чатырох астатніх і старшыню. Уся праца вялася ў «пяцёрках». Не прадугледжвалася сходаў і канферэнцый, рабіліся захады па канспірацыі. Новыя сябры абіраліся паводле рэкамендацыі. Для ўступлення ў арганізацыю складалася прысяга, тэкст якой напісаў Алесь Юршэвіч. Па прыняцці прысягі, чалавек заносіўся ў агульны спіс сябраў СБП (спіс згарэў у часе пажару разам з архівам).
25 сакавіка 1946 года адбылася ўрачыстая прысяга сябраў СБП, прымеркаваная да 28-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Прысяга адбывалася на кватэры Лідзіі Несцяровіч. У ёй бралі ўдзел Лідзія Несцяровіч, Васіль Мядзелец, Антон Фурс, Марыя Бялевіч (Бабіч), Людміла Краснадубская, сёстры Алена і Ларыса Барсук. Прысягу чыта��і пад бела-чырвона-белым сцягам з выявай Пагоні, якая была перасланая сябрамі Пастаўскай групы «За Беларусь».
Удзельнікі сустракаліся паміж сабой, абмяркоўвалі падзеі ў навучанні, у горадзе і краіне. Гутарылі са знаёмымі навучэнцамі, рыхтавалі новых удзельнікаў да ўступлення ў СБП.
«За Беларусь», Паставы
[правіць | правіць зыходнік]Суполка «За Беларусь» была заснаваная ўвосень 1945 года студэнтамі Пастаўскага педагагічнага вучылішча, Міколам Асіенкам, Алесем Дзікім, Алесем Адамовічам. Імпульсам для стварэння таксама была русіфікацыя навучання, за адказы па-беларуску сталі зніжаць адзнакі. Частка студэнтаў Глыбоцкага педагагічнага вучылішча паводле розных прычын была вымушаная перавесціся ў Пастаўскае педагагічнае вучылішча. Сярод іх быў Валянцін Лагунёнак, які ўжо быў падрыхтаваны да ўступлення ў Глыбоцкі СБП. Узімку 1945 года ён наведаў былых калегаў у Глыбокім і паведаміў, што ў Паставах фактычна стварылася моладзевая патрыятычная суполка «За Беларусь». Дакладны час стварэння суполкі невядомы. Верагодна, пастаўская суполка існавала да прыезду Лагунёнка. Былі наладжаныя кантакты паміж Глыбоцкай і Пастаўскай арганізацыямі.
У пачатку 1946 года фарміруецца ядро арганізацыі: старшыня — Мікола Асіненка, сакратар — Алесь Адамовіч, скарбнік — Ліна Бароўка. Аб'яднанне не было палітычнай арганізацыяй. Планавалася, што праца будзе накіравана на прапаганду беларускай мовы і культуры, змаганне з русіфікацыяй.
8 сакавіка 1946 года на моладзевай вечарыне на кватэры Ніны Асіенкі адбыўся сход, на якім Мікола Асіенка ўрачыста абвясціў пра існаванне арганізацыі «За Беларусь». 25 сакавіка 1946 года ў вёсцы Рамелькі Пастаўскага раёна на хаце Міколы Асіенкі адбылося прыняцце прысягі сябрамі суполкі. Прысягу прымалі пад бела-чырвона-белым сцягам з выявай Пагоні, якую намалявала Алеся Умпіровіч (Фурс).
Увесну 1946 года на сустрэчы ў Глыбокім было дамоўлена пра аб'яднанне пастаўскай групы «За Беларусь» і Глыбоцкай арганізацыі СБП. Была прынятая агульная назва Саюз беларускіх патрыётаў.
Пасля аб'яднання
[правіць | правіць зыходнік]Агульнага кіруючага органа ў аб'яднанай арганізацыі не было. Дамоўлена пра неабходнасць перыядычных сустрэч у Глыбокім і Паставах, дзе будуць узгадняцца дзеянні суполак.
Увесну 1946 года адбыўся выпуск трэцяга курсу педагагічных вучылішч, некаторыя сябры СБП трапілі на працу ў школы.
У давер да сябраў пастаўскай групы увайшоў Алег Стахоўскі, афіцэр МДБ, які выдаваў сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі і падштурхоўваў да тэрарызму. Магчыма, існавалі і іншыя правакатары, бо, паводле слоў Алесі Умпіровіч, пра існаванне арганізацыі ў Паставах ведаў увесь клас.
Арышты, далейшы лёс
[правіць | правіць зыходнік]У лютым 1947 года МДБ праводзіць арышты сябраў СБП. 8 лютага арыштаваныя Васіль Мядзелец і Антон Фурс. Пазней арышты працягваліся, вучняў забіралі з урокаў, арыштоўваліся настаўнікі-сябры СБП.
У Мінску 16—20 чэрвеня 1947 года былі асуджаныя 34 сябры СБП. Васіль Мядзелец, Антон Фурс, Мікола Асіненка былі прысуджаныя да расстрэла, але ў сувязі з адменай смяротнага пакарання ад 20 траўня 1947 года, яны былі асуджаныя на 25 гадоў пазбаўлення волі. У Полацку 11—12 лістапада 1947 года былі асуджаныя Леанід Казак, Пётра Спірковіч, Марыя і Іван Бабічы, Алена і Ларыса Барсук. У 1948 годзе ў Полацку былі асуджаныя Мікола Конан, Стась Савік і Алеся Умпіровіч. Двое бацькоў — Лявон Умпіровіч і Ганна Бабіч былі асуджаныя на 10 і 6 гадоў адпаведна за неданясенне на сваіх дзяцей. Лявон Умпіровіч памёр у мінскай турме. Пазбег пакарання сябра Глыбоцкай групы СБП, Віктар Дылевіч, які здолеў выехаць у Польшчу. Міхал Дзеравянка быў адзіным, хто быў апраўданы, бо сапраўды не належаў да арганізацыі: у часе суда быў ён вызвалены адразу з залі паседжання.[1]
Сябры СБП адбывалі тэрміны ў працоўна-папраўчых лагерах. У 1955—1956 гадах усе сябры былі вызваленыя. У 1990-х гадах пачалася індывідуальная рэабілітацыя сябраў СБП.
Сябры арганізацыі
[правіць | правіць зыходнік]
Глыбоцкая група[правіць | правіць зыходнік]
|
Пастаўская група[правіць | правіць зыходнік]
|
Зноскі
- ↑ http://slounik.org/154781.html Біяграфія Міхала Дзеравянкі
- ↑ Алеся Фурс (Умпіровіч) // Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
- ↑ За Беларусь // Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Саюз змагання за незалежнасць Беларусі
- Саюз вызвалення Беларусі (1946—1947)
- Чайка (арганізацыя)
- Мядзельска-Смаргонскае антыкамуністычнае падполле
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, Зм. Занько. ― Мн.: рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. ― с. 70
- Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. — Мн.: Архіў Найноўшай Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-07-3
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Валерый Мазынскі. «Глыбоцкая змова», дакументальны фільм пра СБП . Белсат (14 снежня 2013).