Раскіданае гняздо (спектакль, Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа)
«Раскіданае гняздо» | |
---|---|
| |
Жанр | трагедыя |
Заснаваны на |
п’есе Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» |
Кампазітар | Вольга Кашынская |
Рэжысёр | Раман Цыркін |
Харэограф | Алена Масунова |
Акцёры |
М. Кліменка А. Чыжык Н. Скамарохава А. Спірыдовіч Н. Бакавец А. Бычкоўскі В. Рослікава Я. Гарбачэўскі Я. Кузьмянкоў і інш. |
Краіна | Беларусь |
Мова | беларуская |
Год | 24 лістапада 2007[1] |
Пастаноўкі | Мазырскі драматычны тэатр |
Узнагароды | лаўрэат IX Міжнароднага фестывалю «Этна-Дзіа-Сфера» (Мукачава, Украіна, 2008) |
«Раскіданае гняздо» — спектакль, пастаўлены рэжысёрам Раманам Цыркіным у Мазырскім драматычным тэатры імя Івана Мележа па аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Спектакль акрэслены як «сцэнічны варыянт Р. Цыркіна» і прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы. Прэм’ера адбылася 24 лістапада 2007 года.[1]
У спектаклі найбольш заўважальныя змены ў параўнанні з літаратурнай першаасновай адбыліся з вобразам Незнаёмага і ў стаўленні стваральнікаў спектакля да ідэі рэвалюцыі. Калі Янка Купала ў 1913 годзе бачыў у рэвалюцыі сродак нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення беларускага народа ад імперскага прыгнёту, пачатак шляху да свабоднай і незалежнай Беларусі («На вялікі сход, па Бацькаўшчыну!»), то Р. Цыркін, ведаючы з гісторыі, што прынеслі беларускаму сялянству і інтэлігенцыі наступствы бальшавісцкай рэвалюцыі 1917 года, атаясамлівае змагара-агітатара, які з’яўляецца на руінах хаты Зяблікаў, з Д’яблам (нібыта паказвае вобраз Незнаёмага і яго ідэі праз прызму «Бесаў» Ф. Дастаеўскага).[2]
Акцёры
[правіць | правіць зыходнік]- Міхаіл Кліменка — Лявон
- Наталля Скамарохава — Марыля
- Анатоль Бычкоўскі, Юрый Шмак — Сымон
- Валянціна Рослікава — Зоська
- Яўген Кузьмянкоў — Данілка
- Андрэй Спірыдовіч — Незнаёмы
- Вадзім Дубраў — Стары
- Н. Бакавец
- Я. Гарбачэўскі
- Р. Даўцян
- А. Лазарава
- А. Чыжык і інш.[1]
Водгукі
[правіць | правіць зыходнік]Ён [Незнаёмы] выходзіць на падмосткі ў традыцыйным, вядомым па карцінках, адзенні — чорным трыко і гэткім жа чорным д’ябальскім каўпаку. Яго словы і пра сход, і пра супраціў — гэта спакушэнне. Сваёй ахвярай Незнаёмы выбраў Сымона. Разыгрываецца даволі вялікая сцэна — не столькі славесная, колькі пластычная. Незнаёмы ў сваёй «агітацыі» выкарыстоўвае разнастайныя сродкі — парады, абяцанні, пагрозы, псіхалагічны і фізічны націск (каларытны ў ролі Андрэй Спірыдовіч іграе віртуёзна). І ўсё дзеля аднаго — спакусіць, забраць чалавечую душу. [...] Ідзе складаная, цяжкая ўнутраная барацьба. І калі ўрэшце Сымон рашыўся — гэта стала яго душэўным зломам. Ён панік, як у народзе кажуць, «скіс». І ціха, малазаўважна падаўся ў бок спакусніка. Амаль адразу ж падмосткі ахапіла віхурыстае полымя. Яно шалёна бушавала, нішчачы ўсё існае. І калі агонь заціх, сцэна была абсалютна пустая. Невядома, дзе Сымон, ці выйшаў ён жывым з пякельнага вогнішча. Дзе іншыя людзі? Анатоль Сабалеўскі[3] |
Рэжысёр [...] паспрабаваў адшукаць у творы Купалы тыя «сцяжынкі», якія прывялі б нас, гледачоў, ад побытавага пласту п’есы і яе фальклорна-сімвалісцкага ўспрыняцця да перафармулёўкі пытання «Хто вінаваты?» на «Чаму так атрымалася?». Нездарма патэтычны «рэвалюцыянер» Незнаёмы ў выкананні Андрэя Спірыдовіча ў спектаклі набыў рысы ўсюдыіснага настойлівага чорта, які сваім назаляннем не дае Сымону спакойнага жыцця, проста-такі штурхаючы хлопца да неўласцівых яму ўчынкаў. Таццяна Команава[4] |
Зноскі
- ↑ а б в Раскіданае гняздо (старонка спектакля). Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа (31 снежня 2012).
- ↑ Кавалёў, Сяргей. Рэцэпцыя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сучасным беларускім тэатры . Villa Sokrates (31 снежня 2012).(недаступная спасылка)
- ↑ Анатоль Сабалеўскі ...І будуць панаваць // Мастацтва : часопіс. — Мінск: 2008. — № 7. — С. 47. — ISSN 0208-2551.(недаступная спасылка)
- ↑ Таццяна Команава Што дадаць да «высокай пробы»? // Культура : газета. — Мінск: 2008. — № 48. Архівавана з першакрыніцы 10 сакавіка 2016.