Перайсці да зместу

Маргарыта Юр’еўна Латышкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маргарыта Латышкевіч
альтэрн.: Маргарыта Юр’еўна Латышкевіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 19 студзеня 1989(1989-01-19) (35 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці журналістыка
Кірунак фэнтэзі
Жанр апавяданне, верш, гумарэска, навела, нарыс, эсэ[1]
Мова твораў беларуская
Дэбют 2007 год[2]Брэсцкая газета»)
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі

Маргарычта Ю́р’еўна Латышке́віч (нар. 19 студзеня 1989(1989-01-19), Брэст) — беларуская пісьменніца.

Выдала кнігу вершаў «Пульс навальніц» (2012), кнігу прозы «Яблыкі» (2016), кнігі вершаў і прозы «Наш дом» (2018), «Вараціш-гара» (электронная, 2019), «Там, дзе сэрца» (2020), кнігі аповесцяў «Уласны крыж» (2021) і «Вершнікі на дарозе» (2022). У 2020 годзе ў часопісе «Маладосць» выйшаў яе першы фэнтэзійны раман «Век людзей».

Улетку 2007 годзе скончыла гімназію № 1 у Брэсце і паступіла на філалагічны факультэт БДУ. У лютым 2010 года рэктар БДУ прызначыў ёй стыпендыю імя Кандрата Крапівы на 2-м семестры 4-га курсу[3]. У 2011 годзе скончыла Філалагічны факультэт БДУ[4]. У 2012 годзе скончыла магістратуру ў галіне філалогіі і працаўладкавалася ў Вучэбна-навуковую лабараторыю беларускага фальклору пры Філфаку БДУ[5]. Адначасна паступіла ў аспірантуру БДУ, дзе на кафедры тэорыі літаратуры стала пісаць кандыдацкую дысертацыю на тэму паданняў у фантастыцы і казках, а таксама наадварот згадкі казак у фэнтэзі[6]. Адна з яе публікацый тычылася граняў эстэтызацыі жорсткасці ў рамансе і фэнтэзі[7]. У 2015 годзе скончыла аспірантуру БДУ і ўладкавалася рэдактаркай аддзелу прозы ў часопіс «Маладосць»[8].

3 сакавіка 2020 года стала вядоўцай ��ідэачасопіса «Бярозка»[9]. 27 ліпеня 2020 года стварыла «Блог прафесійнага чытача» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі[10]. На 2022 год жыла ў Полацку (Віцебская вобласць), дзе працавала ў галіне распрацоўкі мабільных гульняў. Выйшла замуж за перакладчыка Яўгена Папакуля[11].

Сяброўка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі[12].

Лаўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы дэбют» (2017) за кнігу «Яблыкі»[13].

У сакавіку 2007 года ў 18-гадовым узросце змясціла ў часопісе «Маладосць» цыкл легенд «З народнай міфалогіі»[14]. У лістападзе 2007 года абнародавала тамсама вершы[15]. На фестывалі «Лунінская восень» перамагла на конкурсе творчых і літаратурна-даследчых прац[16]. У 2009 годзе стала дыпламанткай літаратурнага конкурсу «Паглядзі на Брэст над Бугам, колькі хараства», які ладзіла Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі[17]. У лістападзе 2010 года ў часопісе «Маладосць» выйшла нізка яе вершаў «Трымаць руку на пульсе навальніц». На лістапад 2010 года друкавалася ў «Брэсцкай газеце» і часопісах «Бярозка», «Маладосць» і штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва»[18]. У 2011 годзе часопіс «Маладосць» змясціў фота Маргарыты Латышкевіч на сваю вокладку пры выданні чарговай нізкі яе вершаў[19]. У 2012 годзе выдала кнігу паэзіі «Пульс навальніц»[20] і яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Мы — маладыя» (2012).

У жніўні 2013 года змясціла ў часопісе «Маладосць» цыкл вершаў «Рэха магутнага пачуцця»[21]. У верасні 2013 года яе творы ўвайшлі ў беларуска-рускі літаратурны альманах «Мост дружбы»[22]. 23 кастрычніка 2013 года перамагла на першым міжнародным конкурсе маладых пісьменнікаў «Мост дружбы»[23]. 25 кастрычніка пераможцаў узнагародзілі дыпломамі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі[24]. У 2013 годзе яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Кахаць і верыць». 16 красавіка 2014 года стала лаўрэаткай у намінацыі «Паэзія» на Рэспубліканскім літаратурным конкурсе імя Максіма Багдановіча, які ладзілі Саюз пісьменнікаў Беларусі і Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва[25]. У красавіку 2014 года ў часопісе «Маладосць» выйшла яе апавяданне «Радыёмаўчанне»[20].

У 2015 годзе яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Мой дзень пачынаецца». У ліпені 2016 года часопіс «Маладосць» абнародаваў цыкл яе вершаў «Люстра сну». Тамсама выйшла пара апавяданняў Леаніда Левіна ў яе перакладзе на беларускую[8]. Таксама ў ліпені 2016 года яе апавяданні ўпершыню выйшлі ў часопісе «Полымя»[26]. У 2016 годзе выйшла яе першая кніга прозы «Яблыкі». 18 лютага 2017 года заняла 2-е месца на літаратурным конкурсе ў газеце «Звязда» за 2016 год з апавяданнем «У.» ад 6 кастрычніка 2016 года[27]. У маі 2017 года выдала цыкл апавяданняў у часопісе «Полымя»[28]. 3 верасня 2017 года атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Найлепшы дэбют» за зборнік «Яблыкі» 2016 года[29].

У кастрычніку 2017 года абнародавала ў часопісе «Полымя» цыкл вершаў «Пад 300 кіль уражанняў»[30]. У 2017 годзе яе творы ўвайшлі ў альманах пераможцаў конкурсу «Першацвет»[31]. У 2018 годзе шэраг яе вершаў на сербскую пераклала Даяна Лазаравіч[32]. У маі 2018 года абнародавала ў часопіс�� «Маладосць» аповесць «Вараціш-гара»[33], а таксама выпусціла зборнік «Мінск назаўжды» супольна з 19 пісьменніцамі і пісьменнікамі ў межах фестывалю «Горад і кнігі»[34]. У зборніку Латышкевіч пераклала з расійскай апавяданні Міхаіла Валодзіна «Пліты крычаць, або Гісторыя пра мінскага Герадота», а таксама Яўгеніі Пастарнак і Андрэя Жвалеўскага «Цагліна перапоны». Сама ж змясціла ў зборніку апавяданне «Тры месяцы да вясны»[35].

У 2018 годзе выдала зборнік прозы «Наш дом»[36], які 23 студзеня 2019 года прадставіла ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Мінску[37]. 9 лютага 2019 года прадставіла кнігу «Наш дом» на 28-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы[38]. 16 сакавіка 2019 года выступіла на тэлеканале «Беларусь 3» у перадачы Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы»[39]. У красавіку 2019 года перамагла на біяграфічным конкурсе «Слаўная кампанія: рэанімацыя» з жыццяпісам Яна Баршчэўскага «Цень крыжа на каляінах» і атрымала прэмію «За багатую вобразнасць у паказе жыцця героя на фоне часу»[40].

12 верасня 2019 года перамагла на конкурсе апавяданняў газеты «Звязда» з «Казкай пра ваўка»[41]. У 2020 годзе абнародавала аповесць «Першая песня» ў некалькіх нумарах часопісу «Бярозка»[42]. У красавіку—лістападзе 2020 года ў часопісе «Маладосць» (№ 4—11) выйшаў першы фэнтэзійны раман Латышкевіч «Век людзей». Яго аздобіла мастачка Валерыя Дзяткова, якая працуе пад псеўданімам «Бестрамвайнасць»[43]. Памерам раман перавысіў 1,5 млн знакаў[44].

14 кастрычніка 2011 года галоўная рэдактарка часопісу «Маладосць» Таццяна Сівец адзначыла: «Як 50 гадоў таму выходзілі першыя кніжкі нашых сённяшніх класікаў, так мы спадзяемся, што кніжкі Маргарыты Латышкевіч, Ганны Федарук, Арцёма Кавалеўскага і іншых, каго друкуе сённяшняя „Маладосць“, калісьці будуць першымі нізкамі вядомых беларускіх аўтараў»[45]. У маі 2014 года ў часопісе «Маладосць» Ірына Шаўлякова падкрэсліла: «У аповедзе Маргарыты Латышкевіч „Радыёмаўчанне“… маем справу з „касмічнай операй“ практычна ў чыстым выглядзе, калі быць больш дакладным — з эпізодам патэнцыяльнай касмічнай — логіі. Тэматычная адметнасць твору звязаная з канцэнтраванай авантурнасцю фабулы: гэта своеасаблівы абразок з жыцця рабочых будняў касмічных кантрабандыстаў, што спецыялізуюцца на акарскім шоўку, сіліронскіх спецыях». Пры гэтым Шаўлякова адзначыла: «Фантастычна-авантурны апавяданне з амаль дасканалай кальцавой кампазіцыяй фінішуе як лірычна-медытацыйны абразок»[46].

6 студзеня 2017 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» Наста Грышчук змясціла творы Латышкевіч у рэйтынг найлепшых часопісных публікацый прозы за 2016 год: «У „Полымі“ спадарыня Маргарыта выступіла з кароткай формай: апавяданні „Інструкцыя для хворых“, „Муза“, „Піястры“, „Шчасце“, „Быць Каралевай“ (№ 7). Усе яны ўвайшлі ў дэбютны зборнік прозы „Яблыкі“. Маргарыта Латышкевіч глядзіць і на радасці чалавека, і на яго няўдачы з гумарам. Гэта дазваляе прыўзняцца над апісанай сітуацыяй, змяншае маштаб трагедыі ці шчасця, але ўсё на карысць: так на прадмет гаворкі можна паглядзець у цэлым, здалёк»[47]. 20 студзеня 2017 года Наста Грышчук зрабіла разгорнуты агляд яе кнігі: «Па вялікім рахунку, кніга Маргарыты Латышкевіч „Яблыкі“ якраз пра тое — пра свет дзяцей. Дзецям гэтым — ад 5 да 50 з гакам. Але незалежна ад узросту ўсе яны хочуць аднаго: самасцвердзіцца, быць шчаслівымі, любімымі, прызнанымі і прынятымі ў сваёй супольнасці. Але ўзрост навязвае свае правілы, і хітры ўнутраны голас падказвае: будзь сур’ёзны, будзь дзелавіты, рабі як усе, і ніхто не здагадаецца, што ты так і застаўся зарумзаным дзіцём з савочкам». Грышчук заўважыла, што «паэтычны зборнік… „Пульс навальніц“ і „Яблыкі“ лучыць нязменна аптымістычны і рамантычны погляд аўтара на свет. Аднак рамантычнасць тут не тоесная ружовым акулярам. Гэта хутчэй здольнасць прымаць чалавечыя слабасці. Вера ў тое, што чытач прызнае ў сабе крыўдлівае эгаістычнае дзіця і пасьмяецца разам з аўтаркай». Наста Грышчук таксама адзначыла: «Адметнасць прозы спадарыні Маргарыты — у дзвюх вызначальных рысах. Па-першае, гумар, які выступае адначасова павелічальным шклом, зброяй і абаронай. Смех, які часам даходзіць да гіпербалы і гратэску, дазваляе павялічыць дробныя рысы чалавечай натуры да памераў, неабходных для прэпарацыі. Перабольшваючы, ты даследуеш з’яву, не такую і заўважную ў штодзённасці. Гэты ж смех вынішчае негатыў: пасьмяяўшыся, прыкладам, з чужое сквапнасці, ты ўжо не зможаш усур’ёз абараняць гэту рысу ў самім сабе. … Другая адметнасць прозы Маргарыты Латышкевіч — знарочыстая простасць светаўспрымання». Надалей Грышчук падкрэсліла: «герой спадарыні Маргарыты паводзіцца нелагічна, пацешна, разам з тым — міла і кранальна. … супастаўленне „павінна“ і „ёсць“ у апавядан��ях Маргарыты Латышкевіч адбываецца на двух узроўнях. Першы — вонкавы: персанажы чакаюць ад галоўнага героя адзін крок, а ён выдае зусім іншы. Другі ўзровень больш складаны і, адпаведна, камічны эфект ад яго большы: калі герой хоча зрабіць адно, а робіць зусім іншае, чаго вымагаюць пасада, узрост, гендэр і г. д. Ёсць яшчэ адно несупадзенне поглядаў, якое выклікае і смех, і роздум: гэта вайна светаў дарослага і дзіцячага». Урэшце Грышчук палічыла апавяданне «Зямля» за «самае глыбокае і самае „маштабнае“ тэматычна» ў кнізе і патлумачыла: «Яна распавядае выключна пра дзіцячую гульню. Усё галоўнае — па-за тэкстам. У гэтым палягае прыкмета вялікага таленту, які, маю спадзеў, яшчэ не раз дасць пра сябе ведаць»[48].

7 красавіка 2017 года ў «Літаратуры і мастацтве» Алеся Лапіцкая і Наста Грышчук назвалі паэтычную цыкл Латышкевіч «Па лесвіцы з месяцовых промняў» лепшай публікацыяй у сакавіцкім нумары часопіса «Маладосць». Яны адзначылі, што «верш пра „кніжных дзяцей“… немінуча мусіць увайсці аднойчы ў зборнік вершаў М. Латышкевіч»[49]. 6 чэрвеня 2017 года ў «ЛіМе» Жанна Капуста заўважыла апавяданні Латышкевіч у майскім нумары часопіса «Полымя»: «Змешчаныя ў часопісе творы лёгка падзяляюцца паводле тэматыкі: пра дзяцей, але не зусім для дзяцей („Два літры мора“, „Доктар Ціханава“, „Пачатак восені“) і пра дарослых („Званіў“, „Раман з наёмнікам“). Жанна Капуста згадала, што гэтыя „творы могуць быць выдатнай ілюстрацыяй да артыкулаў па псіхалогіі“»[50]. 31 жніўня 2018 года ў газеце «Беларусь сёння» з’явіўся агляд на кнігу Латышкевіч «Наш дом», у якую ўвайшлі апавяданні і 2 аповесці ў жанры фэнтэзі. У 1-й аповесці эльфы «жывуць у пячорах, у лясным краі пад назвай Курганова Поле». У «Дзікім Гоне» курганны рыцар вартуе межы. У аглядзе таксама згадвалася разуменне Латышкевіч у апавяданнях, што «праблемы дзяцей не менш важныя, чым у дарослых, бо менавіта цяпер акрэсліваецца лёс, даюцца вартасці і заганы». Аглядальнік выказвае: «Уражанне, нібы пад адной вокладкай — тры кнігі»[51]. 20 верасня 2019 года пісьменніца Станіслава Умец у інтэрв’ю «ЛіМу» назвала сярод «цудоўных прыкладаў містычных твораў» у жанры фэнтэзі кнігу Латышкевіч «Наш дом»[52].

У чэрвені 2020 года ў часопісе «Маладосць» Алена Кісель адзначыла пра кнігу Латышкевіч «Там, дзе сэрца»: «Гэты намер — пабачыць у кожным нешта нечаканае, адкрыць новае, напомніць чытачу пра ўнутранае хараство тых, сярод каго жывеш, — вельмі прыкметны ў зборніку». Алена Кісель падкрэсліла: «„Там, дзе сэрца“ сапраўды прыемна чытаць, таму што кніга не толькі выкарыстоўвае патэнцыял беларускай мовы, але і імкнецца пашырыць яе мастацкія магчымасці. Адсутнасць русізмаў, паўната лексікі, пэўныя аўтарскія новатворы — з моўнага боку; класічны строй вершаў з арыгінальнай і прыгожай рыфмоўкай і слушны „разлом“ вершаванага радка, інтанацыйная „лесвічка“ — з боку літаратурнага; нечаканасць і глыбіня сродкаў выразнасці — з абодвух бакоў. Асабліва звяртае на сябе ўвагу жаданне паэткі ажывіць з’явы і прадметы вакол сябе — з дапамогай метафараў, увасабленняў і параўнанняў»[53].

  1. Алеся Лапіцкая. У чым смак яблыкаў // Літаратура і мастацтва. — 25 жніўня 2017. — № 34 (4937). — С. 10.
  2. Маргарыта Латышкевіч. 100 словаў // Маладосць : часопіс. — май 2019. — № 5. — С. 8.
  3. Віншуем // Універсітэт : газета. — 26 лютага 2010. — № 3 (2019). — С. 2.
  4. Маргарыта Латышкевіч. Насустрач вечнасці // Маладосць. — Жнівень 2011. — № 8 (693). — С. 6—7.
  5. Маргарыта Латышкевіч. Уцёкі ад смутку // Маладосць. — Лістапад 2012. — № 11 (708). — С. 5—6.
  6. Людміла Мінкевіч. «Кінг нервова курыць убаку» // Народная газета. — 26 лістапада 2013. — № 6128.
  7. Канферэнцыя «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў» (28-29 лістапада 2013 г.). Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАНБ (28 лістапада 2013). Праверана 3 лютага 2021.
  8. а б Маргарыта Латышкевіч. Люстра сну // Маладосць. — Ліпень 2016. — № 7 (752). — С. 30—33.
  9. «Бярозка» — цяпер і відэачасопіс. УП «Дом прэсы» (3 сакавіка 2020). Праверана 3 лютага 2021.
  10. Маргарыта Латышкевіч. Блог прафесійнага чытача. Нацыянальная бібліятэка Беларусі (27 студзеня 2021). Праверана 3 лютага 2021.
  11. Маргарыта Латышкевіч. Пра аўтара // Вершнікі на дарозе: аповесці / рэд. Яўген Папакуль, граф. Ірына Андрэева. — Мінск: Чатыры чвэрці, 2022. — С. 268—269. — 272 с. — (Фантастыка і фэнтэзі). — 300 экз. — ISBN 978-985-581-526-7.
  12. Мінскае гарадское аддзяленне. Саюз пісьменнікаў Беларусі (7 верасня 2020). Праверана 3 лютага 2021.
  13. Латышкевіч Маргарыта Юр’еўна(недаступная спасылка). Нацыянальная літаратурная прэмія (25 лістапада 2021). Архівавана з першакрыніцы 11 мая 2021. Праверана 3 лютага 2021.
  14. Маргарыта Латышкевіч. З народнай міфалогіі // Маладосць : часопіс. — Сакавік 2007. — № 3 (640). — С. 54—60. — ISSN 0131-2308.
  15. Маргарыта Латышкевіч. Вершы // Маладосць. — Лістапад 2007. — № 11 (648). — С. 95—96.
  16. Юлія Бальшакова. Не менш ураджайная за Болдзінскую // Беларуская ніва : газета. — 4 снежня 2013.
  17. Анатоль Крэйдзіч. Адкрыццё! Ізноў адкрыццё // Адкрыццё-2009. — Брэст: Брэсцкая друкарня, 2010. — С. 3—5. — 30 с. Архівавана 14 чэрвеня 2021.
  18. Маргарыта Латышкевіч. Трымаць руку на пульсе навальніц // Маладосць. — Лістапад 2010. — № 11 (684). — С. 46—48.
  19. Чытаць, каб жыць // Народная газета. — 19 кастрычніка 2011. — № 5614.
  20. а б Маргарыта Латышкевіч. Радыёмаўчанне // Маладосць. — Красавік 2014. — № 4 (725). — С. 71—82.
  21. Маргарыта Латышкевіч. Рэха магутнага пачуцця // Маладосць. — Жнівень 2013. — № 8 (717). — С. 35—66.
  22. Кастусь Ладуцька. Жаданне агледзець увесь свет // Голас Радзімы : газета. — 26 верасня 2013. — № 3349.
  23. Наталля Сцяпура. Літаратурны мост будуе моладзь // Рэспубліка : газета. — 23 кастрычніка 2013. — № 5860. — ISSN 1991-5322.
  24. Узнагароджаныя лепшыя майстры кароткага апавядання. Газета «Звязда» (25 кастрычніка 2013). Праверана 3 лютага 2021.
  25. Янка Натавец. Прадпрымальнікі — за паэзію // Літаратура і мастацтва : газета. — 25 красавіка 2014. — № 17 (4766). — С. 3. — ISSN 0024-4686.
  26. Маргарыта Латышкевіч. Апавяданні // Полымя : часопіс. — Ліпень 2016. — № 7 (1041). — С. 106—118. — ISSN 0130-8068.
  27. Увага! Конкурс працягваецца // Жырандоля. — 18 лютага 2017. — № 6 (353).
  28. Маргарыта Латышкевіч. Апавяданні // Полымя : часопіс. — май 2017. — № 5 (1051). — С. 75—89.
  29. Вольга Багачова. Пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2016 года ўшаноўвалі ў Полацку. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (4 верасня 2017). Праверана 3 лютага 2021.
  30. Маргарыта Латышкевіч. Пад трыста кіль уражанняў // Полымя. — Кастрычнік 2017. — № 10 (1056). — С. 88—92.
  31. Сяргей Паўлаў. Люстэрка часу // Літаратура і мастацтва. — 23 лютага 2017. — № 8 (4963). — С. 2.
  32. Алесь Карлюкевіч. Алесь Бачыла: вершы на сербскай мове(недаступная спасылка). Партал «Сугучча» (28 мая 2018). Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2021. Праверана 3 лютага 2021.
  33. Кірыл Мяцеліца. Навучыцца новаму: агляд свежай «Маладосці». Газета «Звязда» (30 мая 2018). Праверана 3 лютага 2021.
  34. Дар’я Смірнова. Вядомыя і невядомыя літаратары пра тое, чаму Мінск — назаўжды // Літаратура і мастацтва. — 13 ліпеня 2018. — № 27 (4982). — С. 10.
  35. Жанна Капуста. На скрыжаванні Свіслачы і Нямігі // Літаратура і мастацтва. — 10 жніўня 2018. — № 31 (4986). — С. 6.
  36. Алена Сіняковіч. «Лепей апрануць штонікі навырост»: як знайсці ў сабе пісьменніка. Партал «Тынейдж» (11 ліпеня 2018). Праверана 3 лютага 2021.
  37. В. Ляўчук. Юбілейная імпрэза Маргарыты Латышкевіч. Саюз пісьменнікаў Беларусі (28 студзеня 2019). Праверана 3 лютага 2021.
  38. Алег Грушэцкі. Цікавосткі на XXVI Міжнароднай кніжнай выставе. Газета «Новы час» (5 лютага 2019). Праверана 3 лютага 2021.
  39. Навум Гальпяровіч. Суразмоўцы. Маргарыта Латышкевіч. Тэлеканал «Беларусь 3» (16 сакавіка 2019). Праверана 3 лютага 2021.
  40. Увага! Конкурс! Слаўная кампанія: рэанімацыя. Газета «Звязда» (22 красавіка 2019). Праверана 3 лютага 2021.
  41. Конкурс апавяданняў «Звязды»: падводзім вынікі // Звязда : газета. — 12 верасня 2019. — № 173 (29040). — С. 1, 13. — ISSN 1990-763x.
  42. Маргарыта Латышкевіч. Першая песня (заканчэнне) // Бярозка : часопіс. — Кастрычнік 2020. — С. 21—30. — ISSN 0320-7579.
  43. Беларускі фальклор і «Век людзей». Нацыянальная бібліятэка Беларусі (13 жніўня 2020). Праверана 3 лютага 2021.
  44. Ганна Варонка. «Люблю марыць, а часам і падурэць» // Чырвоная змена. — Кастрычнік 2020. — № 17 (15894). — С. 1, 4.
  45. Ларыса Цімошык. Эпатажныя паэткі, «віртуальныя» пісьменнікі // Звязда : газета. — 15 кастрычніка 2011. Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2016.
  46. Ірына Шаўлякова. Фантастыка як суровая рэальнасць // Маладосць. — май 2014. — № 5 (726). — С. 108—116. Архівавана з першакрыніцы 13 чэрвеня 2021.
  47. Наста Грышчук. Што згубілася між радкоў // Літаратура і мастацтва : газета. — 6 студзеня 2017. — № 1 (4904). — С. 6. — ISSN 0024-4686.
  48. Наста Грышчук. Неразменныя піястры // Літаратура і мастацтва. — 20 студзеня 2017. — № 3 (4906). — С. 7.
  49. Алеся Лапіцкая, Наста Грышчук. 77 магчымасцей знаёмства // Літаратура і мастацтва. — 7 красавіка 2017. — № 14 (4917). — С. 6.
  50. Жанна Капуста. Чакацьмем ураджаю // Літаратура і мастацтва. — 9 чэрвеня 2017. — № 23 (4926). — С. 6.
  51. Курганы і пялёсткі // Беларусь сёння : газета. — 31 жніўня 2018. — № 25554. — ISSN 1991-2978.
  52. Дар’я Смірнова. «Героі самі вядуць мяне» // Літаратура і мастацтва. — 20 верасня 2019. — № 37 (5043). — С. 4.
  53. Алена Кісель. Кніга-шматпавярхоўка // Маладосць. — Чэрвень 2020. — № 6. — С. 98—99. — ISSN 1991-2978.