Лямус брыгіцкага кляштара (Гродна)
Славутасць | |
Лямус брыгіцкага кляштара | |
---|---|
53°40′34″ пн. ш. 23°50′11″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Гродна |
Тып будынка | лямус |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата заснавання | 1630-я |
Дата пабудовы | 1769 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000017 |
Матэрыял | дрэва |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Лямус брыгіцкага кляштара — двухпавярховы драўляны будынак другой паловы XVIII ст. у Гродне. Помнік драўлянага, а таксама гаспадарчага і жыллёвага дойлідства.
Лямус брыгіцкага кляштара з'яўляецца самай старой драўлянай пабудовай на тэрыторыі Беларусі[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Доўгі час лічылася, што лямус пабудаваны ў стылі ранняга барока ў 1630-я гады[2]. Аднак гісторык Мечыслаў Супрон сцвярджае, што гэта памылка, якая замацавалася ў гістарыяграфіі ў міжваенны час: імаверна, даследчыкі атаесамлялі час пабудовы лямуса з часам заснавання брыгіцкага манастыра[3]. Верагодна, будынак паўстаў паміж 1753 і 1780 годам[4]. На планах Гродна ўпершыню будынак у гэтым месцы з'яўляецца ў 1780 годзе, а на ранейшым плане 1753 яго няма. Паводле інфармацыйнай таблічкі, якую змясціла на будынку Гродзенская дыяцэзія, лямус быў пабудаваны ў 1769 годзе, а архітэктарам выступіў Іаган Георг Мёзер[5], вядомы супрацоўніцтвам з Антоніем Тызенгаўзам.
Паводле меркавання даследчыка В. І. Кудрашова, двухпавярховы лямус будаваўся спачатку як жылы дом для манашак, але гісторык архітэктуры У. А. Чантурыя лічыць, што ў якасці жылога выкарыстоўваўся толькі другі паверх, першы выкарыстоўвалі як сховішча. Пасля таго, як быў пабудаваны мураваны корпус кляштара, другі паверх лямуса заняла абслуга[6].
Да пачатку XX ст. лямус выкарыстоўвалі манашкі брыгіткі, пасля чаго ў таямніцы ад царскіх уладаў касцёльныя ерархі перадалі кляштар ордэну назарэтанак[7]. Кляштар належаў ордэну да 1950 года[8]. У 1965 годзе ў нацыяналізаваны комплекс кляштара, які пасля Другой сусветнай вайны пэўны час займала абласная бальніца, пераехаў Гродзенскі абласны псіханеўралагічны дыспансер[9]. У лямусе пачала размяшчацца адміністрацыйна-гаспадарчая служба псіхіятрычнага шпіталя[10].
У 2002 годзе псіхіятрычны шпіталь пераехаў у новы будынак. У 2003 годзе кляштар, а разам з ім і лямус, вярнуліся ва ўласнасць Каталіцкага касцёла. У 2016—2020 гг. прайшла рэстаўрацыя лямуса з удзелам спецыялістаў з Польшчы і дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы[11]. Былі адрамантаваныя падмуркі, замененыя аварыйныя, прагніўшыя і спарахнелыя дэталі[12], заменены дах[13]. З 2019 года лямус адкрыты для наведвання турыстамі[14]. Планавалася, што ў лямусе размесціца музей Гродзенскай дыяцэзіі, але паводле звестак на кастрычнік 2023 года, ідзе падрыхтоўка да адкрыцця экспазіцыі, прысвечанай старадаўняму побыту. Экспанаты для яе збіралі ў час экспедыцый па вёсках[5].
Адначасова ідзе рэстаўрацыя мураванай часткі кляшторнага комплекса пад турыстычна-пілігрымкавы цэнтр і іншыя патрэбы Гродзенскай дыяцэзіі.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Лямус размешчаны ў двары касцёла і кляштара брыгітак і ўяўляе двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з высокім вальмавым гонтавым дахам (магчыма, першапачаткова дах быў чарапічны). Пабудаваны на бутавым падмурку з масіўнага бруса без адзінага цвіка, з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку. Усе канструктыўныя элементы звязаны ўсечкамі і драўлянымі клінамі.
Галоўны паўночны фасад аформлены двух'яруснай арачнай галерэяй (падсенцамі) з балюстрадай на другім паверсе. Ніжняя плоскасць падкосаў і балак над імі ўтвараюць суцэльныя паўкруглыя праёмы, якія імітуюць аркаду. Усе канструкцыйныя элементы звязаны ўрубкамі і драўлянымі клінамі. Лямус выкарыстоўваўся пад жыллё і гаспадарчыя патрэбы: першы паверх служыў складскім памяшканнем, другі быў жылым. Пазней планіроўка была зменена[15].
Паводле польскіх даследчыкаў Ежы Шалыгіна і Мацея Вархола, пачаткова лямус быў выключна гаспадарчым будынкам. Яго адаптавалі для жылых патрэбаў толькі пасля вялікага пажару Гродна 1885 года. Тады памяшканні ўнутры набылі сённяшнюю планіроўку, у сценах былі выразаныя дадатковыя вокны, на другім паверсе пасяліўся святар, а на першым — кляшторная служба. Лямус вярнуўся да перадусім гаспадарчага выкарыстання ў міжваенны час[11].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Монастырю бригиток в Гродне 377 лет(недаступная спасылка)
- ↑ Паводле меркавання польскіх даследчыкаў, лямус, як і большая частка горада, быў знішчаны пажарам у 1753 годзе
- ↑ Мечыслаў Супрон. У якім годзе быў пабудаваны драўляны лямус брыгіцкага кляштара? . supron-licvin.livejournal.com. Праверана 28 кастрычніка 2023.
- ↑ Л- Лямус. 5 фактаў пра будынак, які не кожны гродзенец здолее адшукаць . Hrodna.life (28 кастрычніка 2023). Праверана 28 кастрычніка 2023.
- ↑ а б HL. У гродзенскім драўляным лямусе да канца года хочуць адкрыць музей. Што ў ім будзе? . Hrodna.life (26 кастрычніка 2023). Праверана 28 кастрычніка 2023.
- ↑ Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ Марыя Гажыч: мастачка, якая памяняла выставы ў Сан-Францыска на кляштар у Гродне . Hrodna.life (10 студзеня 2020). Праверана 28 кастрычніка 2023.
- ↑ Lamus klasztoru pobrygidzkiego doczekał się renowacji . slowo.grodnensis.by. Праверана 28 кастрычніка 2023.
- ↑ Актуальные вопросы диагностики, терапии и реабилитации психических и поведенческих расстройств. Материалы международной конференции, посвященной 50-летию кафедры психиатрии и наркологии / Ред. кол. В.А.Снежицкий, В.В.Воробьев, В.В.Зинчук; отв. ред. В.А.Карпюк. — Гродно: ГрГМУ, 2017. — С. 63. — 328 с.
- ↑ История УЗ "ГОКЦ "Психиатрия - наркология" . Психиатрия- наркология. Праверана 28 кастрычніка 2023.
- ↑ а б Renowacja drewnianego lamusa w dawnym klasztorze brygidek w Grodnie (польск.). dzieje.pl. Праверана 28 кастрычніка 2023.
- ↑ Захаваць тое, што існуе(нявызн.). Гродзенская дыяцэзія. Праверана 28 кастрычніка 2023.
- ↑ В Гродно завершен третий этап реставрации одного из старейших деревянных зданий (руск.) . www.belta.by (19 лістапада 2018). Праверана 28 кастрычніка 2023.
- ↑ Для экскурсій адкрылі лямус у Гродне - самы стары драўляны будынак Беларусі . Hrodna.life (28 кастрычніка 2023). Праверана 28 кастрычніка 2023.
- ↑ Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с. — ([12] л. ил.: ил).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лямус брыгіцкага кляштара (Гродна)
- Лямус брыгіцкага кляштара (Гродна) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Лямус брыгіцкага кляштара (Гродна) на сайце «Архіварта»