Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Міхалішкі)
Славутасць | |
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла | |
---|---|
| |
54°48′51″ пн. ш. 26°09′52″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | каталіцтва |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | сармацкае барока |
Архітэктар | Крыштаф Пенс[d] |
Дата пабудовы | XVII стагоддзе |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000051 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Міхалішках — помнік сармацкага барока Вялікага Княства Літоўскага. Над ім працавалі запрошаныя для гэтага архітэктар Крыштаф Пэнс і скульптар П’етра Перці.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл узведзены ў 1653 г. паводле праекта віленскага архітэктара-бельгійца Крыштафа Пенса на месцы папярэдняга драўлянага храма. Будаўніцтва вялося на замову Цыпрыяна Паўла Бжастоўскага.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл двухвежавы, аднанефавы. Да прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёму з паўночнага ўсходу прымыкае пяцігранная апсіда з дзвюма невысокімі сакрысціямі. Асноўны аб’ём накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай. Галоўны фасад падзелены на два ярусы простым карнізам, завершаны чацверыкамі вежаў з чатырохсхільнымі шатровымі дахамі і атыкавым франтонам паміж імі. Нязначны перапад вышынь зальнай часткі, апсіды і вежаў стварае ступеньчатасць сілуэта будынка. Пры ўваходзе невысокі паўкруглыаб’ём накрыты конусападобным дахам. Сцены прарэзаны вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі і раскрапаваны філянговымі нішамі.
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]У інтэр’еры асноўны аб’ём мае цыліндрычнае перакрыцце з распалубкамі на папружных арках, якія пераходзяць у магутныя пілястры. Алтарная частка з паўцыркульнымі арачнымі праёмамі. Пад хорамі размешчаны два ўваходы ў ніжнія ярусы вежаў, дзе знаходзяцца капліцы. Сцены паўкруглага аб’ёму члянёны шасцю паўцыркульнымі нішамі для скульптур. У аздабленні касцёла ў 1684—1700 гг. прымала ўдзел група замежных дэкаратараў у складзе Джаванні Марыя Галі, Андрэа Капонэ, сына архітэктара Яна Пенса пад кіраўніцтвам прыдворнага мастака Яна Казіміра Сапегі — П’етра Перці з удзелам мясцовага майстра Мікалая Жылевіча[1]. У дэкаратыўным убранні, сканцэнтраваным на паверхні сцен цэнтральнага аб’ёму, дамінуюць бела-блакітныя стукавыя барэльефы з выявамі святых і пышны раслінны арнамент, які аб’ядноўвае ўвесь дэкор у адзінае пластычнае цэлае.
Алтар
[правіць | правіць зыходнік]Асаблівым багаццем вылучаецца аздоба двух’яруснага галоўнага алтара з вітымі калонкамі. Па карнізе першага трохчасткавага яруса фігуры ўкленчаных епіскапаў, у цэнтры фігуры двух анёлаў. У навершы алтара рэльеф «Новазапаветная Тройца». Галоўны алтар, як і восем іншых, абрамлены акантам, з завіткоў якога нібы вырастаюць галовы дракона, сірэн і іншых фантастычных істот. На шырокіх сценавых пілонах гарэльефы 12 апосталаў. Пастаўленыя на квадратныя кансолі з маскаронамі розных тыпаў і памераў, яны амаль поўнасцю аддзелены ад сцен і ствараюць эфект руху. У прасценках паміж пілонамі знаходзяцца стукавыя алтары ў пышных барочных абрамленнях. Два бакавыя алтары з вітымі калонкамі і пілястрамі, якія падтрымліваюць папружную арку. У ляпных рамах алтарныя карціны: «Святая Сям’я» ў сярэбраным з пазалотай абкладзе пачатку XVIII ст., «Маці Божая Ружанцавая» (пачатак XIX ст.). Побач з карцінамі сюжэтныя барэльефы. Амбон, упрыгожаны пазалочаным раслінным арнаментам, падтрымліваецца ўнізе разным арлом, які трымае ў кіпцюрах картуш з гербам Бжастоўскіх. Балдахін драўляны, разны, у выглядзе кароны.
Агароджа
[правіць | правіць зыходнік]Каваная жалезная агароджа ў капліцах Св. Іосіфа (XVIII ст.) і Хрыста (XIX ст.).
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Міхалішкі)
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Міхалішкі) на Radzima.org
- Міхалішкі — парафія Св. Міхаіла Арханёла на Catholic.by
- Касцёл у Міхалішках — цуд італьянскіх майстроў(недаступная спасылка)