Перайсці да зместу

Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК) — беларуская нацыянальная арганізацыя на эміграцыі. Створана 16 студзеня 1966 г. у Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Беларуская самапомач (г. Атава). З 1971 г. да ККБК далучыліся Саюз беларускай моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней Згуртаванне беларусаў Квебека, Беларускі клуб у Брытанскай Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В. Жук-Грышкевіч (1966—1969), Я. Пітушка (1969—1970), Б. Рагуля (1970—1989), з 1989 — Р. Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы камітэт. Асноўныя кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці беларускіх арганізацый у Канадзе, знешняе нацыянальнае прадстаўніцтва ў канадскіх дзяржаўных і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей краіны, культурна-асветніцкая праца, дапамога новым беларускім эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і іншае. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіцыйна адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сакавіка), з 1979 г. беларусы вылучаны самастойнай этнічнай групай, а беларускую мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 заснаваны Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 г. пры ККБК заснаваны выдавецкі фонд. Які пры падтрымцы Фонду беларускіх падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В. Пашкевіч «Беларуская мо��а» (том 1 — 2, 1974—1978). ККБК аказаў фінансавую дапамогу пры выданні кнігі «Курапаты» (Нью-Ёрк, 1993).