Перайсці да зместу

Беларускі нацыянальны камітэт (Рэгенсбург)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) у Рэгенсбургу — грамадская арганізацыя ў Германіі ў 19451950, якая займалася культурна-асветнай, дабрачыннай дзейнасцю сярод беларускіх эмігрантаў.

Створаны ў жніўні 1945 у амерыканскай акупацыйнай зоне для прадстаўніцтва беларускай пасляваеннай эміграцыі. У снежні 1945 БНК дамогся спынення прымусовай рэпатрыяцыі беларусаў і правоў на арганізацыю беларускіх нацыянальных лагераў для перамешчаных асоб (былі створаны ў Рэгенсбургу, Міхельсдорфе, Розенгайме, Остэргофене, Ватэнштэце, Мітэнвальдзе і інш.). БНК супрацоўнічаў з амерыканскімі акупацыйнымі ўладамі, Камітэтам Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні (ЮНРРА), з іншымі нацыянальнымі камітэтамі па аказанні дабрачыннай дапамогі былым вязням, інвалідам, сіротам.

15 жніўня 1945 у офісе БНК прайшоў сход палітычнага актыву, у якім удзельнічала 12 чал. На сход прыехаў прэзідэнт БЦР Радаслаў Астроўскі з раднмі Барысам Рагулем і Сцяпанам Стаскевічам. Сход вёў Аўген Калубовіч-Каханоўскі, які ахарактарызаваў перад прысутнымі палітычную сітуацыю.

Па ініцыятыве БНК у верасні 1945 у беларускіх лагерах былі адчынены 2 школы, у снежні 1945 — першая беларуская гімназія на чужыне (Беларуская гімназія імя Янкі Купалы). Дзейнасць БНК спынена ў выніку масавага ад’езду з Германіі беларускіх эмігрантаў.

  • Папоўская Т. Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) у Рэгенсбургу // БелЭн у 18 т. Т. 2. — Мн., 1996.