Ракаўскае прадмесце
Ра́каўскае прадме́сце — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ўздоўж старадаўняга Ракаўскага шляху. Тут месцілася ўніяцкая царква, кармеліцкі кляштар з касцёлам Святой Марыі Магдалены, Петрапаўлаўскі манастыр, ад якога захавалася Петрапаўлаўская царква. У часы нацысцкай акупацыі частка раёна ўваходзіла ў склад Мінскага гета.
На захадзе ад Ракаўскага прадмесця месціцца Раманаўская Слабада, на поўначы — Татарская Слабада (Пятніцкае прадмесце), на ўсходзе — Замчышча, на поўдні — цэнтральны Нізкі Рынак[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ракаўскае прадмесце — адзін з найстарэйшых раёнаў Мінска, які пачаў засяляцца ў XI ст. як гандлёва-рамесніцкі пасад старажытнага горада Полацкага княства. Паводле сведчанняў беларускага падарожніка і краязнаўцы Паўла Шпілеўскага, яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. менчукі адносілі Ракаўскае прадмесце разам з Нізкім Рынкам, Траецкай гарой і Пятніцкім (Татарскім) канцом да менскага Старога Горада.[2]
У пачатку XX ст. Ракаўскае прадмесце ўваходзіла ў другую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзілі Ракаўская, Нямігская (цяпер вул. Няміга), Нямігска-Ракаўская (Віцебская), Уваскрасенская (Вызвалення).[3]
У 1968—1973 гадах савецкія ўлады знеслі большую і найбольш каштоўную частку гістарычнай забудовы былога прадмесця ў сувязі з рэканструкцыяй Нямігі. Захаваліся некаторыя камяніцы, што не прымыкалі непасрэдна да вуліцы Нямігі.
У цяперашні час пра існаванне прадмесця сведчыць Ракаўская вуліца. Мінскія ўлады распрацавалі дзяржаўную праграму па рэстаўрацыі старой забудовы, частка яе ўжо рэалізаваная.
Археалагічныя раскопкі
[правіць | правіць зыходнік]Археолагі выявілі старажытнае прадмесце на тэрыторыі паміж вуліцамі Ракаўскай, Нямігай, Віцебскай і Вызвалення. Пласт шэрага і цёмнашэрага колеру, насычаны рэшткамі драўлянай забудовы XVI—XIX стст. і прадметамі матэрыяльнай культуры, даследаваў у 1976, 1979, 1980 гадах Валянцін Собаль. Найвялікшая таўшчыня пласта ўздоўж вуліцы Няміга дасягала каля 4,5 м, паступова яна памяншаецца каля вуліцы Раманаўская Слабада да 1—1,5 м. У раёне вуліц Віцебскай, Ракаўскай і Вызвалення таўшчыня пласта складае 0,5—2 м.
Тэрыторыя Ракаўскага прадмесця, паводле археалагічн��х даследаванняў, была заселеная ў XV ст. Знойдзеныя ганчарны горан і каробчатая кафля канца XVI ст., упрыгожаная раслінавымі і геаметрычнымі ўзорамі, кавалкі гліняных прэсформаў, пры дапамозе якіх выціскалі ўзор на вонкавай пласціне кафлі. Сярод знаходак — побытавая кераміка XV—XVIII стст. Большая частка вырабаў пакрытая палівай зялёнага або карычневага колераў. Трапляюцца чорнаглянцаваныя міскі, талеркі, збаны, а таксама посуд, упрыгожаны ангобным роспісам пад празрыстую зялёную паліву. Знойдзеныя абутак, жалезныя прылады, шкляны посуд, манеты Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі[4].
Старыя адрасы
[правіць | правіць зыходнік]- Рог Нямігі і Ракаўскай. Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла (Жоўтая). Будавалася ў 1611—1613 гадах. У 1795 годзе Кацярына II загадала перайменаваць царкву ў Кацярынінскую. У 1870-я праводзілася рэканструкцыя яе на мэце падагнаць вонкавы выгляд храма ў адпаведнасць з тагачаснымі расійскімі канонамі. Пасля рэстаўрацыі (1972—1979) будынак займалі Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Архіў-музей літаратуры і мастацтва рэспублікі (Ракаўская, 4). Ад 1992 года храм дзейнічае як царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату.
- Нямігская, 9, дом Шабада. Прадстаўніцтва акцыянернага таварыства мальцаўскіх машынабудаўнічых заводаў у Літве-Беларусі. Будынак стаяў на левым баку сучаснай вуліцы Нямігі, прыблізна паміж пачаткам праспекта Пераможцаў і канцом вуліцы Камсамольскай.
- Нямігская, 14, дом Давідзон. Тытунёвая фабрыка купчыхі Р. М. Цукерман-Давідзон. Пабудаваная ў 1883 годзе. Выпускала махорку, нюхальны тытунь. Частка вырабаў прадавалася ва ўласнай крамцы. У 1913 годзе на прадпрыемстве працавалі дынама-машына і газавы рухавік. Размяшчалася прадпрыемства ў раёне Нямігі, паміж сучаснымі праспектам Пераможцаў і вуліцай Раманаўская Слабада.
- Рог Нямігскай, 26, і Новараманаўскай. Начлежны прытулак для бедных прыезжых яўрэяў. Будынак стаяў на рагу сучасных вуліц Нямігі і Рэвалюцыйнай.
- Рог Ракаўскай і Няміга-Ракаўскай, дом Дам’е. Шпалерная фабрыка І. С. Шыфрановіча. Саўладальнік — Ліфшыц. Заснаваная ў 1892 годзе. У 1898 годзе з’явіўся паравы кацёл (дагэтуль вытворчасць была цалкам ручной). У 1906 годзе з’явіліся паравая машына (45 конскіх сіл) і дынама-машына. У 1912 годзе паміж кампаньёнамі пачаліся грашовыя рознагалоссі, і фабрыка спачатку трапіла ў рукі да Сыркінай, а праз год — да Гельфанда. Цяпер у гэтым будынку размешчаны хлебазавод № 1 (Ракаўская, 25).
- Ракаўская, 8, дом Рубінштэйна. Другая мужчынскае аднакласнае прыходскае вучылішча. У 1901—1906 гадах пры ім працавала мужчынская нядзельная школа, арганізаваная К. Ізмайловіч. Будынак захаваўся (Ракаўская, 14).
- Ракаўская, 13, дом Чэрчыса. У 1905—1906 у глядзельнай зале будынка адбываліся рэвалюцыйныя сходы. Будынак захаваўся (Ракаўская, 17).
- Ракаўская, 26, дом Поляка. Шпалерная фабрыка А. С. Эпштэйна. Пачала дзейнічаць у 1898 годзе. У крызісным 1901 годзе гаспадар спыніў выплаты ўласных пазыковых абавязацельстваў, але, дзякуючы нечай падтрымцы, здолеў выйсці з цяжкага становішча. Тады на прадпрыемстве дзейнічаў газавы рухавік. У 1909 годзе Эпштэйн разам з сынам стварылі суполку і ўзвялі на Вялікай Татарскай вуліцы новы корпус для другой фабрыкі. Закупілі спецыяльнае вытворчае абсталяванне і паравую машыну. Але ў 1911 годзе на новай фабрыцы здарыўся пажар, пасля чаго яна закрылася. У 1912 годзе ў старым будынку надбудавалі другі паверх, перанеслі туды частку ўцалелага пасля пажару абсталявання. У савецкі перыяд на базе шпалерні Эпштэйна ўзнікла шпалерная фабрыка імя В. Вароўскага (1924). Старыя будынкі захаваліся (Ракаўская, 28—30). У тым жа будынку ад 1910 года знаходзілася і абутковая фабрыка «Праца» Г. I. Гольдберга, Ф. Я. Бенцмана, Л. Н. Гурвіча. У 1913 годзе на ёй быў электрарухавік магутнасцю 40 конскіх сіл. У красавіку 1905 года прайшоў забастоўка.
- Уваскрасенская. Талмуд-Тора (рэлігійная школа па вывучэнні законаў іудзейскай веры і асноў яўрэйскй граматы). Размяшчалася ў некалькіх двухпавярховых камяніцах, мела сад і ўласны адасоблены двор. Захаванасць будынкаў не вызначаная[5].
Вуліцы і плошчы
[правіць | правіць зыходнік]Цяперашняя назва | Першапачатковая назва | Былыя назвы |
Віцебская вуліца | Наваракаўская вуліца Няміга-Ракаўская вуліца Нямігскі завулак |
|
Вызвалення вуліца | Уваскрасенская вуліца
Татарская вуліца |
|
Кальварыйская вуліца | Кальварыйская вуліца
Кальварыйска-Ракаўская вуліца |
|
Максіма Танка вуліца | Новая вуліца Навакрасная вуліца |
Танкавая вуліца (1928—1998) |
Мельнікайтэ вуліца | Высокая вуліца Глухоўская вуліца (частка) Людамонцкі завулак (частка) Глухая вуліца Татарская Глухая вуліца |
|
Няміга вуліца | Нямігская вуліца
Няміга-Школьная вуліца (частка) |
Кацярынінская вуліца (частка, 1866—1926) Кастуся Каліноўскага вуліца (частка, 1926—1940-я) |
Ракаўская вуліца | Ракаўская вуліца
Юраўская вуліца (частка) |
Астроўскага вуліца (1937—1993) |
Шпалерная вуліца | Уваскрасенская вуліца
Уваскрасенскі завулак |
Вызвалення вуліца |
Юбілейная плошча | Юбілейная плошча | Плошча 25 Кастрычніка |
Юрава-Завальная вуліца | Юрава-Завальная вуліца Завальная вуліца Хлебная вуліца |
|
Не існуе | Нямігска-Ракаўская вуліца[3][6] |
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Царква па маскоўскай перабудове з боку прадмесця, 1900 г.
-
Няміга і Высокі Рынак з боку прадмесця, 1903 г.
-
Шпалерная фабрыка Кантаровіча, да 1918 г.
-
Ракаўская вуліца, 1918 г.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
- ↑ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому края. Мн., 1992. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 459
- ↑ а б Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
- ↑ В. Е. Собаль. Ракаўскае прадмесце // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 552
- ↑ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с.
- ↑ Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы // «Минск старый и новый»
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. Архівавана 24 жніўня 2011. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Т. А. Карповiч. Культурнае жыццё Мінска I паловы XIX стагоддзя. Мінск, "Рыфтур", 2007. — 64 c. ISBN 978-985-6700-57-9
- Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы // «Минск старый и новый» Архівавана 26 студзеня 2009.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ракаўскае прадмесце
- Прагулка па Ракаўскім прадмесці (руск.)
- Ракаўская вуліца Архівавана 20 лістапада 2008. (руск.)