Ракаўская вуліца (Мінск)
Вуліца Ра́каўская (у 1937—1993 гадах — вуліца Астроўскага) — вуліца ў Ракаўскім прадмесці ў Цэнтральным раёне горада Мінска. Вуліца пачынаецца ад вуліцы Няміга і заканчваецца Юбілейнай плошчай, ляжыць паміж праспектам Пераможцаў і вуліцай Раманаўская Слабада. Нумарацыя дамоў вядзецца ад вул. Нямігі.
Вуліца Ракаўская Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён | Цэнтральны раён |
Гістарычны раён | Ракаўскае прадмесце |
Працягласць | 0,6 км |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
2 Фрунзенская (80 м), 2 Няміга (250 м) 3 Юбілейная плошча |
Ранейшыя назвы | Астроўскага |
Назва ў гонар | Ракаў |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ XVII стагоддзі, частка зямельных участкаў Ракаўскага прадмесця перайшла ва ўладанне Свята-Петрапаўлаўскага праваслаўнага манастыра. На вуліцы з часам пачалі з'яўляцца каменныя і драўляна-мураваныя будынкі. Галоўным чынам, гэта былі так званыя даходныя дамы, якія знаходзіліся ва ўласнасці буйных домаўладальнікаў і царквы[1].
Вуліца Ракаўская пазначана на захаваным «Плане губернскага горада Мінска 1793 года». Па тых часах яна была даволі працяглай; Яна адыходзіла ад Нямігскай вуліцы з паўночнага захаду і ўлівалася ў былы Ракаўскі тракт (сучасная вул. Харкаўская), які злучаў Мінск з мястэчкам Ракаў. Ніжні ўчастак Ракаўскай нейкі час называўся Юр'еўскай вуліцай, але ўжо да канца XIX стагоддзі апошняя знікае з карты горада. Паводле паліцэйскай справаздачы 1893 года, яе працягласць на той час складала 320 сажаняў (672 метра), а шырыня вагалася ад 3 (6,3 метра) да 4,7 сажаняў (9,9 метра). Ракаўская мела маставую і ў цёмны час сутак асвятлялася ліхтарамі[1].
З канца XIX стагоддзя Ракаўская ператвараецца ў фабрычна-завадскую вуліцу. У 1896 годзе тут адкрылася шпалерная фабрыка Шыфмановіча. Яна размясцілася ў доме Дам'е на рагу Ракаўскай і Няміга-Ракаўскай вуліц (сёння будынак належыць хлебазаводу № 1). У 1912 годзе на фабрыцы працавалі 29 рабочых, ужываліся паравая і дынама-машыны. Праз два гады пасля адкрыцця гэтага прадпрыемства купец Абрам Эпштэйн атрымлівае дазвол гарадскіх улад на размяшчэнне шпалернай фабрыкі ў доме Поляка на вуліцы Ракаўскай (будынак на гэтай вуліцы пад № 30 захаваўся і да гэтага часу). Прадпрыемства было абсталявана чатырма друкарнымі машынамі і вырабляла ў суткі каля 4 тысяч кавалкаў шпалер. У 1909 годзе на фабрыцы Эпштэйна здарыўся пажар. Тады ж гаспадар атрымаў дазвол на ўзвядзенне новага будынка, які быў пабудаваны непадалёк ад Ракаўскай у 1910 годзе. У пачатку ХХ стагоддзі на Ракаўскай адна за другой з'яўляюцца абутковыя фабрыкі. Першая з іх — «Труд» Гольдберга, Бенцмана і Гурвіча — адкрылася ў 1910 годзе пад адным дахам са шпалерным прадпрыемствам Эпштэйна. Паводле справаздач 1913 года, тут было выраблена 15 тысяч пар абутку. Прадпрыемства «Скараход» пачало працаваць у 1912 годзе ў будынку, які захаваўся да нашага часу (дом № 18). Праз год на фабрыцы, запушчанай Маскоўскім акцыянерным таварыствам скуры і механічнага абутку «Шэўрахром», працавалі 35 рабочых. У 1914 годзе, калі пачалася Першая сусветная вайна, прадпрыемства шыла боты для дзеючай арміі. У гэты перыяд у вытворчасці былі заняты ўжо 79 чалавек[1].
У 1937 г. названа ў гонар рускага савецкага пісьменніка М. А. Астроўскага, які памёр за год да гэтага.
У 1973 годзе пры рэканструкцыі Нямігі была знішчана забудова ў пачатку вуліцы[1].
Характэрныя будынкі і збудаванні
правіцьЗабудова вул. Ракаўскай з'яўляецца кампазіцыйнай воссю Ракаўскага прадмесця. Забудова складаецца з трох асноўных комплексаў, якія створаны ў 19—пачатку 20 ст. Першы ўключае дамы № 12-20/45, другі — дамы № 15-19, трэці — дамы № 24—32. Архітэктура асобных будынкаў мае эклектычны характар. Разам яны ўтвараюць цікавы куток старога Мінскa[2].
Па няцотным баку
правіцьДамы № 15—19 утвараюць адзіны фронт забудовы[2].
- № 15 — двухпавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак, пабудаваны ў сярэдзіне 19 ст. Мае невялікі рызаліт і накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад падзелены па гарызанталі карнізам. Аконныя праёмы прамавугольнай формы, на другім паверсе дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. У цэнтральнай частцы дваровага фасада на другім паверсе маленькі балкон[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 17 — Дом Чэрчыса[1] — пабудаваны ў 18 ст. з цэглы. У пачатку 20 ст. прыстасаваны пад танцавальную залу, потым — кінатэатр[2]. Падчас першай рускай рэвалюцыі 1905—1906 гг. у глядзельнай зале праходзілі зборы рэвалюцыянераў[1]. Двухпавярховы cіметрычны прамавугольны ў плане будынак. Цэнтрам кампазіцыі галоўнага фасада з'яўляецца неглыбокі рызаліт, расчлянёны плоскімі лапаткамі, паміж якімі выцягнутыя высокія паўцыркульныя вокны на 2 паверхі з замковым каменем. Над карнізам рызаліта атыкавая сценка, у якой прарэзаны невялікія прамавугольныя аконныя праёмы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 19 — двухпавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. Накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад расчлянёны па гарызанталі шматслаёвым карнізам. Аконныя праёмы лучковыя, дэкарыраваны лучковымі на першым і прамымі на другім паверхах сандрыкамі[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 19а — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 23 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 25 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
Па цотным баку
правіцьАд Нямігі да вул. Вызвалення
правіць- № 2а — мураваны царкоўны дом, пабудаваны ў 1892—1897 гг[3]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 4 — Петрапаўлаўская царква, пабудаваная ў 1613 годзе, з фрагментам агароджы, якая была ўзведзена, верагодна, пад час капітальнай перабудовы царквы. Помнік архітэктуры барока[3]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000219
- Будаўніцтва мураванай царквы і мужчынскага манастыра было распачата праваслаўным брацтвам у 1611—1612 гг. з дазволу польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ. Пляц для будаўніцтва быў дараваны 23 лістапада 1611 г. княгіняй Аўдоццяй Рыгораўнай Друцкай-Горскай, удавой каралеўскага маршалка Багдана Статкевіча. У 1619 г. тэрыторыя манастыра пашырылася за кошт пляца, ахвяраванага Ганнай Агінскай, які таксама знаходзіўся на вул. Вялікай Юр’еўскай (сучасная вул. Ракаўская) сумежна з манастырскай зямлёй. У 1624 г. кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла выдаў грамату з благаславеннем на адкрыццё пры храме жаночага манастыра[3].
- У часы Расійскай імперыі Свята-Кацярынінская царква была надзелена статусам кафедральнага сабора, але ў 1799 г. з-за таго, што храм знаходзіўся на ўскраіне горада, пераўтвораны ў прыходскую царкву і толькі ў 1844 г. зноў узведзены ў статус гарадскога сабора. У 1812 г. пад час французскай акупацыі царква моцна пацярпела. Аднак у 1813—1814 гг. храм быў адрамантаваны. У 1870—1872 гг. на вылучаныя графам Мураўёвым сродкі храм капітальна перабудаваны і былі распісаны сцены. У чэрвені 1881 г. у Мінску адбыўся вялікі пажар, пад час якога была пашкоджана царква. У 1911 г. зноў разглядалася пытанне аб рамонце царквы. Вядома, што ў 1914 г. быў праведзены ўнутраны рамонт. Знадворныя рамонтныя работы (замена даху, афарбоўка сцен) не выкананы[3].
- Пасля 1917 г. храм быў закрыты. У 1941 г. зноў асвячоны і адкрыты для набажэнстваў. Пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў царква была часова прыстасавана пад жыллё. У 1946 г. было вырашана прыстасаваць яе пад Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі, тут былі размешчаны Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР[3]. У сувязі з гэтым цалкам перароблены інтэр’еры, цэнтральны неф быў падзелены на чатыры паверхі, у апсідзе зроблена лесвіца. У 1972—1979 гг. царква рэстаўрыравана (архітэктар А. І. Курто) з аднаўленнем аблічча храма паводле стану на XVII—XVIII стст. У 1991 г. перададзена вернікам.
- Царква ўяўляе сабой мураваную трохнефавую шасціслуповую базіліку з пяціграннай апсідай і дзвюма вежамі. Галоўны фасад трохчасткавы: цэнтральная частка завершана высокім трохвугольным франтонам, над уваходам вялікае паўцыркульнае акно; дзве бакавыя часткі дэкарыраваны неглыбокімі нішамі паўцыркульнага і прамавугольнага абрысу, фланкіраваны трох’яруснымі вежамі-званіцамі, якія завершаны шлемападобнымі купаламі. Над апсідай — франтон асноўнага аб’ёму з люкарнай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, паміж імі ў неглыбокіх нішах размешчаны спараныя паўцыркульныя вокны, якія асвятляюць бакавыя і цэнтральныя нефы. Сцены завершаны тонкапра��іляваным карнізам. У інтэр'еры цэнтральны неф мае цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовыя[3].
- № 12 — двухпавярховы чатырохвугольны ў плане цагляны будынак, пабудаваны ў пачатку 19 ст. Мае сіметрычнае аб’ёмна-прасторавае вырашэнне. Галоўны фасад падзелены карнізам. Цэнтральная частка вылучана парталам-аркай увахода. Сцены першага паверха прарэзаны невялікімі лучковымі аконнымі праёмамі без ліштваў, на другім паверсе вокны дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. Пад карнізам пакатага двухсхільнага даху праходзіць пояс сухарыкаў. Цяпер у будынку размешчаны грамадскія ўстановы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 12а — трохпавярховы Г-падобны ў плане цагляны будынак, пабудаваны ў 19 ст. Размешчаны ў глыбіні квартала. Накрыты чатырохсхільным вальмавым дахам. Фасады вырашаны строга і лаканічна. Плоскія сцены члянёны лучковымі вокнамі без ліштваў. Дэкаратыўныя элементы ў архітэктурнай аздобе адсутнічаюць. Выкарыстоўваецца як жылы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 14 — Дом Рубінштэйна[4] — двухпавярховы складанай у плане формы цагляны будынак, пабудаваны ў сярэдзіне 19 ст. з цэглы. Мае асіметрычную кампазіцыю і злучаны з домам № 12 дэкаратыўнай сценкай, у цэнты якой прарэзана лучковая арка. Да вуліцы пастаўлены тарцовым фасадам. Паверхі падзелены карнізным поясам. На першым паверсе лучковыя аконныя праёмы, на другім — прамавугольныя. У цэнтры галоўнага фасада на другім паверсе маленькі балкон. Будынак накрыты вальмавым дахам, схілы якога ўтвараюць у дваровай частцы няправільныя трохвугольныя франтончыкі. Цяпер у будынку размешчана грамадская ўстанова[2], раней — Другое мужчынскае аднакласнае прыхадское вучылішча[4], пры якім дзейнічала нядзельная школа, дзе навучалася мужчынскае насельніцтва горада. Ініцыятарам стварэння школы была эсэрка Кацярына Ізмайловіч, пакараная смерцю ў 1906 годзе ў Севастопалі за замах на адмірала Чухніна. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 14а — аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак, пабудаваны з цэглы і дрэва ў 19 ст. Размешчаны ў глыбіні квартала. Мае невялікую драўляную прыбудову, накрыты двухсхільным дахам. Аконныя праёмы прамавугольныя без ліштваў. З тарцоў схілы даху ўтвараюць трохвугольныя франтоны. Выкарыстоўваецтда як жылы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 16 — двухпавярховы чатырохвугольны ў плане цагляны будынак, пабудаваны на рубяжы 19—20 стагоддзяў. Не атынкаваны, мае прыбудову ў дваровай частцы, што надае яму асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. У паўднёва-ўсходняй частцы — лучковая арка ва ўнутраны двор. Першы і другі паверхі галоўнага і дваровага фасадаў падзелены карнізам. Галоўны фасад члянёны лучковымі аконнымі праёмамі з дэкаратыўнымі ліштвамі. Цэнтральную частку фасада аздабляе невялікі балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Выкарыстоўваецца як жылы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 16а — Двухпавярховы будынак з асіметрычнай кампазіцыяй плана і фасадаў, пабудаваны з цэглы і дрэва ў 19 ст. Размешчаны ў глыбіні квартала. Накрыты двухсхільным дахам. Фасады плоскасныя, члянёны прамавугольнымі вокнамі без ліштваў. З паўднёва-ўсходняга боку да дома прымыкае драўляная гарызантальна ашаляваная прыбудова на мураваным фундаменце[2]. У час нямецкай акупацыі і пасля вызвалення Мінска ў доме жыла беларускі архітэктар Ірына Антонаўна Іода[5]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 18 — двухпавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. Накрыты двухсхільным дахам, фасады вырашаны плоскасна, члянёны лучковымі вокнамі без ліштваў, на першым паверсе дэкарыраваны лучковымі сандрыкамі[2]. У будынку размяшчалася абутковая фабрыка «Скараход»[6], у савецкія часы — Рэспубліканскі галіновы вылічальны цэнтр[2]. Цяпер старое фабрычнае памяшканне выкарыстоўваецца пад рэстаран і офісы[6]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 20/15 — двухпавярховы вуглавы Г-падобны ў плане цагляны, не атынкаваны будынак, пабудаваны на рубяжы 19—20 ст. Накрыты вальмавым дахам, злучаны з суседнімі пабудовамі. Паверхі фасада, які выходзіць на вуліцу Ракаўскую, падзелены карнізным поясам. Лучковыя аконныя праёмы маюць дэкаратыўныя ліштвы на другім паверсе і аздоблены прамымі сандрыкамі на п��ршым. У паўночна-заходняй частцы фасада — скразная лучковая арка, побач размешчаны ўваход. На другім паверсе невялікія балконы. Пад карнізам даху праходзіць пояс сухарыкаў. Уваходныя дзверы аздоблены фігурнымі філёнгамі, вітымі калонкамі па баках, якія завершаны стылізаванымі капітэлямі. Вуглавая частка будынка скошана, акцэнтавана балконам з чыгуннай агароджай і атыкавай сценкай. Фасад, які выходзіць на вул. Вызвалення, таксама падзелены карнізным поясам, дэкарыраваны паясамі сухарыкаў, ліштвамі, накладнымі цаглянымі падаконнымі ўстаўкамі, лапаткамі[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
Ад вул. Вызвалення да вул. Шпалернай
правіць- № 24 — Сінагога Зальцмана — двухпавярховы са складаным планам цагляны будынак, пабудаваны ў пачатку 19 ст. У пачатку 20 ст. перабудаваны. Галоўны фасад асіметрычнай кампазіцыі, цэнтральная яго частка вылучана рызалітам, завершаным фігурным атыкам. Вокны першага паверха паўцыркульныя, высокія, без ліштваў, другога — прамавугольныя. У вуглавым (у паўднёва-ўсходняй частцы) неглыбокім рызаліце прарэзана вузкае высокае акно, якое асвятляе лесвічны вузел[2] Цяпер у будынку размяшчаецца спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву па шахматах і шашках[1]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 26 — Двухпавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. У цэнтры галоўнага фасада сіметрычнай кампазіцыі — лучковая арка-праезд. Паверхня сцен прарэзана строгімі прамавугольнымі вокнамі без ліштваў. На другім паверсе праёмы дэкарыраваны прамымі сандрыкамі, пад вокнамі — невялікія прамавугольныя нішы. Пад карнізам даху праходзіць пояс фігурных сухарыкаў. Несіметрычна на другім паверсе навісае невялікі балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Выкарыстоўваецца як жылы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 28, 30 — Дом Поляка[1] — двухпавярховыя прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі пад двухсхільнымі дахамі, пабудаваны ў канцы 19 ст. Шчыльна далучаны адзін да аднаго, утвараючы агульны фасад. Першы і другі паверхі аддзелены міжпаверхавым карнізным поясам. Пад карнізам даху праходзіць пояс фігурных сухарыкаў. Плоскасць сцяны на другім павер��е расчлянёна плоскімі лапаткамі. Вокны першага паверха ў доме № 28 лучковыя, у доме № 30 з прамымі сандрыкамі, на другім паверсе прамавугольныя і лучковыя, без ліштваў, аздобленыя прамымі сандрыкамі і дэкаратыўнымі маленькімі прамавугольнымі нішамі — па дзве на кожнае акно. Выкарыстоўваюцца як жылыя[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 32 — двухпавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак, пабудаваны ў канцы 19 ст. Накрыты чатырохсхільным вальмавым дахам. Галоўны фасад вырашаны плоскасна, расчлянёны прамавугольнымі вокнамі без ліштваў. Цяпер у доме размешчаны грамадскія ўстановы[2]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж Вуліца Ракаўская
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- ↑ а б в г д е Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ а б Дом Рубінштэйна на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- ↑ Ирина Иодо, Ксения Хачатрянц. Аллюзии по поводу исторического центра Минска. 21.10.2005 06:43
- ↑ а б Абутковая фабрыка «Скараход» на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ракаўская вуліца (Мінск)
- Вуліца Ракаўская
- Ракаўская вуліца (Мінск) на сайце «Архіварта»