Беларусь у складзе Расійскай імперыі
Канец XVIII — пачатак ХІХ стагоддзяў
правіцьПа выніках падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя сучаснай Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Пасля першага падзелу Рэча Паспалітай у 1772 г. да Расійскай імперыі былі длучаны паўночна-ўсходнія землі Беларусі, што раней уваходзілі ў склад Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага ваяводстваў. Новая тэрыторыя ўвайшла ў склад Пскоўскай (Пскоўская , Велікалуцкая , Дзвінская , Полацкая правінцыі) і Магілёўскай (Магілёўская, Аршанская, Рагачоўская, Віцебская правінцыі) губерняў, якія былі аб'яднаны ў генерал-губернатарства. Губернскімі гарадамі сталі Магілёў і Апочка[1]. Але Апочка быў невялікім горадам, таму губернскае праўленне неўзабаве перанеслі ў Полацк[2].
Насельніцтву даваўся 3-месячны тэрмін (да 5 снежня 1772 года), каб прыняць прысягу «верно и нелицемерно служить и во всем повиноваться не щадя живота своего до последней капли крови» імператрыцы Кацярыне II[3]. Аднак уніяцкае і каталіцкае духавенства інкарпараваных беларускіх тэрыторый не толькі не спяшалася з прыняццем прысягі, а наадварот, стала ў апазіцыю да расійскага ўрада. Гэту сітуацыю выкарысталі езуіты: яны першымі прынялі прысягу на вернасць Кацярыне II і распачалі актыўную прапагандысцкую дзейнасць сярод тутэйшага насельніцтва ў падтрымку самаўладдзя. Апафеозам гэтай дэейнасці стала наладжаная езуітамі ў Полацку ўрачыстая літургія ў дзень нараджэння імператрыцы (24 лістапада), на якой прысутнічаў губернатар з бліжэйшым акружэннем.
У 1775 г. было прынята «Устанаўленне кіравання губерняў Усерасійскай імперыі». Згодна з ім Расійская імперыя падзялялася на губерні, якія інакш называліся намесніцтвамі, з колькасцю насельніцтва ад 300 тыс. да 400 тыс. чал. мужчынскага полу. Губерні, у сваю чаргу, дзяліліся на паветы з насельніцтвам ад 20 тыс. да 30 тыс. чал. мужчынскага полу[4].
У жніўні 1776 г. замест Пскоўскай была заснавана Полацкая губерня (з аддзяленнем яе ад велікарускіх правінцый). Магілёўская ж губерня пакідалася без змен. Вясной 1777 г. гэтыя губерні былі падзелены на паветы. У склад Магілёўскай губерні ўвайшлі Магілёўскі, Чавускі, Старабыхаўскі, Аршанскі, Бабінавіцкі, Сенненскі, Мсціслаўскі, Чэрыкаўскі, Копыскі, Клімавіцкі, Рагачоўскі і Беліцкі паветы, у склад Полацкай — Полацкі, Дрысенскі, Себежскі, Невельскі, Дынабургскі, Рэжыцкі, Люцынскі, Веліжскі, Гарадоцкі і Суражскі паветы. У сувязі з гэтым мястэчкі Дрыса, Люцын, Сураж, Чавусы, Копысь, Бабінавічы, Клімавічы і Беліца атрымалі статус гарадоў і сталі павятовымі цэнтрамі. З 1778 г. Магілёўская і Полацкая губерні называліся намесніцтвамі[5]
Для ўладкавання межаў губерняў, а таксама ў ваенных і гаспадарчых мэтах узнікла неабходнасць павядзення іх апісання, вымярэння і картаграфавання. На працягу 1772—1774 былі складзены два камеральныя апісанні: агульнае — на далучаную ўсходнебеларускую тэрыторыю і спецыяльнае — на казённыя вёскі. Агульнае апісанне дало адміністрацыі губерняў статыстычную характарыстыку тэрыторыі, а спецыяльнае — вызначыла зямельны фонд, які з'яўляўся крыніцай даходаў для казны, а таксама мог быць выкарыстаны для падараванняў[6]. У 1783—1785 у Магілёўскай і Полацкай губернях было праведзена генеральнае межаванне, якое скасавала папярэднія правы на валоданне зямлёй і дакументальна афармляла правы новай улады на далучаныя землі[7].
У 1793, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, да Расійскай імперыі, акрамя ўкраінскіх, адышлі наступныя беларускія землі: рэшткі Полацкага ваяводства (на левым беразе Зах. Дзвіны), Віцебскага і Аршанскага паветаў Віцебскага ваяводства; Менскі і Мазырскі — Менскага ваяводства; частка Рэчыцкага павета (па правым беразе Дняпра); усходняя частка Новагародскага ваяводства; усходнія часткі Браслаўскага і Ашмянскага паветаў — Віленскага і Пінскі павет Берасцейскага ваяводстваў. Указам ад 13 красавіка 1793 рэшткі Полацкага ваяводства былі далучаны да Полацкага намесніцтва, а ўсе землі ад яго мяжы да р. Бярэзіны — да Магілёўскага; Мазырскі павет быў далучаны да Чарнігаўскай губерні, а на астатняй тэрыторыі ўтворана Мінская губерня[8].
Указам Сената ад 3 мая 1793 генерал-губернатару Ц. Туталміну было загадана заснаваць Мінскае намесніцтва ў складзе акруг: Мінскай, Віцебскай, Мазырскай, Давыд-Гарадоцкай, Пінскай, Нясвіжскай і Слуцкай[9].
У сувязі з падаўленнем паўстання 1794 і канчатковым, трэцім падзелам Рэчы Паспалітай Кацярына II загадала ліфляндскаму, эстляндскаму і літоўскаму генерал-губернатару князю М. Рэпніну падзяліць рэшткі Вялікага Княства Літоўскага на тры часткі з цэнтрамі ў Вільні, Гродне і Коўне (або ў Кейданах). Кожная з гэтых частак была даверана камандзірам карпусоў, якія, у сваю чаргу, даручылі кіраванне паветамі камандзірам сваіх палкоў. Апошнія павінны ьылі наладзіць сувязі з мясцовым насельніцтвам праз спецыяльных камісараў[10].
У чэрвені 1795 у Гродне быў створаны часовы орган кіравання тэрыторыяй Літвы і Заходняй Беларусі — Вярхоўнае праўленне Літвы. Яго структуру складалі чатыры аддзяленні: казённае (кіраўнік — палкоўнік І. Фрызель), крымінальнае (брыгадзір І. Русакоў), грамадзянскае (надворны саветнік Н. Волкаў) і эканамічнае (прэм'ер-маёр Літке)[11].
14 снежня 1794 было загадана падзяліць новадалучаныя землі на Віленскую і Слонімскую губерні і скласці штаты прысутніцкіх месцаў паводле «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У жніўні 1796 губерні перайменаваны ў намесніцтвы: Віленскае ў складзе 11 паветаў (Віленскага, Завілейскага, Трокскага, Браслаўскага, Ашмянскага, Ковенскага, Упіцкага, Вілкамірскага, Цельшаўскага, Расіенскага і Шавельскага) і Слонімскае — 8 паветаў (Слонімскага, Навагрудскага, Гродзенскага, Ваўкавыскага, Лідскага, Брэсцкага, Кобрынскага, Пружанскага)[12].
Такі падзел праіснаваў толькі да канца 1796, калі Павел I правёў новую адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу. Указам ад 12 снежня 1796 на тэрыторыі Беларусі і Літвы былі створаны наступныя губерні: Беларуская (яна аб'яднала Магілёўскае і Полацкае намесніцтвы), Мінская (з далучаным да яе Рэчыцкім паветам) і Літоўская (у яе склад увайшлі Слонімскае і Віленскае намесніцтвы)[13].
З-за таго, што кіраваць вялікімі па памерах губернямі было нязручна, Аляксандр I у 1801 увёў новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Згодна з ім Беларуская губерня была падзелена на Магілёўскую і Віцебскую (абедзве губерні ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства); Літоўская — на Віленскую і Гродзенскую губерні (увайшлі ў склад Літоўскага ваеннага губернатарства)[14].
Органы кіравання ў губернях і паветах
правіцьПасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ўключэння беларуска-літоўскіх зямель у склад Расійскай імперыі царскі ўрад пачаў распаўсюджваць на іх сваю сістэму мясцовага дзяржаўнага кіравання. Яна стваралася па аналогіі з расійскімі губернямі. Галоўнай асобай у губернях быў генерал-губернатар, які лічыўся намеснікам цара і ўзначальваў мясцовую адміністрацыю падпарадкаваных яму тэрыторый. У час знахооджання ў Санкт-Пецярбургу ён засядаў у Сенаце, у тым дэпартаменце, да якога адносіліся справы яго губерні. Фактычна генерал-губернатар быў надзелены неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Яму падпарадкоўваліся вайсковыя і грамадзянскія губернатары (або правіцелі)[15].
У абавязак грамадзянскага губернатара, які камандаваў мясцовым гарнізонам, уваходзіў нагляд за зборамі падаткаў, рэкрутаў, ходам следства, заключэннем казённых падрадаў і паставак, падтрыманнем грамадскага парадку і інш.[16] Персанальны склад вышэйшай адміністрацыі набіраўся з рускіх саноўнікаў і чыноўнікаў. Аднак канчатковае рашэнне прымаў генерал-губернатар, таму ўлада грамадзянскіх губернатараў у канцы XVIII—першай палове XIX ст. была даволі абмежаванай. Да таго ж адбываліся іх частыя персанальныя змены[17].
У кожнай губерні, як, дарэчы, і выканаўчы орган, дзейнічала губернскае праўленне ў складзе «общего присутствия» і канцылярыі. Гаспадарчай і фінансавай справай кіравала казённая палата, якую ўзначальваў віцэ-губернатар. Яна займалася раскладам і зборам падаткаў, кіраваннем і наглядам за казённай маёмасцю. У губернях дзейнічалі і такія органы кіравання, як рэкруцкія ўправы, прыказ грамадскай апекі, межавыя канторы і інш.[18]
Галоўным органам павятовай улады лічыўся ніжні земскі суд, які адначасова выконваў адміністрацыйна-паліцэйскія і судовыя функцыі. Узначальваў яго земскі спраўнік. У склад суда ўваходзілі два-тры засядацелі, прызначаныя ад дваран. Ніжні земскі суд сачыў за падтрыманнем парадку ў павеце, забяспечваў своечасовую выплату жыхарамі падаткаў і выканання імі розных павіннасцей[19].
Паміж указам аб стварэнні губерняў і прызначэннем генерал-губернатараў праходзіў час, за які адміністрацыі патрэбна было падабраць чыноўнікаў, правесці сходы па выбару кандыдатаў на саслоўныя пасады. Не давяраючы мясцовым жыхарам, улады нярэдка запрашалі чыноўнікаў з расійскіх і маларасійскіх губерняў. Так, у 1795 у менскіх губернскіх установах працавала па 8 чал. з Архангельскага і Аланецкага намесніцтваў, 1 — з Цвярскога і 2 — з Магілёўскага[20]. У 1796 віленскі і слонімскі генерал-губернатар князь М. Рэпнін прызначыў на канцыялрскія пасады чыноўнікаў і студэнтаў з Маларосіі. У сувязі з недахопам рускіх чыноўнікаў Кацярына II дазваляла прызначаць на адміністрацыйныя пасады ў новаўтвораных губернях мясцовых жыхароў. Чыноўнікаў неабходна было «выбіраць з тых, хто непахіснай вернасці, пры валоданні ўласнасцю і пры іншых якасцях мелі чыны польскія»[21].
У канцы XVIII ст. у беларускіх гарадах налічвалася больш за 1,9 тыс. служачых грамадзянскіх устаноў (каля 1,5 % ад агульнай колькасці гараджан)[22]. У адрозненне ад праваслаўных рускіх чыноўнікаў — выхадцаў з розных саслоўяў (дваран, мяшчан, духавенства) мясцовыя ўраджэнцы былі толькі дваранамі і ў асноўным каталікамі. Пры гэтывм памеснае дваранства імкнулася пазбягаць канцылярскай службы, якую лічыла справай неганаровай, а чын атрымлівала за ваенную службу ці выбраныя дваранскія пасады[23].
На далучанай тэрыторыі ў якаці судовага заканадаўства працягваў дзейнічаць Статут ВКЛ 1588, які быў перакладзены па загаду генерал-пракурора Сената А. Вяземскага ў 1780 на рускую мову[24]. Для найвышэйшай апеляцыі ў 1774 пры юстыц-калегіі ліфляндскх, эстляндскіх і фінляндскіх спраў Сенат а быў створаны Беларускі дэпартамент, які праіснаваў да 1780. Да гэтага часу вышэйшай апеляцыйнай установай у ВКЛ быў Галоўны Літоўскі трыбунал, які знаходзіўся ў Вільні. З далучэннем да імперыі Вільні трыбунал быў скасаваны. Аднак ад часоў ВКЛ заставалася яшчэ шмат незакончаных спраў. Таму ў канцы 1796 для таго, каб іх завяршыць, быў створаны Грамадзянскі дэпартамент старых літоўскіх спраў[25]. У лютым 1797 быў заснаваны Галоўны літоўскі суд, які распаўсюджваў сваю дзейнасць на Літоўскую губерню. Ён ажыццяўляў кантроль за дзейнасцю грамадзянскага і крымінальнага судаводства ніжэйшых судоў і таксама з'яўляўся апеляцыйнай інстанцыяй для магістратаў і ратуш. Пасля губернскай рэформы 1801 галоўныя суды былі адкрыты ў кожнай губерні ў складзе крымінальнага і грамадзянскага дэпартаментаў.
Паводле «Устанаўленн…» 1775 на новадалучаных землях уводзіліся павятовыя суды са шляхецкай апекай, у губернях — верхніяя земскія суды для шляхты; нідэйшыя м верхнія расправы дл вольных сялян; гарадавыя і губернскія магістраты. У губернскіх гарадах былі крымінальная і грамадзянская палата і губернскі пракурор, які кантралваў іх дзейнасць.
Па прыкладных падліках, насельніцтва Беларусі на пачатак ХІХ ст. складала прыкладна 3,3 млн чалавек. Большасць насельніцтва беларускіх губерняў (акрамя Віленскай) складалі беларусы.
Беларусь у вайне 1812 г
правіць10 (22) чэрвеня Напалеон абвясціў Расійскай імперыі вайну, а 12 (24) чэрвеня ён пачаў ваенныя дзеянні супраць Расіі. На першым этапе вайны асноўныя баявыя дзеянні вяліся на тэрыторыі Беларусі. У адрозненне ад афіцыйнай пазіцыі цара Аляксандра І, беларуская шляхта адносілася да Напалеона далёка не так адназначна. Яшчэ ў 1807 г. Напалеон стварыў Герцагства Варшаўскае на этнічна польскіх землях, і мясцовая шляхта бачыла магчымасць стварэння аднаўлённага Вялікага Княства Літоўскага на этнічна беларускіх[крыніца?] і літоўскіх землях.
16 (28) чэрвеня Напалеон увайшоў у Вільню, а 26 чэрвеня (8 ліпеня) маршал Даву ўвайшоў у Мінск.
1 (13) ліпеня ў Вільні была створана Камісія часовага праўлення Вялікага Княства Літоўскага з сямі чалавек. Сістэма кіравання была пабудавана на французскі ўзор (нават уводзілася сістэма дэпартаментаў як адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак). Аднак з-за зацягвання вайны функцыі мясцовых улад паступова звяліся да забяспечання арміі Напалеона харчаваннем і амуніцыяй. Патрэбы арміі Напалеона забяспечваліся рэквізіцыямі. Пытанні аб дзяржаўным ладзе былі забыты. З-за гэтага большасць шляхты паступова адыйшла ад супрацоўніцтва з Напалеонам. Аднак часовы ўрад пад націскам акупацыйных войскаў працягваў сваю работу і нават здолеў стварыць ваенныя атрады ў дапамогу галоўнай арміі Напалеона.
Тым часам Напалеон ужо пачаў хуткае адступленне. 14-17 (26-29) лістапада адбылася вядомая пераправа французаў праз Бярэзіну пад Барысавам. 23 лістапада (5 снежня) Напалеон пакідае сваю армію і бяжыць у Францыю, а 2 (14) снежня апошнія французскія салдаты пераходзяць мяжу Расійскай імперыі.
Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі прынеслі шматтысячныя людскія страты. Вялізарная шкода была нанесена гаспадарцы і камунікацыям.
Тайныя таварыствы да паўстання 1830—1831 гг
правіцьПасля вайны 1812 г. на тэрыторыі Беларусі ствараюцца тайныя таварыствы патрыятычнай накіраванасці. У 1817 г. у Вільне Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Юзаф Яжоўскі і іншыя заснавалі таварыства філаматаў («філамат» — у перакладзе з грэчаскай мовы — той, хто імкнецца да ведаў), якое ставіла перад сабой асветніцкія мэты. З дазволу кіраўніцтва Віленскага ўніверсітэта ў 1820 г. філаматы стварылі «Таварыства прыхільнікаў карысных забавак» («прамяністыя»), мэты якога таксама былі нацыянальна-асветніцкімі. У канцы 1820 г. філаматы заснавалі тайную суполку філарэтаў («філарэт» — у перакладзе з грэчаскай мовы — той, хто любіць дабрачыннасць) з палітычнымі мэтамі — адраджэннем Рэчы Паспалітай. Член таварыства Міхал Рукевіч стварыў гурткі ў Беластоцкай і Свіслацкай гімназіях, у Гродне, Шчучыне і іншых гарадах і мястэчках Гродзенскай губерні. Усе гэтыя арганізацыі мелі свае філіялы па ўсёй Беларусі. У пачатку 1820-х гг. улады даведаліся пра існаванне тайных суполак на тэрыторыі Беларусі, пасля чаго пачаліся рэпрэсіі. У 1824 г. 9 філарэтаў і 11 філаматаў (сярод іх — Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Ян Чачот) былі высланы ва ўнутраныя губерні Расійскай імперыі. Адначасова былі адхілены ад працы вядомыя прафесары Віленскага ўніверсітэта і папячыцель Віленскай вучэбнай акругі Адам Чартарыйскі.
Паўстанне 1830—1831 гг. і яго вынікі для Беларусі
правіцьПасля паўстання 1830—1831 гг. расійскія ўлады пачалі актыўна праводзіць «разбор шляхты» (шляхта павінна была прадставіць дакументальна аформленыя доказы свайго шляхецкага паходжання). Вынікам гэтай палітыкі стала пазбаўленне часткі шляхты правоў з пераводам у падатковыя саслоўі. Сам тэрмін «шляхта» быў забаронены для ўжывання ў рускай мове, замест яго пачалі выкарыстоўваць рускі тэрмін «дворянство». Маёмасць эмігрантаў з ліку ўдзельнікаў паўстання, асуджаных за ўдзел у ім і тых, хто не здолеў даказаць сваё шляхецкае паходжанне, канфіскоўвалася на карысць дзяржавы.
- У 1832 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, які быў адкрыты толькі ў 1904 г.
- У 1837 г. цар патрабаваў, каб усе паступаючыя ў расійскія ўніверсітэты мелі пасведчанне аб недачыненні да паўстанцкага руху.
- У 1839 г. на Полацкім царкоўным саборы была скасавана Берасцейская унія з аўтаматычным пераводам усіх уніятаў у праваслаўе.
- У 1840 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі было скасавана дзеянне Статута 1588 г.
Яшчэ адным вынікам паўстання сталі першыя крокі палітыкі русіфікацыі (дэпаланізацыі) беларускіх земляў.
Культура Беларусі ў першай палове ХІХ ст
правіцьАдукацыя
правіцьДрукарская і бібліятэчная справа. Станаўленне беларусазнаўства
правіцьБеларусазнаўства. Першая палова ХІХ ст. — час узнікнення навуковага беларусазнаўства. Вывучэнне Беларусі ажыццяўлялі Расійская акадэмія навук, Рускае геаграфічнае таварыства, Віленскі універсітэт, Маскоўскае таварыства аматараў старажытнасцей расійскіх, створаныя па ініцыятыве Я. Тышкевіча Віленскі музей старажытнасцей і Віленская археалагічная камісія.
Гісторыю, этнаграфію, фальклор беларусаў яшчэ ў . пачала вывучаць экспедыцыя рускага акадэміка І. І. Ляпёхіна. Гэта было знаёмства рускіх вучоных з Беларуссю пасля далучэння яе да Расійскай імперыі. Праца рускага вучонага К. Ф. Калайдовіча «Пра беларускую гаворку» (1822) уяўляла сабой першую спробу навуковага даследавання мовы беларусаў.
Вялікі інтарэс да Беларусі праявілі польскія вучоныя. Лінгвіст С. Ліндэ і гісторык Т. Чацкі першымі загаварылі пра самабытнасць беларускай мовы і неабходнасць яе вывучэння.
У першай палове ХІХ ст. убачылі свет шматлікія дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі: «Беларускі архіў» І. І. Грыгаровіча, «Летапісец Літвы і руская хроніка» І. Даніловіча, «Акты Заходняй Расіі», «Кнігі пасольскія Метрыкі Вялікага княства Літоўскага» і інш. Выдадзены «Помнікі гісторыі Літвы» Т. Нарбута, выйшлі ў рускім друку Статуты Вялікага княства Літоўскага.
Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі Іван Грыгаровіч, Ігнат Даніловіч, аўтар дзевяцітомнай «Гісторыі літоўскага народа» Тэадор Нарбут, Міхаіл Без-Карніловіч, які ў . выдаў у Пецярбургу «Гістарычныя звесткі аб знамянальных мясцінах у Беларусі», лінгвісты Іван Насовіч і Станіслаў Мікуцкі. Пісьменнік-этнограф Павел Шпілеўскі з'яўляўся аўтарам навукова-пазнавальных твораў «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» і «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках». На карысць беларускай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і краязнаўства працавалі браты Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы, вучоны і грамадскі дзеяч Адам Кіркор, публіцыст і адзін з першых даследчыкаў беларускай літаратуры Рамуальд Падбярэзскі.
Фальклор. Літаратура
правіцьМастацтва
правіцьТэатр і музыка
правіцьЖывапіс. Архітэктура
правіцьТайныя таварыствы да паўстання 1863—1864 гг
правіцьАдмена прыгоннага права ў беларускіх губернях
правіцьУ сярэдзіне XIX ст. Расійская імперыя стаяла ў кроку ад рэвалюцыйнага выбуху. Не было станоўчых вынікаў папярэдняй палітыкі па сялянскім пытанні. У 1858—1860 гг. толькі ў Беларусі адбылося звыш 40 буйных выступленняў сялян. Назіраўся агульны крызіс гаспадаркі краіны. Рэзка ўзрасла запазычанасць памешчыкаў перад Дваранскім банкам, што казала пра крызіс панскай гаспадаркі. Татальнае адставанне Расіі ад Еўропы выявілася пад час Крымскай вайны 1853—1856 гг.
Патрабавалася тэрміновае прыняцце мер па рэфарміраванні краіны, і ў першую чаргу — трэба было адмяніць прыгонніцтва. На этане падрыхтоўкі рэформы ў студзені 1857 г. быў створаны «Сакрэтны камітэт па сялянскай справе». Ён збіраў пажаданні памешчыкаў аб умовах правядзення рэформы. Памешчыкі Беларусі і Літвы прапанавалі вызваліць сялян, але без зямлі.
20 лістапада 1857 г. віленскаму генерал-губернатару У. І. Назімаву быў накіраваны рэскрыпт ад імператара Аляксандра II — першы афіцыйны ўрадавы дакумент аб сялянскай рэформе. Ім дазвалялася стварыць у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губернях камітэты і агульную камісію ў Вільні для выпрацоўкі пректа палажэння аб адмене прыгоннага права. Згодна з рэскрыптам урад рэкамендаваў памешчыкам даць сялянам невялікія надзелы зямлі — іх сядзібы за выкуп, бо ўрад разумеў небяспечнасць беззямельнага вызвалення сялян.
8 студзеня 1858 г. «Сакрэтны камітэт» быў ператвораны ў Галоўны камітэт па ўпарадкаванні сельскага насельніцтва. Гэта было афіцыйным пачаткам рэфарміравання. Ен збіраў прапановы ад усіх губернскіх камітэтаў імперыі. Беларускія памешчыкі адзінадушна прапанавалі вызваліць сялян без зямлі. Толькі Віцебскі і Магілёўскі камітэты былі не супраць надзялення сялян зямлей за выкуп. У гэтых губернях глеба была нізкай якасці, а большасць памешчыкаў атрымлівала даходы ў выглядзе аброку.
Асноўныя дакументы рэформы былі распрацаваныя ў Рэдакцыйных камісіях. 19 лютага 1861 г. яны былі падпісаныя Аляксандрам II.
Маніфест аб адмене прыгоннага права аб'яўляў аб пачатку правядзення рэформы ў дзяржаве, указваў на прычыны і мэты рэформы.
У «Агульным палажэнні» змяшчаліся адзіныя для імперыі прынцыпы правядзення рэформы: памешчыкі былі ўласнікамі ўсёй зямлі, якая належала ім да рэформы; частка зямлі адводзілася сялянам у пастаяннае карыстанне без права маёмасці; на 9 год уводзілася часоваабавязанае становішча сялян, і яны адпрацоўвалі паншчыну ці выплачвалі аброк у поўным дарэформеным памеры, ім была забаронена пакідаць зямлю; уводзіліся ўстаўныя граматы, якія вызначалі пазямельнае ўпарадкаванне і павіннасці сялян на карысць памешчыка; але адмянялася асабістая залежнасць сялян ад памешчыкаў; сяляне атрымлівалі некаторыя грамадзянскія правы — яны маглі займацца рамёствамі, гандляваць, набываць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць у навучальныя ўстановы і на службу, несці асабістую адказнасць перад судом.
Уласнікам зямлі селяніна рабіла выкупная дамова. З пераходам на выкуп часоваабавязаныя адносіны спыняліся, сяляне залічваліся ў разрад уласнікаў. Правілы выкупу былі аднолькавымі для ўсіх губерняў Расіі. Выкупная сума была такога памеру, каб памешчык, паклаўшы яе ў банк (пад 6 % гадавых), мог атрымліваць прыбытак, роўны штогадоваму аброку з зямлі, якая перайшла ва ўласнасць селяніна. Пры выкупе надзелаў сяляне павінны былі заплаціць 20 % выкупной сумы, астатнюю частку — 80 % памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. Сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы і павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць ёй выкупныя плацяжы і працэнты за ссуду (выплаты цалкам адменены 1 студзеня 1907 г.). Па сутнасці, сяляне выкупалі не зямлю, а кампенсавалі памешчыкам свае феадальныя павіннасці.
Утвараліся органы кіравання сялянамі — сельскія і валасныя ўправы. Яны кіравалі зборам подацяў, аб'яўлялі сялянам дзяржаўныя законы, сачылі за грамадскім парадкам. Для практычнага ажыццяўлення рэформ 1861 г. былі ўведзены спецыяльныя пасады — міравыя пасрэднікі (прызначаліся з мясцовых памешчыкаў), павятовыя міравыя з'езды і губернскія ўстановы па сялянскіх справах.
«Мясцовае палажэнне для вялікарускіх, новарасійскіх і беларускіх губерняў» дзейнічала ў Магілёўскай і васьмі паветах Віцебскай губерні дзе панавала абшчыннае землекарыстанне. У ім былі вызначаны межы сялянскага надзелу — «вышэйшы» ад 4 да 5,5 дзесяціны і «ніжэйшы» ад 1 дзесяціны 800 кв. сажняў да 1 дзесяціны 200 кв. сажняў. У сялян з большым надзелам праводзілі адрэзкі. Так у Магілёўскай і Віцебскай губернях у выніку «адрэзак» сяляне страцілі ад 25 да 40 % зямлі.
За карыстанне надзелам вызначаліся павіннасці — паншчына ці аброк і інш. Захоўвалася сельская абшчына, пры выкананні павіннасцей уводзілася кругавая парука — багацейшыя абшчыннікі выконвалі павіннасці за бедных.
«Мясцовае палажэнне для Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і чатырох паветаў Віцебскай губерні» мела свае асаблівасці. Нормы сялянскіх надзелаў не вызначаліся, за сялянамі захоўваліся прысядзібныя і палявыя надзелы, якімі яны карысталіся да 1861 г. Адрэзкі дапускаліся, калі ў памешчыка заставалася менш 1/3 часткі зручных зямель. Але і сялянскі надзел нельга было паменшыць больш як на 1/6. Панскія лясы заставаліся выключна ў распараджэнні памешчыка, захоўвалася сервітутнае права. У выкананні павіннасцей дзейнічала асабістая адказнасць селяніна.
Дадатковыя правілы — яшчэ адна г��упа дакументаў, якая адносіліся да асобных груп прыгоннага насельніцтва.
Сяляне засталіся незадаволеныя такой свабодай. Яны не падпарадкоўваліся загадам мясцовых улад, адмаўляліся адбываць паншчыну і выконваць павіннасці, адмаўляліся падпісваць устаўныя граматы.
Усяго на Беларусі толькі ў 1862 г. адбылося звыш 150 сялянскіх выступленняў. У 1863 г. сялянскі рух пашырыўся і супаў па часе з нацыянальна-вызваленчым паўстаннем пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага. Апошняя акалічнасць вымусіла ўрад пайсці на значныя ўступкі. Так, з 1 мая 1863 г. часоваабавязанае становішча сялян Мінскай, Віленскай, Гродзенскай і часткова Віцебскай губерняў адмянялася, яны станавіліся ўладальнікамі сваіх надзелаў. З 1 студзеня 1864 г. у астатніх паветах Віцебскай і Магілёўскай губерняў праводзілася такая ж працэдура. Значна змяншаліся выкупныя плацяжы, а 9 красавіка 1863 г. былі створаны камісіі для праверкі памераў сялянскіх надзелаў. Зямлю атрымалі больш за 20 тыс. абеззямеленых двароў, іншым вярнулі адрэзкі. Хутка было завершана складанне выкупных актаў. Гэтыя палёгкі былі ініцыяваны Віленскім генерал-губернатарам М. М. Мураўёвым, які кіраваў падаўленнем паўстання 1863 г. Але да паўстання Мураўёў быў прыхільнікам жорскай палітыкі ў адносінах да сялян, і толькі неабходнасць недапусціць злучэння нацыянальна-вызваленчага і сялянскага руха прымусіла яго пайсці на ўступкі сялянам.
Пасля 1863 г. перагледзелі землеўпарадкаванне і дзяржаўных сялян (20 % сельскага насельніцтва Беларусі). Паводле закона ад 16 мая 1867 года яны адразу пераводзіліся з аброку на выкуп зямлі і станавіліся прыватнымі ўладальнікамі зямельных надзелаў.
Такім чынам, на Беларусі адмена прыгонніцтва мела свае асаблівасці. Так, памеры сялянскіх надзелаў былі вышэйшымі, чым па Расіі. Былі зменшаны выкупныя суммы. Але захоўвалася памешчыцкае землеўладанне — у памешчыкаў знаходзілася больш паловы лепшай зямлі, а каля 40 % сялян былі малазямельнымі. Захаваліся сервітуты, цераспалосіца і абшчыннае землекарыстанне ва ўсходняй частцы Беларусі. Сяляне атрымалі асабістыя і маёмасныя правы, саслоўнае самакіраванне. Быў створаны рынак рабочай сілы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы.
Але калі адмена прыгонніцтва прайшло на больш спрыяльных умовах, то буржуазныя рэформы 60-70-х гг. на Беларусі мелі значныя абмежаванні.
Так, на Беларусі наогул не была праведзена земская рэформа, якая ўводзіла органы самакіравання (земствы), выбарныя ад усіх саслоўяў губернскія і павятовыя сходы (гаспадарчыя органы) і ўправы (выканаўчыя органы). Яны займаліся справамі мясцовай гаспадаркі, аховы здароў'я, адукацыі, добраўпарадкавання і дабрачыннасці. Выбарчая сістэма будавалася па прынцыпе маёмаснага цэнзу, таму ў сходах і ўправах была значная перавага дваран. На Беларусі пераважала апалячанае дваранства, апазіцыйнае царскаму ўраду. Таму ў беларускіх губернях рэформа была праведзена толькі ў 1911 г. з вялікімі абмежаваннямі для каталіцкага дваранства.
Гарадская рэформа 1870 г. (праведзена на Беларусі ў 1876 г.) мела на мэце ўпарадкаваць кіраванне гарадамі. Ствараліся органы кіравання — гарадскія думы і ўправы. На чале ўправы стаяў гарадскі галава, ён адначасова з'яўляўся і старшынёй гарадской думы. Выбары праходзілі на аснове маёмаснага цэнзу. Выбарчым правам карысталіся толькі плацельшчыкі гарадскіх падаткаў. У беларускіх гарадах, дзе большасць насельніцтва складалі «іншаверцы» — яўрэі, былі ўведзены абмежаванні для гэтай катэгорыі гараджан. Спачатку яны мелі права займаць 1/3 частку месцаў у органах гарадскога самакіравання, а ў выніку контррэформы — па новым Гарадавым палажэнні 1892 г. — толькі 1/10 частку месцаў.
У распараджэнні гарадскіх дум і ўпраў былі пытанні развіцця прамысловасці і гандлю; арганізацыі адукацыі і медыцынскага абслугоўвання, утрымання пажарнай аховы, паліцыі і казармаў. Думы і ўправы не мелі органаў выканаўчай улады і падпарадкоўваліся губернатарам і міністру ўнутраных спраў.
У выніку судовай рэформы 1864 г. (на Беларусі пачалася ў 1872 г.) ліквідаваліся саслоўныя суды; утвараліся акруговыя суды і судовыя палаты; судовыя палаты разглядалі апеляцыі і займаліся палітычнымі справамі, абслугоўвалі некалькі губерняў; акруговыя суды ўтвараліся ў кожнай губерні; міравы суд разбіраў дробныя правапарушэнні. Суд станавіўся адкрытым, галосным і незалежным ад ураду; ствараўся інстытут адвакатуры і прысяжных засядацеляў, для засведчання розных актаў была ўведзена пасада натарыўса.
На Беларусі міравыя суддзі не выбіраліся, а прызначаліся МУС. У 1900 г. у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях быў уведзены інстытут земскіх начальнікаў. Яны прызначаліся з мясцовага дваранства і мелі права караць сялян без рашэння міравых судоў.
Судовая рэформа была значным крокам наперад у параўнанні з дарэформенным судом і адыграла вялікую ролю ў станаўленні буржуазных адносін у Расійскай імперыі.
Ваенная рэформа 1862 г. мела на мэце стварэнне арміі буржуазнага тыпу з кваліфікаваным асабістым саставам, сучаснай зброяй, добра падрыхтаванымі афіцэрскімі кадрамі. Імперыя была падзелена на 15 ваенных акруг (Віленская ўключала ўсю Беларусь). Адкрываліся ваенныя навучальныя ўстановы, на Беларусі гэта кадэцкія корпусы ў Полацку і Брэсце.
У 1874 г. быў выдадзены закон аб усеагульнай воінскай павіннасці мужчын, якія дасягнулі 20-гадовага ўзросту. Армія скарачалася ў мірны час і павялічвалася ў перыяд ваенных дзеянняў за кошт запаснікаў. Уводзіўся скарочаны тэрмін службы: для сухапутных войскаў — 6 гадоў службы і 9 гадоў запасу, для флоту 7 гадоў службы і 3 гады запасу. Для асоб, якія мелі адукацыю, тэрмін службы значна скарачаўся.
З мэтай пашырэння магчымасцей друку, у тым ліку мясцовага, была праведзена цэнзурная рэформа 1865 г. Згодна з ёй была адменена папярэдняя цэнзура для твораў аб'ёмам больш 10 друкаваных аркушаў, але заставалася абавязковая папярэдняя цэнзура для твораў меньшага аб'ему; абавязковая папярэдняя цэнзура існавала для правінцыяльных органаў перыядычнага друку.
Пасля рэформы актыўна пачалі адкрываца прыватныя тыпаграфіі, якія мелі сучаснае абсталяванне, з'яўляліся перадавымі прадпрыемствамі і склалі новую галіну вытворчасці.
Рэформа адукацыі прадугледжвала ўвядзенне новага ўніверсітэцкага статута, а таксама новага статута гімназіі (уводзіліся з 1864 г.). Атрымліваць адукацыю зараз маглі прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. Гімназіі былі двух тыпаў: класічныя і рэальныя. Класічная гімназія рыхтавала сваіх выхаванцаў да паступлення ва ўніверсітэты. Рэальныя гімназіі рыхтавалі вучняў да работы ў прамысловасці і гандлі.
У 1864 г. было зацверджана «Палажэнне аб пачатковых народных вучылішчах». Грамадскія ўстановы і прыватныя асобы з дазволу ўлад маглі адкрываць пачатковыя вучылішчы. Але на Беларусі народныя вучылішчы знаходзіліся пад дадатковым наглядам паліцыі і праваслаўнай царквы.
Рэформы 60-70-х гг. не краналі асноў самадзяржаўя і ў значнай ступені захоўвалі прывілеі дваранства, аднак садзейнічалі пераўтварэнню Расійскай дзяржавы з феадальнай манархіі ў буржуазную. І яшчэ — на Беларусі буржуазныя рэформы былі праведзены з абмежаваннямі.
Паўстанне 1863—1864 і яго вынікі для Беларусі
правіцьКультура Беларусі ў другой палове ХІХ ст
правіцьАсаблівасці фарміравання беларускай нацыі
правіцьБеларусь у канцы ХІХ ст
правіцьБеларусь у пачатку ХХ ст
правіцьСацыяльна-эканамічнае развіццё. Рэформы П. А. Сталыпіна. Грамадскі рух у 1907—1914 гг.
правіцьБеларусь у пачатку Першай сусветнай вайны. Лютаўская рэвалюцыя
правіцьКультура Беларусі ў пачатку ХХ ст.
правіцьЗноскі
правіць- ↑ Полное собрание законов Российской империи с 1649 г. Т. XIX. — СПб., 1830. — С. 602
- ↑ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4: Беларусь у складзе Расійскайімперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / М. Біч, В. Яноўская, С. Рудовіч і інш.; Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Экаперспектыва, 2005. — 519 с.: іл. — С. 49
- ↑ Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф. 248. — Воп. 64. — Спр. 5625. — А. 838.
- ↑ Полное собрание законов Российской империи с 1649 г. Т. XIX. — СПб., 1830. — С. 234—271.
- ↑ Рубинштейн, С. Ф. Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии, Малороссии за 240 лет, с 1652 по 1892 г. / Сост. и изд. С. Ф. Рубинштейн. — Вильно: Губернская типография, [1894]. — 918 с. — С. 120, 122
- ↑ Анішчанка, Я. К.. Камеральнае апісанне — крыніца па сацыяльна-эканамічнай гісторыі Усходняй Беларусі (1772—1774 гг.) / Я. К. Анішчанка // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1988. — № 3. — С. 77.
- ↑ Анішчанка, Я. К. Генеральнае межаванне на Беларусі. — Мн., 1996. — С. 13, 14, 132.
- ↑ Полное собрание законов Российской империи с 1649 г. (далей — ПСЗРИ) Т. XXIII. — СПб., 1830. — С. 419
- ↑ ПСЗРИ. Т. XXIII. — С. 427.
- ↑ ПСЗРИ. Т. XXIII. — С. 573.
- ↑ ПСЗРИ. Т. XXIII. — С. 574; Милютин, Д. М. Гродно в 1794, 1795 и 1796 г. — Гродно, 1905. — С. 64.
- ↑ ПСЗРИ. Т. XXIII. — С. 845, 922.
- ↑ ПСЗРИ. Т. XXIV. — СПб., 1830. — С. 229.
- ↑ Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Т. 1. — Мн., 1972. — С. 447, 448.
- ↑ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4. — Мн., 2005. — С. 51.
- ↑ Григорьев, В. Реформы местного управления при Екатерине II (Учреждения о губерниях 7 ноября 1775 г.). — СПб., 1919. — С. 214.
- ↑ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4. — С. 51.
- ↑ Żytkowicz, L. Rządy Repnina na Litwie w latach 1794—1797. — Wilno, 1938. — S. 159—162.
- ↑ Юхо, Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. — Мн., 1992. — С. 242, 243.
- ↑ Смородский, А. П. Столетие Минской губернии, 1793―1893: историко-статистическая записка / составил секретарь Минского губернского статистического комитета А. П. Смородский. — Мн.: Типолитография Р. Дворжец, 1893. — [4], 90 с. — С. 56.
- ↑ Смородский, А. П. Столетие Минской губернии… — С. 26.
- ↑ Лютый, А. М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX века / А. М. Лютый; Под ред. В. В. Чепко. — Мн.: Наука и техника, 1987. — 179, [2] с. — С. 56.
- ↑ Зайрнчковский, П. А. Правительственный аппарат самодержавной России в XIX в. — М.: Мысль, 1978. — 288 с. — С. 27.
- ↑ Анішчанка, А. К. Прававы статус беларускіх земляў у палітыцы адміністрацыі Кацярыны II / А. К. Анішчанка // Весці Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — 1994. — № 2. — С. 64, 65.
- ↑ Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине ІІ (1792—1796) / С предисл. А. Турцевич. — Вильна: Вилен. комис. для разбора древних актов, 1903. — LXXXVIII, 352 c., 6 л. ил., карт. — С. XXXVI, CXXXVII.
Літаратура
правіць- Гісторыя Беларусі ў 6 т. Т. 4. — Мн.: Экаперспектыва, 2005
- Нарысы гісторыі Беларусі ў 2 т. Т. 1. — Мн.: Беларусь, 1994