Фёдар Скумін Тышкевіч
Фёдар Тышкевіч | |
Герб Ляліва | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1538 (?) Наваградак |
Памёр | 1618[1] |
Пахаваны | |
Род | Тышкевічы |
Бацькі | Іван Тышкевіч Марыя зь Мялешкаў |
Жонка | Кацярына зь Ляцкіх |
Дзеці | Януш |
Дзейнасьць | дыплямат |
Фё́дар (Тэадор) Скумін Тышке́віч (каля 1538 — 1618) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падскарбі дворны літоўскі (1576—1586), пісар вялікі літоўскі і падскарбі земскі (1586—1590), ваявода наваградзкі (з 1590).
Быў старостам браслаўскім (1581—1610), гарадзенскім, навадворскім і юрбурскім (1608—1615).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З старэйшай лініі роду Тышкевічаў (Скумін Тышкевічаў) гербу Ляліва, сын Івана (Скуміна), маршалка гаспадарскага, і Марыі зь Мялешкаў.
У 1568 і 1577 гадох быў у складзе дыпляматычнай місіі ў Маскву. Браў удзел у выправах караля і вялікага князя Стэфана Баторыя супраць маскоўскіх захопнікаў[2]. Пры двары Т. Тышкевіча жыў асьветнік Беняш Будны.
У 1581 годзе стаў старостам браслаўскім (у 1588 годзе саступіў пасаду сыну Янушу). У 1576 годзе атрымаў урад пісара і падскарбія дворнага, у 1586 годзе — урад падскарбія земскага. Існуюць зьвесткі, што ён у гэты пэрыяд пачаў біць манэту з гербам уласнага роду. У 1590 годзе стаў ваяводам наваградзкім. Упершыню ў 1599 годзе ўпамінаецца ў Літоўскай Мэтрыцы як старостам гарадзенскі. Быў сэнатарам Вялікага Княства Літоўскага. Браў удзел у Наваградзкім генэральным зьезьдзе 1603 году, які забараніў польскім ротам разьмяшчацца на пастоі (лежа) у дзяржаўных і шляхецкіх маёнтках Вялікага Княства Літоўскага. Узімку 1608 году далучыўся да войска Дзьмітрыя-Самазванца ІІ, прывёўшы 400 коней на чале з ротмістрам Тупальскім.
Браў удзел у канфэсійным жыцьці. Ад нараджэньня праваслаўны Канстантынопальскага патрыярхату, спачатку разам з Канстантынам Васілём Астроскім быў супраціўнікам Берасьцейскай уніі 1596 году. Аднак ужо ў 1597 годзе пад уплывам агітацыі Язафата Кунцэвіча і ціску з боку караля афіцыйна прыняў Унію.
Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза, с��м гарлівы каталік і настойлівы прыхільнік Уніі, у 1609 годзе даручыў яму як аднаму зь сьвецкіх патронаў Уніі супакоіць дызунітаў-праваслаўных міран і сьвятарства, якія адмовіліся падпарадкавацца і патрабавалі суду над уніяцкім мітрапалітам Іпаціем Пацеем. Па тым, як манахі-бэрнардыны завалодалі маёмасьцю гарадзенскіх праваслаўных манахаў у 1613 годзе, атрымаў прызначэньне на камісара ў разборы гэтых пытаньняў.
Памёр у веку 85 гадоў. Урачыстае пахаванне адбылося 24 ліпеня 1618 года ў Вільні. Яго цела было пакладзена ў капліцы Найсвяцейшай Дзевы Марыі царквы Сьвятой Тройцы пры манастыры базылянаў, пабудову якой ён фундаваў. У гэтай пахавальнай капліцы, якую часта называлі капліцай Тышкевічаў, спачылі таксама яго жонка Кацярына і сын Януш з жонкай Барбарай з Нарушэвічаў.
Ажаніўся з Кацярынай, дачкой пісара польнага літоўскага Тэадора Ляцкага, зь якой меў адзінага сына Януша, ваяводу віленскага.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Kraków: 1885. — С. 37.
- ^ Грыцкевіч А. Тышкевічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 681.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Historia dyplomacji polskiej / pod redakcją Zbigniewa Wójcika Warszawa. T. II. 1982.
- Tiškevičius T. Lietuviškoji tarybinė enciklopedija, XI t. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1983. T.XI: Šternbergo-Vaisius, 325 psl.