Перайсьці да зьместу

Моўнае плянаваньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Моўнае плянаваньне — мэтанакіраванае намаганьне ўплываць на прызначэньне, будову або засваеньне мовы ці гаворкі моўнае грамады.

Паводле накіраванасьці ўзьдзеяньне на мову можа ажыцьцяўляцца плянаваньнем яе:

  1. становішча — разьмеркаваньне мовы між галінамі грамадзкага жыцьця;
  2. складу — унармавальнае ўмяшаньне ў будову мовы;
  3. засваеньняадукацыйны ўплыў на пашыранасьць пісьменнасьці ў мове.

Становішча мовы вызначаецца наступнымі рысамі:

  1. паходжаньнеродная або замежнага паходжаньня;
  2. унармаванасьць — разьвітасьць правілаў ужытку;
  3. прававое становішча — 1) адзіная службовая, 2) адна з службовых, 3) абласная службовая, 4) падтрымваная, 5) дапушчальная, 6) забароненая;
  4. жыцьцяздольнасьць — доля карыстальнікаў мовы сярод насельніцтва.

Сярод галінаў моўнага плянаваньня вылучаюць наступныя:

  1. афіцыйная — законная мова для агульнакраёвых прадстаўнічых мэтаў;
  2. абласная — службовая мова краю ў складзе большае дзяржавы;
  3. шырэйшых зносінаў — сродак зносінаў �� межах краіны нягледзячы на моўныя межы;
  4. міжнародная — міждзяржаўны сродак зносінаў;
  5. сталічная — пераважная мова сталіцы й прадмесьцяў;
  6. народнасьці — агульнапрынятая мова між прадстаўнікамі адной народнасьці;
  7. адукацыйная — мова выкладаньня ў школах;
  8. прадметна-навучальная — мова, што выкладаецца ў якасьці прадмета навучаньня;
  9. літаратурная — мова літаратуры або навукі;
  10. рэлігійная — мова рэлігійных абрадаў[1].

Сярод відаў плянаваньня складу мовы вылучаюць:

  1. графізаваньне — разьвіцьцё, адбор і зьмяненьне пісьма й правапісу мовы;
  2. стандартызаваньне — наданьне перавагі адной гаворцы мовы перад іншымі станавымі ды абласнымі гаворкамі;
  3. асучасьніваньне — пашырэньне моўных сродкаў для адпаведнасьці новаму прызначэньню.

Выкарыстаньне пісьма стварае дадатковы від мовы грамады ды вядзе да пашырэньня ўспрыманьня пісьменства ў якасьці праўдзівейшага адбітка мовы за маўленьне. Прывілеяванасьць азначанай гаворкі дае яе носьбітам маёмасныя выгоды, што змушае менш уплывовыя слаі грамадзтва да яе перайманьня ды цягне за сабой большую аднастайнасьць і ўнармаванасьць. Ужытак новых тэрмінаў у падручніках і прафэсійных выданьнях, а таксама сярод адмыслоўцаў пашырае тэхнічную лексыку, прыдатную для сучасных сэнсавых галінаў[2].

Плянаваньне засваеньня мовы ў адукацыі вымагае:

  1. вызначэньня моваў, што маюць выкладацца ў ходзе навучаньня;
  2. вызначэньня аб’ёму і якасьці падрыхтоўкі настаўнікаў;
  3. прыцягненьня мясцовае грамады;
  4. вызначэньня зьместу навучаньня й спосабу яго ўлучэньня ў расклад заняткаў;
  5. стварэньня прыёмаў ацэнкавага агляду выніковасьці;
  6. вызначэньня грашовых выдаткаў[3].

Уплыў на мову можа ажыцьцяўляцца з наступным шэрагам намераў:

  1. ачышчэньне — унармаваньне ўжытку дзеля абароны чысьціні мовы ад замежнага ўплыву ды нутранага адхіленьня;
  2. адраджэньне — вяртаньне заняпалае мовы да стану агульнапрынятага сродку зносінаў;
  3. ператварэньне — зьмена правапісу або граматыкі дзеля спрыяньня ўжытку;
  4. стандартызаваньне — забесьпячэньне пашаны мясцовай мове дзеля яе ператварэньня ў асноўную мову края;
  5. пашырэньне — павелічэньне колькасьці носьбітаў адной мовы за кошт носьбітаў іншай;
  6. асучасьніваньне — словатварэньне ды дастасаваньне слоўніка;
  7. уніфікаваньне — распрацоўка адзіных тэхнічных тэрмінаў;
  8. спрашчэньне — адхіленьне складанасьцяў ўжытку лексыкі, правапісу й стыляў;
  9. міжмоўныя зносіны — спрыяньне зносінам між чальцамі розных моўных грамадаў;
  10. падтрымка — захаваньне ўжытку роднае мовы народнасьці ва ўмовах уціску, што пагаршае яе становішча;
  11. дапаможнае ўнармаваньне — прывядзеньне да адзінага ўзору знакаў для глухіх, назваў мясьцінаў або правілаў трансьлітарацыі ды транскрыпцыі[4].
  1. ^ Уільям Ст’юарт. Сацыялінгвістычная тыпалёгія шматмоўя // Лекцыі ў грамадазнаўстве мовы = анг. Readings in the sociology of language / Джошуа Фішман. — Гаага: Mouton, 1968. — 808 с.
  2. ^ Чарльз Фэргюсан. Разьвіцьцё мовы // Будучыня сацыялінгвістыкі: матэрыялы аб мове ў грамадзтве, 1959-1994 = анг. Sociolinguistic Perspectives: papers on language in society, 1959-1994. — Нью-Ёрк: Oxford University Press US, 1996. — С. 40—47. — ISBN 0-19-509290-2
  3. ^ Робэрт Каплян, Рычард Бэлдоф. Моўнае плянаваньне: ад практыкі да тэорыі = анг. Language Planning: From Practice to Theory. — Клівдан: Multilingual Matters, 1997. — 403 с. — ISBN 1-85359-371-0
  4. ^ Мошэ Нахір. Задачы моўнага плянаваньня: клясыфікацыя // Сацыялінгвістыка: асноўныя лекцыі = анг. Sociolinguistics: The Essential Readings / Крысьціна Полстан, Рычард Такер. — Оксфард: Blackwell, 2003. — 502 с. — ISBN 0-631-22717-2

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]