Магілёўскі інстытут МУС Беларусі
Магілёўскі інстытут | |
Магілёўскі інстытут МУС Беларусі | |
Фасад (2014 год) | |
Лягатып | |
Дэвіз | Законнасьць, справядлівасьць, гуманнасьць |
---|---|
Заснаваны | 2 красавіка 1948 (76 гадоў таму)[1] |
Тып | урадавы |
Рэктар | Валерый Мікалаевіч Палішчук[d][2] |
Начальнік | Валеры Палішчук[3] |
Факультэтаў | 2 |
Месцазнаходжаньне | |
Геаграфічныя каардынаты | 53°56′16″ пн. ш. 30°21′19″ у. д. / 53.93778° пн. ш. 30.35528° у. д.Каардынаты: 53°56′16″ пн. ш. 30°21′19″ у. д. / 53.93778° пн. ш. 30.35528° у. д. |
Горад | Магілёў |
Краіна | Беларусь |
Кампус | гарадзкі |
Былыя назвы | Магілёўская школа перападрыхтоўкі сяржанцкага складу (да 1952 г.), Магілёўская школа транспартнай міліцыі (да 1992 г.), Магілёўскі факультэт Акадэміі МУС Беларусі (да 1994 г.), Магілёўская школа міліцыі (да 2002 г.), Магілёўскі каледж (да 2010 г.), Магілёўскі вышэйшы каледж (да 2014 г.) |
Знаходзіцца ў складзе | Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі |
Вэб-сайт | institutemvd.by |
Магілёўскі інстытут |
Магілёўскі інстытут МУС Беларусі — вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі, заснаваная ў красавіку 1948 году ў якасьці Магілёўскай школы перападрыхтоўкі сяржанцкага складу.
На 2023 год месьціўся ў Ленінскім раёне Магілёва па вуліцы Крупскай, д. 67[4]. Факультэт павышэньня кваліфікацыі на 5-м паверсе ладзіў завочнае навучаньне цягам 2-х гадоў па 5 спэцыяльнасьцях праўніка, дарожнага інспэктара, апэратыўніка вышуку і ахоўніка парадку[5]. Факультэт міліцыі на 2-м паверсе рыхтаваў па 2-х спэцыяльнасьцях прававога забесьпячэньня грамадзкай бясьпекі і апэратыўнага вышуку[6], у тым ліку на аддзяленьні завочнага навучаньня, дзе налічвалася да 500 завочнікаў[7].
Навучаньне і дасьледаваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2023 год Магілёўскі інстытут МУС Беларусі ладзіў навучальна-азнаямляльную практыку на першым курсе і вытворчую — пры канцы навучаньня. Курсантаў прыцягвал да аховы грамадзкага парадку на культурных і спартовых мерапрыемствах у Магілёве. Адмыслоўцаў рыхтавалі для органаў унутраных справаў:
- на першай ступені вышэйшай адукацыі па трох спэцыяльнасьцях — правазнаўства (завочна), прававое забесьпячэньне грамадзкай бясьпекі і апэратыўнага вышуку (вочна і завочна);
- праз павышэньне кваліфікацыі па двух напрамках — права для гаспадаркі і грамадзкая бясьпека для службы бясьпекі;
- праз перападрыхтоўку па 5 спэцыяльнасьцях — 1) правазнаўства, 2) ахова грамадзкага парадку і забесьпячэньне бяспекі, 3) арганізацыйна-прававое забесьпячэньне бясьпекі дарожнага руху, 4) апэратыўны вышук, 5) ахова грамадзкага парадку і прафіляктыка правапарушэньняў[8].
Інстытут меў навучальныя палігоны «Кватэра», «Крама», «Сьледавая паласа», «Кантэйнэрная пляцоўка», «Грамадзкі пункт аховы парадку» і «Апэратыўна-дзяжурная служба». Стварылі паласу перашкодаў з душэўным узьдзеяньнем для ацэнкі агульнай і цялеснай падрыхтаванасьці ва ўмовах зьбянтэжваньня. Для стралковай падрыхтўкі выкарыстоўвалі оптыка-электронныя трэнажоры. На адукацыйны партале Інстытуту разьмяшчалі электронныя падручнікі[8].
У Магілёўскім інстытуце выконвалі навуковыя дасьледаваньні паводле ўласнай ініцыятывы і заданьня Дзяржаўнай праграмы навуковых дасьледаваньняў. Ладзілі міжнародныя канфэрэнцыі, навуковыя сэмінары і рыхтавалі манаграфіі. Вылучалася 6 напрамкаў дасьледаваньняў:
- нарматыўнае прававое рэгуляваньне аховы грамадзкага парадку і апэратыўнага вышуку;
- распрацоўка практыкі прымяненьня заканадаўства ў дзейнасьці органаў унутраных справаў;
- крымінальна-працэсуальныя і крыміналістычныя праблемы дасудовай вытворчасьці па крымінальных справах;
- праблемы навучаньня, выхаваньня і прафэсійнага скіроўваньня супрацоўнікаў органаў унутраных справаў;
- вывучэньне грамадзка-гуманітарнай падрыхтоўкі праваахоўнікаў;
- удасканаленьне сродкаў і спосабаў агнявой, тактычнай і цялеснай падрыхтоўкі курсантаў[9].
Зь 2020 году двойчы на год выдавалі навукова-практычны часопіс «Весьнік Магілёўскага інстытута МУС» (ISSN 2709-054X), які выходзіў у чэрвені і сьнежні. Электронныя архівы часопіса зьмяшчалі ў Рэпазытары Магілёўскага інстытуту і Міжнародным індэксе Капэрніка ў сьвеце часопісаў[10].
Міжнародная супраца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2023 год Магілёўскі інстытут меў пратаколы аб супрацы з 24-ма вучэльнямі 7 краінаў:
- 4-ма ў 3-х краінах Азіі — Адукацыйны комплекс паліцыі Армэніі, Акадэмія паліцыі Азэрбайджану, Карагандзінская акадэмія імя Бэрымбека Бяйсенава (МУС Казахстану), Алмацінская акадэмія імя Макана Есбулатава (Казахстан);
- 20 у 4-х краінах Эўропы — Каледж дзяржаўнай паліцыі Латвіі, Нацыянальная акадэмія ўнутраных справаў Украіны, Адэскі дзяржаўны ўнівэрсытэт унутраных справаў, Акадэмія імя Стэфана Вялікага (Малдова) і 16 ВНУ Расеі (Самарскі юрыдычны інстытут, Акадэмія права і кіраваньня, Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт і Кузбаскі інстытут Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Расеі; Варонескі інстытут, Ніжагародзкая, Валгаградзкая і Омская акадэміі, Краснадарскі і Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэты, Барнавульскі, Белгарадзкі, Сібірскі, Далёкаўсходні, Уральскі і Казанскі юрыдычныя інстытуты, Цюменскі інстытут павышэньня кваліфікацыі ўнівэрсытэт Міністэрства ўнутраных справаў Расеі)[11].
Спадарожныя паслугі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2023 год Магілёўскі інстытут меў:
- аўташколу для 4-месячнай падрыхтоўкі 30 кіроўцаў легкавікоў[12];
- тэрапэўтычную стаматалёгію[13];
- краму харчаваньня і абмундзіраваньня[14].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 202 год Магілёўскі інстытут улучаў:
- 6 катэдраў — 1) адміністрацыйнай дзейнасьці, 2) апэратыўна-вышуковай дзейнасьці, 3) крымінальнага працэсу і крыміналістыкі, 4) сацыяльна-гуманітарных дысцыплінаў, 5) дастасоўнай фізычнай і тактыка-спэцыяльнай падрыхтоўкі, 6) прававых дысцыплінаў;
- 8 аддзелаў — 1) навучальна-мэтадычны, 2) кадраў, 3) арганізацыі навуковай, міжнароднай і выдавецкай дзейнасьці, 4) адукацыйных інфармацыйных тэхналёгіяў, сувязі і інфармацыйнай бясьпекі, 5) ідэалягічнай працы, 6) арганізацыйнай працы і прававога забесьпячэньня, 7) платных адукацыйных паслугаў, 8) камунальна-эксплюатацыйнага забесьпячэньня, 9) матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, 10) фінансава-эканамічны, 11) прафарыентацыйнай працы, інфармацыі і грамадзкіх сувязяў;
- бібліятэка, мэдычная служба, клюб і гараж.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2 красавіка 1948 году міністар дзяржаўнай бясьпекі СССР Віктар Абакумаў падпісаў Загад аб заснаваньні Магілёўскай школы перападрыхтоўкі сяржанцкага складу корпуса Галоўнай ўправы аховы на чыгуначным і водным транспарце. Тэрмін навучаньня складаў 7 месяцаў. Першым начальнікам школы стаў Васіль Ляхаў. 31 студзеня 1949 году адбыўся першы выпуск 280 супрацоўнікаў, усе зь якіх былі вэтэранамі Нямецка-савецкай вайны, у тым ліку двое — героямі Савецкага Саюзу. У 1950 годзе курсантаў пачалі задзейнічаць у ліквідацыі лясных бандаў у Бялыніцкім, Магілёўскім, Чавускім і Шклоўскім раёнах. 20 студзеня 1951 году школе пачалі рыхтаваць афіцэраў корпусу і дывізіі Галоўнай управы аховы на транспарце Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі[15].
2 жніўня 1952 году Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову аб пераўтварэньні ў Магілёўскую школу апэратыўнага складу транспартнай міліцыі. Тэрмін навучаньня павялічылі да 2-х гадоў. Паводле профілю школа была адзінай у Савецкім Саюзе і прыцягвала ў наступныя гады курсантаў каля 30 народнасьцяў з усіх 15 рэспублік Савецкага Саюзу. У 1954 годзе з удзелам курсантаў на ўскраіне Магілёва стварылі помнік ваярам батальёна капітана Ўладзімерава, якія загінулі ў баях зь немцамі ў ходзе Нямецка-савецкай вайны[15].
23 красавіка 1955 году адбылося пераўтварэньне ў Магілёўскую спэцыяльную сярэднюю школу транспартнай міліцыі Міністэрства ўнутраных справаў СССР. Пачалі рыхтаваць апэратыўных супрацоўнікаў і сьледчых зь сярэдняй прававой адукацыяй. У 1969 годзе ўвялі месячныя зборы павышэньня кваліфікацыі. У 1973 годзе курсантаў прыцягвалі да спэцыяльных заданьняў у Казаскай, Узбэцкай і Туркмэнскай ССР. Пасьля 1975 году ўзьвялі новы навучальны корпус. У 1988—1989 гадох афіцэраў і курсантаў школы прыцягвалі да ўзброенай аховы ў гарадах Гарыс і Сісіян у Армянскай ССР падчас Карабаскай вайны. За 9 месяцаў службы ў тых гарадах 3 афіцэры атрымалі мэдалі, а звыш 20 курсантаў узнагародзілі нагруднымі знакамі «Выдатнік міліцыі» і «За выдатную службу». У 1989 годзе курсант Аляксандар Банін стаў чэмпіёнам па боксе на Гульнях добрай волі у Сіэтле (ЗША). У 1991 годзе супрацоўнікі школы выконвалі адмысловае ўрадавае заданьне ў Воршы (Віцебская вобласьць)[15].
28 траўня 1992 году Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі ўхваліла Загад № 20 аб пераўтварэньні школы ў Магілёўскі факультэт Акадэміі МУС Беларусі. 2 сьнежня 1994 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 223 аб пераўтварэньні факультэту ў Магілёўскую школу міліцыі. 9 верасьня 2002 году Ўрад Беларусі ўхваліў Пастанову № 1232 аб пераўтварэньні школы ў Магілёўскі каледж МУС Беларусі. 9 сакавіка 2010 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 145 аб пераўтварэньні каледжа ў Магілёўскі вышэйшы каледж. Першы набор на аддзяленьне вышэйшай асьветы паводле спэцыяльнасьці правазнаўства ў спэцыялізацыях вышуку і кіраваньня склаў 200 чалавек. Зь іх па палове навучалася з адрывам і без адрыву ад працы. Стварылі 3 факультэты: дзённага і завочнага навучаньня, а таксама павышэньня кваліфікацыі. 19 красавіка 2010 году ўхвалілі Загад Магілёўскага вышэйшага каледжу, якім цыклі пераўтварылі ў катэдры. У 2012 годзе правялі 1-ю міжнародную навукова-мэтадычную канфэрэнцыю пра агнявую, тактыка-спэцыяльную і фізычную падрыхтоўку. 8 ліпеня 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 307 аб пераўтварэньня Магілёўскага вышэйшага каледжу ў Магілёўскі інстытут МУС Беларусі[15]. 1 верасьня 2014 годзе Магілёўскі вышэйшы каледж пачаў працаваць у якасьці вышэйшай навучальнай установы і ўпершыню набраў на навучаньне таксама дзяўчынаў[16].
Улетку 2022 году ў Магілёўскі інстытут паступіла 150 чалавек на дзённае навучаньне і звыш 270 — на завочнае[17].
Начальнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Васіль Ляхаў (1948 — чэрвень 1953)
- Аляксандар Карташоў (1953—1955)
- Іван Бурчанкоў (1955—1960)
- Іван Аксёнаў (1961—1973)
- Васіль Спадабаеў (верасень 1973 — студзень 1989)
- Мікалай Красько (студзень 1989 — верасень 1994)
- Валеры Канчатаў (сьнежань 1994 — 2001)
- Юры Мелехавец (чэрвень 2001 — 2005)
- Сяргей Аўсянкін (2005 — люты 2010)
- Генадзь Калесьнік (сакавік 2010 — жнівень 2014)
- Валеры Палішчук (зь верасьня 2014 году)[18]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Лукашэнка павіншаваў калектыў і вэтэранаў Магілёўскага інстытута МУС з 75-годзьдзем ВНУ // Газэта «Зьвязда», 2 красавіка 2023 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Зьвязда (белар.) — Выдавецкі дом «Звязда», 2022. — ISSN 1990-763X
- ^ Кіраўніцтва інстытуту (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 2023 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Зьвесткі для сувязі (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 2023 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Агульная інфармацыя аб факультэце павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 10 лютага 2023 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Факультэт міліцыі (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 21 сакавіка 2017 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Аддзяленьне завочнага навучаньня факультэта міліцыі (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 9 кастрычніка 2017 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ а б Адукацыйны працэс (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 19 траўня 2020 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Навукова-дасьледчая праца (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 25 сакавіка 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Весьнік Магілёўскага інстытута МУС (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 22 траўня 2023 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Міжнародная дзейнасьць (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 20 красавіка 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Аўташкола (курсы падрыхтоўкі кіроўцаў катэгорыі "В") (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 11 траўня 2023 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Тэрапеўтычная стаматалогія (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 30 сакавіка 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Крама (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 17 студзеня 2019 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ а б в г Гістарычны нарыс (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 15 чэрвеня 2018 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Нэлі Зігуля. Магілёўская альма-матэр для міліцыянераў // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2014. — № 63 (27673). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Нэлі Зігуля. Магілёўскі інстытут МУС падвёў вынікі ўступнай кампаніі // Газэта «Зьвязда», 1 жніўня 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
- ^ Магілёўскі інстытут МУС: гісторыя, факты, асобы (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 2018 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навуковы рэпазітар Магілёўскага інстытуту (рас.)
- Каталёг бібліятэкі
- Электронныя навучальна-мэтадычныя комплексы дысцыплінаў (рас.) // Магілёўскі інстытут МУС Беларусі, 2023 г. Праверана 2 чэрвеня 2023 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |